Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязыншчына


Віталь Сямашка, Вязыншчына

Каб адчуць сэрцам адмысловасьць Вязыншчыны, што ў Вілейскім раёне, трэба зірнуць на яе з вышыні птушынага палёту. Так параіў мне калісьці дзядзька Хведар Пяюн, 87-гадовы тутэйшы доўгажыхар. Што я і зрабіў найперш у гэты прыезд, забраўшыся па хісткай ды ржавай пажарнай лесьвіцы на дах шасьціпавярховага заводу перна-араматычных напояў – галоўнага ды адзінага вязынскага хмарачоса. Адсюль, натуральна, ня бачныя ўсе 33 вёсачкі ды засьценкі з больш чым двума з паловай тысячамі тубыльцаў, што адміныстрацыйна адносяцца да Вязынскага сельсавету. Дух жа захапіла ад гарманічнага ўзаемапранікненьня маляўнічых бярозавых гаёў, трох рукатворных сажалак ды бясконцай прагаліны Вілейскага вадасховішча, адкуль п’е ваду ўвесь Менск. Побач –фундамэнт маёнтка пана Гіцэвіча, які пабудаваў яго ў 1478 годзе і надзяліў зямлёй першыя 16 сялянскіх сем’яў з радоў Нарэйкаў, Кіслых, Сяляўкаў. Месьцічы былі здольныя вязаць прыгожыя карункі , адкуль уласна паходзіць назва Вязынь. Іх нашчадкі і сёньня складаюць значную бонду народажыхарства. “Усе ўсё адно пра аднога ведаюць, таму й злачыннасьці тут няма”. Гэта ўжо на зямлі адрапартаваў мне падасьпеўшы разабрацца з “парушальнікам спакою” маёр Крывашэй.

(Крывашэй: ) “Наркаманіі няма, п’янства як паўсюль, наўмысных забойстваў няма…”

(Карэспандэнт: ) “Пасьля я даведаўся, што патэнцыяльная магутнасьць Вязынскага сьпіртзаводу, ня ўлічваючы чыстага сьпірту – 40 тонаў трава-араматычных напояў ў месяц і 70 працоўных месцаў для тубыльцаў. Але за чатыры гады прастою заводзкія трубы безнадзейна пакрыліся карозіяй. І сваімі сіламі запусьціць прадпрыемства немагчыма. А значыць, патрэбныя інвэстыцыі, якія, як тут лічаць, можа даць толькі Расея. Прэзыдэнцкая вэртыкаль жа пераважна “накачвае” ды патрабуе. Таму на маё пытаньне пра гаспадарчую пэрспэктыву Вязыншчыны старшыня калгасу Ігар Шэвялеў адказаў нібыта не ад свайго імя…”

(Шэвялеў: ) “Пастаўленая задача – на аснове адкідаў сьпіртавой прамысловасьці стварыць комплекс для гадоўлі буйной рагатай жывёлы, г.зн. усе бычкі будуць трапляць сюды, каля 3000 галоваў, на танным корме адкідаў – то бок, будучыня праглядаецца…”

(Карэспандэнт: ) “Праглядаецца будучыня, прама скажам, цьмяна. І ня толькі таму, што у мінулым годзе на Вязыншчыне нарадзіўся адзін, а памерла 102 чалавекі. Я падыходжу да хаты спадара Соніча, лепшага трактарыста калгасу. Сан Саныч, як яго тут паважна называюць, сядзеў ля ганку з жонкай і сынам Зьміцерам. Гаспадар засмучаны. Апошні заробак – 12 тысячаў рублёў – яму затрымалі на два месяцы. Махае рукой – на працу больш ня пойду…”

(Карэспандэнт: ) “28 гадоў, Сан Саныч, адрабілі. А чаго звальняецеся?”

(Соніч: ) “А ня хочу тут рабіць. Тут усё развальваецца ў гэтым калгасе. Літар малака каштуе 1000, а ў нас трохлітровы слоік каштуе 663 рублі…”

(Зьміцер: ) “Цяпер мінэралку выгадней разьліваць у бутэлькі, чым за гэтым малаком душыцца пад гэтай каровай. Ты болей праробіш – праляціш – не атрымаеш ніякага прыбытку. Няма ў калгасьнікаў стымула рабіць…”

(Карэспандэнт: ) “А людзі баяцца правы адстойваць дагэтуль? Лукашэнку баяцца?”

(Соніч: ) “Чаму Лукашэнку – Лукашэнка добры мужык”.

(Зьміцер: ) “Пісалі яму лісты пра набалелае – што ня плацяць. Ён прышле тэлеграму, каб выплаціць – а з чаго яе выплаціць, калі малако здае, а яму за малако грошы не даюць, карміць скаціну няма чым, фэрмы развальваюцца. Шафёры 10-11 тысяч атрымліваюць і паліва няма. Цікаць трэба і ўсё…”

(Карэспандэнт: ) “Размову падхоплівае падышоўшая Ларыса Бурая”.

