Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаў


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў

Крычаў, як і італійскі Рым, стаіць на сямі пагорках. Гэта адзін з самых буйных гарадоў беларуска-расейскага памежжа: восем прамысловых прадпрыемстваў, чыгуначны вузел, мытны пост, 30 тысяч насельніцтва. Гэта цэнтар беларускага ўсходу.

Як і большасьць усходніх рэгіёнаў, Крычаў і ягоныя жыхары арыентаваныя на Расею. Людзі ў гэтых мясьцінах вельмі ганарацца тым гістарычным фактам, што Крычаў старэйшы за Маскву. Аднак блізкасьць Расеі тут адчуваецца нават у вымаўленьні: крычаўская мова – гэта сумесь беларускай трасянкі з расейскай мяккасьцю.

Адзіная славутасьць гораду – Пацёмкінскі палац. І Крычаў, і гэтае збудаваньне расейская імпэратрыца Екацярына калісьці падаравала свайму фаварыту Пацёмкіну. Пра тое, што палац – прыгожы, можна толькі здагадвацца, бо ён заўсёды ў рамонце і рэстаўрацыі, якая доўжыцца некалькі дзясяткаў гадоў з-за недахопу фінансаў.

Перад выбарамі ў Крычаве пачаліся актыўныя рамонтныя работы, якія радавалі вока мясцовых жыхароў. На паліцах крамаў зьявіліся танныя харчовыя і прамысловыя тавары. Людзям на прадпрыемствах і ў арганізацыях пачалі своечасова плаціціь заробкі і нават даваць авансы, пра што тыя нават і ня марылі.

Распавядаюць мае калегі з Крычава: рэдактар недзяржаўнага выданьня “Вольны горад” Сяржук Няроўны і супрацоўнікі грамадзкага аб'яднаньня “Кантакт-цэнтар” Лявон Сьвецік і Андрэй Кузьмін:

(Кузьмін: ) “Летам і асабліва ў жніўні сытуацыя была зарэтушаваная тут у Крычаве. Сталі рамантавацца дамы, сталі рамантавацца дарогі й тратуары. У цэнтры гораду пачалі рабіць вялікі плот прыгожы. Аднак пасьля выбараў будоўля гэтага плота замарозілася, тратуары перасталі рабіць, заробкі перасталі выплачваць. Фактычна затрымка была недзе на два месяцы. Зноў зьявіліся дэфіцыты. Напрыклад, зараз у нас немагчыма купіць масла. Фактычна, усё як заўсёды. На кругі свае...”

(Сьвецік: ) “Калі перад выбарамі неяк усё рабілася, каб эканамічная сытуацыя выглядала больш-менш прыстойна, цяпер, пасьля выбараў, ужо не хаваюць, што яна сапраўды дрэнная”.

(Няроўны: ) “Рух транспарту, сацыяльныя пытаньні – гэта ўсё ў дрэнным стане, і яшчэ горш, чым было раней. Зарплаты таксама затрымліваюць. Сытуацыя вельмі дрэнная – я лічу, і сацыяльнае напружаньне з кожным месяцам будзе абвастрацца, адназначна”.

Мае суразмоўцы на вуліцах Крычава, сярод якіх былі і кандуктары, і супрацоўнікі сфэры культуры, і нават такія, хто баяўся сказаць сваё месца працы, казалі мне прыкладна пра тое ж: пра жабрацкія заробкі й шалёныя цэны. І калі нешта зьмянілася пасьля выбараў, сьцьвярджалі крычаўляне, то не да лепшага.

(Спадарыня: ) “Зарплата мізэрная, што сказаць? Што кепска жывем, то кепска жывем. Усё. Сказаць больш няма чаго. Нам нічога такога не купіць за такія цэны, што ў магазіне”.

