Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багушэўск.


Браніслава Станкевіч, Багушэўск

Гарадзкі пасёлак Багушэўск месьціцца якраз на сярэдзіне чыгуначнага перагону Віцебск–Ворша. Яшчэ з акна цягніка зьвяртаеш увагу на высокія гонкія сосны, сярод якіх стаіць Багушэўск, а калі выходзіш на пэрон, адразу адчуваеш настоенае на хвоі чысьцюткае паветра.

Добры дзень, мая радзіма,
Сеньненскі раён!
Найсьвяцейшы ды адзіны,
Найпрыгожы ён.

Там жыве яшчэ матуля
Родная мая,
Там мне добра ды ўтульна,
Там у шчасьці я!

Гэты верш паэтка Яўгенія Казлова таксама прысьвяціла свайму роднаму Багушэўску. І разам са сваёй матуляй, спадарыняй Ганнай Семерыковай, яны распавялі мне пра пра сёньняшняе жыцьцё гэтага мястэчка і крыху пра ягоную гісторыю.

Летась гарадзкому пасёлку Багушэўск споўнілася 100 гадоў. Але юбілей так і не адсьвяткавалі, бо ў раённым бюджэце не знайшлося грошай.

І ўвогуле, як лічаць тутэйшыя жыхары, шмат якія сёньняшнія праблемы, у тым ліку і эканамічныя, пачаліся ў Багушэўску з таго моманту, як цэнтар раёну – адпаведна, Багушэўскага – перанесьлі ў Сянно. Гэтак у гісторыі пасёлка было двойчы – у 1931-м і ў 1960-м гадох: раён пачынаў звацца Сеньненскім, і багушэўцы былі пад суседзкім падпарадкаваньнем...

Зьмянялася раённае кіраўніцтва, і меркаваньні пра месца знаходжаньня “раённай сталіцы” вагаліся то на захад то на ўсход з амплітудаю 40 кілямэтраў. Спрычыніўся некалі да гэтага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага перадзелу і цяперашні старшыня Менскага гарвыканкаму Дамашкевіч – добра вядомая сёньня ў Беларусі асоба.

(Семерыкова: ) “Быў тут Дамашкевіч – усе цяпер ведаюць яго –старшынём райвыканкаму. А потым апынуўся ва ўрадзе, і быў зацікаўлены, як патрыёт свайго Сянна… Усе ў Багушэўску кажуць, што гэта ягоная работа – каб ня ён, то быў бы Багушэўск цэнтрам раёну”.

Багушэўцы старэйшага пакаленьня (а тут з 4500 жыхароў 2 тысячы ўжо пэнсіянэры) дагэтуль зь вялікаю крыўдай узгадваюць колішнія перадзелы раённае маёмасьці. І свае цяперашнія цяжкасьці наўпрост зьвязваюць з “нашэсьцем абісынцаў” – гэтак у Багушэўску завуць жыхароў Сянна.

(Семерыкова: ) “Так і назвалі іх – абісынцы. Толькі выйшаў загад, тут жа прыехалі ў Дом культуры, пазабіралі тут усе фіранкі, занавескі, нібыта тут людзі не застаюцца, нібыта мор тут нейкі мусіць прайсьці. Яны б і чыгунку пэўна забралі, каб толькі можна было. Дык во няможна, а то забралі б!”

Будынак былога раённага дому культуры застаўся цяпер бадай што апошнім сьведчаньнем колішняга багушэўскага статусу. Праўда, пабудаваны напачатку 1950-х у напышлівым стылі “сталінскага барока”, ён цяпер у аварыйным стане… А вось чыгунка дагэтуль зьяўляецца галоўным “козырам” жыхароў Багушэўску перад сеньненцамі: у Сяньне чыгункі няма. Але нават гэтая цывілізацыйная выгода не ратуе багушэўцаў ад недарэчнасьцяў раённае эканамічнае палітыкі ды агульнабеларускага заняпаду прамысловасьці.

(Семерыкова: ) “Вось такі, напрыклад, факт.У нас ёсьць прыёмны пункт малака. Дык адсюль малако вязуць у Сянно, а адтуль – назад. Гэта і марнаваньне паліва, і ўвогуле… Які ў гэтым сэнс? Адным словам, ліквідуюць усё. Цяпер вось закрылі пякарню. Усё там разбурылі, нават трубы абрэзалі – усё ў Сянно вязуць. Ну вось, людзі цяпер гаруюць, дзе ўладкавацца, куды пайсьці працаваць”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці праўда, што некаторыя людзі езьдзяць з Багушэўску на працу аж у Віцебск?”

(Семерыкова: ) “Ды многія працуюць! Ды хіба гэта добра? Гэта трэба прачынацца ў 5 гадзін, у 6 цягнік ідзе… Усё ў дарозе ды ў дарозе, гэта ж жыцьцё ненармальнае!”

Яшчэ адна праблема, якую адразу называюць тутэйшыя жыхары – гэта багушэўская мэдыцына. Нікому з багушэўцаў ня хочацца трапіць у тутэйшы шпіталь, дарма што ён знаходзіцца ў некалі прэстыжным будынку райкаму камуністычнае партыі з помнікам Леніну перад фасадам.

(Семерыкова: ) “Будынак стары, цёмны. Наконт будаўніцтва новага даўно ўжо пытаньне ўздымалася, дык гэта каб тут быў раённы цэнтар! Паліва ніякага няма. Аднойчы прывезьлі асіну, а якое цяпло з гэтае асіны? Ніякага! Дык палілі сасновымі шышкамі! Вы думаеце, гэта анэкдот? Ды не, не анэкдот! Тут сосны, бор сасновы, дык вось ацяплялі. Шпіталь называецца – шышкамі тапілі!”

Апроч шпіталю для мясцовых жыхароў у навакольлі Багушэўску пабудаваны дзіцячы санаторый, санаторная школа, дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў ды Віцебскі абласны шпіталь для хворых на сухоты. Усё гэта ўстановы абласнога падпарадкаваньня, і ўласна Багушэўск ня мае ад гэтага ні дадатковага фінансаваньня, ні іншых прывілеяў. Хіба толькі пэўную небясьпеку для ўласнага здароўя маюць багушэўцы, бо крыніцай цяжкага захворваньня для кожнага зь іх ў любы момант можа стацца нават звычайная бочка зь півам на рагу вуліцы.

(Семерыкова: ) “Гандлярка кнопку націснула, пырснула трохі вадой – хіба яна нешта вымыла? Хворы на сухоты папіў, а яна ці вымыла тую палачку? Асьцерагаесься ўжо… Хворым забаронена выходзіць, а хто ж іх утрымае? Колькасьць хворых цяпер расьце…”

(Казлова: ) “Апошнім часам узровень жыцьця падае, затое колькасьць хворых на сухоты расьце і расьце. З году ў год. Як сацыяльная хвароба. Я думаю, што гэта паказчык нашага жыцьця”.

(Семерыкова: ) “Адзінае, што добра, дык гэта тое, што нам ніколі не затрымліваюць пэнсію. Заўсёды дзень у дзень. Але ж з грашыма – і можна галадаць. Вось была калісьці кілбаса, якую ясі, а яна ў роце сама растае. А зараз там крахмалу палова. Без усялякага смаку, а дарагавізна якая! Другі раз ляжыць, пакуль не зацьвіце, там, на вітрыне…

Раней прасьцей было, можна было і катлеты зрабіць, і мяса патушыць. А цяпер я не магу гэтага зрабіць. Не дакупісься, хаця й пэнсія ў мяне неблагая. Хіба хто-небудзь з прыватных гандляроў аддасьць нешта таньней. Але ж гэта на базар трэба ісьці, а сіл няма далёка хадзіць”.

Амаль ва ўсіх багушэўцаў паход на рынак пераўтвараецца ў вялікую праблему. Хаця мусіла б быць наадварот, бо ў адным маленькім Багушэўску стыхійна ўтварыліся адразу два рынкі. Але ў гэтым і ёсьць галоўная праблема, перадусім гэта праблема прадпрымальнікаў.

Меншы рынак месьціцца адразу каля аўтастаянкі за чыгуначным вакзалам. Санстанцыя гэтым месцам дужа не задаволеная: тут заўсёды пыл, бруд, няма адпаведных умоваў для гандлю харчамі. А вось для пакупнікоў гэтае месца зручнае, а значыць, і для прадпрымальнікаў выгаднае… Таму і гандлююць тут, нягледзячы на ўсе забароны.

Большы рынак месьціцца па другі бок чыгункі. Прадпрымальнікаў калісьці завабілі туды абяцаньнем абсталяваць крыты рынак у будынку пустой крамы. Але спраўдзіць абяцанае не дазволіла раённае начальства: маўляў, абыдуцца багушэўцы, нават у Сяньне няма свайго крытага рынку!

Тады багушэўскія гандляры папрасілі дазволу пабудаваць сабе дзясятак крытых шапікаў недалёка ад вакзалу. Пяць шапікаў ужо нават пасьпелі пабудаваць, калі сеньненскае начальства раптам вырашыла адмяніць уласны дазвол… І пакуль прадпрымальнікі ды ўлады высьвятляюць адносіны, багушэўскім пакупнікам прасьцей сесьці на цягнік ды паехаць на рынак у Віцебск або ў Воршу.

Багушэўская моладзь марыць зьехаць адсюль назаўжды. Спадарыня Яўгенія Казлова таксама калісьці паехала з Багушэўску шукаць сабе долі ў іншым месцы:

(Казлова: ) “Я думаю, што мястэчка гэтае, пасёлак гэты сёньня непэрспэктыўны. Занепадае пасёлак, ніхто пра яго ня думае з кіраўніцтва, людзі самі сабе на выжываньне аддадзеныя…”

Спадарыня Семерыкова, якая пражыла ў Багушэўску амаль усё сваё жыцьцё, выказваецца яшчэ больш катэгарычна:

(Семерыкова: ) “Больш зубастымі трэба быць, не баяцца чаго-небудзь патрабаваць для сябе. Сабралі сход жыхароў пасёлку, каб пагаварыць, што нам тут патрэбна, якія ў нас цяжкасьці. Дык наш мэр пасёлку сядзеў ды маўчаў, хаця мусіў бы адкрыць гэты сход, кіраваць ім… Ёсьць у нас дырэктарка школы №2, дык яна пачала гаварыць, а ёй нават выступіць не далі! А ўсе людзі незадаволеныя. Прасілі нават: далучыце наш Багушэўск ці то да Віцебскага раёну, ці то да Аршанскага, толькі вазьміце нас ад Сянна, мы больш ня можам так жыць”.

Абвінаваціўшы ва ўсіх сваіх непамыслотах раённае начальства, спадарыня Семерыкова, як і большасьць людзей ейнага веку, вельмі спадзяецца на дапамогу Аляксандра Лукашэнкі й вельмі яму спачувае:

(Семерыкова: ) “Людзі разумеюць, што яму цяжка, нашаму прэзыдэнту, што яму замінаюць...”

Насамрэч дапамогі ад Лукашэнкі ў Багушэўску чакаюць ужо далёка ня ўсе, хаця зусім нядаўна галасавалі за яго, паверыўшы перадвыбарчым абяцаньням.

(Карэспандэнтка: ) “Ці палепшала тутэйшае жыцьцё пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?”

(Жанчына на вуліцы: ) “Яшчэ горш стала. Я, напрыклад, трымаю карову, здаю малако. Перад выбарамі нам аддалі грошы, пасьля гэтага – я нават у віцебскую газэту “Народнае слова” зьвярталася – нам за верасень ды кастрычнік толькі цяпер выдалі, калі я пачала ўсюды скардзіцца. Падманваюць паўсюль. Начальства стала ніякае, займае не сваё месца. Я не баюся, можаце мяне хоць па тэлевізары паказваць. Ненавіджу іх!”

Найвышэйшае начальства ад Багушэўску занадта далёка, і штодзённыя праблемы багушэўцы вырашаюць у кабінэце тутэйшага кіраўніка – старшыні пасялковага савету. У гэтым кабінэце, як у пераважнай бальшыні такога кшталту ўстановаў, я звыкла чакала пабачыць на сьцяне парадны партрэт Аляксандра Лукашэнкі. А ўбачыла ўсяго толькі плякацік за шклом у кніжнай шафе: Лукашэнка-хакеіст у чырвоным шлеме.

Гаспадар кабінэту Генадзь Сімановіч на гэтай пасадзе ўсяго другі год. І раённае кіраўніцтва лічыць яго самым галоўным багушэўскім апазыцыянэрам. Не з палітычных меркаваньняў: спадар Сімановіч адразу абвесьціў, што на прэзыдэнцкіх выбарах галасаваў за Лукашэнку, і альтэрнатывы яму ня бачыць. Проста кіраўнік, які напраўду імкнецца зрабіць хаця б нешта карыснае не для сябе, а для сваіх падначаленых, выглядае сёньня досыць нязвыкла.

(Карэспандэнтка: ) “У Вас машына ёсьць?”

(Сімановіч: ) “Ёсьць! Ёй ужо 12 гадоў!”

(Карэспандэнтка: ) “А катэдж ёсьць?”

(Сімановіч: ) “Ёсьць! Дом, які я таксама 12 гадоў таму пабудаваў сваімі рукамі ды за свае грошы”.

(Карэспандэнтка: ) “А заробак вялікі?”

(Сімановіч: ) “170 тысяч. Добра, што гэта ёсьць. Вунь у саўгасе карова не дае малака, а мне абяцаюць прэмію зьняць! Дай Бог, каб не адабралі”.

(Карэспандэнтка: ) “І гарод уласны ёсьць?”

(Сімановіч: ) “Ёсьць! І сьвіней сам трымаў! А што зробіш!”

(Карэспандэнтка: ) “А як людзі жывуць?”

(Сімановіч: ) “Так і жывуць! Участкі бяруць, парасёнка трымаюць, кур трымаюць… Толькі гэтага мала, слаба дапамагае”.

(Карэспандэнтка: ) “Якая, на Ваш погляд, сёньня самая вострая праблема ў Багушэўску?”

(Сімановіч: ) “У нас з работай самая праблема. “Віцябчанку” зачынілі, гэта быў цэх у нас швейны – 40 чалавек бяз працы, адны жанчыны… Хлебзавод зачынілі – яшчэ 10 чалавек, калі ня болей. Вунь да мяне заявы пішуць: “Дайце работу, дайце работу”.

(Карэспандэнтка: ) “І што вы можаце прапанаваць?”

(Сімановіч: ) “Ды нічога!”

Паводле назіраньняў багушэўцаў, прадпрыемствы тут закрываюць ня толькі з-за нізкай рэнтабэльнасьці, як паўсюдна ў Беларусі. Асноўная мэты раённага кіраўніцтва – захаваць працоўныя месцы ў Сянно. І грошы з раённага бюджэту акумулююцца найперш там. А таму і праект рамонту багушэўскай музычнай школы чакае лепшых часоў, і гаспадарчую тэхніку ў Багушэўск дасылаюць са “стольнага Сянна”, толькі калі там яна ўжо сваё адслужыла…

І рэгуляваць няпростыя дачыненьні паміж Багушэўскам ды Сянном даводзіцца Віцебскаму аблвыканкаму. Распрацаваная нават адмысловая абласная праграма, паводле якой зь Віцебску ў Багушэўск ідуць пэўныя адрасныя сродкі, і сеньненскае начальства мусіць дапамагаць у ажыцьцяўленьні гэтае праграмы, даспадобы яму гэта або не…

У нашай гутарцы са спадаром Сімановічам удзельнічаў таксама ягоны папярэднік на пасадзе старшыні пасялковага савету Анатоль Мяркур'еў.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі два гады таму Вы былі на гэтай пасадзе, працаваць было лягчэй?”

(Мяркур'еў: ) “Было лягчэй працаваць недзе ў 90-я гады. Тады трэба было проста самому ня спаць у шапку. Я тады дабіўся, каб асобна бюджэт фармаваўся, каб прапарцыянальна дзялілі, што ў Сянно, што нам. А цяпер толькі на паперы ўсё прыгожа плянуюць, а грошай як не было, так і няма”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму Вы сышлі са сваёй пасады?”

(Мяркур'еў: ) “Крык душы і боль душы! Я ня мог сядзець, склаўшы рукі, бяз працы. Немагчыма працаваць, зь нічога рабіць нешта. Ініцыятыва ды энтузіязм скончыліся, трэба сродкі. Да 1990-га, 1993-га, нават да 1995-га году яшчэ можна было працаваць… А тады ўсё скончылася…”

Спадар Мяркур’еў працуе сёньня судовым выканаўцам у абласным гаспадарчым судзе і, як многія багушэўцы, штораніцы едзе на работу ў Віцебск цягніком. І зусім не шкадуе пра страчаную адказную пасаду.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Сімановіч, а Вам ніколі не хацелася кінуць Вашу працу?”

(Сімановіч: ) “Хацелася б кінуць, ды шкада. Я жыву тут 30 гадоў, мяне ўсе ведаюць, хацелася б нешта зрабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі вашыя людзі гатовыя за сябе пастаяць? Дамагаюцца яны чаго-небудзь ці ім усё адно?”

(Сімановіч: ) “Дамагаюцца. Каб ня людзі, дык і аблвыканкам не зьвярнуў бы ўвагі на нашыя праблемы. Там ліст быў, які падпісалі паўтысячы жыхароў, калі ня больш, ён пайшоў у камісію прэзыдэнта. Людзі пішуць, іх жа не падманеш!”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта ўсё прыватныя асобы, ці, мо ў вас ёсьць якія-небудзь апазыцыйныя партыі, структуры?”

(Сімановіч: ) “Няма. І не было”.

(Карэспандэнтка: ) “Што, нават камуністаў няма?”

(Сімановіч: ) “Ёсьць. Гэта старэнькія нашы… Прыходзяць да нас на 9 мая, на кастрычніцкія, майскія сьвяты. Вунь у нас самая галоўная апазыцыя – мы хочам жыць па-людзку!”

Спадар Сімановіч спадзяецца, што нават 100-гадовы юбілей Багушэўску сёлета, хоць са спазьненьнем, але адбудзецца. І самі багушэўцы, асабліва не чакаючы чужое ласкі, спрабуюць неяк наладзіць жыцьцё свайго пасёлку.

Хтосьці зьедзе адсюль, а хтосьці напэўна застанецца. І будзе тут жыць. Таму багушэўскія прадпрымальнікі гатовыя ўкласьці ўласныя сродкі на добраўпарадкаваньне маленькага, але зручнага ўсім рынку. Таму ажно з Ізраілю дасылаюць сюды грошы на догляд габрэйскіх могілак. Таму калісьці на грошы, ахвяраваныя багушэўцам Івановым, тут распачалося будаўніцтва царквы…

А ўвогуле гэтая традыцыя мясцовага патрыятызму нарадзілася тут яшчэ 100 гадоў таму, калі тутэйшы памешчык Багушэўскі аддаў свае землі пад будаўніцтва новай чыгуначнай станцыі. Аддаў бескарысьліва, з адной толькі ўмоваю: каб новую станцыю назвалі ягоным імем – Багушэўск. Гэтак яно і здарылася.
XS
SM
MD
LG