Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайнаўка.


Аляксей Дзікавіцкі, Гайнаўка

Ужо сам шлях да Гайнаўкі неяк падказваў мне, што на ўсход ад Варшавы ляжыць зямля зусім не чужая. На аўтобусным вакзале ў Беластоку, каля тэлефоннага аўтамату прымацаваная даведка з кодамі замежных краінаў. Побач з назовам кожнай краіны – выява нацыянальнага сьцягу. Сьцяжок каля Беларусі – бел-чырвона-белы.

На гэтым жа вакзале разглядаю рэклямны буклет вядомай у Польшчы кампаніі мабільнай сувязі Plus GSM. Гляджу разьдзел, дзе кампанія ўзгадвае пра сваіх партнэраў зь іншых краінаў. Каля Беларусі зноў бел-чырвона-белы сьцяжок.

Калі б раптам дарога, якой еду аўтобусам да Гайнаўкі, знаходзілася не ў Беластоцкім ваяводзтве, а ў Берасьцейскай вобласьці, можна было б падумаць, што ўсю мінулую ноч над ейным аздабленьнем шчыравалі “зубры” ўсёй Беларусі. Чаму? Бо на дрэвах уздоўж шашы сьветлазваротнай фарбай намаляваныя зграбныя бел-чырвона-белыя сьцяжкі. Але ў Польшчы гэта звычайная дарожная разьметка.

Гайнаўка, якую літаральна абдымае Белавеская пушча, атрымала статус гораду каля паўстагодзьдзя таму. Раней гэта была звычайная беларуская вёска. У міжваенны пэрыяд шэраг замежных фірмаў заснавалі тут дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы ды запрасілі працаўнікоў з навакольных вёсак і ўсёй Польшчы. Такім чынам Гайнаўка ператварылася ў мястэчка, і тут зьявіліся палякі ды габрэі. Цяпер у Гайнаўцы жыве прыкладна 25 тысячаў чалавек, зь якіх палякаў – каля 30%.

Пра гісторыю паўстаньня мястэчка красамоўна сьведчыць ягоны герб, на якім побач з выявамі белавескіх ялінаў месьціцца цынічная піла-цыркулярка.

Бургамістар Гайнаўкі спадар Анатоль Ахрыцюк кажа, што асноўныя праблемы, якімі ён займаецца зараз – безпрацоў’е ды недахоп дзяржаўнага фінансаваньня бюджэтных сфэраў у ягоным горадзе. Ніякіх міжнацыянальных канфліктаў у Гайнаўцы няма.

(Ахрыцюк: ) “Жывем у згодзе. Я як бургамістар Гайнаўкі шмат увагі зьвяртаю на тое, каб усіх людзей, незалежна ад іх поглядаў, нацыі, веравызнаньня, трактаваць аднолькава. Гэта для мяне самае важнае – каб у адносінах паміж нашымі жыхарамі ўсё было добра і спакойна. Мы задаволеныя тым, што маем”.

Гайнаўка мае сталыя сувязі зь беларускімі Сьвіслаччу, Камянцом ды Пружанамі. Цяпер сярэдні заробак у мястэчку – каля 250 даляраў.

У невялікай Гайнаўцы ёсьць як мінімум чатыры рэчы, пра якія можна сказаць: адзіны, ці адзіная ў сьвеце. Гэта вялізны беларускі музэй, фэстываль царкоўнай музыкі, беларуска-кітайская рэстарацыя ды ленінскі бар “У Валодзі”.

Вялізны гмах музэю зь беларускім арнамэнтам відаць зь любога месца ў цэнтры гораду. Пабудова музэю, заснаванага вядомым беларускім дзеячом Кастусём Майсеням, яшчэ цалкам ня скончаная, хоць будуецца ён з дапамогай беларусаў Падляшша ды усяго сьвету ужо больш за 15 гадоў. Апошні раз польскія ўлады дапамаглі музэю ў 1997 годзе. Калісьці дапамагалі і ўлады беларускія, але зараз – менш. Гаворыць старшыня грамадзкага камітэту пабудовы музэю спадар Янка Хіліманюк:

(Хіліманюк: ) “На пачатку 90-х мы атрымалі зь Беларусі, у пераліку на польскія злотыя, 150 тысячаў. Атрымалі дуб, мармур. Гэта тады дапамагло будаваць. Бачыце, тут усё зь белавескага дубу. Толькі дуб гэты зь беларускага боку пушчы”.

Зараз у музэі рыхтуецца да адкрыцьця ўнікальная экспазыцыя “Прыгатаваньне ежы”, якая будзе адлюстроўваць кулінарныя традыцыі беларускіх сялянаў ува ўсе поры году.

