Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін


Ягор Маёрчык, Жлобін

На пэроне чыгуначнага вакзалу ў Жлобіне вандроўніка сустракаюць ружовыя лесавікі, блакітныя алігатары і чырвона-зялёныя, у колер дзяржаўнага сьцягу, сланы. У горадзе знаходзіцца фабрыка штучнага футра. 20 год таму яна была самым буйным вытворцам і экспартэрам ва Ўсходняй Эўропе. Цяпер ейную прадукцыю набываюць збольшага мясцовыя беспрацоўныя. Яны самі крояць, самі шыюць, набіваюць і прапануюць пасажырам цягнікоў мяккія цацкі. Гандаль не спыняецца нават ноччу.

Жлобінскія ўлады намагаюцца, каб гандляры на кожную адзінку мелі гігіенічны сэртыфікат і плацілі штомесяц падатак — 6 мінімальных заробкаў. Але тыя не жадаюць дзяліцца прыбыткам, і тым самым ствараюць дадатковую працу для сілавых структураў.

Міхась распавядае пра цяжкасьці гандлю:

(Міхась: ) "Тут і АМОН, і АБЭП... Рэйды бываюць зьнянацку. Прыехалі... хто пасьпеў, той уцёк, хто не — таго хапанулі. Агулам за тыдзень чалавек 50. Калі прыяжджае зь Менску батальён АМОНу, тыя ачэпліваюць увесь вакзал і хапаюць кожнага".

(Карэспандэнт: ) "А вас хапалі?"

(Міхась: ) "Хапалі. Вось цяпер трэба ісьці на суд".

(Карэспандэнт: ) "Ці шмат можна зарабіць такім чынам?"

(Міхась: ) "10-15 беларускіх тысяч на дзень: пад'есьці хапае".

(Карэспандэнт: ) "У вас ёсьць грошы, каб заплаціць штраф?"

(Міхась: ) "Не. Прыйдзецца "суткі сядзець".

Жыхароў Жлобіна можна падзяліць на дзьве часткі: тыя, хто працуе на Беларускім мэталюргічным заводзе (такіх у 70-тысячным горадзе крыху больш за чвэрць), і тыя, хто зайздросьціць першым. Сярэдні заробак на БМЗ складае 200 даляраў ЗША. Прадпрыемства вырабляе дзясятую частку экспарту Беларусі. Бюджэт Жлобіна на 99% складаецца з адлічэньняў заводу. Нядаўна на ягоны балянс перадалі аўтобусны парк, некалькі калгасаў і стратную птушкафабрыку.

Хуткім часам БМЗ вымушаны будзе фінансаваць усю тамтэйшую сельскую гаспадарку: заканчваецца аб’яднаньне раёну і гораду ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Жлобін займае другое месца ў Беларусі па дабрабыту. А раён — адзін з самых занядбаных у Гомельскай вобласьці. Месьцічы баяцца, што грошы з агульнага бюджэту ў першую чаргу пойдуць на тое, каб падняць вёску да ўзроўню гораду. А чыноўнікі ўжо зьліквідаванага гарвыканкаму прагназуюць, што хутчэй раённы цэнтар апусьціцца да ўзроўню сельскай мясцовасьці.

Стаю ў цэху пераплаўкі Беларускага мэталюргічнага заводу. У некалькіх мэтрах ад мяне — адмысловая печ. Ейны агульны выгляд вельмі нагадвае пекла, як яго паказваюць у фільмах жахаў. Больш за дзесяць мэтраў у вышыню і амаль столькі ж у шырыню. З-пад даху валіць густы чорна-шызы дым. У печы ёсьць вялікая брама, фортка якой увесь час прыадчыненая. За ёй — жоўта-белая сьцяна агню. Тэмпэратура ўнутры дасягае 2 тысяч градусаў. Такіх печаў на БМЗ — тры. Працуе сёньня толькі адна.

Рабочы кажа, што завод толькі на першы погляд моцна трымаецца на нагах:

(Рабочы: ) "Зараз стан вельмі дрэнны. Таму што ў студзені фактычна адсутнічаў прыбытак. Завод вэртыкальныя органы ўлады сталі выкарыстоўваць у якасьці дойнай каровы. Сродкі, якія патрэбныя былі для разьвіцьця вытворчасьці, выкарыстоўваліся не па прызначэньні.

Гэтая сытуацыя будзе разьвівацца так, як і з усёй краінай: вельмі паволі прыйдзем да тупіку, калі вытворчасьць спыніцца. Ужо прайшло больш за 100 дзён з моманту абвяшчэньня палітыкі лібэралізацыі ў Беларусі. Але ніводнага кроку ў напрамку гэтай лібэралізацыі ня зроблена. Дык пра якую пэрспэктыву можна зараз казаць? Аб якіх магчымасьцях дырэктарату марыць, калі яны ўсе знаходзяцца ў залежнасьці ад вэртыкалі? Калі зьявіцца магчымасьць нешта зрабіць, высьветліцца, што гэтая вэртыкаль непатрэбная".

На прэзыдэнцкіх выбарах Жлобін прынёс Уладзімеру Ганчарыку значна болей галасоў, чымся іншыя рэгіёны Беларусі. Адзінага кандыдата падтрымалі у першую чаргу працоўныя БМЗ. Паводле старшыні суполкі БНФ Міколы Пагодзіна, цяпер сябры дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў рыхтуюцца да новай палітычнай кампаніі — выбараў у мясцовыя саветы, якія павінны адбыцца ў наступным годзе.

(Пагодзін: ) "Закон аб выбарах трэба мяняць. Калі закон аб выбарах не памяняецца, мы ў такім стане і застанемся — цяжкім стане. А калі зьменіцца закон, можа атрымацца іншая карціна: мы зможам правесьці сваіх людзей у мясцовыя саветы".

Галоўная праблема Жлобіна — гэта наркаманія. Знаходжаньне гораду на перакрыжаваньні транспартных магістраляў аўтаматычна зрабіла яго цэнтрам транзыту наркотыкаў з усходу на захад.

Я стаю на прывакзальным пляцы. 100 мэтраў да будынку райвыканкаму, 30 — да аддзяленьня міліцыі. Тут, пад помнікам Леніну, знаходзіцца пункт продажу каркотыкаў. Пасрэднікі — гандляркі смажанымі семкамі — ведаюць кліентаў у твар. У любы час сутак яны падкажуць, дзе, у залежнасьці ад “апэратыўнай абстаноўкі” і месца правядзеньня рэйдаў сілавых структураў, можна набыць зельле.

Праблема наркаманіі ў горадзе да такой ступені сур’ёзная, што ўлады нават стварылі адмысловы аддзел, які змагаецца з распаўсюдам і гандлем наркотыкамі.

Аднаразовыя шпрыцы і прэзэрватывы акупавалі на паліцах аптэкаў гораду самыя лепшыя месцы. Такім чынам мэдыкі спрабуюць прыпыніць наступ СНІДу.

Галоўны лекар наркалягічнага дыспансэру Віктар Шапараў:

(Шапараў: ) "Афіцыйна зарэгістраваныя на дадзены момант сярод жыхароў гораду і раёну 444 ВІЧ-носьбіты. Блізу 80% — гэта асобы, якія ўжывалі альбо і цяпер ужываюць наркотыкі. Натуральна, што гэта вяршыня айсбэргу. Дадзеную лічбу трэба множыць на 6 альбо 7.

Вось, прыкладам, чарнобыльская праблема. Калі раней мы па некалькі разоў чысьцілі бульбу, мылі некалькі разоў і толькі пасьля варылі і ўжывалі ў ежу, то цяпер, я мяркую, ніхто ня будзе двойчы яе чысьціць ды некалькі разоў мыць. Так і ў гэтай сытуацыі, такі ж падыход і да гэтай праблемы: людзі прызвычайваюцца, вастрыня губляецца. І цяпер гэтая праблема "заціраецца".

