Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як жывецца людзям у Івацэвічах?


Ягор Маёрчык, Івацэвічы

Ля будынку чыгуначнай станцыі, пад расейскамоўнай шыльдай “Ивацевичи” ляжаў да непрытомнасьці п’яны юнак. Сябра-сабутыльнік паспрабаваў падняць яго, аднак паваліўся сам.

Празь некалькі хвілінаў маладыя людзі ўсё ж адарваліся ад зямлі. Абапіраючыся адзін на аднаго, перамаўляючыся выключна мацюкамі й не зважаючы на набліжэньне цягніка, яны пакрочылі праз чыгуначныя рэйкі.

Я паглядзеў ім усьлед. Яны рушылі ў бок сьцяны, на якой у ангельскай трансьлітарацыі напісаная назва самага буйнога прадпрыемства гораду — “Івацэвічдрэў”.

Месьцічы называюць гэтае аб’яднаньне “голым каралём”. Грошы ад перапрацоўкі й экспарту лесу не вырашаюць вытворчых і фінансавых праблемаў. У адказ на просьбу сустрэцца дырэктар Барыс Міхнюк заявіў, што зьяжджае па справах у іншы горад. Таму пра сёньняшнюю сытуацыю на прадпрыемстве я распытваў кіраўніка штабу грамадзянскай абароны Валера Папко:

(Папко: ) “Стан — цяжкі. Падаткі! Падаткі! У бюджэт — першы плацельшчык. Дзяржава заўсёды падыходзіць да нас са словам “дай!” Слова “калі ласка” мы ад яе ня чуем. Каб яшчэ больш была разумная дзяржаўная эканамічная палітыка, жылі б добра. Заробкі — не ахці. Мы бадай што самыя лепшыя па стану. 150–170 беларускіх тысяч. Прыйшоў з працы, перакусіў — і другая зьмена.

Раблю курсавыя і кантрольныя для студэнтаў-завочнікаў. Па ўсіх прадметах. Адна кантрольная ў мяне каштуе 5–6 тысяч. Цэны ў крамах агітуюць найлепш за любыя партыі. Цэны вырасьлі на 15–20%. Прычым на тавары, безь якіх не абыдзесься, — хлеб, малако, мясныя вырабы”.

Ужо зь першых хвілінаў побыту ў горадзе заўважаеш: самы папулярны транспарт тут — гэта ровар. І зімой, і летам ён замяняе даўно скасаваныя гарадзкія маршруты, а часам зьяўляецца калі ня самым хуткім, дык гарантаваным сродкам перасоўваньня паміж населенымі пунктамі. Бо колькасьць аўтобусных маршрутаў апошнія гады скарацілася ў некалькі разоў. І трапіць у аддаленыя вёскі можна далёка ня штодня.

Пра гэта я даведаўся ад супрацоўніцы аўтобуснай станцыі:

(Супрацоўніца станцыі: ) “Трэба было б ураду вырашыць праблему з ільготнікамі. Трэба палову ўбраць. Пад гэтую марку, вы не ўяўляеце, колькі езьдзіць у аўтобусе. Нават езьдзяць з пасьведчаньнем кінамэханніка, з пасьведчаньнем трактарыста. Ой! Мы стратныя. Цалкам. Стаім на каленях. Райкам нам датацыяў амаль ня плаціць. Аўтобусы ўсе старыя. Ужо гадоў 10 мы дакладна нічога не атрымлівалі. Транспарт ледзь дыхае.

Студэнтаў цэлы верасень вазілі бясплатна! Нам увогуле ніхто рубля не заплаціў! Бацьку зрабілі добра, выбралі яго. А ён нам... У нас 40 тысяч заробку. А вось так і жывем: гаспадарка ды агарод!”

Нечаканасьці на кожным кроку. Вандруючы вячэрнімі вуліцамі, спраўныя ліхтары можна пералічыць на пальцах адной рукі.

Мясцовы калярыт дапаўняе камунальная праблема. У кубку вады з-пад крану праз руда-карычневую муць не відаць дна. Ваду, утрыманьне жалеза ў якой перавышае норму ў дзясяткі разоў, людзі гадамі ўжываюць для піцьця і прыгатаваньня ежы. Выглядае, што будаўніцтва станцыі па абязжалезьваньні вады сёлета не завершаць.

