Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ноч на Івана Купалу ў вёсцы Ухвішчы


Ягор Маёрчык, Ухвічы

(Спадарыня: ) “Даўней было. Як Купальле, паслухаеш: на вуліцы песьні раздаюцца навокал. Усе старыя сьпявалі, а мы зьбіраліся ў вёску і сьпявалі разам зь імі. Пяём і пяём”.

На сьвята іх прыйшло толькі шасьцёра. Летась пявуньняў было на тры болей, але гэтым разам дайсьці да вясковага клюбу астатнія ўжо ня здолелі. Як-ніяк узрост: бальшыні ўжо далёка за семдзесят. Бабулек пашкадавалі і вырашылі ладзіць імпрэзу менавіта тут, а не на гары, як гэта бывала раней.

Гледзячы на Купальскі агонь, яны сьпяваюць прынагодныя песьні. Спадарыні шчыра прызнаюцца, што ня ведаюць пасьлядоўнасьці выкананьня. І таму толькі паўтараюць тое, што некалі чулі ад матак і бабулек. Адмыслоўцы-фальклярысты ўважаюць купальскія песьні зь вёскі Ухвішчы, што на Полаччыне, ледзь не за самыя аўтэнтычныя. Песьні гэтыя не зьмяняліся стагодзьдзямі.

Тым часам да клюбу падцягваюцца мясцовыя жыхары. Адразу кідаецца ў вочы: штопершы Купальле ўжо адзначыў.

Бабулькі адсьпявалі і адыходзяць убок. Пачуваючыся чужымі на сваім сьвяце, яны пакрысе перабіраюцца ў кабінэт дырэктара клюбу.

А на пляцоўцы пачынаецца забаўляльная праграма. Аб’яўляюць конкурс найлепшага вянка. Замест дзяўчат спаборнічаць не зусім цьвёрдым крокам выходзяць два хлопцы. Правілы гульні прыходзіцца карэктаваць падчас конкурсу:

(Вядоўца сьвята: ) “Давайце! Давайце!"

(Першы п’яны хлопец: ) “Рома, як іх плесьці?! Пакажы мне!”

(Другі п’яны хлопец: ) “Ды я сам ня ведаю, як іх плесьці”.

(Першы п’яны хлопец: ) “Вось давай так, вяжы, вяжы вось тут”.

Праз 10 хвілінаў творчых пакутаў хлопцы ўскладаюць на галовы ўласнаручна сплеценыя вянкі. Пра мастацкія вартасьці вянкоў можна меркаваць паводле рэакцыі публікі.

Непадалёк ад натоўпу стаіць і моўчкі назірае за сваімі колішнімі й цяперашнімі гадаванцамі настаўніца Рыта Лукашонак. Сьвяточны настрой у яе паволі некуды зьнікае. А замест яго прыходзяць у галаву думкі пра набалелае:

(Лукашонак: ) “Вельмі мяне хвалюе праблема п’янства. Пагалоўнага! Ёсьць тут у нас такія завіхі! Такія заходы! Такія выкрунтасы! Навошта сябе губіць?”

(Бандарэнка: ) “Гавораць, што вёска сьпілася. Я бы так не сказала. Людзі нашыя могуць і працаваць, і сьпяваць. Вось сёньняшняе нашае сьвята — гэтаму доказ”, — гэтыя словы належаць старшыні сельскага савету Тамары Бандарэнцы.

Ад яе я чакаў выступу зь дзяжурных фразаў, якія звычайна прамаўляюць чыноўнікі ўсіх рангаў падчас народных сьвяткаваньняў. Але прадстаўніца ўлады моўчкі назірае за нецьвярозым Купальлем. Бяру ініцыятыву ў свае рукі і пачынаю распытваць спадарыню пра жыцьцё-быцьцё ў вёсцы. Галоўная праблема, як і паўсюль, — адсутнасьць грошай. А выйсьце з такога гаротнага становішча яна бачыць адно:

(Бандарэнка: ) “Трэба, каб была прыватная ўласнасьць на зямлю, каб на зямлі быў гаспадар (не калектыўны), каб ён бачыў, што гэтая зямля — ягоная зямля, каб ён ведаў, што ў першую чаргу ён працуе на сябе”.

А ў вяскоўцаў тым часам на чарзе наступны нумар сьвяточнай праграмы.

(Вядоўца сьвята: ) “А ці ведаеце вы, дарагія сябры, што раней рабілі зь вянкамі? Пускалі па рацэ. Але мы з вамі будзем цяпер пускаць вянкі па руках, па такіх умоўных хвалях. Пераможа тая каманда, якая першая гэта зробіць. Такім чынам, прыгатаваліся. Раз. Два. Тры. Пачалі”.

* * *

Тым часам у кабінэце дырэктара пануе далёка не вясёлы настрой. Бабулькі працягваюць сьпяваць. Купальскія песьні чаргуюцца з расповедамі “пра жыцьцё”. І ў сьвяточную ноч людзей не пакідаюць праблемы і цяжкасьці свае і сваіх блізкіх.

Адна з бабулек, Праскоўя Апанасенка, узгадваючы ранейшыя часы, прамаўляе:

(Апанасенка: ) “Усе свае былі. Тады было дужа добра: ня кралі нічога, у кожнага было сваё. А цяпер старыя памерлі, і панаяжджала абы-якіх. У іх ні каровы, ні парсючка, ні кураў, ні гароду — і мне трэба пільнаваць, каб у мой гарод не прыйшлі і не пакралі”.

Размову падхоплівае спадарыня Вольга Бакан:

(Бакан: ) “Мы ўсе пэнсіянэры. І то я маю гектар зямлі. А сын... яму трэба трыццаць тысяч аднаго падатку на карыстаньне зямлёй уплаціць. А заробак у яго ў калгасе — 20 тысяч вартаўніком. З сакавіка не плацілі, а пасьля замест заробку давалі бычкоў”.

* * *

На пляцы перад сельскім клюбам — кульмінацыя сьвята.

(Вядоўца сьвята: ) “Вы ведаеце, што раней шукалі папараць-кветку. Вам неабходна цяпер знайсьці папараць-кветку, якая вось тут ляжыць у нас на стуле. Мы хлопцам завяжам вочы, а дзяўчаты будуць ім паказваць напрамак пошуку, кажучы: лявей ці правей”.

Два трыццацігадовыя маладзёны пачынаюць пошук. Колькі крокаў — яны спатыкаюцца і падаюць. Але яны не спыняюцца і, ужо стоячы на карачках, дасьледуюць навобмацак далёка ня чыстую пляцоўку. Нарэшце аднаму зь іх пад руку трапляе букет палявых кветак. Перамога!

Сьвята заканчваецца. З вуснаў супрацоўніцы клюбу гучыць доўгачаканая фраза:

(Вядоўца сьвята: ) “Запрашаю вас на сьвяточную дыскатэку”.

Расейская пап-музыка, ад якой аж шыбы дрыжаць, выклікае чарговую хвалю эмоцыяў у Аліны Сташкевіч:

(Сташкевіч: ) “Прыйдуць, зьбяруцца ў клюб. Нават п’янымі прыходзяць. Вось і арганізоўваюць тут танцы. Аднойчы ў клюб увайшла, а там цёмна. То чырвоны сьвет запаляць, то блакітны, то зялёны. Госпадзі! Самая сапраўдная распуста!”

Нібыта ў адказ спадарыні зацягваюць купальскую барану. Сутнасьць такая: усе пяюць разам, але кожная — асобную песьню. Спачатку гучыць вельмі нязвыкла і нават рэжа слых. Але празь некалькі хвілінаў пачынаеш адчуваць гукавае хараство.

У дзьве гадзіны ночы сьвяточная дыскатэка прыпыняецца самай натуральнай бойкай. Два падлеткі штосьці не падзялілі са спадаром больш сталага веку. У выніку перамагла маладосьць.

Бабулек гэткі фінал не зьдзіўляе. Маўляў, стацца сьведкам такога можна штовыходныя. Гледзячы на сьвітанак, яны раптам успамінаюць пра сваю гаспадарку, увіхацца па якой трэба будзе літаральна празь некалькі гадзінаў. На гэтым і разьвітваюцца.

Сьвяткаваньне Купальля ў вёсцы Ухвішчы не даходзіць да лягічнага завяршэньня. Няма каму пусьціць вянок, пакупацца ў ранішняе расе альбо ў адным зь пяці навакольных азёраў. Такое можна было прадбачыць, але я, па праўдзе кажучы, крыху расчараваны.

Пра Ухвішчы мне распавяла культуроляг Тацяна Пладунова. Яна адгаворвала мяне ехаць сюды. Казала, што аўтэнтычнага на гэтым сьвяце толькі і засталося, што песьні бабулек. А ўсе астатнія атрыбуты загадзя падрыхтаванага сьвята можна пабачыць у любой кропцы Беларусі. Цяпер спадарыня Пладунова выказвае свае ўражаньні ад пабачанага і пачутага гэтай ноччу:

(Пладунова: ) “Сацыяльнае пераасэнсаваньне абраду відавочнае. Засталіся толькі зьнешнія атрыбуты: вянкі, агонь — і больш нічога. І цяпер Купальле ладзіцца пад дыскатэку. Клюбным работнікам лягчэй урубіць гэтую музыку і такім чынам правесьці любое сьвята. Жанчыны вёскі Ухвішчы сьпяваюць самі для сябе. Носьбіты зьнікаюць, людзі сыходзяць, а разам зь імі сыходзяць традыцыі сьвята”.

Пра тое, што традыцыі адміраюць, ня раз казалі гэтай ноччу і самі пявуньні. Ім крыўдна, што любое імкненьне перадаць песенны скарб натыкаецца не непаразуменьне ўнукаў.

Але яны не губляюць надзеі. Спадзяваньні на зусім малых дзетак, якія ходзяць у краязнаўчы гурток пад кіраўніцтвам настаўніцы Рыты Лукашонак. Школьнікам застаецца толькі пасталець да такой ступені, калі іх можна будзе навучыць сьпяваць мясцовым захлёстам. Спадарыні сталага веку баяцца не дажыць да гэтага моманту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG