Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца


Ягор Маёрчык, Рэчыца

Уявіце сабе горад, празь які цякуць тры ракі. Адна зь іх вадзяная — Дняпро. Другая — безыменная, нафтавая. Трэцяя — таксама безыменная, піўная. Менавіта такое ўражаньне складаецца пра горад Рэчыцу, калі пачытаць розныя энцыкляпэдыі ды даведнікі.

На жаль, напісанае не заўсёды адпавядае праўдзе. Не, Дняпро тут, вядома цячэ, але Рэчыца ня стала беларускім Тэхасам: не хапіла нафты. Не пераўтварыўся горад у другі Салігорск ці Жлобін, зь немалымі заробкамі шахцёраў альбо працоўных Беларускага мэталюргічнага заводу, зь вялікімі адлічэньнямі ў раённыя бюджэты. Рэч у тым, што здабычай нафты кіруюць з Гомеля, дзе знаходзіцца ўправа “Белнафтахіму”. Адпаведна, у абласны цэнтар сыходзяць амаль усе грошы.

Кожны 13-ы з 70 тысяч жыхароў Рэчыцы — нафтавік. Працуюць яны вахтавым мэтадам: трое сутак на здабычы, столькі ж у адпачынку. Старыя сьвідравіны ўжо пустыя. І з кожным годам вежы ставяць усё далей і далей ад гораду.

Вахта ў рэчыцкіх нафтавікоў атаясамліваецца са словазлучэньнем “сухі закон”. З дысцыплінай там строга, і праз алькаголь можна страціць працу. А таму пасьля некалькіх дзён устрыманьня цяжка напаткаць нафтавіка, які толькі што вярнуўся да хаты. Але мне пашанцавала. Знаёмцеся — Зьміцер Дзінісюк:

(Дзінісюк: ) “На дадзены момант разьведаных запасаў нафты на 30 гадоў, калі захаваюцца тыя тэмпы здабычы, што сёньня — 2 мільёны тонаў на год. На жыцьцё пакуль нафтавікі маюць. Але людзі ўжо пачынаюць задумвацца, бо жыць становіцца цяжэй. Нават нафтавікам”.

Сярэднестатыстычны нафтавік атрымлівае амаль у чатыры разы болей, чым любы іншы жыхар гораду. Прыхаваныя зайздрасьць і раздражненьне ў месьцічаў выклікаюць ня толькі сумы заробкаў, але і сам стыль жыцьця. Толькі нафтавікі могуць сабе дазволіць наведаць няблізкі Гомель, выключна каб згуляць партыю ў більярд, альбо каб паесьці ў тамтэйшай рэстарацыі.

Бальшыня здабытчыкаў, як яны самі кажуць, людзі абыякавыя да ўсяго нацыянальнага: да беларускай мовы, сымболікі, сувэрэнітэту краіны. Працаваць яны пачыналі на сыбірскіх радовішчах. Затым некалькі разоў пераяжджалі на адлегласьці, якія на мапе вымяраюцца адным мэтрам, я цяпер лёс закінуў іх у Беларусь.

У мясцовай апазыцыі ёсьць да нафтавікоў свае прэтэнзіі. Апошнія прыхільна ставяцца да цяперашняй улады. Шмат хто зь іх нават сядзеў у падліковых камісіях леташнім верасьнем, удзельнічаў у фальшаваньні вынікаў галасаваньня і перашкаджаў працы незалежных назіральнікаў.

Дарэчы, мясцовыя філіі апазыцыйных палітычных партыяў пачынаюць рыхтавацца да мясцовых выбараў, што павінны адбыцца налета ў весну. Ужо склалі папярэдні сьпіс кандыдытаў. Наступным крокам павінна стаць пагадненьне пра ўзаемадзеяньне. Маўляў, пераможам ці не пераможам, але шанец скарыстаць трэба.

Яшчэ адна візытоўка Рэчыцы — бровар. Бадай што самы вядомы зь беларускіх за межамі краіны. Пакуль расейскія “Балтика” і “Очаково” толькі маюццца ўдзельнічаць у прыватызыцыі, патрабуюць ад кіраўніцтва Беларусі дадатковых гарантыяў і падатковых прывілеяў, тут стварылі сумеснае летувіска-беларускае прадпрыемства, набылі новае абсталяваньне і цяпер разьліваюць піва ў шкляныя, плястыкавыя бутэлькі й кегі.

Сам бровар сустракае мяне гукамі сырэны.

Аказваецца, я стаў сьведкам вучэньняў грамадзянскай абароны. Наколькі магу разгледзець праз два платы, адзін зь якіх вышэйшы за другі, усё добра: людзі выратаваліся, ахвяраў няма.

Тым часам на заводзе заканчваецца зьмена.

(Працоўны: ) “Піўзавод? Моцна трымаецца на нагах! Піва ж усе любяць… Плацяць 210–215 тысяч — ня цалкам, а часткамі. Спачатку адну частку, а праз тыдзень–два другую”.

(Карэспандэнт: ) “Ці цяжка ўладкавацца на працу на піўзавод?”

(Працоўны: ) “Цяжка ўладкавацца”.

(Карэспандэнт: ) “І шмат жадаючых?”

(Працоўны: ) “Так”.

(Другі працоўны: ) “Практычна людзі можа і хацелі б яго набываць але не ў такой колькасьці. Няма па просту заробкаў на гэта”.

(Карэспандэнт: ) “І што, нават у Рэчыцы ня п’юць рэчыцкага піва?”

(Другі працоўны: ) “Чалавек можа дазволіць у месяц выпіць 2–3 бутэлькі гэтага піва. Ён хлеба ня можа набыць сёньня! Пра якое піва можна гаварыць? Большасьць людзей на сёньняшні дзень думае, каб зьехаць з краіны і дзесьці знайсьці сабе заробак і жытло. Тут практычна няма нават такой магчымасьці. Мне бяз розьніцы, дзе працаваць і кім працаваць. Галоўнае, каб я мог утрымаць сям’ю”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж тут радзіма?”

(Працоўны: ) “Радзіма там, дзе добра чалавеку жыць. Ня толькі кубак з сольлю, але на стале павінны буць і кубак з гарбатай, і добры цукар, і нармалёвы хлеб. А гэта не радзіма, калі на сёньняшні дзень акрамя цыбулі й бурака на гародзе ня бачна нічога”.

Цяпер я стаю на тым месцы, дзе рака Ведрыч зьліваецца з Дняпром. Вельмі маляўнічы куточак! Гармонію з прыродай псуюць толькі вялізныя докі і няспынны гул цахоў судабудаўнічага заводу. Гэта адзінае месца ў сухапутнай Беларусі, дзе робяць марскія вадаплавы.

Праўда, паміж сабой жыхары Рэчыцы даўно перайначылі назву прадпрыемства з судабудаўнічага на плотабудаўнічы. Бо акрамя караблёў для галяндзкіх кампаніяў тут вырабляюць жалезныя агароджы для ўсіх жадаючых. І ніхто з кіраўніцтва прадпрыемства ня кажа, якой прадукцыі болей: камэрцыйная тайна.

Ля брамы аднаго з цахоў я разгаварыўся ў працоўным Анатолем.

(Анатоль: ) “Наконт заробку, я вам скажу, вельмі слаба: 55–60 тысяч. Можна плаціць нам і болей”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі б вы хацелі зарабляць?”

(Анатоль: ) “180–200”.

(Карэспандэнт: ) “Тысячаў ці даляраў?”

(Анатоль: ) “Даляраў?! Дык я ўвогуле быў бы тады залатым чалавекам. Мяне б жонка на руках насіла!”

(Карэспандэнт: ) “Як людзі ў такой сытуацыі, калі не хапае грошай, выжываюць?”

(Анатоль: ) “У мяне маці ў вёсцы. Я туды паеду, кабанчыка заб’ю ды прывязу, бульбачкі ад маткі вазьму. Галасаваў за Лукашэнку. Мне спадабалася, што ён старым дапамагае моцна. Маці ў мяне ўсё жыцьцё прарабіла ў сельскай гаспадарцы. Яна пэнсію атрымлівае больш, чым я тут на заводзе. Малады мужык! Здаровы лось! Пахаць можна на мне, а атрымліваю меней, чым маці!!!”

(Карэспандэнт: ) “Сорамна?”

(Анатоль: ) “Так, так, так...”

Людзі ў Рэчыцы ня будуць галадаць ніколі. У гэтым я пераканаўся, калі завітаў да Васіля Гулая. Гэты спадар палюе на птушак. Ды й не на нейкіх там дзікіх качак у балоце, а на звычайных галубоў. Прычым, не выходзячы з кватэры: на гаўбцы.

(Гулай: ) “Мяса няма. А тут мяса прылятае проста на падваконьнік. Зрабіў сілкі і спаймаў. Ну, штук сорак, мабыць. Ну вось і мяса. Вырас я ў Казахстане. Гэтых галубоў елі, як куранятак: можна засмажыць, а можна зварыць суп”.

(Карэспандэнт: ) “А як, калі не сакрэт, да гэтага паставіліся вашыя знаёмыя, блізкія, суседзі?”

(Гулай: ) “А я не казаў нікому. Гэта вось цяпер дам рэкляму, дык усіх галубоў паядуць”.

Натуральна, ёсьць у Рэчыцы і бізнэс. Прыватных цырульняў у горадзе больш, чым харчовых крамаў — агулам блізу дваццаці. Такі фэномэн тлумачыцца беспрацоўем: у Гомелі ёсьць адпаведнае ПТВ. Ягоныя гадаванцы вельмі часта не знаходзяць працы ў вялікіх гарадах і вяртаюцца на малую радзіму. Зноў жа, атрымаць ліцэнзіі й адчыніць цырульню шматкроць лягчэй і таньней, чым дамагчыся права гандляваць півам пад летнім парасонам.

Канкурэнцыя наважыла гаспадыню цырульні “Дзіва” на рызыкоўны крок. У той час, як бальшыня бізнэсоўцаў лічыць за лепшае “не сьвяціцца”, яна зарганізавала рэклямную кампанію і нават замовіла ролік на мясцовым тэлебачаньні.

(Сьцепанец: ) “Натуральна, калі мы рабілі гэтую рэкляму, мне было крыху страшна, бо я першая выходзіла на суд гораду, канкурэнтаў. Усё ў нас прайшло пасьпяхова, таму што кліентаў стала больш”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі будзе каштаваць зрабіць мне стрыжку, прычоску?”

(Сьцепанец: ) “Калі усё браць у поўным аб’ёме — стрыжка, укладка, дзесьці ў раёне двух з паловай тысяч”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта вельмі даступныя цэны. Значыць, практычна любы жыхар Рэчыцы можа прыйсьці да вас?”

(Сьцепанец: ) “Я мяркую, што так. Канечне, калі лічыць, як гэта павінна быць, гэтыя паслугі мусяць быць даражэйшыя. Але трэба ўлічваць матэрыяльны стан нашых кліентаў”.

Шчыра прызнаюся: самае вялікае ўражаньне ад камандзіроўкі ў Рэчыцу — гэта сустрэча з Зубарам Барбакадзэ. Ён — самая калярытная асоба ў горадзе. У Беларусі паехаў за жонкай, якая пасьля жыцьця ў Грузіі вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. За 16 гадоў жыцьця тут Зубар пасьпеў стварыць (а мясцовыя ўлады пахаваць) рэстарацыю, піўны бар і пякарню. Як зьніклі апошнія ілюзіі, кінуў бізнэс і ачоліў арганізацыю прадпрымальнікаў Рэчыцы. Але самае адметнае: ён вывучыў беларускую мову.

(Барбакадзэ: ) “Я вельмі добра разумею беларускую мову. Але няма практыкі размаўляць на ёй. Я раблю шмат памылак, я саромеюся. Я вывучыў беларускую мову (калі вы паверыце), слухаючы беларускую праграму Радыё Свабода, слухаючы песьні Данчыка, і Вальжыны Цярэшчанкі. Беларуская мова вельмі прыгожая, вельмі цікавая мова. Многія беларусы ад мяне, грузіна, даведваюцца факты з сваёй гісторыі. І дзівяцца. Некаторыя кажуць: ня можа быць такога.

Дзяржава нічога ня робіць, каб нейкім чынам давесьці гістарычную праўду да свайго грамадзтва. Я бы сказаў, што гэта дзяржаўнае злачынства. Мясцовыя ўлады тут, як вядома, з мэнтальнасьцю савецкага начальніка. Яны вельмі ня любяць крытыку. Стаўленьне мясцовых уладаў да мяне пакідае жадаць лепшага. Мякка кажучы. Колішні мэр гораду сказаў: “Зурабу не давайце працы, бо ён беларускі нацыяналіст”. Гэта вельмі цікавая думка! А не аспрэчваю. Хай я буду беларускім нацыяналістам!”

Рэчыца па-свойму ўнікальны горад. Паміж тутэйшымі каталіцкім касьцёлам і праваслаўнай царквой самая малая ў Беларусі адлегласьць — усяго 50 крокаў.

Менавіта тут пад ложкамі некаторых жыхароў гораду знаходзяцца сапраўдныя склады сярэднявечнай зброі. Сябры самага першага ў Беларусі рыцарскага клюбу “Тэра” літаральна сьпяць на мячах, шчытах і рыцарскіх шлемах, бо за 9 гадоў існаваньня зьвязу так і не атрымалі хоць якога-небудзь памяшканьня.

Урэшце, на першай старонцы тутэйшай раённай газэты “Дняпровец” і сёньня можна пабачыць Пагоню, якая зьяўляецца часткай старажытнага гербу гораду.
XS
SM
MD
LG