У памяшканьні музэю месьціцца беларуская бібліятэка. Мясцовыя беларусы кажуць, што, калі тут чагосьці няма, дык дарма шукаць і ў Беластоку. Гэта сапраўды так, бо ў бібліятэцы можна сустрэць нават студэнтаў ды выкладчыкаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, а таксама беларускіх навукоўцаў, якія прыяжджаюць у Гайнаўку па матэрыялы для сваіх навуковых працаў.

Другой такой беларускай бібліятэкі ў Польшчы няма. Стварыла яе чатыры гады таму Натальля Герасімюк, якая ахвяравала бібліятэцы ўласны кнігазбор і дагэтуль сваім коштам набывае ў Беларусі кнігі, каб узбагаціць бібліятэку. Ёсьць тут каля тысячы кніжак, уратаваных ад зьнішчэньня на Беларусі ў сярэдзіне дзевяностых.

У Гайнаўскую бібліятэку дасылаюць кнігі беларусы з усяго сьвету. А ці дапамагаюць бібліятэцы беларускія ўлады?

(Герасімюк: ) “Зараз консул у Беластоку Ігар Сякрэта. Калі я заяжджаю ды кажу, што мне трэба мэтрыкі ВКЛ ці кніга “Беларуская дзяржава ВКЛ” Ермаловіча, якіх я не магу набыць у Беларусі, то мне замест гэтага прывозяць кніжку “Беларусь. Факты” на ангельскай мове”.

Аднак консульства ў Беластоку дагэтуль сваім коштам працягвае выпісваць для бібліятэкі беларускую прэсу, акрамя “Народнай Волі”. Гэтую газэту ў Гайнаўку штодня перадае цягніком маці Натальлі, якая жыве ў Берасьці.

Я чую школьны званок. Гэтак сваіх вучняў запрашаюць на заняткі Гайнаўскі ліцэй і гімназія з дадатковай беларускай мовай навучаньня. На ўваходзе ў будынак, дзе месьцяцца гэтыя навучальныя ўстановы, дзьве шыльды – на беларускай і польскай мовах. Унутры на сьцяне – два сьцягі з мазаікі, бела-чырвоны і бел-чырвона-белы, а побач – польскі “Ожэл” ды беларуская “Пагоня”. У ліцэі і гімназіі зараз вучацца каля 600 вучняў. Гаворыць дырэктар ліцэю спадар Яўген Сачко.

(Сачко: ) “Адразу трэба сказаць, што словы “дадатковае навучаньне” абазначаюць абавязковае навучаньне, бо вучні, якія падаюць да нас дакумэнты, у гімназію ці ліцэй, як бы аўтаматычна згаджаюцца хадзіць на заняткі беларускае мовы. Заняткі зь беларускае мовы – гэта ня толькі навука мовы. Вучні таксама пазнаюць літаратуру, гісторыю, культуру Беларусі. Таксама і на іншых прадметах мы стараемся ўводзіць элемэнты гісторыі ці геаграфіі Беларусі”.

У ліцэі ёсьць некалькі беларускіх гурткоў ды мастацкіх калектываў, у тым ліку знакаміты клюб беларускіх справаў Яўгена Янчука, а таксама рок-гурт “Гоман”, які нават браў удзел у знакамітым фэсьце Басовішча.

Гайнаўскі Дом культуры, што месьціцца трохі на ўскрайку гораду, улетку, становіцца сусьветным цэнтрам царкоўнага вакальнага мастацтва. Ужо дваццаць гадоў запар тут ладзіцца Гайнаўскі фэстываль царкоўнай музыкі. Найлепшыя царкоўныя хоры з розных куткоў Зямлі лічаць за гонар узяць удзел у гэтым незвычайным фэсьце, прызнаным польскім міністэрствам культуры імпрэзай найвышэйшай “нулявой” клясы, прыкладам, як Шапэнаўскі фэстываль ці фэстываль “Варшаўская восень”. Некалькі гадоў таму ганаровы патранаж над фэстывалем прыняў прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі.

Акрамя іншага, фэстываль у Гайнаўцы, можна сказаць, адрадзіў мастацтва рэлігійных сьпеваў ў праваслаўных цэрквах Польшчы. Гаворыць дырэктар Гайнаўскага дому культуры і заснавальнік фэстывалю Мікалай Бушко:

(Бушко: ) “Сьпярша, калі мы пачыналі 20 гадоў таму, мне здавалася, што ў прыходах Польшчы ёсьць хоры. Сапраўды, нейкія там “недабіткі” былі, але фэстываль паказаў, што іх амаль няма. Цяпер у Польшчы паўстала шмат моладзевых царкоўных хораў. Шмат сьвецкіх акадэмічных калектываў цяпер таксама выконваюць царкоўную музыку, а многія выпускаюць нават свае кампакт-дыскі”.

Конкурсная праграма фэстывалю ўжо некалькі гадоў ладзіцца ў саборы Сьв. Троіцы, што насупраць Дому Культуры. Сабор пабудаваны адносна нядаўна і мае вельмі незвычайную архітэктуру.

Дарэчы, больш за 60% жыхароў Гайнаўкі – праваслаўныя. Другія па колькасьці – католікі. У адрозьненьне ад мястэчак Заходняе Беларусі, пратэстантаў у Гайнаўцы няшмат, хоць яны і маюць тут сваю царкву.

У сераду ў Гайнаўцы базарны дзень, і вакол кірмашу можна ўбачыць шмат патрыманых аўтамабіляў Volkswagen ды Audi зь беларускімі нумарамі. Аднак шалкевічаўскі “воз гаршкоў”, які ягоны герой прывёз у Гайнаўку “ў мінулым панядзелку”, ужо не актуальны. Цяпер беларусы гандлююць тут выключна кантрабанднымі цыгарэтамі ды гарэлкай. “Таннае “Мальбара”, вудка, прошэ пана,” – ўпаўголасу і амаль без акцэнту прапаноўваюць мінакам свой тавар гарадзенскія кабеты каля ўваходу на кірмаш.

Побач з Гайнаўскім кірмашом месьціцца абсалютна ўнікальная ўстанова грамадзкага харчаваньня, ці хутчэй, грамадзкага піцьця, бо гэта бар. На ягоным даху – вялізны бюст Ульянава-Леніна. Побач намаляваны твар правадыра ў атачэньні піўных куфляў і назоў: “У Валодзі”. Памяшканьне бару аздобленае шматлікімі выявамі правадыра сусьветнай рэвалюцыі. Скульптуркі, сьцягі, намаляваныя алеем арыгінальныя карціны, дзе правадыр прамаўляе, усьміхаецца альбо ўзіраецца ў сьветлую будучыню, глядзяць на аматараў піва са сьценаў, вітрынаў і нават са столі.

Як аказалася, пан Улодэк, уладальнік гэтага дзіўнага бару – былы журналіст і насамрэч мае правыя погляды. Бар ён адчыніў ужо дзесяць гадоў таму, і за гэты час назьбіраў вялізную калекцыю усемагчымых “ленінаў”. Апошняга ён знайшоў у бураках на полі аднаго зь беларускіх калгасаў.

(Улодэк: ) “Быў у калгасе апошні раз у Беларусі, ды бачу – на полі паміж буракамі ляжыць Ленін. Ну я і вырашыў яго купіць”.

Пан Улодэк ужо двойчы запрашаў да сябе ў госьці Аляксандра Лукашэнку. Гаворыць, што запрашаў як суседа, бо суседзі мусяць наведваць адно аднаго.

Аднак сусед не прыехаў. Пан Улодэк пакрыўдзіўся і вырашыў наступным разам балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Ён ужо нават мае перадвыбарную праграму, асноўнай ідэяй якой ёсьць вырошчваньне ў беларускіх калгасах бананаў ды апэльсынаў.

(Улодэк: ) “Калі я буду прэзыдэнтам, то ў беларускіх калгасах замест бульбы будуць вырошчваць бананы, памаранчы ды памідоры”.

Яшчэ ў Гайнаўцы ёсьць рэстарацыя зь беларускім назовам “Белая ружа”, якую тутэйшыя называюць беларуска-кітайскай. Што гэткае спалучэньне сапраўды можа існаваць, я зразумеў, калі трапіў туды на вячэру. У залі побач з сасновымі сталамі ды лаўкамі вісяць кітайскія ліхтарыкі. Смажаную бульбу ці клёцкі-закідайкі са шкваркамі можна паліць кітайскім соўсам. Аднак пасьля дэгустацыі фірмовага першага блюда “Белай ружы” – сапраўднага сялянскага шчаўлёвага баршчу з яйкам ды сьмятанай, нічога кітайскага ўжо не хацелася – бо на сьвеце хіба няма нічога смачнейшага за гэты шчаўлёвы боршч.

Якраз у дзень майго прыезду ў Гайнаўцы выпаў першы сьнег. Падалося, што ён схаваў апошнюю розьніцу паміж вуліцамі Гайнаўкі ды, прыкладам, Ліды, якія, здаецца, неяк недарэчна апынуліся па розных бакох мяжы.

Трохі прысыпала і помнік белавескаму зубру, што стаіць ў скверы насупраць будынку мэрыі. Побач, на пастамэнце, замест колішняга савецкага танку, цяпер стаіць крыж. Каля яго – кветкі, таксама пакрытыя першым сьнегам…

Перад ад’ездам паглядзеў на ўвесь горад з моста. Гэтыя два дні я не пачуваўся тут чужым – амаль усе мае суразмоўцы гаварылі па-беларуску.
XS
SM
MD
LG