(Кандуктарка: ) “Пэнсіянэры ў асноўным езьдзяць практычна 20 працэнтаў без аплаты. Нічога нельга зрабіць. Як толькі пачынаем патрабаваць аплату, у скрайнім ужо выпадку за праезд, ня кажучы ўжо пра штраф, яны кажуць – пэнсія маленькая, як мы можам, ды ўсё такое. І даводзіцца адпускаць…”

(Работніца сфэры культуры: ) “Усе даюць абяцанкі. Давалі. Асабліва што да работнікаў культуры, нашых работнікаў – дык так, казалі, што мы будзем атрымліваць да новага году па 100 даляраў. Гэта, казалі, мінімум, незалежна ад прэміі ці чаго яшчэ. Во абяцалі. Дэпутат народны, каторы балятаваўся, тое самае нам абяцаў – культуру падняць нашу на ўзровень”.

(Карэспандэнтка: ) “Паднялі?”

(Работніца сэфры культуры: ) “Не, 40 тысяч у нас зарплата”.

(Іншая: ) “Я думаю, што як было, гэтак і засталося. Што там мяняецца!? Зарплату ня плацяць. Атрымліваем паўстаўкі – і ўсё. Увогуле, пагана, шчыра кажучы”.


* * *
Улады Крычава і раёну лічаць, што справы на даверанай ім тэрыторыі не такія дрэнныя, як пра гэта распавядаюць недасьведчаныя людзі.

(Спадарыня: ) “Найлепшая агітацыя для людзей – гэта заробак, гэта ўсё… І мы ў прынцыпе не абяцалі нічога. Асноўнымі кірункамі ў маёй рабоце было так, што… гэта калі ў людзей цёпла, калі людзі сытыя. Во тады можна агітаваць і ўсё астатняе”.

А на справе атрымліваецца наступным чынам. Нягледзячы на тое, што на Крычаўшчыне ёсьць прамысловыя прадпрыемствы, раён зьяўляецца датацыйным, пятую частку выдаткаў тэрыторыі летась аплацілі з абласнога бюджэту.

Цяперашні кіраўнік Крычаўскага раёну Іван Пракопаў мяркуе рабіць неардынарныя захады ў сфэры сельскай гаспадаркі, а менавіта актыўна займацца вырошчваньнем гародніны на палетках раёну і казлаводзтвам. У сфэры прамысловасьці асаблівы клопат – гэта рэалізацыя прадукцыі.


* * *
У Крычаве гавораць, што прамысловыя і харчовыя прадпрыемствы раённага цэнтру вызначылі сваю спэцыфіку ружы вятроў. Ёсьць толькі два варыянты: у горадзе можа альбо засыпаць жыхароў цэмэнтам з “Крычаўцэмэнтшыфэру”, альбо пахнуць бойняй з мясакамбінату, які знаходзіцца зь іншага боку.

На вытворчым аб’яднаньні “Крычаўцэмэнтшыфэр” быў час, калі крычаўскі цэмэнт ішоў “на ўра!”: на пагрузку цэмэнту стаялі чэргі, і ўсіх ахвотных атрымаць прадукцыю прадпрыемства (у асноўным з Расеі) не пасьпявалі задаволіць за дзень. Цяпер прадпрыемства працуе напалову сваіх магутнасьцяў.

(Спадар: ) “Працуем па сінусойдзе: год лепш – год горш. Гэта залежыць ад таго, што будаўнічы комплекс увесь час зьмяншае аб'ёмы работ”.

Так гавораць кіраўнікі крычаўскіх цэмэнтнікаў, і яны шукаюць магчымасьці экспартаваць сваю прадукцыю. Але ня ў блізкую Расею, а на захад, у Польшчу. У любым выпадку, Беларусі крычаўскі цэмэнт не патрэбны, бо ў людзей няма грошай і, адпаведна, няма будаўніцтва.

Крычаўскі завод гумавых вырабаў доўгі час быў крызысным прадпрыемствам. Там працуе больш за тысячу жанчын, ім трэба карміць дзяцей, таму яны вельмі лёгкія на пратэст. У сувязі з затрымкамі заробкаў там ня раз былі акцыі пратэсту.

