Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мар’іна Горка


Ягор Маёрчык, Мар’іна Горка

Расповед пра Мар’іну Горку трэба пачынаць з гарадзкіх могілак, на самай высокай кропцы якіх я зараз і стаю. Сымбалічна, што людзі ўжо некалькі стагодзьдзяў заканчваюць свой зямны шлях там, дзе нарадзілася іхнае мястэчка. Менавіта тут знаходзіўся паганскі храм, у якім на Мар’ін дзень адбываліся сьвяточныя ўрачыстасьці. Адсюль і назва паселішча.

А раён, цэнтрам якога паселішча зьяўляецца, — Пухавіцкі. Гэтае тапанімічнае дзіва чытаецца на кожным кроку. Пухавіцкі райвыканкам, Пухавіцкі раённы дом культуры, рэдакцыя газэты “Пухавіцкія навіны”. Вось толькі Асобная брыгада спэцыяльнага прызначэньня паветрана-дэсантных войскаў вядомая на ўсю Беларусь як Мар’інагорскі спэцназ.

Мар’іна Горка прачынаецца і засынае пад гукі перастукаў колаў і рэек. Праз чыгуначную станцыю, што ў цэнтры гораду, за суткі праходзяць дзясяткі цягнікоў і электрычак.

Тым часам горад жыве сваім нялёгкім жыцьцём. Прыкладам, дзіцячая і юнацкая спартовая школа ня мае свайго памяшканьня. Ейнае кіраўніцтва разам з адзіным у Беларусі шашачным клюбам месьціцца ў двухпавярховым бараку, а дзеці трэніруюцца ў спартовых залях навучальных установаў — позьнім вечарам, па сканчэньні заняткаў.

Дырэктар школы Юры Беразовіч кажа, што галоўная праблема — фінансаваньне. Ён скардзіцца:

(Беразовіч: ) “Летась мы не атрымалі ніводнага рубля на спартовую экіпіроўку і інвэнтар. Шмат якія спаборніцтвы, якія праводзіліся ў горадзе Менску, — трэнэры садзіліся разам зь дзецьмі ды ехалі за свой кошт. Аднадзённыя спаборніцтвы — гэта натуральна. Шматдзённыя — выступілі, прыехалі дахаты пераначавалі, селі на цягнік... Вось так два–тры дні каталіся. За такі заробак, які атрымліваюць у нас трэнэры, — 70 тысяч — сюды ідуць людзі, якія адданыя спорту. Мы будзем удзельнічаць у спаборніцтвах нават пры тым, што ў нас няма грошай. Калі мы гэтую працу кінем, значыць, нічога мы ня вартыя. Прэзыдэнт Штатаў Ніксан сказаў: “Твар нацыі — гэта алімпійскія чэмпіёны і касманаўты”.

Спадар Беразовіч кажа, што можна было б спадзявацца на дапамогу мясцовага бізнэсу. Але...

У Пухавіцкім раёне сваю справу маюць блізу трох тысяч чалавек. Прыватнай вытворчасьці няма. Амаль усе гандлююць на рынку. Прадпрымальнікі іранізуюць, што першымі сутыкнуліся з абяцанай лібэралізацыяй у эканоміцы. Мясцовы распажыўсаюз, іхны асноўны канкурэнт, ультыматыўна дамагаецца ад гандляроў уступленьня ў свае шэрагі ды ўплаты сяброўскіх складак. У адваротным жа выпадку пагражае пазбавіць месцаў на рынку.

(Прадпрымальнік: ) “Пачалося з таго, што дырэктар райспажыўсаюзу хадзіў па рынку, і тое, што яму з тавараў не падабалася, літаральна скідваў на зямлю. Проста казаў, што прыйшоў загад і ён дзейнічае паводле загаду”.

(Другі прадпрымальнік: ) “Прадпрымальніцтва — гэта цяжкі варыянт. Жыцьцё прымусіла пайсьці на такія справы, каб вырасьціць унукаў, падняць сям’ю. Прыходзіцца неяк круціцца. Сорамна стаяць чалавеку сталага ўзросту і выгандлёўваць нейкія грашы”.

(Першы прадпрымальнік: ) “Во за гэты год шмат было падвышэньняў цэнаў на ўезд і арэнду. Безь ніякай прычыны. Хаця ўмовы не палепшыліся. Шмат абяцаюць і мала што робяць. Адна мэта — сабраць грошы”.

Гандляры баяцца, што хутка згубяць апошніх пакупнікоў: жыхары мястэчка няспынна бяднеюць.

