Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярэзiна.


Ягор Маёрчык, Бярэзіна

Я гартаю кніжку “Бярэзіна і Бярэзінскі раён”. Поўнакаляровая, на глянцавай паперы. Зь ейнай першай старонкі на мяне глядзіць старшыня Бярэзінскага райвыканкаму Ўладзімер Карпейчык. Зь ягонага ўступнага слова вынікае, што ён шчасьлівы кіраваць менавіта гэтым краем. На іншых старонках — пералічэньні дасягненьняў і фотаздымкі: чыстыя вуліцы, дагледжаныя будынкі й людзі, якія радасна ўсьміхаюцца.

Я вандрую па вуліцах Бярэзіна. Тое, што я бачу, цяжка параўнаць з рэклямным праспэктам. Непрыбраныя ходнікі й праезныя часткі, у лужынах адлюстроўваюцца абшарпаныя дамы, а мінакі — не зусім цьвярозыя. Вось як апісвае жыцьцё ў горадзе настаўніца Тамара Касьцевіч:

(Касьцевіч: ) “Жыцьцё, як і ў кожным горадзе, аддаленым ад сталіцы, безумоўна, сумнае. Ня радуюць зьмены. Гэта можна пабачыць па тварах людзей. Скажыце, вы праходзілі па нашым горадзе, вы бачылі хоць адзін шчасьлівы твар?

Складана з заробкамі. Складана з працай. Мараль неяк адыходзіць назад. Відаць, усе мы сталі больш злымі, няздольнымі прыйсьці на дапамогу адзін аднаму. Многія кінуліся ў царкву. Збольшага гэта былыя камуністы: такой ужо была гэтая камуністычная вера... Наша бярэзінская вэртыкаль, лічу, дзейнічае толькі па ўказцы зьверху. Усе намаганьні людзей бясплённыя”.

Шмат хто ў Бярэзіне лічыць, што гораду гістарычна не пашанцавала: няма чыгункі, зь якой можна было б атрымліваць грошы. Праўда, тут праходзіць аўтамабільная траса “Менск–Магілёў”. Аднак жыхары не выкарыстоўваюць выгодаў геаграфічнага становішча. Паабапал дарогі не пабачыш кавярняў і крамаў. Кажуць, што райвыканкам ня вельмі ахвотна выдвае ліцэнзіі. Чыноўнікі чакаюць, калі бізнэсоўцы прапануюць лепшыя ўмовы...

На падзолістых глебах, прыдатных толькі для вырошчваньня лесу, на Бярэзіншчыне ўжо колькі дзясяткаў гадоў спрабуюць займацца сельскай гаспадаркай. Як вынік — стратныя калгасы і саўгасы. А ўраджаі з прыватных палеткаў — гэта ня больш, чым дадатак да заробку ў 70 тысяч. Калі скласьці разам, можна пракарміцца.

Адзінае пасьпяховае прадпрыемства — сьпіртавы завод, які вырабляе сыравіну для Менскага “Крышталю”. Прадукцыя ў выглядзе гарэлкі бумэрангам вяртаецца ў Бярэзіна. На ўліку ў нарколяга стаяць 202 чалавекі з дыягназам “хранічны алькагалізм”.

Дарэчы, тут знайшлі арыгінальнае вырашэньне дылемы: гарэлка альбо справа. Мізэрныя заробкі плацяць звычайна ў пятніцу. За выходныя людзі прапіваюць грошы. І ў панядзелак, як нічога ніякага, ідуць на працу.

Свайго выцьвярэзьніка ў мястэчку няма. П’яных вяртаюць да рэчаіснасьці ў рэанімацыйным аддзяленьні гарадзкога шпіталю. Прычым пацыентаў абслугоўваюць паводле чаргі. Бывала так, што да чалавека з інфарктам лекар падыходзіў пазьней, чым да непрытомнага аматара гарэлкі.

