Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка Капыль


Ягор Маёрчык, Капыль

З чаго трэба пачынаць расповед пра Капыль? З экскурсаў у гісторыю? Са згадак пра тое, што гэта адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі, які некалі зьяўляўся рэзыдэнцыяй князёў Капыльскіх і Слуцкіх, а пазьней славіўся рамеснымі цахамі? Не.

Дасьледваньне Капыля трэба пачынаць зь мясцовага Масласырзаводу. Ёгурты ягонай вытворчасьці, а ня герб 1652 году з выявай паляўнічага рогу ў залатым полі, зьяўляюцца de facto сымбалямі гораду ў агульнабеларускім і сынонімам добрабыту – у мясцовым маштабе. Дарэчы, сярэдні заробак тут даўно перасягнуў мяжу ста даляраў ЗША. Аднак аказалася, што прадпрыемтсва спэцыялізуецца на вырабе сыроў і масла, а ёгуртамі пачало займацца толькі апошнія 3 гады. Расказвае галоўны тэхноляг Ларыса Чалевіч:

(Чалевіч: ) "Паводле эканамічных паказальнікаў, наш завод адзін зь найлепшых у Менскай вобласьці. Мы набываем калгасам, а значыць і раёну, лядоўні для таго, каб малако ахалоджвалі, угнаеньні. Быў час нават набывалі камбайны, паліва і атрутныя рэчывы. Узровень жыцьця ў нас такі, сярэдні. Работнікі заводу у нас самыя забясьпечаныя ў райцэнтры. Калі вызваляецца месца, то прыходзяць некалькі чалавек. Цяпер мы вырабляем ёгурты 16 гатункаў. І на гэты год у нас заплянавана увядзеньня яшчэ сямі новых гатункаў. Мы выкарыстоўваем толькі натуральныя складнікі. Ёгурты прадукты прыбытковыя, і мы разьлічваем, што яны нам дапамогуць “падняцца”.

У некалькіх сотнях мэтраў ад Масласырзаводу знаходзіцца яшчэ адзін – завод гумава-тэхнічных выбараў. Каб ён працаваў, дык мог бы служыць удалым прыкладам выгадаў беларуска-расейскай інтэграцыі. 75% складала бы вытворчасьць з расейскай сыравіны гэткіх неабходных ў сельскай мясцовасьці гумавых ботаў і галёшаў. Але вырабляць іх стратна. Сыравіну прыходзіцца набываць па рынкавых коштах, а прадаваць гатовую прадукцыю па фіксаваных, заніжаных. Таму ў цэхах стаіць цішыня, пакінутым выглядае і адміністрацыйны корпус.

На бязьлюднай прахадной я ўсё-ткі напаткаў адну з працаўніц прадпрыемства:

(Працоўная: ) "Гумавыя чобаты пакуль ня робім. Няма з чаго. Цэлае лета не працавалі. А пасьля ўвосень крыху папрацавалі і зноўку не працуем. 45 тысячаў заробак! Можна пражыць ці не?! Заплаціць за кватэру, за ўсё астатняе”.

(Карэспандэнт: ) "А як людзі выжываюць?"

(Працоўная): "Так і выжываюць! У кагосьці бацькі, у кагосьці мужы... А хто адзін, дык гаруе горам".

Я йду па Цімкавіцкай вуліцы з ускрайку ў цэнтар гораду, які месьціцца на узгорку. За сьпінай застаюцца маляўнічыя пэйзажы. На даляглядзе шэра-белае неба зьліваецца з пакрытымі сьнегам палямі і вазёрамі. У гэтай прасторы зь няпэўнымі рысамі і контурамі навакольныя лясы падаюцца чорна-шэрымі выспамі. "Прыгажосьць! Вакол нас лясы ды вазёры," – гавораць капыляне. Менавіта прырода і дапамагае выжыць месьцічам. Насустрач мне, мабыць за зайцам ці лісіцай, крочыў сьлесар Уладзімер Міхневіч:

(Міхневіч: ) "Сэзон паляваньня адкрываецца ў кастрычніку. Толькі ўборка ідзе! Значыць няма выходных. Пакуль яна не скончыцца, людзі нікуды ня выйдуць. Я ўсяго пяць разоў хадзіў на паляваньне. На 2 тыдні раней закрылі сэзон паляваньня капыльчанам. А гарадзкія прыяжджаюць, страляюць. Бяруць ліцэнзію, прыкладам, на аднаго дзіка, а забіваюць трох. Жывёлы шмат, шмат дзічы. Але самае галоўнае, каб былі сабакі. А сабакі ёсьць ня ў кожнага. Зьнікла 5 сабакаў. Ёсьць наводныя людзі, якія тут крадуць і ў Расею перавозяць. У мяне быў сабака Лада. Яго ў мяне ўкралі. Я плакаў, плакаў, бо скралі".

