Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія нашчадкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Беларус татарскага паходжаньня зь Вільні Мацей Канапацкі ўжо шмат гадоў жыве ў Сопаце. Гэта сын легендарнага палкоўніка Гасана Амуратавіча Канапацкага, менчука, аднаго з выбітных дзеячоў беларускага адраджэньня. Успамінае Мацей Канапацкі:

(Канапацкі: ) “Бацька быў шчыльна зьвязаны зь беларускім рухам. У 1919 годзе, калі палякі апынуліся ў Менску, ён належаў да жменькі беларускіх інтэлектуалаў, сярод якіх быў і Янка Купала. Больш пра гэты час я даведаўся ад Станкевіча, брата цёці Ўладзі, купалавай жонкі, у Любліне. Дык памятаю, Станкевіч казаў, што на вуліцы Кашарскай, дзе жыў Купала з жонкаю, зьбіраліся беларусы і абмяркоўвалі, у прыватнасьці, як павінна выглядаць абмундзіраваньне беларускага вайскоўца”.

У кастрычніку 1919 году Юзэф Пілсудзкі асабіста даручыў фармаваньне беларускага войска палкоўніку Гасану Канапацкаму.

(Канапацкі: ) “Дэкрэтам Юзэфа Пілсудзкага бацька быў прызначаны арганізатарам беларускага войска пры польскім войску. Не было, нажаль, асаблівых дасягненьняў – Будзённы і Тухачэўскі шлі на Варшаву. Так што ўсё гэта скончылася так, як скончылася”.

Гасан Канапацкі працаваў і на карысьць Слуцкага паўстаньня.

(Канапацкі: ) “Толькі цяпер я даведаўся, з кнігі Ніны Стужынскай “Беларусь мяцежная”, што бацька дзейнічаў і на карысьць Слуцкага паўстаньня. На Ігуменшчыне распаўсюджваў друкаваныя матэрыялы, мабілізоўваў патрыётаў. Бацька не любіў успамінаць пра гэтыя часы, таму што для яго гэта былі вельмі балючыя тэмы”.

Мацей Канапацкі захаваў некаторыя дакумэнты і вайсковыя адзнакі бацькі. Какарду і эпалеты з “Пагоняй”, а таксама падпісаную ім адозву беларускай вайсковай камісіі “Аб стварэньні беларускага войска”.

(Канапацкі: ) “Вось бацькава пасьведчаньне з 1920 году. Імя і прозьвішча – Гасан Канапацкі. Ступень – палкоўнік. Аддзел – камандуючы беларускімі аддзеламі пры польскім войску. Акруга – Мінск–Літэвскі”.


“Стварайце беларускае войска, для гэтай ідэі варта жыць! Няхай жыве незалежная, непадзельная і вольная Беларусь!” – камандуючы беларускага войска, палкоўнік Гасан Канапацкі.

Прызнаюся, калі ўбачыў гэтых нямых сьведкаў змаганьня нашых продкаў за свабоду і незалежнасьць сваёй зямлі, ня мог схаваць хваляваньня.

Стэнд, прысьвечаны палкоўніку Гасану Канапацкаму, ёсьць у музэі польскага войска ў Быдгашчы, дзе ён і пахаваны. У музэях Беларусі, за свабоду якой ваяваў палкоўнік Канапацкі, дагэтуль гаспадараць экспанаты, прысьвечаныя ягоным колішнім праціўнікам.

У часе другой сусьветнай вайны Канапацкія жылі ў Вільні. Мацей вучыўся у Беларускай Гімназіі на Вастрабрамскай, а бацька займаўся беларускімі справамі, выдаваў газэту і быў старшынём бацькоўскага камітэту гімназіі і віцэ-старшынём беларускай “Хаткі”.

(Канапацкі: ) “Да нас прыходзілі і ксёндз Станкевіч, і Рагуля, Мамонька. Бацька год ці два выдаваў газэту “Беларускі Радны”. Удзельнічаў ва ўсім тым, чым жыло беларускае асяродзьдзе, якое было вельмі неадназначным. Розныя былі плыні. Мой бацька, агульна гаворачы, належаў да “пра-пілсудзкага” накірунку. Ён лічыў, што больш магутны сусед дапаможа Беларусі адваяваць незалежнасьць, бо самім цяжка было б.

У 1946 годзе, назваўшыся палякамі, Канапацкія зьехалі ў Польшчу.
Праз сем гадоў палкоўнік Гасан Канапацкі памёр. Пахаваны ў Быдгашчы.

***

На чужбіне Мацей Канапацкі пайшоў па сьлядох бацькі.

(Канапацкі: ) “Ля вытокаў маёй сьвядомасьці было тое, што рабіў мой бацька і ўносіў у традыцыю беларускага нацыянальна-вызваленчага руху”.

У сярэдзіне 1950-х, ён бярэ ўдзел у стварэньні ў Варшаве аддзелу Беларускага грамадзка-культурнага таварыства. Ад 1957 году стала працуе ў беластоцкай “Ніве”, дзе займаўся распрацоўкай беларуска-польскіх літаратурных сувязяў. Спадар Канапацкі працаваў у Польскай прэсавай агэнцыі і ў прэсавым аддзеле Гдыньскай вэрфі, дзе быў сьведкам першых крокаў “Салідарнасьці”.

Апошні раз спадар Канапацкі быў у Менску ў часе першага Зьезду беларусаў сьвету. Цяпер часьцей наведвае свой родны горад – Вільню.

Нягледзячы на сталы ўзрост, Мацей Канапацкі займаецца беларускімі справамі і зараз. Нядаўна быў у Лёндане, у гасьцёх у айца Аляксандра Надсана. Хутка павінна зьявіцца кніга ягоных успамінаў.

(Канапацкі: ) “Айцец Надсан нават падказаў мне загаловак гэтых успамінаў “Аднаго жыцьця замала”. Сапраўды, былі б два жыцьці, таксама было б замала”.

Ужо пры канцы размовы спадар Канапацкі расказаў цікавы фрагмэнт сваёй біяграфіі, зьвязаны зь Беларускай рэдакцыяй Радыё Свабода. Нашыя перадачы ён, дарэчы, слухае і зараз, а некаторыя нават запісвае на магнітафон.

Дык вось, у 1960-х гадох, да спадара Канапацкага прыйшоў супрацоўнік польскіх спэцслужбаў і запрапанаваў, каб той папрасіўся працаваць на Свабоду ў Мюнхен ды там высьвятліў, хто зьбірае і перадае матэрыялы зь Беларусі. Рабіць гэта Мацей Канапацкі адмовіўся.

(Канапацкі: ) “Я не палітык, але магу сказаць, што частка майго сэрца бела-чырвона-белая”.

***

Былы намесьнік мэра Гданьску, доктар эканамічных навук Фэрдынанд Мацкевіч таксама трапіў у Польшчу пасьля вайны.

На пачатку мы амаль гадзіну размаўлялі са спадаром Маркевічам па-польску. Потым, падрыхтаваўшыся да запісу, я папрасіў яго гаварыць па-беларуску. Спадар Маркевіч трохі расхваляваўся і сказаў: “Я ўжо амаль 60 гадоў як сьлед не гаварыў на гэтай мове”. Аднак, як аказалася, спадар Маркевіч ня толькі добра памятае саму мову, але й вершы:

(З “Новай зямлі”)
Ідзе дзядзька ды па бруку
Адзін за дзесяць робіць грукат
Зляцеў дзядзька з тратуару
Перавярнуўся разоў пару
“Каб іх ламы спалілі.
Нашто слупоў тут нарабілі!”

Фэрдынанд Мацкевіч нарадзіўся на Мядзельшчыне, каля мястэчка Сьвір. Там вучыўся, а ў часе другой сусьветнай вайны змагаўся ў Арміі Краёвай, разам з Савецкімі войскамі вызваляў Вільню. Потым ледзь ня трапіў у Сыбір, калі ў Калузе разам з тысячамі іншых байцоў Арміі Краёвай адмовіўся прысягаць на вернасьць Савецкаму Саюзу.

