Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ветка


Галіна Абакунчык, Ветка

Горад Ветка — найбліжэйшы ад Гомелю раённы цэнтар вобласьці — усяго за 20 кілямэтраў. Але на сучасныя прамысловыя райцэнтры Ветка мала падобная: амаль цалкам з аднапавярховых драўляных дамкоў, малалюдная і занядбаная.

Пераходжу празь невялічкую, але хуткую рачулку ў цэнтры гораду. Уражвае, што нават імклівая плынь не здымае з паверхні вады каляровай плёнкі з моцным пахам бэнзыну. Літаральна на аўтобуснай пляцоўцы, проста на зямлі пэнсіянэркі выстраілі ў шэраг плястыкавыя пляшкі й слоікі з малаком, прывезеным з суседніх вёсак. Разам зь ляснымі дарамі яно лічыцца тут самым забруджаным.

Дарэчы, пэнсіянэры цяпер — пераважная бальшыня жыхароў Веткаўскага раёну: з 20 тысяч насельнікаў працаздольнымі ёсьць толькі 7 тысяч, а сьмяротнасьць тут даўно перасягае нараджальнасьць.

(Карэспандэнтка: ) "Ці купляюць малачко?"

(Спадарыня: ) “Купляюць. Канешне трэба пастаяць. Пэнсіі ж не даюць".

(Іншая спадарыня: ) "На пасяўную ўсе грошы ідуць. Дык трэба ж прадаваць. Нешта ж трэба жэрці".

(Карэспандэнтка: ) "А міліцыянты?"

(Спадарыня: ) "Тут не чапаюць. А ў Гомелі ганяюць. А як агрызьнесься, дык яшчэ й слоікі паб’юць".

(Карэспандэнтка: ) "Але ж Ветка — тэрыторыя, забруджаная пасьля Чарнобылю!"

(Іншая спадарыня: ) "Вось яна забруджаная, але ж жывём. Каторыя паехалі — назад папрыяжджалі. Кажуць — як з голаду падыхаць, дык лепш ад радыяцыі".

(Спадарыня: ) "Нам жа "чарнобыльскія" плоцяць”.

(Карэспандэнтка: ) "Якія гэта грошы?"

(Іншая спадарыня: ) "Капейкі. Кажуць — грабавыя".

(Карэспандэнтка: ) "Як здароўечка ваша?"

(Спадарыня: ) "Ай! І казаць цяма чаго".

(Іншая спадарыня: ) "Усе людзі падаюць на ногі. Ногі й рукі баляць асабліва".

(Спадарыня: ) "Гэта ўсё ад радыяцыі. Бывае, выйдзеш, дык у лужынах плямы стаяць, як быццам хто саляркі наліў ці мазуту. Жоўтае такое".

(Іншая спадарыня: ) "А каб рэнтген прайсьці ці УЗІ — за ўсё плаціць трэба”.

(Спадарыня: ) "І ніякай зьніжкі ніхто не дае".

(Іншая спадарыня: ) "Пэнсіянэрам лякарства бясплатнае, але вазьмі яго. Яго ж няма”.

(Спадарыня: ) "Таму што ніхто ня хоча глядзець нас і паскардзіцца няма каму”.

Гандляр з асяродку больш цывілізаванага чаўночнага бізнэсу стаіць амаль побач, але ўжо на тэрыторыі так званага міні-рынку, літаральна “ўціснутага” паміж аўтастанцыяй і гарадзкой прыбіральняй, так што латкі зь печывам і каўбасамі стаяць побач зь яе уваходам.

(Карэспандэнтка: ) “Як бізнэс?"

(Гандляр: ) "Дрэнны бізнэс. Можна стаяць увесь дзень і нічога не прадаць, таму што няма ўмоваў для гандлю. Бачыце — бруд, вада, пыл ляціць на прадукты й рэчы — гэта такі міні-рынак. Па тры тысячы штодзень плацім падаткаў, а яны нічога ня робяць”.

(Карэспандэнтка: ) "Ці шмат хто ў Ветцы займаецца бізнэсам?"

(Гандляр: ) "Шмат. Жыць трэба. А заробкаў нам увогуле ня плацяць нікому й нідзе. З такімі падаткамі й з такой працай ніякай пэрспэктывы ня бачна ўвогуле".

Карэнныя веткаўчане любяць чысьціню й прыгажосьць: рэдка ў якой хаце аканіцы й брамы не ўпрыгожаныя мастацкай разьбой, а падворкі — раньнімі кветкамі. Занядбаныя ж сядзібы найчасьцей належаць цяпер мігрантам з Расеі й краінаў СНД, зь сярэдняй Азіі. Пасьля Чарнобыльскай аварыі яны займалі дамы адселеных месьцічаў і цяпер складаюць значную частку жыхароў Веткі й раёну. Гаворыць намесьнік старшыні Веткаўскага выканкаму Віктар Буракоў.

(Буракоў: ) “Гэта былі ня самыя лепшыя людзі — з крымінальным мінулым, зьявіліся наркотыкі. Так што праблемы з гэтымі людзьмі, што да нас прыехалі, ёсьць".

Паводле спадара Буракова, ёсьць праблемы і з самагонаварэньнем, якое расквітнела з прыходам перасяленцаў. Мясцовы люд прызвычаіўся "лячыцца" самагонам "ад радыяцыі". А яшчэ штогод істотна скарачаецца дзяржаўнае фінансаваньне чарнобыльскай праграмы. Так, у мінулым годзе для спэцыялістаў тут пабудавалі 20 кватэраў, а сёлета — яшчэ ніводнай.

Веткаўскі раён збольшага сельскагаспадарчы. За савецкім часам гэта была зона адпачынку для гомельскай намэнклятуры. Таму тут забаранялі будаваць прамысловыя прадпрыемствы, і цяпер у райцэнтры толькі ёсьць сельгасхімія, ткацкая й баваўняная фабрыкі, якія з-за адсутнасьці сыравіны працуюць з частымі перабоямі. Мясцовы бюджэт на 75% датацыйны.

Пасьля выбуху ў Чарнобылі 30 тысяч гектараў зямлі ў раёне былі прызнаныя непрыдатнымі для сельгасвытворчасьці. Чыстых земляў на Веткаўшчыне ўвогуле няма, але тут пасьвяць кароў, сеюць бульбу й збажыну. Літаральна за паўкілямэтра ад Веткі стаіць пост кантролю й знак радыяцыйнай небясьпекі, які азначае пачатак зоны забруджанасьці цэзіем вышэй за 40 кюры на км2. Гэтую мяжу мы перасякаем разам з дырэктарам зоны адчужэньня Міхаілам Канавалавым. Звыклай для такіх месцаў цішыні тут няма – прыляцелі птушкі.

(Карэспандэнтка: ) "Мы стаім ў зоне адчужэньня, дзе ўзровень радыяцыі перавышае 40 кюры на км2".

(Канавалаў: ) "Гэта былы населены пункт Новыя Грамыкі. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі: гэта праўленьне, побач школа, дзіцячы садок і дамы для спэцыялістаў".

(Карэспандэнтка: ) "Тут усё раскідана й развалена чаму?"

(Канавалаў: ) "Па-першае — часу колькі прайшло з 1991 году, як людзей адсюль выселілі. А выкарыстоўваць гэтую цэглу нікому не дазваляюць, бо дапушчальныя ўзроўні забруджанасьці перавышаныя ў некалькі разоў".

З 1986 году ў раёне перасталі існаваць 58 вёсак. З прычыны адсутнасьці грошай толькі некалькі зь іх пахаваныя, астатнія ж — зеўраюць выбітымі вокнамі й пыляць цэзіем ад раструшчанай цэглы. Насельніцтва Веткаўскага раёну за гэты час паменела напалову й цяпер складае 20 тысяч чалавек. У чарзе на адсяленьне — яшчэ паўтары тысячы сем’яў. Калі ў мінулым годзе для перасяленцаў выдзелілі 70 кватэраў, дык у гэтым — толькі 5. Многія зь месьцічаў — асабліва сталага веку — разумеюць, што гэтак сваёй чаргі можна й не дачакацца. Таму замест кватэраў просяць правесьці ў іх дамы прыродны газ. Сёлета такіх заяваў было сто, і мясцовыя ўлады ахвотна іх задавальняюць, бо гэта вымагае значна меншых выдаткаў, чым адсяленьне. Зрэшты, вельмі многія Веткаўчаны ніколі не зьбіраліся адсюль выяжджаць, хоць цяперашняе жыцьцё шмат у чым іх не задавальняе.

(Спадарыня: ) “Нас у Гомель адсяляюць — які сэнс у Гомель ехаць? Усё ж побач. А мы тут ужо акліматызаваліся".

(Іншая спадарыня: ) "Гэта нашая радзіма. Вось і ўсё. А з радзімы мы ніхто нікуды".

(Спадарыня: ) "Мы ўжо прывыклі да гэтай радыяцыі. І бульбачку капаем, і ў лес ходзім, і малако ў нас сваё. Я сама й грыбы, й ягады закатваю. Усё — усё са свайго агароду".

(Карэспандэнтка: ) "А вы ведаеце, што ўсё гэта мае пэўную ступень забруджанасьці?"

(Іншая спадарыня: ) "Мае дык мае. А што рабіць? З голаду паміраць? Жыць жа трэба. Грошы малыя: казалі, што 100 даляраў будуць плаціць, а цяпер атрымаеш гэтых 80 тысячаў, дык ня ведаеш куды іх дзець".

(Карэспандэнтка: ) "Якую вы маеце даплату за тое, што жывяцё на забруджанай тэрыторыі?"

(Спадарыня: ) "2219 рублёў на чалавека. Грабавыя. Нават названьне такое далі".

Сталае жыцьцё ў зоне высокай радыяцыі забірае ў людзей здароўе. Таму галоўны лекар раёну Ўладзімер Лявонаў лічыць несправядлівым, што ў пацярпелых ад аварыі рэгіёнах мэдычныя ўстановы ня маюць грошай нават на самае неабходнае. Да прыкладу, у хірургічным аддзяленьні Веткаўскага раённага шпіталя на галовы мэдыкаў і хворых сыпецца пабелка, кафля даўно адстала ад сьценаў, але 70 мільёнаў на рамонт у дзяржавы не знаходзіцца ўжо другі год. Распараджэньне ж Лукашэнкі 30% паслугаў зрабіць платнымі лекар называе злачынствам. Гаворыць Уладзімер Лявонаў.

(Лявонаў: ) “Гэта няправільна, беспадстаўна, гэта злачынства браць грошы ў людзей за мэдычныя паслугі, якія прадугледжаныя праграмай па дыспансэрызацыі. Гэта прадугледжана ў Законе аб сацыяльнай абароне — яго яшчэ ніхто не адмяняў. Гэта прывядзе да таго, што праз год-два пачне расьці колькасьць хворых на рак. Веткаўскі раён і так займае першае месца ў Беларусі па прыросту ракавых захворваньняў. Дык пасьля гэтага першае мы будзем і ў Эўропе займаць".

“У Ветцы жыць добра, мірна й вольна” — гэтыя словы занатаваныя ў старажытных летапісах. Так невядомы расейскі старавер яшчэ ў 17 стагодзьдзі патлумачыў прычыну сваіх уцёкаў з Расеі ў Ветку, якая сталася неафіцыйнай сталіцай стараабрадзтва. Каля 40 тысяч чалавек, што не прынялі рэформаў у царкоўных абрадах, уцяклі ад перасьледу ў гэтыя мясьціны. Некаторыя нашчадкі тых старавераў прынцыпова размаўляюць на расейскай мове, бо лічаць сябе расейцамі, хоць іх дзяды й прадзеды — карэнныя веткаўчане. Сярод іх Галіна Нячаева, якая лічыць, што яе продкі далі назву гораду:

(Нячаева: ) “Мой дзед распавядаў, што яны пусьцілі па рацэ абраз з прывязанай веткай. І там, дзе яна спынілася, там і заснавалі Ветку. Паколькі гэта былі стараверы — людзі, якія не прынялі рэформаў царквы, то Ветка ад самага пачатку свабодалюбная".

Адвеку Ветка славілася суднабудаўніцтвам, была моцным гандлёвым цэнтрам. Аж да пачатку мінулага стагодзьдзя тут існаваў адмысловы іконапіс, які мастацтвазнаўцы называюць Веткаўскай школай. А самабытнае веткаўскае разьбярства захавалася й да сёньня. Леанід Галафанаў — адзін зь нямногіх нашчадкаў старавераў, які пераняў тонкасьці гэтага рамяства ад сваіх продкаў. Многія веткаўчане лічаць прэстыжным, каб аканіцы ці брамы іх дамоў аздобіў менавіта гэты майстар. Са спадаром Галафанавым мы размаўляем на ганку ягонай хаты, схаваўшыся пад дахам ад першага веснавога дажджу:

(Карэспандэнтка: ) “Тут у Ветцы многія хаты вельмі прыгожа аздобленыя. Але так, як ваша — рэдка можна пабачыць".

(Галафанаў: ) "Гэта ўсё рэзанае ўручную без усялякай тэхнікі — толькі стругаў. Мой дзед і дзядзькі гэтым займаліся, і я пачаў займаўся. Я нідзе не вучыўся. Проста я продак тых старавераў".

Спадар Галафанаў дапамагае аздабляць таксама Веткаўскі музэй народнай творчасьці. Паглядзець на разную музэйную браму, унікальную калекцыю старадрукаў, абразоў, рушнікоў як на самабытную культурную зьяву беларусаў сюды прыжджаюць з усёй Беларусі й замежжа. Гаворыць загадчыца музэю Галіна Нячаева:

(Нячаева: ) "Музэй адкрыўся ў 1987 годзе — пасьля Чарнобылю. І першыя тры гады тут было па 60 тысяч наведнікаў з усяго СССР. А калі нарэшце ўсе ўсьвядомілі, што адбылося, — надышоў страх. Але пасьля паступова ўсё гэта мінула, і цяпер людзі да нас ізноў пайшлі".

Сёньня вакол музэю канцэнтруецца культурнае жыцьцё гораду: тут працуе цэнтар па адраджэньні народнай творчасьці, мастацкія школы для дзяцей, а цяпер рыхтуецца новая экспазыцыя. Супрацоўнікі музэю занатавалі ў навакольных вёсках багата народных сьпеваў, абрадаў і плянуюць апублікаваць іх асобнай кнігай, а таксама зьбіраюцца выпускаць свой музэйны часопіс. Магчыма, гэта будзе альтэрнатыва адзінай сёньня мясцовай дзяржаўнай газэце — "Голас Веткаўшчыны". Аб’езьдзіўшы ў экспэдыцыях усю Веткаўшчыну, навуковы супрацоўнік музэю Ларыса Раманава прыйшла да высновы, што будучыня ў жыхароў месца й усяго народу Беларусі ёсьць:

(Раманава: ) "Адказнасьць, лёс Беларусі ў апошнія гады ў руках жанчын. Я езьдзіла па вёсках і бачыла, як ролю сьвятароў бяруць на сябе жанчыны. Магчыма, што гэтыя жанчыны й галасавалі за Аляксандра Лукашэнку. Але ж у беларускага народу як нацыі вялікі жыцьцёвы патэнцыял, нягледзячы на тое, які чалавек стаіць ва ўладзе. Усё ж такі самае галоўнае, каб душа захавалася. Калі будзе жывая душа, а ня мёртвая — будзе й усё астатняе".

Шмат што ў Ветцы мне падалося супярэчлівым і ўзаемавыключальным. Так, Веткаўскі музэй месьціцца ў двухпавярховым шляхецкім доме Цімафея Грошыкава, які цяпер стаіць на плошчы з назваю Чырвоная. На мяжы з Бранскай вобласьцю Расеі ў Веткаўскім раёне ёсьць вёска Свабода. Зь нябытам тут суседнічае жыцьцё. У Ветцы жыцьцё працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG