Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верхнядзьвінск


Алесь Грыневіч, Верхнядзьвінск

Калі пагледзець на мапу Беларусі, то Верхнядзьвінскі раён будзе "вяршыняй" – рог на самай поўначы краіны, на мяжы з Латвіяй і Расеяй. Раённы цэнтар, Верхнядзьвінск, месьціцца там, дзе зьліваюцца дзьве ракі: Заходняя Дзьвіна і Дрыса. Па меншай меры пяць з паловай стагоддзяў горад так і называўся – Дрыса. Але за савецкім часам некаму з прышлых начальнікаў гэтая назва падалася недастаткова мілагучнай. Гаворыць мясцовы краявед Антон Бубала.

(Бубала: ) "Наш горад здавён быў "Дрыса”, бывала часам "Дрыза". І ніхто ніколі ня думаў, што гэта непрыгожа. Але у 1959 годзе – можа тады Емяльянаў быў сакратаром райкаму, былі нават вуліцу амаль галоўную назваўшы ягоным імем, калі ён памёр – і яшчэ адзін, мусіць, з інструктараў-блізкіх сяброў сядзелі і пад чарку вырашылі, што "название это неблагозвучное". Тады, калі адсюль ішла ініцыятыва, даволі хутка гэта рабілася – напісалі адпаведную паперку, прынялі рашэньне, "Хто за? Усе за!" І горад наш атрымаў такую доўгую гучную назву, якую па-беларуску ніхто ня ведае правільна як пісаць – "ВерхнЯдзьвінск," "ВерхнЕдзьвінск". А лісты йшлі спачатку – "Северодвинск", "Верхнеднепровск" – пошта блукала доўга-доўга".

(Карэспандэнт: ) "А скуль Вы ведаеце гэтую гісторыю наконт перайменаваньня, што сядзелі ўдваіх, выпівалі і гэтак далей?"

(Бубала: ) "Раз людзі так расказваюць – усе вам такую вэрсію скажуць – значыць гэта праўда. Так адкуль маглі быць такія ініцыятывы? Не народ жа прапаноўваў. Народ бы ніколі не дадумаўся да такіх "разумных" рэчаў".

Горад вельмі прыгожы, ўладкаваны і чысьцюткі. На галоўнай вуліцы радком стаяць праваслаўная царква, каталіцкі касьцёл і малельны дом баптыстаў. Праз кожныя некалькі дзясяткаў мэтраў – навенькія сьметніцы. Сьмецьця не сустрэнеш і на іншых вуліцах – мясцовы выканкам замацаваў за ўсімі прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторыі, якія тыя мусяць падтрымліваць у чысьціні. На некаторых будынках дагэтуль вісяць каляровыя лямпачкі, што засталіся са сьвяткаваньня Новага году. А вось асьвятленьня на вуліцах Верхнядзьвінску ўвечары амаль няма, як і гарачай вады ў дамох – рэжым эканоміі. У адным з трох раёнаў гораду, Гейжынаве, з вадой яшчэ большыя праблемы, бо жалеза ў ёй шматкроць больш за норму.

Першыя ўзгадкі пра Дрысу датуюцца 1386 годам. Праз паўтара стагодзьдзя ў горадзе была заснаваная адна зь першых у Беларусі мытняў. Захавалася адпаведная ўхвала Віленскага Вальнага сойму 1547 году. Гаворыць інспэктар Верхнядзьвінскай мытні Алена Валаховіч.

(Валаховіч: ) "Сойм прыняў рашэньне заснаваць на граніцах дзяржавы чатыры лясныя каморы – у Коўне, Берасьці, у Жамойцкай зямлі і ў Дрысе пад Полацкам. Каморы павінныя былі кантраляваць вываз усіх лясных тавараў зь Вялікага Княства Літоўскага".

Верхнядзьвінская мытня адраджалася двойчы – першы раз ў 1918 годзе, кантралюючы спачатку савецка-нямецкую дэмаркацыйную паласу, а потым савецкую мяжу з Латвіяй. Другі раз – пасьля набыцьця Беларусьсю незалежнасьці. Тады шмат людзей з раёну атрымалі працу ў мытных ці памежных структурах. Гаворыць старшыня Верхнядзьвінскага райвыканкаму Іосіф Палачанін.

(Палачанін: ) "Калі фармаваліся памежныя структуры, у нас вельмі шмат забралі спэцыялістаў, бо гэта было выгадна – ня трэба было жытло дадатковае будаваць, нейкія вырашаць сацыяльныя праблемы".

У крамах Верхнядзьвінску можна пабачыць "канфіскат" – кантрабандныя гадзіньнікі, дываны, тэлевізары ці касмэтыку, затрыманыя памежнікамі ды мытнікамі. Праўда, у раёне застаецца меншая частка "канфіскату" – большая йдзе ў Віцебск.

Апошнім часам ходзяць чуткі, што Верхнядзьвінскую мытню хутка зачыняць, і адміністрацыя застанецца толькі ў Полацку. Намесьнік начальніка мытні Дзьмітры Цяліцын сказаў, што сёньня празь Верхнядзьвінск праходзіць значна менш тавараў, чым у мінулыя гады. Раней расейцы імпартавалі больш тавараў з Рыскага порту, і гэты транзыт найбольш загружаў Верхнядзьвінскую мытню. Цяпер Расея пераарыентавалася на ўласныя парты.

Закрыцьцё мытні можа пакінуць бяз працы больш за 80 чалавек. Знайсьці працоўнае месца ў Верхнядзьвінску цяжка, бо на многіх прадпрыемствах – скарачэньні. Гаворыць Валянціна Мінчук, якая працуе на заводзе сталярных вырабаў.

(Мінчук: ) "Наш завод пераехаў сюды ў 1990 годзе з горада Нароўлі – гэта Гомельская вобласьць, перасяленцы з Чарнобыльскай зоны. Тады ў нас на заводзе працавала дзесьці 200 чалавек, ну тады яшчэ нічога так завод быў – работаў так нармальна. Ну а зараз на заводзе працуе ў нас дзесьці 80 чалавек. Сказалі, што застанецца дзесьці толькі 40 чалавек на заводзе".

(Карэспандэнт: ) "А ў тых людзей, якіх скарацілі, ёсьць магчымасьць знайсьці тут новую працу?"

(Мінчук: ) "Не. Я ведаю людзей, якіх у нас скарацілі, – зараз сядзяць дома й ня могуць знайсьці ніякай работы".

У Верхнядзьвінску сёлета ўсё ж зьявілася дваццаць новых працоўных месцаў. На мясцовым хлебазаводзе адчынілі цэх, дзе вырабляюць таннае пладова-ягаднае віно. Раней такое віно завозілі зь іншых раёнаў, але на нядаўняй нарадзе ў райвыканкаме гандлярам настойліва параілі купляць толькі верхнядзьвінскі гатунак – "Паляўнічае". У народзе яго клічуць "адным рогам у зямлю”, бо на этыкетцы намаляваны аднарогі алень з нахіленай галавой.

Мясцовыя жыхары кажуць, што першая партыя "Паляўнічай" выдалася няўдалая. Нібыта яе трымалі у бочках, што былі толькі пафарбаваныя ацэтонавай фарбай, і таму ад напою пасьля балеў страўнік.

З кожным годам у малодшыя клясы школаў Верхнядзьвінскага раёну прыходзіць усё менш вучняў. Таму хутка мусяць закрыцца некалькі базавых школаў у маленькіх вёсках. Да таго ж, Віцебская вобласьць першай пераходзіць на пяцідзённы навучальны тыдзень, і гэта скарачае час на выкладаньне большасьці прадметаў. На сходзе ў Верхнядзьвінскай школе №2 з музычным ухілам мне давялося назіраць, як дырэктар пераконваў настаўнікаў, што гэта не прывядзе да звальненьняў у наступным навучальным годзе. Вось што кажа настаўнік музыкі з гэтай школы Сяргей Казачонак.

(Казачонак: ) "Я, напрыклад, зараз работаю яшчэ на трох работах, ежджу па раёне, па базавых школах, там яшчэ падпрацоўваю. Ня ведаю, што там будзе далей, пакуль што ня ведаю".

Адна ахвяра новай навучальнай праграмы ўжо вядомая – з наступнага году зачыніцца Верхнядзьвінскі навучальна-вытворчы камбінат, дзе старшаклясьнікі раёну атрымлівалі працоўныя спэцыяльнасьці. Сёньня на камбінаце працуюць чатыры чалавекі. Выкладчыца-швяя Галіна Шваб кажа, што цяпер езьдзіць на курсы ў Менск, каб атрымаць новую спэцыяльнасьць псыхоляга.

(Шваб: ) "Цяпер я і дзецям сваім і вучням даводжу, што час такі, што трэба шмат чаго ўмець".

Спадарыня Шваб у свой час была прыватнай прадпрымальніцай – сама вязала адзеньне. Тады яна была ў дэкрэтным адпачынку і мела падатковыя льготы, але ўсё роўна прыкладна кожная пятая зробленая рэч сыходзіла на падаткі. Цяпер жа пэрспэктывы дзеля такога бізнэсу яшчэ горшыя, бо людзям у раёне затрымліваюць заробкі, і яны ня маюць грошай, каб набыць адзеньне ручной вязкі.

(Шваб: ) "Шмат чаго магу – рукамі магу, і галава, здаецца, працуе, але вось аднавіць вязаньне, людзей сабраць, усё гэта аднавіць – у мяне ня будзе куды гэта збыць".

Пэнсіі ў раёне таксама выплачваюцца з затрымкай. Вось што гавораць на вуліцах Верхнядзьвінску.

(Спадар: ) "Я вось трынаццатага пэнсію атрымоўваю, а далі мне толькі трыццатага, інваліду. А прытым я крэдыт яшчэ ўзяў на пакупку лядоўні. І вось за пратэрміноўку – я мусіў дваццатага крэдыт заплаціць – зь мяне ўзялі дванаццаць тысяч, працэнтаў".

Спадарыня, якая пачула гэтыя словы, заявіла, што ведае, куды пайшлі пэнсійныя грошы. Аб гэтым яна нібыта прачытала ў прамове Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай газэце "Аргументы и факты".

(Спадарыня: ) "На прадпрымальнікаў!"

(Карэспандэнт: ) "На якіх?"

(Спадарыня: ) "Ну, каторыя спэкулююць, на гэтых. А нам на два тыднёчкі ўзад".

Людзі сталага веку збольшага вінавацяць у цяжкай эканамічнай сытуацыі ў раёне мясцовую ўладу. Старшыня Верхнядзьвінскага райвыканкаму Іосіф Палачанін кажа, што раён трымаецца ня горш за іншыя. Спадар Палачанін лічыць асноўнай эканамічнай праблемай тое, што беларускія тавары згубілі канкурэнтаздольнасьць на рынку Расеі.

(Палачанін: ) "Я ўжо даўно казаў, што расейскі рынак, ён для нас, для Беларусі, вельмі вялікая карысьць, але можа, у некаторай ступені, і шкода. Бо ён нас моцна заспакойваў. Мы думалі, што ён будзе бясконца глытаць нашу прадукцыю па дастойных цэнах. Але цяпер, і мы адчуваем гэта на сабе, асабліва прадукцыя сельскай гаспадаркі вельмі моцна ўпала ў цане".

Спадар Палачанін кажа, што адна з прычынаў цяперашніх праблемаў – падвышэньне заробкаў, якое не было абгрунтаванае адпаведнай прадукцыйнасьцю працы. Тое ж самае кажуць экспэрты міжнародных фінансавых арганізацыяў, але падвышэньне заробкаў было галоўным козырам у леташняй выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. Я папрасіў старшыню райвыканкаму пракамэнтаваць гэта.

(Палачанін: ) "Я яшчэ раз паўтараю, што я за заробленую заработную плату. Я сівы ўжо чалавек, можна сказаць, і я праехаў па Эўропе, паглядзеў, параўноўваў, недзе нечаму вучыўся, недзе нешта прыкмячаў, і я лічу, што няма такой эканамічнай мадэлі, дзе можна выплачваць незаробленыя заробкі і рабіць гэта доўга. Мы не Арабскія Эміраты, мы ня маем нафтавых сьвідравінаў у кожным двары, дзе можна здаць у арэнду, нічога не рабіць і жыць вельмі добра".

Людзі, якіх прынята называць апазыцыяй, гуртуюцца ў Верхнядзьвінску вакол рэсурсавага цэнтру недзяржаўных арганізацый "Рубон". У "Рубоне" зьбіраюцца прадстаўнікі такіх розных арганізацый, як Таварыства беларускай мовы, клюб здаровага ладу жыцьця "Белыя вароны" ці Асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам. Нават старшыня райвыканкаму прызнае, што гэтыя людзі рэальна працуюць і дапамагаюць у вырашэньні праблемаў раёну.

Летась людзі з "Рубону" удзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах – у ініцыятыўных групах апазыцыйных кандыдатаў і як назіральнікі. Цяпер многія зь верхнядзьвінскіх "іншадумцаў" ужо рыхтуюцца да мясцовых выбараў наступнага году. Гаворыць Валянціна Кудлацкая, кіраўніца цэнтру "Рубон" і сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада).

(Кудлацкая: ) "Мы ўжо й робім пэўныя прыкідкі па акругах, дзе ёсьць пэўны шанец. Вось, мяркуючы па тым, як адбываліся выбары 1999 году і 1995, шанец ёсьць".

Пры гэтым людзі з "Рубону" ня маюць ілюзіяў што да дэмакратычнасьці выбараў ці паўнамоцтваў мясцовых саветаў. Пакуль што яны спрабуюць паспрыяць адукацыі цяперашніх дэпутатаў. Кажа спадарыня Кудлацкая.

(Кудлацкая: ) "Нашыя дэпутаты вучацца зараз у Літве, удзельнічаюць у сэмінарах па мясцовым самакіраваньні, якія праводзіць Фонд Сапегі. Карацей, праца гэтая вядзецца, але толькі тады, калі будуць уласныя сродкі, калі гэтая прадстаўнічая ўлада будзе мець заканадаўча вызначаныя межы сваёй дзейнасьці, толькі тады можна будзе пра нешта гаварыць. Таму што зараз яны нахлебнікі ў выканаўчай ўлады".

Калі я зьяжджаў зь Верхнядзьвінску, на дыктафоне былі ня толькі інтэрвію але й запісы з рэпэтыцыі ансамбля "Ярыца" зь мясцовага дому культуры. Адна зь песьняў нібыта з гэтых мясьцінаў – кіраўніца "Ярыцы" Майя Рубель кажа, што словы ёй перадала ёйная бабуля, а яна, ў сваю чаргу, калі небудзь навучыць сваіх дзетак і ўнукаў.
XS
SM
MD
LG