Што людзі бяднеюць, пацьвярджае і сьлесар прадпрыемства “Мар’інагорскія выбары” Сяргей Шынкарэнка. У заводзкім цэху ля фрэзэрнага станка ён распавядае пра дабрабыт простага люду:

(Шынкарэнка: ) “Заробак тысяч 150. Да 100 даляраў не дацягвае. У горадзе такіх прадпрыемстваў няшмат. Туды ўладкавацца на працу вельмі цяжка. Бюджэтнікі зарабляюць меней — можа, тысяч 70–80. Паляпшэньня жыцьця няма. Бачна па коштах у краме: малако падаражэла, хлеб падаражэў, курс даляру скача, падвышэньне пэнсіяў не пасьпявае за цэнамі ў крамах. Народ выжывае тым, што амаль у кожнага ёсьць надзел зямлі. У каго бацькі ў вёсцы (вось зараз зіма, пачалі біць кабаноў) — дапамогуць сьвежыной. Выжываюць, як кажуць, з худога на беднае. Жыцьцё ў гэтым годзе ў лепшы бок не зьменіцца”.

Акрамя ўласных палеткаў выжыць людзям дапамагаюць грыбы ды ягады. Па занесенай сьнегам дарозе я еду на мясцовае вадасховішча. Некалькі гадоў таму да сьпісу “гуманітарнай дапамогі” ад прыроды можна было дадаць і рыбу. Аднак мар’інагорскія ўлады абнесьлі вадасховішча агароджай, паставілі варту з сабакамі й вырашылі браць немалыя па тутэйшых мерках грошы — 5 тысяч рублёў — за дазвол парыбачыць. І цяпер на бялюткім полі замерзлае вады сядзяць 2–3 аматара мармышкі, якім гэтая такса па кішэні. Свавольствамі вэртыкалі абураюцца мясцовыя рыбакі, сярод якіх і Мікалай Усьціменка:

(Усьціменка: ) “Яны ўзялі сабе гэтае возера. Пачалі як бы яго акультурваць. Толькі размовы пра тое, што там ідзе нейкае зарыбленьне. І гэтае акультурваньне прывяло да таго, што рыба там перастала наогул лавіцца. Мёртвае возера: ня ўбачыш, каб рыба дзе-небудзь скакнула. Трэба, каб улады не выкарыстоўвалі гэтае возера ў асабістых мэтах, каб усё ішло на карысьць людзям. Гэта галоўнае — думаць пра людзей, якія выміраюць зараз”.

У барацьбе за больш-менш годнае існаваньне культура лічыцца ў мястэчку чымсьці другарадным. Але ў Доме культуры дзейнічаюць мастацкая галерэя і народны тэатар. Я сустрэўся зь ягонай рэжысэркай Натальляй Румшэвіч, каб даведацца пра тэатральнае жыцьцё ў Мар’інай Горцы.

(Румшэвіч: ) “Робім пастаноўку Фэдэрыка Гарсія Лоркі “Дом Бэрнарды Альбы”. У Гішпаніі невялікае паселішча. Сям’я Бэрнарды крыху на вышэйшым узроўні, чым астатнія жыхары. Сваіх пяцёх дачок трымае ў старых традыцыях. Малодшая канчае жыцьцё самагубствам. Нават гэта не ратуе Бэрнарду ад сваіх поглядаў патрыярхальнага рэжыму”.

(Карэспандэнт: ) “П’еса вельмі, як я пагляджу, падыходзіць і да нашага жыцьця...”

(Румшэвіч: ) “Вельмі падыходзіць! Па ўзроўню жыцьця падыходзіць, па адзіноце жанчыны — таксама. Сёньня жанчына павінна вырашаць лёс свой і сваіх крэўных. Калектыў наш — прафэсіяналаў няма ніводнага. Узрост розны: ад 14 да 78 гадоў. Пэнсіянэры, студэнты, прадаўцы, са сфэры харчаваньня”.

(Карэспандэнт: ) “У савецкі час росквіту тэатра ў ім гралі такія людзі як першы сакратар райкаму партыі...”

(Румшэвіч: ) “Так”.

(Карэспандэнт: ) “...кіраўнік аддзелу культуры. Ці можна ўявіць зараз кіраўніцтва Пухавіцкага раёну на сцэне народнага тэтру?”

(Румшэвіч: ) “Іх у залі ня надта ўбачыш. Бываюць на нейкіх датах, юбілеях, на сельска-гаспадарчых мерапрыемствах, а ў тэатар — не”.

Зрэшты, ёсьць да мясцовых уладаў і больш сур’ёзныя прэтэнзіі, чым абстрагаванасьць ад культуры. Да традыцыйных правінцыйных праблемаў (якасьць хлеба, праца рэйсавых аўтобусаў) дадаецца яшчэ адна, самая галоўная. У Мар’інай Горцы вельмі цяжка памыцца. Гарачую ваду падаюць у кватэры-хрушчоўкі толькі выходнымі. Астатні час, асабліва ўзімку, у месьцічаў няма іншых варыянтаў, як ісьці ў грамадзкую лазьню.

Я знаходжуся ў самым папулярным месцы ў горадзе. Маленькае абшарпанае збудаваньне больш падобнае на склад, а не на лазьню. Наведнікі характаразуюць яе выразамі “пастаянна перапоўненая”, “вялікія чэргі”, “адсутнасьць элемэнтарнага камфорту”. Так і ёсьць, у вэстыбюлі чарга на некалькі дзясяткаў чалавек.

(Наведнік лазьні: ) “Людзі з шасьці раніцы займаюць чаргу, каб памыцца ў лазьні. Ты туды не ўваб’есься”.

(Другі наведнік: ) “Лазьні гэтай ужо 100 гадоў. Яна дваццаць разоў рамантавалася”.

(Карэспандэнт: ) “А калі абяцаюць новую пабудаваць?”

(Першы наведнік: ) “Мабыць, няхутка. Ну вось можаце зайсьці за рог і паглядзець: там толькі сьцены”.

І праўда, побач са старой лазьняй будуецца новая. Другое дзесяцігодьдзе справа ня рухаецца далей за цагляныя сьцены, якія жыхары навакольных дамоў (як толькі прыпыняецца будаўніцтва) разьбіраюць на свае гаспадарчыя патрэбы. Для параўнаньня: новы двухпавярховы дом старшыні Пухавіцкага райвыканаму Генадзя Шахлевіча будаваўся лічаныя месяцы.

Мар’іна Горка — гэта клясычны горад-спадарожнік. Да Менску 63 кілямэтры, крыху больш за гадзіну на электрычцы. Натуральна, што людзі шукаюць лепшай долі там. Кадры гэтак актыўна пачалі зьбягаць з раёну, што кіраўнік тамтэйшай вэртыкалі ўвёў сваім загадам сапраўднае прыгоннае права: чалавек ня можа звольніцца з працы без дазволу мясцовых уладаў.

Але будаўнікі, трактарысты, сьлесары, сантэхнікі абыходзяць перашкоду на шляху да працы ў Менску. Пацьверджаньне гэтаму — шматлюдныя ранішнія паломніцтвы на чыгуначную станцыю й бітком набітыя вечаровыя электрычкі са сталіцы.

Штодзённыя паездкі ў Менск, як прызнаецца эканаміст Валянцін Доўнар, раскрылі яму вочы на палітычную сытуацыю ў Беларусі.

(Доўнар: ) “У Менску працуе шмат людзей. На электрычцы раніцай едуць практычна поўныя пасадачныя плятформы. Я ежджу з пачатку 1992 году. Мабыць гэта паспрыяла таму, што я стаў распаўсюднікам газэтаў “Наша свабода” і “Рабочы”. Яны попытам карыстаюцца, калі задарма. “Наша Ніва”, “Наша свабода”, “Наша слова”, “Народная Воля” — асабіста я выпісваю гэтыя газэты. Яны ідуць ад мяне, як з хаты-чытальні”.

Газэты, прывезеныя зь Менску, парушаюць інфармацыйны перакос, створаны радыёкропкай, дзяржаўнай тэлевізіяй і раённай газэтай “Пухавіцкія навіны”. Зь нядаўняга часу канкурэнцыю апошняй складае і выданьне “Павятовая газэта” з накладам 2 тысячы асобнікаў. Заснавальнік і галоўны рэдактар Алесь Васьковіч кажа, што па сваёй канцэпцыі яна нічым ня розьніцца ад дзясяткаў такіх жа мясцовых друкаваных мэдыяў, што выходзяць у краінах Эўропы.

(Васьковіч: ) “Павятовая”, бо межы, у якіх яна выходзіць, — гэта Пухавіцкі, Чэрвеньскі й Узьдзенскі раёны, тэрыторыя былога Ігуменскага павету. Газэта разьлічаная на шырокае кола чытачоў. Акцэнт мы робім на мясцовыя навіны, сацыяльную праблематыку. Будзем трымацца гэтай пазыцыі: падымаць сацыяльныя праблемы, каб зьвярнуць увагу — каб яны нейкім чынам вырашаліся. Хачу, каб газэта стала люстэркам жыцьця: эканоміка, палітыка, культура, спорт, прыватныя абвесткі, кошты на рынках. І зрабіць яе карыснай для людзей, каб людзі маглі пабачыць сябе ў гэтай газэце”.
XS
SM
MD
LG