Асартымэнт на састарэлым абсталяваньні можна вырабляць толькі “аўтэнтычнага савецкага кшталту”, але ў выніку актыўных пошукаў высьветлілася, што ніводная жанчына з паважанай дагестанскай ці ўзбэцкай сям'і ня можа выйсьці замуж бязь некалькіх дзясяткаў пар лякіраваных галёшаў. Так што перад работніцамі цахоў, дзе робіцца гумавы абутак, дзе страшэнна брудна і шумна, ды невыносны пах, зьявілася сьвятло ў канцы тунэля.

(Кіраўнічка: ) “У нас шэсьць месяцаў не было работы. Цяпер давялі такі аб'ём… Крыху пішчаць, але затое забясьпечаныя работай і зарплатай. Крыўдаваць на кіраўніцтва цяпер не даводзіцца. І ў суботы працуем, і ў начную зьмену вывелі дадатковы канвэер, каб павялічыць выпуск гэтых усходніх галёшаў”.

(Работніца: ) “Цяпер рабочыя працуюць, атрымліваюць заробак. Што яшчэ трэба? Пры нашых цэнах зарплаты, натуральна, мусяць быць вышэйшыя. Вось у Польшчы на гэтым прадпрыемстве, дзе выпускаюць гумавы абутак, там сярэдні заробак 400 даляраў. А ў нас мо 90 даляраў выходзіць. А работа такая самая”.


* * *
Крычаў зьяўляецца цэнтрам грамадзкага жыцьця беларускага ўсходу. Горад стаў вядомы ў асяродку беларускіх дэмакратычных сілаў тым, што тут дзейнічае дзьве суполкі: грамадзкае аб’яднаньне “Кантакт-цэнтар” ды рэдакцыя недзяржаўнага выданьня “Вольны горад”.

У гэтым раённым цэнтры цяпер гавораць пра вялікую карысьць выбараў верасьня 2001 году дзеля разьвіцьця мясцовага дэмакратычнага руху. Удзельнікі абодвух таварыстваў здолелі аб’яднацца ў перадвыбарчы час, нягледзячы на пэўныя рознагалосьсі ў погядах і мэтадах дзеяньня, зьнікла напружанасьць, і суперніцтва зьмянілася ўзаемнай падтрымкай.

Гаворыць кіраўнік “Кантакт-цэнтру” Лявон Сьвецік:

(Сьвецік: ) “Трэба сказаць, што выбарчая кампанія паспрыяла неяк аб’яднаньню тых людзей, якія называюць сябе дэмакратамі. Усе палітычныя партыі апазыцыйнага кірунку дамовіліся працаваць на адзінага кандыдата. Калі гэта быў асабліва Сямён Домаш. Усе ў нейкім адзіным парыве такім зьбіралі подпісы, каардынавалі сваю дзейнасьць. І неблагі быў вынік. Больш за 1200 подпісаў было сабрана толькі ў Крычаве і Крычаўскім раёне”.

Дзеля параўнаньня зазначым, што подпісаў за Аляксандра Лукашэнку было сабрана толькі на некалькі соцень больш – 1600.

З надыходам выбараў пачаліся праблемы і ў недзяржаўнага выданьня “Вольны горад”, якое імкліва набывала папулярнасьць у мясцовага насельніцтва. Гаворыць галоўны рэдактар “Вольнага гораду” Сяржук Няроўны:

(Няроўны: ) “Задумка гэтай ініцыятывы зьявілася прыблізна 3,5 года таму, калі ўзьнікла асацыяцыя “Гуманітарная ініцыятыва”. Вядома, цяжкая сытуацыя са свабодай слова склалася ў Крычаве. “Ленінскі кліч” – вэртыкальная газэта, яна наогул адмовілася браць нейкія артыкулы, якія пісалі дэмакратычныя сілы, мы ў прыватнасьці. І ўзьнікла такая ідэя: зрабіць сваю газэту, і з таго моманту мы шукалі нейкія сродкі, сувязі, каб нам дапамаглі гэтую газэту зрабіць”.

Сродкі шукалі ў розных месцах, у тым ліку і ў амбасадзе Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе “Вольнаму гораду” дапамаглі з тэхнікай. Напярэдадні выбараў тэхніку канфіскавалі й не вярнулі, нягледзячы на заяву Дзярждэпартамэнту. Больш за тое, трох супрацоўнікаў газэты – Сяржука Няроўнага, Вадзіма Сьцефаненку і Сяргея Маторанку – абвінавацілі ў захопе закладніка, міліцэйскага супрацоўніка. Пра крымінальную справу на крычаўскіх дэмакратаў пісалі ўсе недзяржаўныя СМІ краіны. Крычаўляне заяўлялі, што гэта правакацыя.

Крымінальную справу “Вольнага гораду” распачыналі, а пасьля заканчвалі некалькі разоў, бо няма складу злачынства. Але рабілі гэта, каб трымаць у напружаньні рэдакцыю “Вольнага гораду”. І толькі нядаўна справа была завершаная канчаткова, а “Вольны горад” стаў выходзіць у сьвет наноў.

Гаворыць Вадзім Сьцефаненка, супрацоўнік дэмакратычнай газэты і лідэр крычаўскага Маладога Фронту:

(Сьцефаненка: ) “Настрой ёсьць, і рабіць газэту мы будзем. Гэта наша праца. І зараз пакінуць яе – пакінуць многае. Як многія маглі зьехаць некуды за мяжу, але ня зьехалі. Значыць, усё добра, будзем працаваць далей”.

Кіраўнік “Вольнага гораду” Сяржук Няроўны ўпэўнены, што каманда крычаўскіх дэмакратаў не распалася пасьля выбараў і ў аб'яднаных сілаў ёсьць пэрспэктывы.

(Няроўны: ) “У Крычаве каманда ёсьць. Канечне, адбываліся пэўныя рэпрэсіі супраць назіральнікаў і так далей. Можна сказаць, што некаторыя людзі баяцца адкрыта выступаць. Але асноўныя сілы, якія стрыжань пэўны маюць у душы, так скажам, іх ужо ніякімі рэпрэсіямі не адпужаць ад той справы, якую яны рабілі. Каманда будзе жыць, і я думаю, што справа, якая робіцца ўжо на працягу так 3–4 гадоў, будзе працягнутая”.

Крычаўляне таксама вырашылі, што лепш працягваць агульную справу разам з суседнімі сельскім раёнамі, якія і складаюць усход Магілёўшчыны. Актывісты правінцыі сьцьвярджаюць, што цэнтральныя структуры часта грувасткія й не цікавяцца праблемамі глыбінкі. Таму пасьля выбараў была створаная рэгіянальная рада па падтрымцы грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятываў, куды ўвайшлі, акрамя крычаўлянаў, прадстаўнікі Клімавіцкага, Краснапольскага, Касцюковіцкага і Чэрыкаўскага раёнаў. Распавядае ініцыятар стварэньня Рады кіраўнік інфармацыйнай службы “Кантакт-цэнтру” Андрэй Кузьмін:

(Кузьмін: ) “Чаму гэта зрабілі? Таму што мы разумелі, што калі няма справы агульнай, людзі неяк разыходзяцца, хаваюцца ў сваіх “норках”, нейкіх сваіх заботах штодзённых. І мы сабраліся і вырашылі, што мы застанемся разам і будзем шукаць нейкія агульныя такія рэгіянальныя справы, каб падтрымліваць адзін аднаго, каардынаваць сваю дзейнасьць.

У прынцыпе, усе будзе залежаць ад нас. Я думаю, мы будзем працаваць досыць шчыльна ў гэтай кааліцыі, я думаю, мы будзем прыкладаць усе намаганьні, каб зрабіць нейкія агульныя справы, каб ратаваць людзей тут на ўсходзе, таму што ўсход ёсьць усход. Гэта фактычна адарваная ад усей Беларусі частка, ня кажучы ўжо пра Эўропу.Таму мы будзем працаваць на тое, каб выратаваць яе”.
XS
SM
MD
LG