На мае пытаньні мэдыкі адказвалі ўхіліста і выключна па тэлефону. Усе такія размовы сканчваліся амаль аднолькава:

(Лекар: ) “У мяне сям’я, свае праблемы. І я не хачу ствараць сабе дадатковых цяжкасьцяў. Разумееце? Вам трэба ісьці нейкім іншым шляхам”, — і мой суразмоўца паклаў тэлефонную слухаўку.

Два гады таму ў Бярэзіне стварылі Цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня. Райвыканкам знайшоў памяшканьне. Электраправодка, праўда, працуе не зусім ладна: сьвятло нечакана гасьне, пераважна ў цёмны час сутак.

На сьценах пакояў — малюнкі пацыентаў. Самы папулярны герой — Мікі Маўс. Дырэктарка Цэнтру Алена Капуста кажа, што маляваньне — гэта не інтэлектуальная мяжа для дзяцей з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця:

(Капуста: ) “Гэтыя людзі такія ж, як і мы. Гэта людзі з рознымі паталёгіямі: моўная, інтэлектуальная, фізычная паталёгія. Мэта нашага цэнтру — сацыялізаваць гэтых дзяцей, інтэграваць іх у грамадзтва. Мы навучаем іх элемэнтарным навыкам самаабслугоўваньня. І дапамагаем такім чынам выжыць.

Коштам захавальных функцыяў вучань зь дзіцячым цэрэбральным паралічом можа пры захаваным інтэлекце авалодаць школьнай праграмай і нават атрымаць вышэйшую адукацыю. У нас быў вучань з ДЦП — дзіцячы цэрэбральны параліч — працаваў доўга зь ім дэфэктоляг, псыхоляг, ён зараз навучаецца ў школе”.

Шмат хто зь беспрацоўных, шукаючы лепшай долі, спрабуе свае сілы ў бізнэсе. Бярэзіна ўражвае колькасьцю кірмашоў. Усе яны неспэцыялізаваныя: ля латкоў з бульбай стаяць шапікі, у якіх прапаноўваюць абутак ці парфуму. Буйных гандлёвых месцаў такога кшталту ў 10-тысячным горадзе ажно тры. Уласна кажучы, тут і канцэнтруецца амаль увесь мясцовы бізнэс. Адзін з прадпрымальнікаў распавёў пра асаблівасьці вядзеньня ўласнай справы ў мэстэчку.

(Бізнэсовец: ) “Бізнэс у Бярэзіна збольшага гандлёвы. Вытворчасьці няма: займацца ёй цяпер нявыгадна. Нават можна сказаць, што ў гэтым ёсьць рызыка. З-за таго, што няма патрэбных законаў, на якія можна абапірацца, каб працаваць. Няма падтрымкі дзяржавы. На сябе трэба спадзявацца, круціцца. Больш няма на каго спадзявацца. Шмат хто чакае, калі ўлада зьменіцца”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля свайго пераабраньня Аляксандар Лукашэнка сказаў, што будзе лібэралізацыя. Ці зьмянілася неяк сытуацыя?”

(Бізнэсовец: ) “Да лепшага — не скажу, каб зьмянілася. Як было, дык мне падаецца, што яшчэ горш: цэны растуць”.

Грамадзкі транспарт ходзіць толькі тры разы на дзень, акрамя выходных. У кватэрах халодна, а калі адкручваеш кран, часам замест струменя вады можна пачуць вуркатаньне пустых трубаў вадаправоду. Але да ўсяго гэтага жыхары Бярэзіна даўно прызвычаіліся. Месьцічы скардзяцца на іншае.

(Спадарыня: ) “Людзі гадамі стаяць у чарзе на ўсталяваньне тэлефону, і атрымаць тэлефон немагчыма. Таму што калі яго ўсталёўваць па поўным кошце, дык гэта дорага і ня кожны ўсталюе. А па льготных коштах вельмі вялікая чарга. Я стаяла гадоў пятнаццаць. І палітыка, і ўрад наш у гэтым вінаватыя.