Я накіроўваюся ў дзіцячы садок №3. Летась там стварылі групу сацыяльнага прытулку для дзяцей зь “складаных” сем'яў. А ў Капылі такіх больш за дзьве сотні. Для шасьці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія цяпер знаходзяцца тут, сьцены дзіцячага садку – гэта своеасаблівы фільтрацыйны пункт. Адсюль ёсьць тры шляхі: назад да хаты, у Салігорскі дзіцячы дом альбо ў Грозаўскую школу-інтэрнат.

Пра ўсё гэта мне распавяла псыхоляг групы сацыяльнага прытулку Алена Валевіч:

(Валевіч: ) "Пакуль я не сутыкнулася з гэтым, мне падавалася, што ўсё ў нас добра. Хлопчык да нас паступіў. Як убачыў катлеты, крычаў такім дзікім голасам. Мы не маглі зразумець, што зь ім такое. Гэтае дзіця ня бачыла мяса ўвогуле. Ніколі. І мне дагэтуль здавалася, што такога проста быць ня можа. Ёсьць бацькоўскія пачуцьці, але дэградацыя, гэныя п'янкі – гэта ўсё прытупляе гэтыя пачуцьці. Калі пазбавяцца гэтых дзяцей, яны сабе прывольна адчуваюць бязь іх. Бачаць, што так на шмат ім прасьцей. У нас быў бацькоўскі сход. Загадчыца паведаміла, што на базе нашага садку адкрыўся прытулак, неабходна дапамога. Усё сваё дзіцячае адзеньне, што засталося, усё папрыносілі з хаты. Прыносілі такія бацькі, якім самім трэба дапамагаць. Зімовыя курткі, боты – гэтага не хапае. Я лічу, што самае вялікае шчасьце будзе ў тых дзяцей, якіх усынавяць. Практыка паказвае, што дзяцей, якіх мы вяртаем, можна забіраць назад хоць адразу. Наведалі некалькі сем’яў. Умовы страшэнныя. Нават ня верыцца, што ў наш час такое можа быць".

Вадзім знаходзіцца ў прытулку нядаўна. Яго адабралі ад маці, якая ня мела сталага месца жыхарства і бадзялася па вёсках Капыльшчыны. Хлопчык ня ўмее ані чытаць, ані пісаць.

(Карэспандэнт:) "Колькі табе гадоў?
(Вадзім: ) "11. Вой! 12".
(Карэспандэнт: ) "У школу ці ходзіш?"
(Вадзім: ) "Хаджу"
(Карэспандэнт: ) "У якім ты класе?"
(Вадзім: ) "У нулявым."
(Карэспандэнт: ) "Да таго як ты трапіў у прытулак... І зараз тваё жыцьцё... Што лепей?"
(Вадзім: ): "Прыют лепей. Мне падабаецца, што тут ёсьць тэлевізар. Гуляю ў грузавік. Бр-р-р."
(Карэспандэнт: ) "А раней ў цябе не было тэлевізара?"
(Вадзім: ) "Не."
(Карэспандэнт: ) "І калі ты яго ў першы раз пабачыў?"
(Вадзім: ) "Цяпер."
(Карэспандэнт: ) "А смачна тут кормяць?"
(Вадзім: ) "Так. Супам, кашай смачнай, катлетамі."
(Карэспандэнт: ) "А што больш за ўсё любіш?"
(Вадзім: ) "Катлеты."
(Карэспандэнт: ) "Кім хочаш стаць?"
(Вадзім: ) "Машыністам на цягніку."
(Дзяцячы голас: ) "А я хачу стаць будаўніком".
(Карэспандэнт: ) "Ой! Прывітаньне. Як цябе завуць?
(Дзяцячы голас: ) "Андрэй."
(Карэспандэнт: ) "Колькі табе гадоў?"
(Андрэй: ) "Пяць."
(Карэспандэнт: ) "Табе тут падабаецца?"
(Андрэй: ) "Так."
(Карэспандэнт: ) "А што сёньня давалі на абед?"
(Андрэй: ) "Боршч зь мясам і капусту з катлетай, і кампот."
(Карэспандэнт: ) "Смачна?"
(Андрэй: ) "Так."
(Карэспандэнт: ) "А раней ты такое еў?"
(Андрэй: ) "Не, не толькі тут."
(Карэспандэнт: ) "А дзе лепей, дома ці тут?"
(Андрэй: ) "Тут."
(Карэспандэнт: ) "Дадому хочаш?"
(Андрэй: ) "Хачу."
(Карэспандэнт: ) "Дык тут жа лепей..."
(Андрэй: ) "Усё адно хачу. Я хачу да маці..."

Вось я дабраўся да цэнтру гораду. Разам з Магдэбургскім правам ў 17 стагодзьдзі Капыль атрымаў магчымасьць ладзіць кірмашы і штопятнічны гандаль. На гэтым гістарычным тле мясцовы рынак, дзе я зараз знаходжуся, выглядае надта карыкатурна. Уласна кажучы, кірмашу (паводле клясічнага разуменьня гэтага слова) у мястэчку няма. Проста дваццаць-трыццаць гандляроў, зьбіраюцца ў адным месцы на схіле ўзгорку і прапануюць свой тавар – ад марской рыбы да абутку. Але пакупнікоў няшмат. Прыкладам, цыбулю, кроп, памідоры людзям выгадней вырошчваць на клюмбах перад сваімі пяціпавярховымі дамамі, чым плаціць за іх грошы. Рэчывыя ж намёты некаторыя месьцічы зьдзекліва называюць інкубатарамі. Маўляў, усё аднолькавых колераў і мадэляў, ды й якасьць ня надта добрая.

Калі верыць статыстыцы, летась усё насельніцтва Капыля – а гэта крыху больш за 10 тысячаў чалавек – наведала раённую бібліятэку 3 разы. У гэта цяжка паверыць, бо толькі сёмы па ліку мінак змог паказаць, дзе яна знаходзіцца.

Маё зьяўленьне зьбянтэжыла бібліятэкарку Людзьмілу Насевіч:

(Насевіч: ) (тэлэфануе) "Іра? Прывітаньне. Ты, можа яшчэ спала. Спала? Ты што, Ірка! Слухай, я не ведаю, што мне рабіць. Тут прыехаў карэспандэнт з радыё, зь Менску. Ён пытаецца, як і што людзі чытаюць у горадзе. Што мне рабіць я ня ведаю. Яна, мабыць, у царкву пайшла. А што рабіць. Вось ён тут побач стаіць..."

Пакуль спадарыня Насевіч шукала рады, я аглядаю бібліятэку. На сьценах некалькі выяваў клясікаў расейскае літаратуры. "Воспоминания про Никиту Сереевича Хрущева", кніга "Прощай, Россия", нейкі часопіс з фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі на вокладцы і артыкулам "Чистая победа", а таксама два каляровых альбомы "Дзяжаўны герб і сьцяг" і "Герб і сьцяг беларускай дзяржавы" з чырвона-зялёнымі вокладкамі – усё пералічанае акупавала ў цэнтры галоўнае бібліятэчнае залі самы вялікі стэнд пад назовам "Аб чым хвалюецца душа".

Бібліятэкарка, пасьля нядоўгіх ваганьняў, вырашае самастойна, без санкцыі дырэктара пагутарыць са мной.

(Насевіч: ) "Менш грошай даецца на літаратуру. У асноўным не хапае вучэбнай. Жаночыя раманы і дэтэктывы... іх не хапала і не будзе хапаць. Яны карыстаюцца попытам, чытаюць іх вельмі шмат. Проста наша жыцьцё цяпер такое, што хочацца пачытаць штосьці такое лёгкае".

(Карэспандэнт: ) "А беларуская літаратура?”

(Насевіч: ) "Шмат чытаюць менавіта на беларускай мове. Караткевіча, Быкава чытаюць".

(Карэспандэнт: ) "Апошнія паступленьні зь беларускай літаратуры..."

(Насевіч: ) "Я цяпер і не скажу, што атрымлівалі апошняе. Мала атрымліваем. Трэба, каб перавыдавалі літаратуру: не хапае некаторых кнігаў".

Па свайму веравызнаньню большасьць капылянаў – праваслаўныя. Прычым не на слове, а на справе: штонядзелю наведваюць царкву, якая знаходзіцца ў некалькіх дзясятках мэтраў ад раённай бібліятэкі. Адметна, што на ганку храма няма жабракоў. Гэта мне патлумачылі тым, што мястэчка маленькае, ледзь не адзін аднага ведаюць, а таму нават жабракі саромяцца выстаўляць сваю галечу.

Побач з праваслаўнай знаходзіцца царква евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, малельны дом якой наведваюць блізу 20 чалавек. Прэсьвітар, брат Аляксандар Віслаўс характарызуе рэлігійную сытуацыю ў Капылі наступным чынам:

(Віслаўс: ) "Рэлігійная сытуацыя нармалёвая. Апошнім часам людзі пачалі цікавіцца рэлігіяй. Я хадзіў да старшыні райвыканкаму, прасіў, каб можна было правесьці вялікую службу, ён кажа – калі ласка. Нас ніхто не перасьледвае. Хаця ёсьць размовы, што праваслаўная царква лепей, а баптысты – гэта горш. У Беларусі быў час, калі пратэстанцтва заваёўвала сэрцы людзей больш, чым каталіцкая ці праваслаўная царква. Я вось казаў праваслаўным людзям і каталікам, я рады, што людзі ідуць хоць у нейкі храм, у нейкі дом, каб слухаць слова Боскае. Калі чалавек сапраўдны праваслаўны, сапраўдны каталік ён ніколі не будзе абразьліва ставіцца да іншага веравызнаньня".

Я выйшаў з малельнага дому царквы евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў. Прайшоў колькі дзясяткаў мэтраў, зьвярнуў направа і апынуўся на аўтобусным вакзале. Я прайшоў увесь Капыль з аднаго канца гораду ў другі – маё падарожжа можна лічыць скончаным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG