Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сянно


Браніслава Станкевіч, Cянно

Раённы цэнтар Сянно месьціцца за 56 км. на паўднёвы захад ад Віцебску. На гарадзкім гербе Сянна – дзьве перакрыжаваныя касы, што яшчэ раз даказвае слушнасьць вэрсіі пра паходжаньне назвы гэтага гораду ад звыклага сялянскага слова “сена”. І ў самім абліччы гэтага мястэчка гарадзкіх рысаў зусім мала: вузенькія вуліцы, амаль спрэс аднапавярховая драўляная забудова ды вельмі характэрная гаворка тутэйшых жыхароў… Зрэшты, і цэнтрам раёну Сянно сталася адносна нядаўна – у 60-м годзе, калі раённае кіраўніцтва было пераведзенае сюды з Багушэўску. І сёньня сеньненскія ўлады імкнуцца адпавядаць статусу райцэнтра ды ўвогуле цывілізаванага гораду настолькі ўпарта, што афіцыйна забаранілі езьдзіць на конях па цэнтральнай Кастрычніцкай вуліцы.

А яшчэ кожнаму беларусу, асабліва сярэдняга веку, Сеньненскі раён
вядомы як радзіма колішняга Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава. Колькі год таму ягонае імя было сымбалем страчанага беларускага росквіту, а сам Пётар Міронавіч лічыўся ўвасабленьнем справядлівасьці ды чалавечнасьці на сваёй высокай пасадзе… Я запыталася ў дзьвюх жанчын на вуліцы, як сёньня ставяцца сеньненцы да свайго славутага земляка?

(Спадарыня: ) “Па-рознаму людзі ставяцца. Простыя нашыя людзі, “замбіраваыя”, лічаць, што ён герой наш беларускі, што пры ім Беларусь наша квітнела”.

(Спадарыня-пэнсіянэрка: ) “Канечне, канечне, успамінаюць! Ёсьць у нас саўгас імя Машэрава. І ў размовах узгадваюць, што ён быў вельмі добры душой, клапатлівы. Ён быў вельмі добры чалавек! А кіраўнік – тым болей”.

(Спадарыня: ) “А я асабіста лічу, што ён быў героем свайго часу, намэнклятурнага, сацыялістычнага, часу будаўніцтва камунізму, які так і не пабудавалі… Я ня буду адмаўляць яму ў нейкіх там станоўчых чалавечых якасьцях, але ён быў намэнклятуршчык, звычайны намэнклятуршчык!”

Ветэранская арганізацыя гораду Сянно выступіла сёлета з прапановаю назваць імем Машэрава адну з вуліцаў райцэнтру. Але само па сабе гучнае гістарычнае імя відавочна не ратуе сеньненцаў ад праблем, ня вырашаных цяперашнім кіраўніцтвам. Так, у памянёным вышэй саўгасе імя Машэрава праўленьне мусіла гэтай зімою перасяліцца з цэнтральнай сядзібы на ўласны сьвінагадоўчы комплекс… У чыстым полі за тры кіляметры ад цэнтру яны апынуліся з-за таго, што не было грошай аплочваць камунальныя паслугі. І тутэйшыя жыхары жартавалі, што ў саўгасе пачалося сьвінскае жыцьцё…

Менавіта ў Сяньне мне давялося пачуць згадкі пра тое, што сям’я Машэравых была ня толькі дружная ды працавітая, як прынята пісаць у біяграфічных нарысах, але й вельмі рэлігійная. Шмат хто з тутэйшых жыхароў нават кажа, што бацька будучага першага сакратара КПБ узначальваў баптысцкую грамаду, і таму, маўляў, ягоныя дзеці выгадаваліся такія разумныя, добрыя ды спагадлівыя… Спраўджваць гэткія зьвесткі – справа гісторыкаў, а я кіруюся да цяперашняга прэсьвітара тутэйшае баптысцкае грамады Паўла Дзямідчыка, каб пагаварыць пра сёньняшняе жыцьцё сеньненцаў.
Дарэчы, да 94-га году ў Сяньне ўвогуле не было ніводнае рэлігійнае суполкі, і толькі потым зьявілася праваслаўная царква, дзьве пратэстантскія ды касьцёл.

(Карэспандэнтка: ) “Зь якімі праблемамі сеньненцы сёньня ідуць да Бога?”

(П.Дзямідчык: ) “Паўсюль паніжэньне ўзроўню жыцьця, падвышэньне цэнаў, калгасы ўвогуле на мяжы развалу…У тых людзей, з кім даводзіцца размаўляць, усё болей сустракаецца пэсымізму, болей крытыкі цяперашняй сітуацыі ў краіне…”

Сапраўды, сеньненцы не хаваюць незадавальненьня сваім цяперашнім жыцьцём.

(Карэспандэнтка: ) “Распавядзіце, калі ласка, што зьмянілася ў вашым горадзе за апошнія гады?”

(Спадарыня: ) “Абсалютна нічога”.

(Карэспандэнтка: ) “А пасьля выбараў жыць стала лепш ці горш?”

(Спадарыня: ) “Горш, канечне. Матэрыяльныя ва ўсіх праблемы”.

(Бабуля: ) “Ня буду нават гаварыць! Горш канечне, стала. Што мы атрымліваем? Капейкі атрымліваем. Я 50 тысяч атрымаю, дык хіба я на іх пражыву? Што я на 50 тысяч куплю? Малака ды солі!”

(Спадар: ) “Я мэханікам працаваў усё жыцьцё, 40 год працоўны стаж… І 68 тысяч пенсія. Што за 68 тысяч купіш? Калі ня будзеш падпрацоўваць да пэнсіі, дык купіш толькі хлеб ды малако…А што зьмянілася? Нічога не зьмянілася. Мы ж не Расея, у нас нафты, газу няма! Ёсьць толькі сельская гаспадарка…”

Найбольш падрабязна пра сельскую гаспадарку, а таксама пра тутэйшую прамысловасьць ды пра тутэйшае грамадзкае жыцьцё мне распавёў сп. Аляксандар Лазюк. Ён працуе ў рэдакцыі раённай газэты «Голас Сеньненшчыны», куды людзі зьвяртаюцца са сваімі праблемамі ды крыўдамі гэтаксама часта, як у царкву або касьцёл.

(А.Лазюк: ) “Я вось нядаўна быў у адным з калгасаў, дык чалавек, які працуе на фэрме, які зьяўляецца перадавіком вытворчасьці, адным з пераможцаў спаборніцтва, трэцяе месца ў раёне заняў па адкорме буйной рагатай жывёлы, дык ён у тым месяцы, як стаўся пераможцам, атрымаў заробак 28 тысяч рублёў! А колькі атрымлівае той, хто не перадавік? Адзін чалавек, які варыць там пойла цяляткам, сказаў мне, што атрымаў за месяц 12 тысяч 700 рублёў…”

Наўпрост ад сельскай гаспадаркі залежыць эканамічны стан тутэйшае прамысловасьці. Сёньня адзінае «жывое» прадпрыемства ў Сяньне – гэта завод сухога абястлушчанага малака, калісьці адно з самых высокатэхналягічных прадпрыемстваў на Беларусі”.

(А.Лазюк: ) “Тут было чэскае абсталяваньне, рабілі сухое малако, сьмятану, масла, нават марожанае рабілі… Па тым часе ён даваў добры прыбытак, і калі пачалася прыватызацыя, акцыянаваньне, многія купілі акцыі. Але зараз ён нічога не дае, таму што скарачаецца вытворчасьць малака ў калгасах, пагалоўе скарацілася… Ну, а частка нашых калгасаў, дзе кіраўнікі найбольш актыўныя, возяць малако ў Расею, таму што там за малако давалі дызельнае паліва … Гэта больш выгадна для калгасаў”.

І капітальнае будаўніцтва ў Сяньне амаль што спынілася з-за адсутнасьці грашовых сродкаў.

(А.Лазюк: ) “Таксама фінансавыя ў іх праблемы. За апошнія два-тры гады ніводнага дома не ўзьвялі, акрамя катэджа для старшыні райвыканкаму, і дзьве кватэры купілі для аднаго намесьніка старшыні ды начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі. І гэта ўсё, што ў горадзе куплена на бюджэтныя сродкі з жыльля”.

У сучасных гаспадарчых умовах значная колькасьць грошай у раённы бюджэт мусіла б паступіць калі не ад дзяржаўных прадпрыемстваў, дык ад тутэйшых правытных прадпрымальнікаў. Аднак раённыя улады здаўна канфліктуюць з прадпрымальнікамі, і трэцім варожым бокам ў іхных і без таго складаных адносінах зьяўляецца сёньня Сеньненскі распажыўсаюз. Гаворыць адзін з прадпрымальнікаў, які гандлюе на базары:

(Прадпрымальнік: ) “ Тут стаяць тры палаткі ў нашым Сяньне, і Вы нават не ўяўляеце, колькі намаганьняў каштуе людзям сюды прабіцца…

Рынак гэты належыць райспажыўсаюзу, якому прадпрымальнікі плацяць адмысловы падатак. Але райспажыўсаюзу належць і некалькі крамаў у цэнтры Сянна, якія канкурэнцыі з рынкам не вытрымліваюць. Таму, каб падтрымаць уласны гандаль ды прывабіць пакупнікоў, райспажыўсаюз загадаў зрабіць на рынку 2 выхадныя дні. І Сянно сталася, пэўна, адзіным у Беларусі горадам, дзе рынак не працуе ў нядзелю.

(А.Лазюк: ) “Настаўнікі ды бацькі даслалі ліста ў райвыканкам, кажуць, няхай хоць у нядзелю працуе, бо ў сыботу дзяцей на занятках няма – дзеці з бацькамі ходзяць нешта купіць, памерыць, едуць зь вёсак…Тут жа таньней ды выбар сякі-такі…Сыбота—самы рынкавы дзень, атрымліваецца. Райвыканкам прыняў рашэньне дазволіць гандаль у нядзелю, але ж ягонае рашэньне не выконваецца…А бычылі, што на рынку робіцца? Вада, бруд…”

Пад час змаганьня зь мясцовымі чыноўнікамі ў асяродку сеньненскіх прадпрымальнікаў узьнікла ідэя стварыць філію Вольнага прафсаюзу. Узначаліў яе Алег Шумкоў. Дарэчы, прадпрымальнік ён досыць нетрадыцыйны.

(А.Шумкоў :) “Я вайсковы пэнсіянэр, маёр запасу, былы лётчык першага клясу, майстар спорту па вышэйшаму пілятажу… А па прафесіі я лётчык- нструктар”.

Апынуўшыся па волі лёсу ў Сяньне, Алег Шумкоў адразу ж зьвярнуў на сябе ўвагу тутэйшай грамадзкасьці: ён стаўся ня толькі лідэрам сеньненскіх прадпрымальнікаў, але й рэдактарам новай недзяржаўнай культурна-грамадзкай газэты “Каплічка”.

(А.Шумкоў :) “Чаму “Каплічка”? Ёсьць у нашым горадзе такая знакамітая пабудова, называецца каплічка… Мы там пра ўсе нашы беды апавядаем, пра агульную палітычную абстаноўку…”

А яшчэ сп.Шумкоў стварыў у Сяньне адмысловую вайскова-патрыятычную школу “Спарта”, дзе падлеткі вывучаюць вайсковую падрыхтоўку, асновы рукапашнага бою ды гісторыю родных мясьцінаў. “Такі вось парадокс, – кажа сп. Шумкоў, – то мяне ў камуністычную партыю клічуць, то “бээнээфаўцам” называюць. Дарэчы, першы раз ён пачуў гэтую “мянушку” калі год таму 9-га траўня выйшаў на вуліцу ў пашытай уласнымі рукамі вайсковай форме адмысловага ўзору… Тады й прагучала за сьпіной: ”Ён жа з БНФ, ім такую форму амэрыканцы шыюць!”

А што да сапраўдных партыйных прыхільнасьцяў, дык цяпер сп.Шумкоў стварае ў Сяньне суполку сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”.

Магчыма, да ейнае дзейнасьці далучацца і тыя неабыякавыя людзі, якія адважыліся пайсьці назіральнікамі на сеньненскія выбарчыя ўчасткі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў.

(А.Шумкоў :) “Калі мы выйшлі на гэтыя выбары, дык людзі хоць пабачылі, што такое можа быць, што на выбарах бываюць назіральнікі, хаця іх там і няшмат было… Вось якая мая задача – ўзьняць, разварушыць людзей…”

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ў сеньненскай раённай газэце не было надрукавана ніводнага артыкула пра альтэрнатыўных кандыдатаў, спрэс сустракалася ўсяго адно імя – Аляксандра Лукашэнкі. Партрэты ды біяграфіі іншых кандыдатаў зьявіліся на газэтных старонках толькі 8 верасьня. Такі быў загад раённага кіраўніцтва. Затое потым яно з гонарам адрапартавала пра свае посьпехі: 90,5% выбаршчыкаў прагаласавала за Лукашэнку… Як жа насамрэч у Сяньне праходзілі выбары – распавядае Аляксандр Лазюк, які таксама быў назіральнікам на выбарчым участку.

(А.Лазюк :) “Як яны праходзілі? Праходзілі як і паўсюль. Я, напрыклад, спрабаваў зарэгістравацца назіральнікам на першым участку, дзе я жыву, ад “Вясны”… Зразумела, мяне не зарэгістравалі. Хацелі выставіць, але тады я дастаў сваё рэдакцыйнае пасьведчаньне… Спрабаваў наглядаць за галасаваньнем, якое праводзілася датэрмінова. Тры дні мяне не чапалі…Увечары зайду, вазьму зьвесткі, колькі там прагаласавала чалавек. На трэці ці чацьвёрты дзень мне не далі – сказалі, што раённая камісія забараніла. А на пяты ўвогуле!..Таксама не далі, а я стаў настойваць, дык яны дачакаліся сямі гадзінаў ды выклікалі міліцыю, і мяне забралі… Потым адпусьцілі, але інфармацыю мне так і не далі. Але самае цікавае, можа, у тым, што калі ў апошні дзень галасаваньня пачаўся падлік, і тыя 552 чалавекі, якія прагаласавалі датэрмінова, усе, аказалася, прагаласавалі за аднаго кандыдата – за Лукашэнку. Хаця 22 чалавекі, якія галасавалі дома, пэнсіянэры, – зь іх 2 галасавалі інакш. Я там прысутнічаў. Усе назіральнікі і нават члены камісіі былі зьдзіўленыя падобным вынікам! Я ведаю некалькі чалавек, якія галасавалі датэрмінова і галасавалі не за Лукашэнку. Я прапаноўваў гэтым людзям зьвярнуцца ў суд, але ніхто зь іх на гэта не пайшоў”.

(Карэспандэнтка: ) “А каго, на Вашую думку, можна лічыць апазыцыяй сёньняшнім уладам?”

(А.Лазюк: ) “Я думаю, што гэта ўсё тыя людзі, якія думаюць: умеюць думаць, прывыклі думаць. Гэта інтэлігенцыя, тыя людзі, якія працуюць у школах, ва ўстановах культуры, кіраўнікамі гаспадарак, спэцыялістамі ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве… Я жыву ў раёне, дзе меліяратары ў асноўным жывуць, і яны таксама мае аднадумцы, праўда яны выказацца ня могуць, ня могуць і баяцца…”

У такім выпадку варта спачатку паслухаць іншых, хто не баіцца сказаць праўду. Тады ў людзей знойдуцца і свае словы. Але ўладам гэта дужа недаспадобы, і сп.Лазюк распавёў мне гісторыю пра тое, як раённае начальства спрабавала забараніць у Сяньне сустрэчу з Генадзем Бураўкіным, арганізаваную тутэйшай суполкай ТБМ.

(А.Лазюк: ) “Я даў абвестку ў газэту, расклеіў паўсюль аб’явы… Толькі аб’ява зьявілася ў газэце, мяне выклікае намесьнік старшыні райвыканкаму і кажа: “Ніякай сустрэчы не будзе”. Я пытаюся: ”Чаму?” “А таму, што вы яшчэ не зарэгістраваныя”… Я кажу: ”Тады я запрашаю яго асабіста, як прыватная асоба”. “А тады мы вам не дамо залю”…Тады я кажу: ”Я буду тэлефанаваць у Менск, у Віцебск…Як гэта – чалавека, вядомага чалавека, які прадстаўляў Беларусь у Арганізацыі Аб’яднаных Няцыяў, які быў дэпутатам, ты ня пусьціш у Сянно? Пра цябе ніхто не ведае, а ягоныя вершы дзеці ў школе вучаць!” У рэшце рэшт нам далі залю ў музычнай школе, можа, на 30 чалавек…”

Так вось і суіснуе сеньненская інтэлігенцыя з раённым кіраўніцтвам, на чале якога –звычайны заатэхнік. Пра гэтую акалічнасьць распавядаюць у Сяньне з асаблівым значэньнем, нібыта заклікаючы заўважыць у гэтым факце агульнабеларускую тэндэнцыю…

Гэта толькі здалёк згаданыя факты тутэйшага жыцьця здаюцца дробязнымі ды нязначнымі. Зблізку ўсё інакш, таму сеньненскі краязнаўца Васіль Бандарэвіч каторы год запар складае гістарычны летапіс гэтых мясьцінаў.

Без узгадкі гэтага імя мой аповяд пра Сянно быў бы недакладны і нават непраўдзівы, бо ўжо і сам сп.Васіль стаўся часткай сеньненскай гісторыі, дакладней, жывою сеньненскай легендай... Пра сваё роднае Сянно ён піша карціны і кнігі, супрацоўнічае з тутэйшай газэтай і краязнаўчым музэем, возіць школьнікаў на экскурсіі ды выкладае ў сярэдняй школе №2 ім самім прыдуманы курс “Спадчына”.

(В.Бандарэвіч: ) “Мая справа ў тым , каб сабраць усе зьвесткі пра Сянно і што магчыма расказаць новаму пакаленьню. Расказаць дзецям, што ў нас і чаму тут адбывалася, і мне гэта дазволіць прыцягнуць іхную ўвагу да сваёй малой радзімы, да яе мінулага і да сёньняшняга дня, каб той жа просты хлопец, які будзе працаваць трактарыстам, не паехаў бы і ня зрынуў у яр нейкі знакаміты камень альбо не распахаў курган, ня зьнішчыў гарадзішча… Вось гэта для мяне галоўнае зараз, таму што сродкаў зрабіць болей у мяне няма і ня будзе.. А гэта я магу зрабіць!
XS
SM
MD
LG