Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Баранавічы


Галіна Абакунчык, Баранавічы

На гарадзкім гербе Баранавічаў адлюстраваны старадаўні, падобны да цацачнага паравоз: адзін з такіх у 1871 годзе ўпершыню прайшоў па новай рэйкавай каляіне Смаленск—Менск—Берасьце.

Менавіта будаўніцтву чыгункі й абавязаны сваім нараджэньнем горад Баранавічы. Сёньняшняя ягоная назва паходзіць ад невялічкай вёскі, каля якой была збудаваная чыгуначная станцыя. Цяпер тут два вакзалы — Баранавічы-Цэнтральны й Баранавічы-Палескія — празь якія рэйкі ідуць у кожную з суседніх краінаў: Польшчу, Літву, Украіну й Расею. У выхадныя тут амаль гэтак жа тлумна, як і ў Менску. І першае, што зьвярнула на сябе ўвагу — натоўп нетутэйшых людзей, якія грэліся каля вогнішча ў прывакзальным сквэрыку. На спробу загаварыць зь дзецьмі адгукнуліся й дарослыя.

(Карэспандэнтка: ) "Адкуль вы прыехалі?”

(Мужчына: ) "Душанбэ. Таджыкістан. Уцекачы. 31 чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) "Чаму вы прыехалі?”

(Мужчына: ) "Там жыць кепска. Побач Афганістан. Ваююць. Прапісацца ўчора хадзілі. Прасілі на 3 — 4 дні застацца. Не, кажа. Заўтра едзьце ў другі горад, альбо вялікі штраф будзе. Цяпер у Берасьце зьяжджаем”.

(Карэспандэнтка: ) "А міліцыянты вас не чапаюць?”

(Мужчына: ) "Міліцыя ў вакзал не пускае”.

(Мужчына: ) “Бачыце? На вуліцы дзеці сядзяць”.

Уцекачоў зь дзяржаваў СНД улады Беларусі пацярпелымі не прызнаюць і стараюцца найхутчэй выправіць за межы дзяржавы. Але мясцовыя жыхары распавядаюць, што ў Баранавічах ужо амаль завядзёнка, калі адных і тых жа выхадцаў з азіяцкіх краінаў міліцыянты пэрыядычна праганяюць, а тыя зноў вяртаюцца й жывуць у горадзе нелегальна да наступнай зачысткі.

Каля вакзалу захаваўся адзін з самых старых будынкаў гораду — выбітнай архітэктуры дом з чырвонай цэглы. Цяпер тут месьціцца эканоміка-юрыдычны тэхнікум, дзе выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры працуе Віктар Сырыца. Ён жа — старшыня баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы.

У адной з аўдыторыяў спадар Сырыца разам з вучнямі стварыў сапраўдны музэй, які распавядае пра найноўшую гісторыю Беларусі. На сьценах клясы вісіць бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня". Тут можна пабачыць самвыдат пачатку 1990-х гадоў, улёткі, плякаты й фотаздымкі масавых грамадзкіх акцыяў.

Тэхнікум недзяржаўны, і гэта пакуль магчыма — кажа спадар Сырыца. Затое перашкоды дзейнасьці Таварыству беларускай мовы гарадзкія ўлады чынілі яшчэ пры Міхаіле Паўлаве, які быў кіраўніком адміністрацыі Баранавічаў, а цяпер — мэр сталіцы Беларусі. Тым больш на ляяльнасьць новых уладаў Віктар Сырыца не разьлічвае пасьля выбараў:

(Сырыца: ) “Думаю, што будзе горш. Людзі, якія прыходзяць да ўлады, яны не прасякнутыя ідэяй дзяржаўнасьці, роднай мовы й Беларусі. Ім галоўнае захаваць уладу. Але затое да нас цяпер прыйшло шмат моладзі. У Баранавічах пяць вышэйшых навучальных установаў, і сярод маладых людзей вельмі шмат прыхільнікаў беларускай ідэі, яны нам вельмі дапамагаюць”.

Насупраць ліцэю, на плошчы некалькі сотняў мэтраў, змайстраваны музэй чыгункі. Гэта абгароджаны высокім мэталёвым плотам павільён пад адкрытым небам, дзе сабраныя лякаматывы, пасажыркія й грузавыя вагоны розных мадыфікацыяў і гадоў выпуску. Аднак у найбольш людны дзень, нядзелю, музэй не працуе, а таму робіць уражаньне бязьлюднага мэталёвага могільніку.

Паводле чыгуначнікаў, такі распарадак замацаваўся яшчэ за Віктара Рахманька — былога кіраўніка Баранавіцкага аддзяленьня чыгункі. А музэй ён ствараў хутчэй не для наведнікаў, а каб дэманстраваць сваю гаспадарлівасьць сталічным чыноўнікам. І сапраўды, Рахманько стаў кіраўніком Беларускай чыгункі, сябрам так званага Савету Рэспублікі, а неўзабаве Лукашэнка прылюдна назваў яго злодзеем і казнакрадам. Невядома, ці закончыцца гэтая гучная справа судом, але былыя падначаленыя Рахманько перакананыя, што ў іх жыцьці ад гэтага нічога ня зьменіцца. Гаворыць дзяжурная па станцыі спадарыня Аляксандра:

(Карэспандэнтка: ) “Што людзі кажуць пра гісторыю з Рахманьком?”

(Аляксандра: ) ”Хто што гаворыць. Вядома ж, шок у нас быў. Асабліва ў нас, у Баранавічах. Ён жа адсюль паходзіць. Мы бы й не падумалі на такое. Але гэта ўжо прайшло. Пагаварылі ды прайшло. Нам хто ні ёсьць — просты рабочы ёсьць просты рабочы. Працуем ды й усё”.

(Карэспандэнтка: ) "Вы задаволеныя сваёй працай?”

(Аляксандра: ) “Не задаволеная, вядома ж. Плацяць нам мала. А дзе дзенешся? Коцімся ўніз”.

Баранавічы як буйны чыгуначны вузел шмат у чым вызначыў лад гаспадараньня, а таксама сёньняшні дзень гораду. Тут каля 50 буйных прадпрыемстваў, але бальшыня зь іх цяпер у заняпадзе. Да прыкладу, на баваўняным камбінаце з прычыны адсутнасьці сыравіны чатыры тысячы працоўных занятыя толькі па 2 — 3 дні на тыдзень. З прычыны адсутнасьці жыльля многія зь іх дзясяткамі гадоў вымушаныя заставацца ў сямейных інтэрнатах. У адзін з такіх, на вуліцы Касманаўтаў, мне давялося патрапіць, калі жанчыны гатавалі ежу.

(Карэспандэнтка: ) “Мы стаім на агульнай кухні для ўсяго паверху?”

(Жанчына: ) “Так. Гэта дваццаць пакояў. У кожным — ад трох да пяці чалавек. Вось і палічыце колькі”.

(Іншая жанчына: ) “Бывае ўсе разам есьці як захочам, дык у чарзе стаім, каб плітку ўзяць. Але нармалёва, бачыце, жывём. Кватэраў ўсё роўна няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі плаціце?”

(Жанчына: ) “Каля дзесяці тысяч. За ваду паўтары. За адзін пакой напэўна ж дорага. Таму што ніякіх умоваў няма: кухня агульная, прыбіральня агульная. Ні ванны, нічога няма. Душ. Усё ўнізе”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы цяпер працуеце на камбінаце?”

(Іншая жанчына: ) “Ой, тут зусім дурдом: працы ніякай, заробкаў таксама. Мізэр — 60, 65 тысяч. Дзіцячыя й тое затрымліваюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Працуеце штодня?”

(Жанчына: ) “Вы што?! Па два дні на тыдзень. Так ужо другі год”.

(Карэспандэнтка: ) “А ў інтэрнаце даўно жывяцё?”

(Жанчына: ) “Шаснаццаць гадоў”.

(Карэспандэнтка: ) “І якія пэрспэктывы з жытлом?”

(Жанчына: ) “Ніякіх. Каапэратывы – калі ласка, укладай грошы, будуйся. А дзе іх узяць? Я бы з задавальненьнем пайшла на іншую працу. А дзе яе знайсьці?”

І тым ня меньш, некаторыя з жыхароў інтэрнату кажуць, што на выбарах галасавалі за Лукашэнку. Як, да прыкладу, вахтэрка, якая не пажадала называць сваё імя. На пытаньне, чаму менавіта так спадарыня скарысталася сваім выбарчым правам, яна адказала наступнае:

(Вахтэрка: ) “Ну я ж вам сказала. Дастойных кандыдатураў акрамя яго не было. Мая сястра стрыечная, працуе біёлягам і завучам у нас у ліцэі, дык яна мне кожны дзень цьвердзіць адно й тое ж: твой Сашка любімчык нас і дакаціў нас да такога жыцьця. Мы зь ёй на нажах”.

(Карэспандэнтка: ) “А ваш Сашка любімчык?”

(Вахтэрка: ) “А мой Сашка любімчык! Раней быў любімчык. Цяпер не. Мы ж кацімся ўсё горш, і горш, і горш. Вы ж бачыце: заводы стаяць, камбінат стаіць. Ну якая можа быць пэрспэктыва? Ніякай. Гэта жах! Нічога ня будзе. Сто працэнтаў”.

Шматпавярховікі ў Баранавічах цесна мяжуюць з прыватнымі жылымі дамамі. Тое, што многія зь іх патрабуюць капітальнага рамонту, не перашкаджае заўважыць нават шчыльны плот, за якім, як сьцьвярджае шыльдачка, злы сабака.

Праблема гарадзкога транспарту — як і жытловая — тут значна вастрэйшая, чым у сталіцы ці нават абласным цэнтры. На 180 тысяч жыхароў у Баранавічах толькі некалькі аўтобусных маршрутаў. Таму з надыходам вясны тыя, хто мае магчымасьць, перасаджваюцца на ровары ці матацыклы.

Адна са старэйшых вуліцаў у Баранавічах — Куйбышава, былая Касьцельная. Яе ранейшую назву апраўдвае збудаваны тут драўляны Крыжаўзьвіжанскі касьцёл і Сьвята-Пакроўскі праваслаўны сабор — помнікі архітэктуры мінулага стагодзьдзя. Усяго ж у Баранавічах пяць хрысьціянскіх храмаў, адзін зь якіх арэндуе для штотыднёвых набажэнстваў уніяцкая парафія. Пяць гадоў таму ўніяцтва ў Баранавічах пачыналі адраджаць толькі сямёра чалавек. Цяпер жа ў суполцы іх больш за пяцьдзесят. Гавораць вернікі ўніяцкай парафіі Баранавічаў:

(Жанчына: ) “У нас уся літургія вядзецца на беларускай мове. Песьні сьпяваем і напрыканцы абавязкова “Магутны Божа”. Нас у гарвыканкам выклікалі. Розныя размовы праводзілі”.

(Іншая жанчына: ) “Прасілі месца, каб пабудаваць храм. Пакуль гэтае пытаньне ня вырашанае. І як вырашыцца — невядома”.

Ня часта здараецца, каб турма была гістарычнай адметнасьцю гораду, але гарадзкую вязьніцу "Крывое кола" яшчэ доўга будуць памятаць ня толькі ў Баранавічах, але й іншых гарадах Беларусі. Цяпер тут месьціцца аддзел міліцыі, а ў пасьляваенныя гады для тысяч маладых беларусаў з “Крывога кола” пачынаўся этап у Караганду, Інту ды Варкуту.

Сёньняшнія баранавіцкія пэнсіянэры Іван і Тафілія Дудкі — зь ліку той моладзі. 17-гадовую Тафілію “тройка” прыгаварыла да 25 гадоў лягераў за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі, а 22-гадовага Івана — за ўдзел у Арміі Краёвай. Пазнаёміліся яны празь лягерную пошту ў першы пасьля вайны год, а пабачыліся й пабраліся шлюбам толькі пасьля датэрміновага вызваленьня ў 1954 годзе. Духоўнай апякункай у тыя гады ім была Ларыса Геніюш, зь якой палітвязьні трывалі выпрабаваньні сталінскіх лягераў.

(Тафілія Дудко: ) “Ларыса Антонаўна Геніюш была ў нас групавая. Яна нас зьбірала й заўсёды казала, што ня можа быць, каб мы не дачакаліся свайго, волі. Так яна заўсёды казала”.

(Іван Дудко: ) “Як толькі прыедзе новы этап, дык яна заўсёды йшла й пыталася, ці ёсьць беларусы. Гуртавала вакол сябе людзей заўсёды”.

(Тафілія Дудко: ) “Усіх брала пад крыло адно. І прыходзіла й апекавалася намі. Калі ў мяне мама памерла, то яна прыходзіла, амаль кожны дзень, каб падтрымаць мяне”.

(Карэспандэнтка: ) "Ці дадавала гэта сілаў?"

(Тафілія Дудко: ) “Вядома ж. Гэта такі чалавек. Ой, што вы!”

Як найкаштоўнейшыя рэліквіі ў сям"і Дудкоў й да сёньня захоўваюцца лісты, якія Ларыса Геніюш дасылала ўжо з Зэльвы, а таксама верш на сьмерць мужа Янкі Геніюша, напісаны рукой паэткі. А яшчэ былыя палітвязьні шануюць памяць памерлых сяброў і трымаюць сувязі з жывымі. У Баранавічах гэта Пятро Рашэтнік, Леанід Манько, Сяргей Пятліцкі, Фёдар Клімец, Аляксандар Кандратчык, Генадзь Баўдзей. Дзень абвяшчэньня БНР 25 сакавіка штогод яны імкнуцца адсьвяткаваць разам.

Адным з буйных цэнтраў грамадзкай актыўнасьці Баранавічы застаюцца й сёньня: тут ёсьць філіі ўсіх буйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў — Беларускага народнага фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускага Гельсынскага камітэту й іншых. Выкладчык Акадэміі кіраваньня, гісторык і дасьледчык Міхась Бэрнат у свой час быў заснавальнікам, а цяпер актывіст некаторых з гэтых арганізацыяў.

Паводле спадара Бэрната, толькі супрацьстаяньне ўладаў перашкаджае сёньня нацыянальнаму й дэмакратычнаму разьвіцьцю ў краіне. Сам Міхась Бэрнат шмат зрабіў, каб ушанаваць памяць пра многіх слынных людзей і гістарычныя падзеі свайго краю, але часта гэта было не даспадобы чыноўнікам. Да прыкладу, ён дамогся, каб імем героя паўстаньня 1863 году Аляксандра Ланкевіча была названая школа ў вёсцы Мілавіды. На будынку замацавалі мэмарыяльную дошку, але вось што з гэтага атрымалася:

(Бэрнат: ) “Па нейкім часе прыяжджаем, а шыльда са школы сарваная. Пытаем у дырэктаркі — дзе? Яна адказвае — бура вырвала. Як магла бура вырваць шыльду з пробак? Дзе? — пытаемся. Прыносіць яна. Мы кажам — чаго вы баіцеся? Ёсьць жа рашэньне райвыканкаму. Павесьце дошку на месца й ганарыцеся. Гэта ж ценю свайго баяцца. Вось так у нас ідзе адраджэньне".

За ўсталяваньне помнага знаку на месцы бітвы паўстанцаў з расейскімі войскамі каля вёскі Палонка яго ўвогуле зьвінавацілі ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Спадар Бэрнат, тым ня менш, справу адраджэньня не перапыніў, і цяпер на дабрачынныя сродкі набывае экспанаты для этнаграфічнага музэю ў вёсцы Русінавічы. Галоўнай жа мэтай на блізкі час ён лічыць аднаўленьне спаленага невядомымі вандаламі паветранага млына. Міхась Бэрнат спадзяецца, што ён будзе й помнікам пабытовай культуры, і сапраўдным млыном адначасова, як гэта было яшчэ ў мінулым стагодзьдзі і трэба сёньня.
XS
SM
MD
LG