Ужо пайшлі больш моцныя наркотыкі, цяжкія наркотыкі, якія выклікаюць залежнасьць літаральна ад некалькіх ін'екцыяў, і таму рост колькасьці наркаманаў будзе. Проста да гэтага трэба быць падрыхтаваным. Ня толькі мэдыкам, але і ўсяму грамадзтву".

Інфармацыя пра наркаманаў — колькі іх, хто яны, дзе жывуць – мае закрыты характар. Праўда, толькі намінальна. Ня трэба мець доступ да базаў дадзеных дыспансэру і міліцыі, каб даведацца, хто ўжывае наркотыкі. Дастаткова толькі пашпацыраваць ў цёмны час дня па вуліцах Жлобіна, альбо наведаць пад’езды і сутарэньні жылых дамоў.

Віктар Шапараў прызнаецца, што на рэабілітацыю наркаманаў дзяржаўным мэдычным установам бракуе сродкаў і тэхнічных магчымасьцяў. Таму ў Жлобіне гэтым займаецца Хрысьціянскае таварыства "Благадаць".

На ўмовах ананімнасьці мне ўдалося сустрэцца з маці двайнятаў. Адзін сын “сеў на іглу” ўва ўзросьце 15 гадоў, другі — за некалькі месяцаў да войска. Цяпер маладыя людзі добраахвотна праходзяць курс лячэньня. Спадарыня ўзгадвае, што яна адчувала, калі даведалася пра наркотыкі:

(Маці: ) "Гэта немагчыма пераказаць, што са мной было. Я гатовая была разадраць на часткі ўсіх тых, хто даў пакаштаваць наркотык. Пасьля таго былі штодзённыя размовы. Я іх чакала з вуліцы. Ночы ня спала. Яны мне распраналіся да трусоў. Я правярала ўсё цела і не находзіла ніводнай дзіркі ад іголкі. А пасьля ўжо яны прызнаваліся: мама, ты глядзела так, а трэба было па-іншаму. Яны тады ядуць бясконца, бо ранкам ім ужо ні есьці, ні жыць ня хочацца. Першыя гады будуць вельмі акуратнымі, а пасьля яны будуць ляжаць у пыле і нават шкарпэткі не мяняць па два тыдні. І ім будзе зусім усё роўна.

Калі пасадзілі хлопца, які даў майму сыну пакаштаваць наркотык, ён толькі тады зразумеў, што такое ломка ўпершыню. Яны ў мяне вельмі смажаных куранятаў любілі. І кажа: вось ты кураня смажыш, а я ўпаў у залі на падлогу і мне трызьніцца пах гатаванага маку.

Мэдыкі пры ломках дапамогуць. Адзін-два разы, а пасьля ты ім надакучыш. Міліцыя за краты пасадзіць. Бацькі крыху адпачнуць. Першы посьпех барацьбы з наркаманіяй у царкве "Благадаць" убачыла. Праз усе вытрабаваньні я прайшла толькі з дапамогай Бога".

На Бога часта пачынаюць спадзявацца і ўсе астатнія жыхары Жлобіна, калі трэба выклікаць “03”. Дзяжурныя брыгады месьцяцца ў аднапавярховым бараку, які стаіць на месцы зруйнаваных могілак. Унутры цёмна і вільготна. Будаўніцтва новай станцыі хуткай мэдычнай дапамогі спынілася ў 1994 годзе.

Галоўны лекар Яраполк Сагайдакоўскі адмовіўся адказваць на мае пытаньні. Як толькі ўбачылі дыктафон, разьбегліся і ўсе астатнія лекары. На працоўных месцах засталіся толькі дыспэчары. У любых акалічнасьцях ім забаронена пакідаць цесны душны пакой.