Начальнік управы капітальнага будаўніцтва Івацэвіцкага райвыканкаму Пётра Кронда:

(Кронда: ) “Пачатак году. Фінансавыя сродкі пакуль не паступаюць. Трэба больш за мільярд беларускіх рублёў, а на сёньня ў нас заплянавана толькі 502 мільёны. Я спадзяюся, што сёлета першую пускавую чаргу мы зробім. А налета трэба было б завяршаць гэты аб’ект. І так ён зьяўляецца даўгабудам — з 1997 году будаўніцтва вядзецца”.

У межах гораду знаходзіцца адна з самых буйных у Беларусі калёніяў строгага рэжыму. Згадак пра гэты факт няма ў энцыкляпэдыях і даведніках. Затое на ўласныя вочы можна пабачыць высокія платы, кілямэтры калючага дроту і вартавыя вежы з узброенай аховай.

Праз згаданую сыстэму абароны ад вонкагава сьвету ўсё ж працякае інфармацыя пра лягернае жыцьцё. Колькасьць вязьняў перавышае норму ўдвая. Працы для іх няма. Грошай на ўтрыманьне хранічна не стае. І час ад часу нават узьнікаюць праблемы з закупам харчаваньня. У адказ на ўсе сыгналі “SОS”, Камітэт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў раіць кіраўніцтву калёніі вырашаць праблемы ўласнымі сіламі.

Я сустрэўся з ахоўнікам, які на ўмовах ананімнасьці распавёў:

(Супрацоўнік турмы: ) “Трох’ярусныя нары стаяць. Нармалёвы чалавек калі зойдзе, тым паветрам падыхае, дык яму там дрэнна стане. Сухотнікі, ёсьць СНІД-інфікаваныя... Яны ходзяць і кантактуюць з усімі. У сталоўку разам з усімі... Са словаў асуджаных, у нас зь ежай лепей, чым у іншых калёніях. Цяпер тут амністыі чакаюць, каб выпусьціць, бо няма чым карміць. Нават хлебапекарня адмовілася пастаўляць хлеб, бо вялікая запазычанасьць.

Воры ў законе, якія некалі сядзелі ў нас, падарылі калёніі спадарожнікавае тэлебачаньне. Яны цяпер бачаць, якое жыцьцё. І некаторым страшна выходзіць. Іх выпусьцяць, а яны назад вяртаюцца. Робіцца тут збольшага мэбля, сталярныя вырабы, дрэваапрацоўка. А каму трэба мэбля, калі есьці няма чаго? Таму на працу, калі чалавек 500 выходзіць — гэта добра. Астатнія сядзяць бяз справы. Яны сядзяць, а іх проста так кормяць”.

Ёсьць у Івацэвічах і свой герой. Цяпер ён жыве ня ў горадзе і нават не на тэрыторыі Беларусі. Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімер Кудзінаў пяць гадоў таму валодаў гандлёва-прамысловай фірмай, быў працадаўцам для 350 чалавек, выдаваў незалежную газэту і фундаваў будаўніцтва праваслаўнай царквы.

Ён адным зь першых падпісаўся пад імпічмэнтам Аляксандру Лукашэнку. Пазьней атрымаў 7 гадоў пазбаўленьня волі. Летась выйшаў паводле амністыі. Пра сваё вызваленьне, дарэчы, даведаўся з эфіру Беларускай службы Радыё Свабода. У сярэдзіне студзеня канчаткова перабраўся жыць у Крым. Там ён распачынае новую справу: набыў птушкафабрыку.

Аповеды пра жыцьцё пяцігадовай даўніны выклікаюць у колішніх падначаленых Уладзімера Кудзінава адначасна сум і настальгію:

(Спадарыня: ) “Ягоная фірма была самая перадавая. Людзі працавалі, быў нядрэнны заробак. А пасьля нічога ня стала. Разьбегліся ўсе хто куды: многія працуюць на рынках, адкрылі свае палаткі, хто ў шпіталі працуе, хто на пэнсію пайшоў. Шмат хто бяз працы застаўся. Ніхто не хацеў браць, бо людзі працавалі ў Кудзінава. Я не магла ўладкавацца на працу болей за год”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьмянілася стаўленьне людзей да Ўладзімера Кудзінава?”

(Спадарыня: ) “Не. Як ён быў добрым чалавекам, так яго і памятаюць. І хоць не ягоныя ўжо крамы, але людзі дагэтуль называюць іх “кудзінаўскімі”. І кажуць: “Мы пойдзем у кудзінаўскую краму”. Памятаюць, што па паліцах было ўсё. Прадукты былі таньней за дзяржаўныя крамы. І вось людзі туды хадзілі”.