(Бурая: ) “Моладзь не застаецца, бо няма куды йсьці – зьяжджаюць, пачынаючы ад 9 клясы. Асноўная крыніца прыбытку ў Вязыні – гэта пэнсіі. Пенсіі атрымліваюць рэгулярна - на хлеб ёсьць, нешта сам сабе вырасьціў. Я знаю, калі выбары былі, тут пераважная бальшыня галасавала за Лукашэнку. Я, напрыклад, галасавала за яго, бо ня бачыла ніякай альтэрнатывы. Вы мяне пераканайце, што лепей, і я прагаласую. Практычна ўсе думаюць менавіта так…”
(Карэспандэнт: ) “Я заўважаю яшчэ адзін імправізаваны Гайд-парк, дзе сяляне гутараць пра жыцьцё-быцьцё…

Зараз працоўны час, вы чаму не працуеце?”

(Галасы: ) “А мы ўжо з працы…”

(Карэспандэнт: ) “Дзе працуеце?”

(Галасы: ) “На фэрме (сьмех)… Я дык на пэнсіі – мне ўсё роўна…”

(Карэспандэнт: ) “А як вы выжываеце?”

(Галасы: ) “Кружку малака возьмуць, шчаўя паелі, бульба, халаднік пасёрбаем і ўсё (сьмех)…”

(Карэспандэнт: ) “Мае суразмоўцы, як вядзецца, крыху баламуцяць перад мікрафонам. Прадаўшчыца адзінай у Вязыні прыватнай крамы адказвае бяз выкрутасаў.

Іна, што вязынцы купляюць?”

(Іна: ) “На першым месцы сьпіртное, канечне”.

(Карэспандэнт: ) “А моцна п’юць на Вязыні?”

(Іна: ) “П’юць (сьмяецца). З гора. На нашы заробкі хіба купіць бутэльку, бо болей нічога не выходзіць…”

(Карэспандэнт: ) “Ля крамы спыняецца “Волга” старшыні Вязынскага сельсавету Анатоля Завацкага. Ён самы малады сярод сваіх калегаў на Вілейшчыне. Дарэчы, таксама са старажытнага роду Нарэйкаў. Кажуць пра яго, што ранкам часам ня ведае, куды накіраваць службовае аўто – усюды сьцяна. Побач зь сельсаветам, да прыкладу, развальваецца кінутая Белкаапсаюзам нерэнтабэльная крама прамысловых тавараў. Будынак Анатоль здаўна прыгледзеў пад маладзёвы клюб, і ключы ад яго мае. Адрамантаваць бярэцца дзякуючы складанай сыстэме бартэрных дамоваў. Але зь Менску спусьцілі ў Вязынь значную суму выкупу. А там хай хоць трава не расьце… Да гонару Анатоля скажам, што праўдамі ды няпраўдамі за 2 месяцы ўдалося пабудаваць уздоўж цэнтральнай вуліцы паўтара кілямэтра парканаў. Блакітных, пад колер неба, з жоўтымі кветкамі пасярэдзіне. “Усё, што магу”, – кажа ён…”

(Завацкі: ) “Па магчымасьці дасі работу тым жа алкашам – дачнікам плот пафарбаваць, потым з тых дачнікаў застаўляеш заплаціць тысячы дзьве”.

(Карэспандэнт: ) “Генадзя Сьвініцкага, аднога з двух піянэраў фэрмэрскай гаспадаркі, я зьняў літаральна зь ягонага ўласнага трактара. Я б назваў яго правадніком у зону новага гаспадараньня, якая рознымі перашкодамі закрытая для большасьці яго аднавяскоўцаў. Між іншым, у фэрмэрах Генадзь 3,5 году, інжынэр-мэханік, узяў 63 з паловай гектара. Ураджай зернавых утрая менш, чым у калгасе, прастойвае ягоная сьвінафэрма на 200 галоваў. Чаму ўсё так?”

(Сьвініцкі: ) “Аддалі мне зямлю – за 2 першых гады сабраў 160 тон каменьня з поля, а колькі іх там ёсьць – не палічыць. А зямля плямамі – ёсьць і трава не расьце, белы пясочак. На такой жа зямлі нічога ня будзе расьці – хоць ты душу туды прыкладзі…”

(Карэспандэнт: ) “Каб вернуцца на 3,5 году назад, ці кінуў бы гэтую справу?”

(Сьвініцкі: ) “Не пайшоў бы другі раз, хоць і тэхніка ўся ёсьць… Не пайшоў бы…”

(Карэспандэнт: ) “І ўсё-такі як нідзе багата на Вязыншчыне тых, каго ў народзе часам называюць “дзівакамі”, але на якіх у тым ліку й вязынскі ж сьвет трымаецца. Аляксандар Буры стаў вядомы тут найперш як лазаплёт. Адразу пасьля дэмабілізацыі з авіяцыі займацца гэтай справай пачаў. А два гады таму ўдумаў ён пабудаваць для сябе Палац. Годны. Двухпавярховы. Пасьмейваліся вязынцы, калі зь месца былой звалкі вывозіў ён аж 100 самазвалаў сьмецьця. Але цяпер сьмяяцца перасталі. На момант майго прыезду Палац Аляксандра Бурага быў узьведзены. Насуперак усім ды ўсяму. Ён так і патлумачыў мне сваю жыцьцёвую філязофію…”

(Буры: ) “Дзялю ўсё насельніцтва на тры катэгорыі. Першая – стваральнікі, якія працуюць, думаюць галавой. На жаль, гэтая катэгорыя найменшая. Другая катэгорыя – спажыўцы. А трэцяя-разбуральнікі. Калі іх занадта многа, грамадства гіне”.