Мабыць, людзі ўжо ня вераць у справядлівасьць. Мала людзі вераць і ў мясцовую ўладу, і падтрымкі тут мала знаходзяць. Таму што ўлада займаецца паляпшэньнем свайго асабістага дабрабыту. Людзі выбараў чакалі. Ускладалі спадзяваньні, што будзе лепей пасьля выбараў. Аднак надзеі ня спраўдзіліся”.

Ніхто з кіраўніцтва раённага вузла сувязі не пагадзіўся сустрэцца і распавесьці пра пэрспэктывы тэлефанізацыі. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, у чарзе стаіць блізу дзьвюх тысяч чалавек. Вынаходніцтва Бэла ва ўласных дамах будзе сьніцца месьцічам яшчэ доўга — цэнтральную АТС, якая працуе ажно з 1975 году, мяняць зьбіраюцца толькі налета. А пра павелічэньне колькасьці нумароў гаворка пакуль ня йдзе.

У Бярэзіне пакрысе надыходзіць чарговая хваля расчараваньня ў жыцьці. Перад выбарамі ўсе людзі, незалежна ад сваіх палітычных сымпатыяў, спадзяваліся, што жыць стане лягчэй.

Пра тое, што маюць цяпер, распавядае, шараговы кіроўца Ўладзімер Лянькоў:

(Лянькоў: ) “Цэны падняліся. Практычна, я вось гляджу па нашых вяршках, якія былі 500 рублёў, а цяпер — тысячу. Таксама і малако. Таксама ў нас і масла каштуе болей за 4 тысячы, а было — 1700 рублёў. Розьніца паміж Менскам і Бярэзінай — рублёў на 500–600 у Менску таньней”.

Занядбанасьць бярэзінскай эканомікі мае і мясцовыя прычыны. Такой думкі трымаецца каардынатар назіральнікаў, беспрацоўны з 8-гадовым стажам Мікалай Ермаловіч:

(Ермаловіч: ) “Бярэзіна не шанцуе ў тым, што цягам апошніх 10 гадоў раённае кіраўніцтва — немясцовае. Горад і раён пераўтварыліся ў палігон для выпрабаваньня кіраўнікоў раённага маштабу. І яны баяцца толькі аднаго кіраўніка — таго, які вышэй за іх.

Ніводная суполка ў Злучаных Штатах не зацікаўленая мець над сабою дурня: ці то мэр, ці то шэрыф. Там выбіраюць сабе кіраўніка. Нам яшчэ далёка да гэтага. Трэба дамагацца любым чынам, каб мы маглі выбраць старшыню райвыканкаму, каб мы маглі зь іх спытаць. А з каго мы зараз можам спытаць? Нам ніхто не дае справаздачы.

Раён і горад у агоніі. Гарэлка каштуе танна. Людзі схільныя піць ня толькі ад радасьці, але і ад тугі й гора. Яны глядзяць адзін канал — БТ, яны чытаюць у найлепшым выпадку адну газэту — “Советскую Белоруссию”.

Апускаць рукі нельга. Трэба рыхтавацца да наступных выбараў, трэба вучыцца жыць паводле прынцыпаў дэмакратыі. Трэба трымацца. Ну а суцяшацца нам трэба тым, што сказана ў прыпавесьцях Салямона: каго любіць Бог, таго і наказвае”.

Звычайна выбары альбо іншыя палітычныя кампаніі падштурхоўваюць людзей да гуртаваньня, каб разам дбаць пра свае інтарэсы. Жыхары мястэчка, не зважаючы на небясьпеку згубіць працу, вырашылі стварыць суполку апазыцыйнай палітычнай партыі. Сярод актывістаў — Уладзімер Лянькоў.

(Ленькоў: ) “Арганізавалася ў нас апазыцыя — суполка БНФ — гэта тыя людзі, якім усё гэта надакучыла. 20 чалавек сабралося. Мы падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Яшчэ трэба зьбіраць і арганізоўваць людзей. Галоўнае нашым людзям заробак. Неістотна, хто там ля ўлады, абы было што апрануць і дзяцей пракарміць. Я ня ведаю, ці задумваюцца яны пра будучыню”.

XS
SM
MD
LG