Маёмасьцю Кудзінава сёньня кіруюць розныя дзяржаўныя ўстановы. А будаўніцтва праваслаўнай царквы ня скончанае і дагэтуль.

Акалічнасьці вымушаюць вернікаў маліцца ў цагляным сутарэньні 11-гадовага даўгабуду.

Тамтэйшая суполка ўніятаў таксама маецца ўзьвесьці малельны дом. Паводле словаў старшыні парафіяльнай рады Вячаслава Гарчакова, з кожным набажэнствам, якія адбываюцца па-беларуску, прыхільнікаў грэка-каталіцтва становіцца болей.

Паводле афіцыйных зьвестак, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала больш за 80% насельніцтва. Як зазначае каардынатар “Незалежнага назіраньня” Аркадзь Курыс, ужо можна казаць пра першыя вынікі другога тэрміну праўленьня — сацыяльныя, палітычныя, эканамічныя:

(Курыс: ) “Вось перад намі райвыканкам. Там тыя ж людзі сядзяць, што і 12–15 гадоў таму. Яны памнажаюцца, як прусакі. У чатырохпавярховым будынку раней усе месьціліся, а цяпер яны некалькі будынкаў дадатковыя пабудавалі. Ужо заўважны зрух у сьвядомасьці. Ужо меней вераць прэзыдэнту, меней вераць уладам. І цяпер стварылася добрая глеба, у якую можна кідаць зерне, якое павінна даць расткі новага змаганьня, новай барацьбы за лепшае жыцьцё, за волю, за дэмакратыю, рынак”.

У Івацэвічах існуюць філіі некалькіх партыяў і аб’яднаньняў. Усе яны зь пераменным посьпехам імкнуцца ўплываць на жыцьцё ў горадзе і сьвядомасьць людзей. Але месьцічы большую ўвагу надаюць вырашэньню сваіх паўсядзённых клопатаў.

Бясспрэчны жа аўтарытэт мае недзяржаўнае выданьне “Газэта для Вас”. Распаўсюджваецца ў шасьці раёнах Берасьцейшчыны. Мае наклад 9 тысяч асобнікаў, большая частка якіх дастаўляецца па падпісцы.

Галоўны рэдактар “Газэты для Вас” Лідзія Цалуйка называе ўмовы існаваньня рэгіянальнай прэсы ў Беларусі “экстрэмальнымі”. Тым ня меней, не зважаючы на цяжкасьці й перашкоды, выданьне прымусіла лічыцца са сваёй пазыцыяй нават мясцовыя ўлады.

(Цалуйка: ) “Мы робім газэту на мясцовых фактах. Раённая газэта “Івацэвіцкі весьнік” — нам ужо не канкурэнт. Яна робіцца ў такім стылі, як рабіліся газэты 50 гадоў таму, з такім напрамкам, каб жыцьцё павярнуць назад. Цяпер яны зрабілі так: у прадпрыемствы й калгасы рассылаецца папера, дзе пішацца: “Вы павінны падпісацца на “Івацэвіцкі весьнік”, прыкладам, 100 асобнікаў. Такім чынам яны складаюць свой наклад. Мы ўраздроб ў Івацэвічах прадаем 900 паасобнікаў, яны — недзе 60.

Мяне некалькі разоў, як толькі памяняецца старшыня райвыканкаму, запрашаюць туды. Размовы раней вяліся ў такім стылі: “Вы што тут расьселіся? Мы вас прыхлопнем у любую хвіліну”. Цяпер тон размовы зьмяніўся. Яны гавораць: нам жа вельмі цяжка. Таму вы ляяльней да нас стаўцеся і ня вельмі нас крытыкуйце, бо ў нас узьнікае шмат непрыемнасьцяў. Зараз адносіны такія: яны не чапаюць нас, а мы іх час ад часу чапаем”.

Агулам жа Івацэвічы пакідаюць у вандроўніка станоўчыя ўражаньні.

Горад са сваімі праблемамі. Але людзі, памятаюць, як выглядалі паліцы ў крамах Уладзімера Кудзінава, падчас чаўночных тураў бачаць, як жыве суседняя Польшча і таму аддаюць перавагу інфармацыі зь незалежнай газэты, а не справаздачам на старонках раёнкі. Гэтыя людзі ўсьведамляюць, што дабрабыт трэба будаваць сваімі рукамі.

XS
SM
MD
LG