(Карэспандэнт: ) “Зараз тая сытуацыя, па-твойму?”

(Буры: ) “Блізкая да той. Разбуральнікі ў канцы канцоў самі сабе зьнішчаць…”

(Карэспандэнт: ) “Палац, які ты ўзводзіш – гэта пратэст Аляксандра Бурага як стваральніка?”

(Буры: ) “У прынцыпе – так!”

(Карэспандэнт: ) “Няма ніводнага на Вязаншчыне , хто б ня ведаў дзядзьку Хведара па клічцы Пяюн. Як чуеце, ён валодае контр-альціна – рэдкім мужчынскім голасам. Як былы польскі афіцэр атрымлівае вайсковую пэнсію ў польскай амбасадзе ў Менску. Прайшоў праз фашыстоўскія канцлягеры. Зараз выступае мясцовым архіварыюсам. Піша гісторыю роднае вёскі. Запісаў успаміны 22 суродзічаў і сяброў”.

(Пяюн: ) “Іх ужо няма, старых, а я многа каго помню. Во ў гэтай во хаце быў Лявон з Цымнаў. Як у нас ёсьць грэбелька-ручаёк, ён там выкапаў з сынам 4 плашкі дубовыя, зрабіў 2 сталы. Адзін стол перадаў у вёску Нясцёркі дачцэ сваёй, а адзін дагэтуль ёсьць. Ну я й запісаў у сваёй гісторыі”.

(Карэспандэнт: ) “Гаворачы зь месьцічамі, неаднойчы заўважаў наколькі, трапятко яны ставяцца да беларускага слова. Карані гэтага я зразумеў у Вязынскай сярэдняй школе. Беларускай ня толькі па назьве, але й па духу.

Пасьля заканчэньня ўрокаў гутару з дырэктаркай – спадарыняй Раісай Канстанцінаўнай Фелістовіч і ейнай намесьніцай Вольгай Суднік. Да ведама, дзьве трэці настаўнікаў – выпускнікі Вязынскай дзесяцігодкі”.

(Фелістовіч: ) “Вот вы б прыйшлі і сказалі: ня будзем гаварыць на роднай мове. Нашы б дзеткі на вас паглядзелі б пытальнымі вачыма – ну як гэта так?! У нас усе падметы на роднай мове, і ўсе настаўнікі валодаюць ёй. Я выкладаю 36 гадоў і лічу, што не павінны мы апошняе страчваць, што засталося”.

(Суднік: ) “Будзе, маўляў, матэматыка на рускай мове – як усе крычалі! Чаму на рускай?! Падручнікі на беларускай, нашто пераробліваць на рускую! Тэрміналёгія ж засвоеная. Мне здаецца, правільна, што і нямецкая мова перакладаецца на беларускую. Нашто трайны пераклад: нямецкая-руская-беларуская?! Сваю мову нашто стаптаць, зьнізіць зусім?!”

(Карэспандэнт: ) “А нядаўна, як распавядаюць, надарыўся ў Вязыні сапраўдны цуд. Пра гэта распавёў мне айцец Міхаіл – настаяцель Сьвята-Ўсьпенскай царквы”.

(айцец Міхаіл: ) “Ёсьць у нас такая ікона – Ісус Хрыстос на Галгофе. Ёй ужо гадоў 200 – яшчэ ад уніі, гаспадыня кажа – ад прадзедаў перайшла. Яна пайшла ў царкву напярэдадні Прэабражэньня Гасподня. А да гэтага яны чулі з мужам нейкі хлапок у доме. А потым яна пайшла ў царкву, прыходзіць, а муж яе Міхаіл кажа – Ніна, што ў нас зрабілася, што зрабілася – цуд! Ікона сьветленькая стала, як толькі што напісаная – праявіліся фарбы. Гэтую ікону ў царкву прынесьлі хросным ходам. І зараз людзі ўсе моляцца перад ёй. Знак у тым, каб людзі не былі ў адчаі, што гасподзь іх аставіць, Гасподзь паказаў, што ён не адступае, што ён заўжды з намі”.

(Карэспандэнт: ) “Вязынь – благадатнае месца?”

(айцец Міхаіл: ) “Думаю, так. Тут многа крыніцаў, дзе благадатная чыстая вада, болей за дзесяць. У нас многа людзей бескарысных – на іх і трымаецца сьвет, мір і благадаць…”
XS
SM
MD
LG