(Першы дыспэчар: ) "Будынак — першая праблема".

(Другі дыспэчар: ) "Так! Вось такія ў нас умовы. Хлеў сапраўдны".

(Першы дыспэчар: ) "Ніякіх умоваў. Прыбіральні няма. Вады гарачай няма. Ніякіх умоваў няма".

(Першы дыспэчар: ) "Вось дыспэчарская. Два чалавекі працуем. Такія тут умовы працы: калі я прымаю выклік, то яна ня чуе. Калі яна прымае выклік, то я ня чую. Ніякіх умоваў няма".

(Карэспандэнт: ) "А абяцаюць што-небудзь?"

(Першы дыспэчар: ) "Нічога не абяцаюць. Машыны ўсе паламаныя, старыя. Новых нам не выдзяляюць. Вы думаеце, добра дыспэчару працаваць, калі няма поўных брыгадаў? Вядома, не. Выкручваемся як можам".

(Карэспандэнт: ) "А шмат выклікаў за дзень?"

(Другі дыспэчар: ) "Вельмі шмат".

(Першы дыспэчар: ) "За дзень больш за сто. А за суткі — 150—160".

(Карэспандэнт: ) "А колькі людзей працуе?”

(Першы дыспэчар: ) "Дзевяць чалавек".

Побач знаходзіцца заапарк — адзіны на ўсю Гомельскую вобласьць. 230 жывёлаў 77 відаў. Першае ўражаньне — аслы, ламы, дзікі і воўкі пачуваюцца лепей і камфортней за пацыентаў станцыі хуткай дапамогі. Але дырэктарка Тацяна Чарняк таксама наракае на невыносныя ўмовы існаваньня. Яна марыць прыдбаць бэгемота, для ўтрыманьня якога патрэбны басэйн і асобны вальер немалых памераў. Ні сродкаў, ні плошчаў для гэтага няма.

А пакуль спадарыня Чарняк з захапленьнем распавядае пра жыцьцё сваіх гадаванцаў:

(Чарняк: ) "Натуральна, Буся ў мяне год пражыла і пачала прасіць мядзьведзя. Гэта было ўвогуле штосьці зь нечым. Знайшлі ёй Джына. І ў нас другі год нараджаюцца мядзьведзі. Харчаваньне. Тое, што паводле рацыёну патрэбна есьць — мяса, рыбы, куры. На харчаваньньне нам даюць грошы без праблемаў. Ставяцца з разуменьнем. Аднойчы была такая сытуацыя я сказала: "Уявіце, я падыйду да мядзьведзя і скажу: слухай у мяне няма грошай на ежу, разумееш, няма".

Заўтра ён зьесьць мяне, ці ўкусіць таго супрацоўніка, які яго даглядае. А яны мне адказваюць: а ў нас тут стаяць маці зь дзецьмі і кажуць, што ім няма чым дзяцей карміць. Я ім кажу: але дзеці жывуць ня ў клетцы. Маці зь дзіцём можна растлумачыць праблему, а я жывёлам не магу пра гэта распавесьці".

Жлобін існуе за кошт Беларускага мэталюргічнага заводу. І перадвыбарнае абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі пра заробак у 100 даляраў ЗША выконваецца тут дзякуючы гэтаму прадпрыемтсву. Адваротны бок такога ўяўнага дабрабыту – высокія цэны і наркаманія. Мясцовыя апазыцыянэры лічаць, што “жлобінскі цуд” можа скончыцца ў любы момант. Гэта прывядзе да вялікага сацыяльнага выбуху. І тады сытуацыя ў горадзе стане своеасаблівым помнікам эканамічнай палітыцы ўладаў Беларусі.

Ну а пакуль Жлобін жыве сваім жыцьцём: гандлюе цацкамі, ужывае наркотыкі, засьцерагаецца ад СНІДу, а таксама марыць пра свайго ўласнага, жлобінскага бэгемота.
XS
SM
MD
LG