Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіслач — Дружны


Ягор Маёрчык, Сьвіслач — Дружны

Гэта расповед пра два паселішчы: Сьвіслач і Дружны, што на Меншчыне. Межы паміж імі даўно сьцёрліся, і цяпер яны — адно мястэчка: у эканамічным, сацыяльным і культурным плянах.

На першы погляд здаецца, што гарыць тарфянік. Дым аказваецца вадзяной парай. Я прыглядаюся і заўважаю, што вада ў багне літаральна закіпае. Усё тлумачыцца вельмі проста: цеплаэлектрастанцыя, на якую я ехаў, выкарыстоўвае навакольныя балоты як сыстэму ахалоджваньня для адпрацаванай вады.

Зараз я знаходжуся на пляцоўцы Менскай цеплаэлектрастанцыі №5, што ў пасёлку Дружны. Яна працуе з 1999 года. Лічыцца адной з самых магутных і адначасна эканамічных што да спажываньня паліва. Але адметная ЦЭС №5 ня гэтым. 10 гадоў таму яе пачыналі будаваць як атамную, паводле праекту, аналягічнага чарнобыльскаму. Тады савецкія ўлады вырашылі: пасяліць тут людзей, а затым пачаць узводзіць саму станцыю. Пасьля выбуху на ЧАЭС будаўніцтва закансэрвавалі. Пра паселішча забыліся, і людзі колькі гадоў вымушаныя былі выжываць самастойна.

Жыхары Дружнага спадзяюцца, што станцыя калі-небудзь усё ж такі стане атамнай. Эканамічны росквіт паселішча тады будзе забясьпечаны. Раней ці пазьней, кажуць яны, улады усьвядомяць: атам — гэта альтэрнатыва традыцыйным энэрганосьбітам, якія даражэюць штогод.

Кіраўніцтва ТЭС №5 адмовілася адказваць на мае пытаньні і ў літаральным сэнсе папрасіла зачыніць дзьверы зь іншага боку. Адзін з супрацоўнікаў аказаўся больш ветлівым за свайго дырэктара і распавёў:

(Супрацоўнік станцыі: ) "Якія праблемы? Фінансаваньне будаўніцтва другога блёку. Каштарысная дакумэнтацыя распрацоўваецца, але няма фінансаваньня. Зараз у краіне ідзе працэс акцыяваньня. І, мабыць, будуць нейкія інвэстары. Сказалі, што за люты мы ня вельмі прыбытковыя, тарыфы на электраэнэргію ніжэйшыя за сабекошт. Безумоўна, каб была ў нас атамная электрастанцыя, для нас было б лепей, для гораду, для раёну, для краіны — з эканамічнага гледзішча. Ну а як там экалягічны ды іншыя фактары — я сказаць не магу".

Гісторыя паселішча Сьвіслач распачалася ў 70-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі тут, сярод балотаў, пабудавалі Завод горнага воску, які быў адзіным на тэрыторыі колішняга Савецкага Саюзу. (Горны воск, дарэчы, вырабляюць з торфу.) Прадпрыемства прадукавала шмат чаго: ад складнікаў мэдыкамэнтаў да прадукцыі ВПК. Цяпер яно збанкрутавала. Шэраговыя працоўныя, як і чыноўнікі адміністрацыі чакаюць масавых звальненьняў.

А вось начальнік вытворчасьці Экспэрымэнтальнай базы Сяргей Абразоўскі, наадварот, з гонарам паведамляе, што заробак нават перавышае сто даляраў ЗША. Каб выжыць, прадпрыемству прыйшлося засвоіць выраб школьнай мэблі і шліфаваньне алмазаў. Разам з гэтым спадар Абразоўскі называе пэрспэктывы базы "вельмі змрочнымі". Галоўная прычына — нізкая плацежаздольнасьць заказчыкаў. Маўляў, гэта наступства эканамічнай палітыкі дзяржавы:

(Абразоўскі: ) "Палітыка дзяржавы складаецца з палітыкі лідэра. Наш народ 9 верасьня падтрымаў тую палітыку, якая ёсьць цяпер. Як народ галасаваў, так і жыве. Народ павінен зрабіць высновы. Сёньня для прамысловых прадпрыемстваў самае галоўнае — свабода. Свабода! Для гэтага трэба даць ім магчымасьць рабіць усё, што яны пажадаюць. Скончыць ліцэнзаваньне дзейнасьці! Скончыць вымаганьне грошай! Я ў прамысловасьці раблю ўжо 25 год і зьвязаны з многімі дырэктарамі, з многімі кіраўнікамі вытворчасьці — і ўсё яны такой жа думкі. Ня трэба нам даваць заробак: мы яго заробім самі. Трэба даць магчымасьць спакойна рабіць, а не труціць праверкамі".

Нават самы фанабэрысты прадстаўнік улады ў правінцыі будзе больш ветлівым з журналістам "з таго самага Радыё Свабода", чым ягоны калега ў горадзе. Тое самае й у Дружным са Сьвіслаччу, якім кіруе адзін местачковы савет. Намесьніца старшыні Валянціна Комлік называе жыцьцё тут "нядрэнным". Вось толькі, кажа, трэба нейкім чынам вырашыць праблему з жытлом, бо сем’і з двух інтэрнатаў ад дня заснаваньня Дружнага (а гэта ўжо 16 год) стаяць у чарзе па ўласную кватэру. Ну, ёсьць яшчэ і беспрацоўе. Афіцыйныя дадзеныя: 190 чалавек на 12 тысяч насельніцтва.

(Комлік: ) "Людзі прыходзяць да мяне і запісваюцца: "Францаўна, можа якая зьявіцца праца, вазьміце на заметку. Мы можам прапанаваць працу дворнікам у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, тэхнічкай у школе. І людзі ідуць на гэтую працу. Як дворнік ці тэхнічка, і тых пяцідзесяці даляраў няма. Але людзі трымаюцца і за гэтую працу. І такім чынам выжываюць".

Схаванае беспрацоўе застаецца па-за ўвагай афіцыйнай статыстыкі. Тым часам на вуліцах Сьвіслачы і Дружнага цяжка сустрэць людзей нават у выходны дзень. Зь мястэчка, дзе ўжо шмат гадоў няма працы, людзі дзясяткамі зьяжджаюць на заробкі ў іншыя краіны сьвету. Ледзь ня ў кожнай сям’і хтосьці працуе за мяжой.

Прыватны прадпрымальнік Васіль Кунай, наадварот, прыяжджае на працу зь Менску. Ён усталёўвае свой гандлёвы намёт на цэнтральным пляцы і рады кожнаму пакупніку.

Наша размова, натуральна, пачалася з пытаньня: як ідзе гандаль?

(Кунай: ) "Трэба сказаць, што ня вельмі важна. У параўнаньні зь мінулымі гадамі — слаба. Мусіць, таму што народ усё ж такі ня мае тых грошай, якія раней мог зарабіць. Раней можна было прадаць, скажам, у будні дзень на даляраў з 20 — 30, а цяпер бывае, што зусім нічога не прадаш, а бывае, што на 5 — 15 тысяч беларускіх рублёў. Больш людзей усё ж ідзе на рынак, чым у краму. У прыватных прадпрымальнікаў тавар таньнейшы і выбар большы. Як бачыце, тавар такі зьмешаны. Тут ёсьць і асеньняе, і зімовае, і летняе. Зімняе ўжо ня йдзе, летняе яшчэ рана. Вось такі гандаль".

Прадстаўнікі мясцовай улады кажуць, што галоўны апазыцыянэр у Сьвіслачы — Дружным — гэта старшыня савету вэтэранаў, камуніст Віктар Яшнік. Ён няспынна агітуе людзей за ідэалы кастрычніка і ўвесь час абяцае наладзіць марш пратэсту да будынку пасялковага савету.

Зусім іншая стратэгія ў сяброў суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная грамада". Яны разам з пасялковым саветам спрабуюць вырашыць сацыяльныя праблемы. Акрамя гэтага, рыхтуюцца да маючых адбыцца ў наступным годзе выбарах у мясцовыя саветы.

Старшыня Мар'інагорскай арганізацыі БСПД Мікалай Усьціменка штотыдзень пераадольвае 20 кілямэтраў на старэнькіх "Жыгулях", каб пракантраляваць дзейнасьць аднапартыйцаў.

(Усьціменка: ) "Такія людзі ёсьць, іх дзесьці блізу 80 чалавек, якія сёньня ўжо згодныя ісьці на гэтыя выбары. Зьяўляюцца новыя зусім людзі, якія зразумелі, што далей так немагчыма. Людзі ўжо перасталі верыць у нешта добрае. Таму што іх столькі разоў падманвалі. І яны цяпер спадзяюцца толькі на сябе. Вера толькі ў сябе. Яны нікому ня вераць, тым больш гэтай уладзе. Пэрспэктывы мястэчка цесна зьвязаныя з пэрспэктывамі нашай дзяржавы. Трэба мяняць сыстэмы жыцьця, мяняць кіраўніцтва, пераходзіць на эўрапейскія рэйкі".

На выбары ў гэтак званую палату прадстаўнікоў у мястэчку, паводле афіцыйных дадзеных, прыйшло толькі 22% насельніцтва. Спадар Усьціменка лічыць гэты факт красамоўнай праявай стаўленьня да цяперашніх уладаў Беларусі. Ён спадзяецца, што налета жыхары Сьвіслачы і Дружнага ацэняць намаганьні БСДП "Народная грамада" у справе стварэньня дамкомаў, дапамогі ў рамонце дахаў і ўсталяваньні дзьвярэй у пад'ездах жылых дамоў.

Сацыял-дэмакратычная партыя робіць стаўку на вырашэньне сацыяльных праблемаў. Ніша нацыянальнага адраджэньня пакуль што застаецца вольнай. А між тым, у пасёлках усе школы і дзіцячыя садкі — расейскамоўныя. Так склалася гістарычна. На Завод горнага воску і яшчэ непабудаваную АЭС ехалі працаваць збольшага расейцы ды ўкраінцы. Зь іх і складаецца амаль усё насельніцтва мястэчка. Што да беларускасьці, зь цягам часу людзі, якія прыехалі сюды, сталі больш сьвядомымі за нешматлікае карэннае насельніцтва.

Кіраўніца Цэнтру сацыяльнага разьвіцьця Пухавіцкага раёну Вольга Галубовіч:

(Галубовіч: ) "Сытуацыя складаная. Мы зьбіралі подпісы ў падтрымку мовы. Нашыя карэнныя беларусы ня згодныя размаўляць па-беларуску, а ўкраінцы і ўсе гэтыя "приехавшие из России" згодныя размаўляць па-беларуску і падтрымліваць культуру. Чаму прыежджыя людзі згодныя ўзяць? Таму што яны паезьдзілі, яны больш рухавыя ў сваім успрыманьні сьвету, у іх больш рухавая псыхалёгія, яны згодныя выбіраць, яны згодныя рабіць нейкі выбар".

У гэтых расейцаў і ўкраінцаў даўно вырасьлі дзеці. У школе імя аднаго з бацькоў БССР Аляксандра Чарвякова яны стварылі суполку абароны беларускай мовы.

Вучань Мікалай Бадзян тлумачыць прычыны такога кроку:

(Бадзян: ) "У нашай школе мала хто паважае нашую родную мову. Таму мы вырашылі стварыць сваю суполку. Ды й ня нейкую там апазыцыйную, а каб была суполка менавіта абароны беларускай мовы. Моладзь нас падтрымала. Настаўніца нас падтрымала вельмі. Сказала, што яна таксама з намі будзе ўдзельнічаць у працы гэтай суполкі. Ну а бацькам... ім спадабалася гэта. Наша суполка першым чынам будзе прапагандаваць беларускую мову, каб стаўленьне да беларускай мовы было добрае, каб паважалі яе. Будзем рабіць свае акцыі".

Мястэчка Сьвіслач — Дружны займае бадай што першае месца ў Беларусі па колькасьці рок-гуртоў на душу насельніцтва. Тут іх ажно чатыры. У адным зь іх (ён называецца "Оўдэн") іграе на гітары Сяргей Алецкі:

(Алецкі: ) "Граем мы гэтак званы гвалт-рок. Гэта стыль, які мы стварылі самі. Мы яшчэ нідзе ня ўдзельнічалі, і ў нас яшчэ пакуль няма ніякіх запісаў. Усе песьні свае — музыка і словы на беларускай мове”.

(Карэспандэнт: ) "А ў сваіх песьнях вы якія ідэі прапагандуеце?"

(Алецкі: ) "Ідэі абароны Радзімы ды роднай мовы Галоўнае — гэта нашая Радзіма".

Жыцьцё пасёлкаў Сьвіслач і Дружны шмат у чым паказальнае. Народжаныя савецкай уладай, яны былі кінутыя сам-насам зь лёсам. Цяжкасьці прымусілі местачкоўцаў рухацца. Тыя, хто зьехаў на працу за межы краіны, больш ня пойдуць на прадпрыемствы, дзейнасьць, якіх рэгулюецца не законамі эканомікі, а дэкрэтамі і загадамі. Ну а тыя, хто застаўся тут і доўгі час варыўся ў мясцовым саку, пераканаліся, што без духоўнага, нацыянальнага адраджэньня ня можа быць эканамічнага ўздыму Беларусі.
XS
SM
MD
LG