(Мацкевіч: ) “У палавіне верасьня нас пастроілі прысягаць на вернасьць СССР. Мы адмовіліся ды сказалі, што ня можам прыняць іншай прысягі, бо ўжо аднойчы прысягалі на вернасьць Польшчы. Якая ж тады будзе цана іншай прысягі. Тады нас паслалі пілаваць дровы ў лясы паміж Акой і Клязьмай.


Аднак на пачатку 1946 году, па шчасьлівым выпадку, замест сталінскага ГУЛАГу Фэрдынанд Мацкевіч аказаўся ў польскай Бялай Падлясцы.

(Мацкевіч: ) “Я накіраваўся ў Гданьск, бо хацеў паступіць у політэхнічны інстытут, аднак трэба было працаваць – зарабляць на жыцьцё, і я ня мог сумяшчаць працу з вучобай.

Потым Фэрдынанд Мацкевіч усё ж скончыў Вышэйшую школу марскога гандлю ў Сопаце, а ў 1956 годзе яшчэ і Вышэйшую эканамічную школу ў Варшаве і уступіў у Дэмакратычную партыю.

(Мацкевіч: ) “Па даручэньні гэтай партыі я хутка стаў дэпутатам гарадской Рады Гданьску, потым сябрам прэзыдыюму, а ў 1961 годзе – намесьнікам прэзыдэнта Гданьску.

На гэтай пасадзе, адказваючы за культуру, асьвету, ахову здароўя, сельскую гаспадарку і лясьніцтва, ён працаваў да 1970 года, адначасова абараніўшы доктарскую дысэртацыю. У гэты пэрыяд у Гданьску зьявілася аддзяленьне Беларускага грамадзка-культурнага таварыства (БГКТ), якое праз дапамогу Фэрдынанда Мацкевіча займела найлепшае з магчымых памяшканьняў у цэнтры Гданьску.

(Мацкевіч: ) “У сярэдзіне 1960 да мяне прыйшлі кіраўнік БГКТ ў Беластоку разам сакратаром аддзела Таварыства ў Гданьску. Яны хацелі атрымаць памяшканьне для аддзяленьня Таварыства ў Гданьску. Мне было вельмі прыемна пагаварыць зь імі па-беларуску, узгадаць маладыя гады. Я пастараўся, каб даць ім самае прыгожае памяшканьне на “Длугім Таргу” – у найбольш прэстыжным месцы Гданьска. І яны атрымалі там два памяшканьні – каля 100 квадратных мэтраў.

У той жа час у Гданьску, у раёне “Аліва”, зьявілася і вуліца імя Янкі Купалы. Як гэта было? Працягвае Фэрдынанд Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “Была прапанова БГКТ. Тады якраз будаваліся новыя раёны ў Гданьску і Таварыства запрапанавала надаць адной з вуліцаў імя Янкі Купалы. На паседжаньні гарадзкой рады, сярод іншых пісьменьнікаў, назвалі вуліцу і імём Янкі Купалы. Ня памятаю, каб нехта пратэставаў – за гэтую назву прагаласавалі дружна.

Пасьля 1970 году Фэрдынанд Мацкевіч яшчэ доўгі час выкладаў у Гданьскім унівэрсытэце.

У звычайнай кватэры Фэрдынанда Мацкевіча ў пяціпавярховым доме ў Гданьску шмат кніг. Побач зь месцам, дзе звычайна сядзіць гаспадар – томік Алеся Адамовіча. На паліцах шмат падручнікаў па замежных мовах і слоўнікаў. Акрамя польскай і беларускай, спадар Мацкевіч свабодна гаворыць па-расейску і па ангельску, можа паразумецца па-гішпанску і нават па-вугорску.

На разьвітаньне Фэрдынанад Мацкевіч дастаў з паліцы беларускі пераклад “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і, амаль не заглядаючы ў тэкст, чытаў на памяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG