Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пружана


Ягор Маёрчык, Пружана

У Пружане пачаўся “перапіс кацячага і сабачага насельніцтва”. Для папаўненьня казны тутэйшы райвыканкам вырашыў увесьці дадатковы падатак: траціна мінімальнага заробку за кожнага ката ці сабаку. Улады імкнуцца зарэгістраваць усіх хатніх жывёлаў, павесіць на іх жэтоны, а гаспадарам выдаць адпаведныя дакумэнты. Гараджане такія дзеяньні не падтрымалі і ў чаргу выстройвацца ня сталі. Цяпер супрацоўнікі мясцовай вэртыкалі ходзяць па хатах і зьбіраюць інфармацыю, колькі ў каго тых катоў і сабак. Усё гэта разам выклікае адмоўную рэакцыю. Вось меркаваньне аднаго зь месьцічаў, у якога ёсьць кот:

(Спадар: ) "Я свайго ката занясу ў райвыканкам. Хай кормяць яго і бавяцца. Кот мне не патрэбны: я мыш і сам злавіць магу, чым плаціць падатак. За ката ніхто ня будзе плаціць. Як грошай няма, дык куды ты дзенесься? Прыйдзецца ці ката тапіць, ці самому тапіцца".

(Карэспандэнт: ) "Тут ходзяць па хатах, перапісваюць катоў...”

(Спадар: ) "Можа ім трэба будзе мэтрыкі даваць, радаслоўную? Хто дзе нарадзіўся. Можа сабрат гэтага ката Ільіча некалі бачыў? Можа, таму кату будзе скідка, як зь Леніным дзе на зьезьдзе сядзеў?"

(Карэспандэнт: ) "А грошы ў людзей ёсьць, каб плаціць за катоў?"

(Спадар: ) "Як купюры па тысячы, дык мала, а як па рублю, дык торбу рублёў назьбіраем. У нас ня ўлада, а дылетанты. Ці можа старшыня калгасу кіраваць краінай? Стайняй кіраваў, а дзяржавай ня здолее, калі ўжо на катоў падатак уводзіцца. Можа яшчэ і на бараду (я вось бараду нашу), за вусы можа выдумае, ці ў каго нос доўгі, то заплаціш дадатковыя грошы!"

Гэта ня першая спроба мясцовых уладаў папоўніць бюджэт за кошт жыхароў гораду. Колькі гадоў таму хацелі прымусіць усіх, хто ёзьдзіць на роварах, здаваць правілы дарожнага руху. Натуральна, не задарма.

Такое навязьлівае жаданьне рабіць грошы з паветра наглядальнікі тлумачаць тым, што Пружана і раён сядзяць на датацыях зь бюджэту Берасьцейскай вобласьці, сродкаў хранічна не хапае.

Раней, кажуць, спраўна працавала адзіная буйная вытворчасьць — завод радыёдэталяў. Але цяпер і ён ледзь дыхае. Пра стан прадпрыемства я даведаўся ад працоўнага Леаніда Патапчука:

(Патапчук: ) "Завод увесь час працуе як стратны. Мяняюць дырэктараў, але становішча не мяняецца. Тры дні на тыдзень працуем. Такая сытуацыя са студзеня, абяцаюць, што будзе і ў красавіку. Заробкі затрымліваюць рэгулярна. Яшчэ не атрымалі за студзень. Грошы невялікія. Сто даляраў большасьці працоўных і ня сьнілася: 50-60 тысяч, калі чалавек увесь месяц адпрацуе. Колькі кіраўніцтва атрымлівае? Раней гэтая інфармацыя неяк хадзіла, але апошнім часам дадзеныя не вывешваюць.

Тэхналёгіі ўсе старыя. Усюль выкарыстоўваецца ручная праца. Таму адзінае выйсьце — новыя тэхналёгіі. А дзе іх браць? Трэба зьвяртацца некуды туды, на Захад".

Калі заробку не хапае, людзі пачынаюць шукаць, якім чынам яшчэ можна здабыць грошы. Жыхары Пружаны у гэтым сэнсе не арыгінальныя. Чаўночны гандаль доўгі час быў надзейнай фінансавай крыніцай. Са зьбядненьнем месьцічаў пакрысе менела і колькасьць гандляроў. Але сям’ю Жогалавых прадпрымальніцтва корміць і дагэтуль. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі над іхнымі намётамі вісела аб’ява: "Прыхільнікам дэмакратычных ідэяў — зьніжка 15%". Вынікаў амаль не было. У маленькім мястэчку, дзе жыхары ведаюць адзін аднога, палітычныя сымпатыі таксама не зьяўляюцца таямнімцай.

Ужо ня першы дзясятак год Тэрэза Жогалава спалучае гандаль з выкладаньнем у школе.

(Жогалава: ) "Спачатку на нас казалі: "Крыжа на вас няма, спэкулянты вы!" Але пасьля ўсё больш і больш пачалі прызнаваць, што ты маеш рацыю, што ў настаўніка жыцьцё цяпер ня самае лепшае. За люты — аплаты ніякай не было. І невядома, калі мы яе атрымаем. Касмэтычна-парфумавыя вырабы прадаем ў гандлёвым намёце. Зараз цяжка ідзе гэтая справа. Пакупальніцкая здольнасьць у людзей усё ніжэй і ніжэй.

Я гляджу на гэтую працу нармалёва. Вучні мае ўсе ведаюць, чым я займаюся. І я ім звычайна тлумачу так: у гэтых варунках нашага жыцьця я вымушаная. Вядома, што займаюся гэтым прадпрымальніцтвам дзеля таго, што трэба выжыць. А тое, што настаўнік, вымушаны сядзець у гандлёвым намёце — гэта ганьба дзяржаве".

Бізнэс, якому яшчэ доўга наканавана квітнець у Пружане — гэта пахавальныя канторы. Памірае у горадзе ў два разы болей людзей, чым нараджаецца. А таму аб’явы пра рытуальныя паслугі стала акупавалі апошнюю старонку раённай газэты. Жорсткая канкурэнцыя — 4 прадпрыемствы на 20 тысяч насельніцтва — нараджае дадатковыя паслугі і выгоды: выраб помнікаў паводле эскізу кліента, бясплатная дастаўка, складаньне вянкоў і майстраваньне трунаў па пэрсанальный замове.

Я знаходжуся ў памяшканьні адной з такіх прыватных крамаў, якая называецца "Набат". Побач са мной, сярод дываноў з пахавальных вянкоў, клюмбаў, кошыкаў са штучнымі кветкамі і некалькімі трунамі розных памераў і колераў, стаіць дырэктарка Валянціна Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) "Я не лічу гэта за бізнэс. Гэта ня бізнэс! На людскім горы сабе шчасьця не пабудуеш. Нармалёва ідуць людзі, набываюць. У мяне з траўня цэны не падвышаліся. Тавар у нас недарагі: пакрывалы, шалік, крыж, труна, вянок і катафалк — мінімальны сьпіс паслугаў для насельніцтва. Дзяржава фундуе 150 тысяч, адзін мінімальны заробак. Гэтых грошай яшчэ і на хаўтуры хапае. Я 16 год адпрацавала ў пахавальным бюро. Я іншай працы для сябе ў жыцьці не ўяўляю і ня бачу, чым можна яшчэ заняцца ў нас, у Пружане. Для мяне ўжо нічога ня страшна. Кожны прызвычайваецца да сваёй працы. Мне, прыкладам, нічога на псіхіку не давіць”.

Як называць роднае мястэчка — Пружаны ці Пружана? Кожны з жыхароў вырашае сам. Простыя месьцічы і дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі прытрымліваюцца гістарычнага варыянту — Пружана. Чыноўнікі — афіцыйнага: Пружаны.

Апазыцыя ў горадзе складаецца зь нешматлюдных філіяў апазыцыйных партыяў і вялікай суполкі Таварыства беларускай мовы, якая налічвае блізу сотні сябраў.
У горадзе няма беларускамоўных дзіцячых садкоў і школаў. Апошнім часам пружанскія тэбээмаўцы і асабліва іхны старшыня Іван Здановіч дамагаюцца ад райвыканкаму выкананьня Пляну разьвіцьця навучаньня, які прадугледжвае перавод на беларускую мову дзіцячых садкоў, школаў і вучэльняў:

(Здановіч: ) "Я спачатку пайшоў да загадчыка райана. У гутарцы зь ім мне здалося, што ён гэтай пастановы ня бачыў. Хаця ён мясцовы хлопец, аднак успрымаў гэта без энтузіязму. Я тады другім заходам пайшоў да старшыні райвыканкама. Мне падалося, што ён успрамае усё гэта станоўча. Я яго пытаю: вы — беларус? Ён кажа: "Я — стоадсоткавы беларус!" Ён трохі паглядзеў пастанову. Сказаў, што трэба выконваць. А вось ці будзе яна выконвацца, пабачым.

На гэты момант я ня ведаю, што яны зрабілі. Тут шмат залежыць ад клімату ў краіне. Гэты працэс пайшоў бы, калі б дбала пра заўтрашні дзень народу кіраўніцтва беларускай дзяржавы. Тады б аніякіх не было б праблемаў. Атачэньне кіраўніка дзяржавы ігнаруе нашу мову, і гэта запавольвае працэс нацыянальнага адраджэньня".

Горад яшчэ не адышоў ад леташніх выбараў прэзыдэнта. Галоўнай ахвярай кампаніі стала газэта "Голас Пружаны". Яна спыніла выхад пасьля пільнай праверкі падатковай інспэкцыі. Выдавец Язэп Машкала цьвердзіць, што тыднёвік зачынілі не без дапамогі КГБ. А ўсё праз тое, што журналісты надта актыўна асьвятлялі выбары і сачылі за хадою галасаваньня. Спадар Машкала абяцае, што выданьне тыднёвіка адновіцца найбліжэйшымі месяцамі.

(Машкала: ) "Асабліва пасьля выбараў пачаўся ціск у працоўных калектывах, нявыплаты заробкаў, праблемы сацыяльнага кшталту — тое, што мы звычайна асьвятлялі ў газэце. Калі пра праблемы заяўлялася публічна, улады імкнуліся вырашаць іх хутчэй. Калі будуць выбары ў мясцовыя саветы, магчымасьці электронных мэдыяў будуць абмежаваныя. І галоўнымі тут будуць друкаваныя сродкі.

Інфармацыя павінна дайсьці да людзей. І даходзіць яна ўжо павінна пачынаць цяпер, таму што праблемы, якія будуць вырашаць будучыя прадстаўнікі ўлады, яны павінны ўжо сёньня ставіцца. Фактычна перадвыбарчая кампанія павінна пачынацца ўжо сёньня. Таму газэта, паўтараю, вельмі важны сродак. Калі газэты ня будзе, вынікі выбараў могуць быць ня вельмі добрымі для нашага рэгіёну. Так ці інакш, газэта, я думаю, у Пружане будзе".

Горад, як бачна, па-троху пачынае рыхтавацца да будучых выбараў у мясцовыя саветы. Старшыня суполкі Беларускага Народнага Фронту Алесь Жаркоў перакананы, што посьпех можа быць толькі ў тым выпадку, калі выбары ня будуць сфальшаваныя, калі ў падліку галасоў змогуць удзельнічаць сябры камісіяў зь ліку прадстаўнікоў палітычных партыяў.

Цяпер я стаю на тым месцы, дзе за савецкім часам было больш за ўсё аховы. У вайсковым гарадку Купліна доўгі час дысьлякавалася частка стратэгічнага прызначэньня. Па-просту кажучы, пункт запуску міжкантынэнтальных балістычных ракетаў.

Поўк пераехаў ў Расею 10 год таму. За гэты час развалілася нават тое, што не пасьпелі раскрасьці мясцовыя жыхары. Сярод парэшткаў казармаў, каманднага пункту і штабу вайсковага злучэньня грамадзянін Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Тэрра Матойс Віліс будуе сабе дом. Ён узяў 30 гектараў зямлі і вырашаў заняцца фэрмэрствам: гадаваць бараноў і вырошчваць клубніку.

У адказ на пытаньне, як трапіў ў Беларусь, распавядае цэлую гісторыю. Пачаў верыць у Бога. Нябёсы далі зразумець, што ён мусіць стаць пастарам. Але доўгі час ня ведаў, куды ехаць прапаведнікам. І пасьля падарожжаў свой выбар спыніў на Беларусі. 8 гадоў працаваў у Пружане пастарам і вырашыў застацца тут назаўсёды.

Спадар Віліс асэнсоўвае беларускае жыцьцё з гледзішча афрыканца:

(Віліс: ) "Зіма доўга толькі. Можна было б і карацей. Тое, што халодна, мы да гэтага прызвачаіліся. І нам сапраўды падабаецца жыць у Беларусі. Мы вырашылі застацца тут. Тое, што мне найбліжэй да сэрца, што мне падабаецца рабіць — гэта пачынаць з маленькай фэрмы. У майго бацькі было 5 тысяч бараноў. Мы елі мяса, колькі хацелі. І тут мяса дарагое, і мы проста не дазваляем сабе увесь час набываць і есьці яго. Таму я хацеў бы крыху болей мяса есьці тут. Сам я сала люблю. І ядзім мы яго шмат. Сала — гэта сыры тлушч сьвіньні — спачатку было дзіўна, а пасьля нават пачало падабацца".

Афрыканскі фэрмэр на беларускіх палетках — сапраўдная экзотыка, якой пазайздросьціць любы турыстычны цэнтар. Пружана з адметнасьцямі жыцьця ў ёй таксама магла б стаць месцам паломніцтва замежных вандроўнікаў.
XS
SM
MD
LG