Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывецца людзям у Полацку і Наваполацку?


Вінцэсь Мудроў, Сяржук Сокалаў-Воюш, Полацак-Навап

(Сокалаў: ) “У Полацак я прыехаў раніцой. Восеньскі дождж, які ад пачатку захінуў быў сымбаль гэтага самага старажытнага места Беларусі – Сафійскі сабор – раптоўна адступіў, і з-за хмараў паказалася сонца. Затрымаўшыся на паркінгу, каб яшчэ раз агледзець першую беларускую сталіцу з вышыні мосту праз Заходнюю Дзьвіну, я заўважыў трох падлеткаў, якія, сьціснуўшыя ад ранішняй золі, шыбавалі да мяне зь вёдрамі і анучамі.

– Памыць? – запытаўся кіўнуўшы на машыну старэйшы.
– Бадай што не, а вось пагаварыць за той самы кошт можам.
– Можам і пагаварыць, – адказаў хлопец залазячы ў цёплы салон легкавіка.

(Іваноў:) “Мяне завуць Іваноў Ільля, я вучуся ў 9-м клясе”.

(Сокалаў-Воюш:) “Чаму ты выходзіш сюды працаваць?”

(Іваноў:) “Я тут працую, зарабляю грошы тым, што мыю машыны. У нас цяпер вакацыі і хацелася б зарабіць”.

(Сокалаў-Воюш:) “І колькі ты зарабляеш?”

(Іваноў:) “У далярах прыблізна 10 даляраў на дзень, а ў рублях 15-16 тысячаў”.

(Сокалаў-Воюш:) “Гэта за адну памыўку атрымліваецца?”

(Іваноў:) “Дзьве-тры тысячы”.

(Сокалаў-Воюш:) “І вас трое. Вы тады пароўну дзеліце?”

(Іваноў:) “Пароўну”.

(Сокалаў-Воюш:) “А ёсьць такія, дзе не пароўну дзеляць?”

(Іваноў:) “Ёсьць. Самае вялікае было ўчора – 15 тысячаў зарабілі”.

(Сокалаў-Воюш:) “Што вы зь імі зрабілі?”

(Іваноў:) “Палову прайгралі на кампутарах, а палову – праелі”.

(Сокалаў-Воюш:) “Бацькі ня супраць таго, што ты прыходзіш сюды?”

(Іваноў:) “Не”.

(Сокалаў-Воюш:) “Яны толькі “за”. Яны думаюць, што ты будзеш пры справе?”

(Іваноў:) “Так”.

(Сокалаў-Воюш:) “А яны ведаюць, што ты паліш?”

(Іваноў:) “Так”.

(Сокалаў-Воюш:) “І спакойна да гэтага ставяццв?”

(Іваноў:) “Так”.

(Сокалаў-Воюш:) “У часы калі трэба ісьці ў школу ты прыходзіш сюды?”

(Іваноў:) “Не”.

(Сокалаў-Воюш:) “А ёсьць такія, што прыходзяць сюды калі...”

(Іваноў:) “Некаторыя вучацца ў другую зьмену, вось яны на першай зьмене мыюць”.

(Сокалаў-Воюш:) “У бацькоў грошы не хапае?”

(Іваноў:) “Занадта часта просім”.

(Сокалаў-Воюш:) “Яны зарабляюць мала?”

(Іваноў:) “Так”.

(Сокалаў-Воюш:) “А іншыя дзеці чым займаюцца? Альбо ім даюць дома грошы?”

(Іваноў:) “Дык яны ня ведаюць, напэўна, проста пра гэта. Яны б таксама зацікавіліся б”.

(Сокалаў-Воюш:) “А яны чым-небудзь займаюцца яшчэ?”

(Іваноў:) “Ну, на трэніроўкі ходзяць. Я адхадзіў ужо шэсьць гадоў на хакей. Выгналі, бо палю”.

(Сокалаў-Воюш:) “А ці даўно ты паліш?”

(Іваноў:) “Так, даўно”.

(Сокалаў-Воюш:) “А тут яшчэ адна кампанія падыходзіла. Гэта вашы канкурэнты?”

(Іваноў:) “Канечне. Яны звычайна на кірмашы мыюць. Зараз мы іх будзем выганяць”.

(Сокалаў-Воюш:) “Сярод вас ёсьць дзеці, якія гаварылі б па-беларуску?”

(Іваноў:) “На гэты час няма”.

(Сокалаў-Воюш:) “Няма, але...”

(Іваноў:) “Маглі б”.

(Сокалаў-Воюш:) “А ты што-небудзь памятаеш са школьнай праграмы?”

(Іваноў:) “Ну, вось нядаўна вучылі верш. Урыўкі з “Сымона-музыкі”.

(Сокалаў-Воюш:) “А хто “Сымона-музыку” напісаў памятаеш?”

(Іваноў:) “Ой, прабачце”.

(Сокалаў-Воюш:) “А каго зь беларускіх пісьменьнікаў памятаеш?”

(Іваноў:) “Броўка, Колас, Скарына. Ну, іх вельмі шмат”.

(Сокалаў-Воюш:) “Ці чуў ты ў горадзе пра апазыцыю якую-небудзь. Вось, Малады фронт, Зубар?”

(Іваноў:) “Не”.

(Сокалаў-Воюш:) “Ну, бачыў, напэўна, надпісы на платах”

(Іваноў:) “Так, так”.

(Сокалаў-Воюш:) “А можа быць нехта з вашай клясы, з тваіх знаёмых, зьвязаны з такімі арганізацыямі?”

(Іваноў:) “Я ня ведаю, але, напэўна, не”.

(Сокалаў-Воюш:) “А што бацькі твае гавораць? Дома гавораць пра палітыку?”

(Іваноў:) “Не”.

(Сокалаў-Воюш:) “Гавораць як жыць становіцца – лягчэй? Цяжэй?”

(Іваноў:) “Так”.

З вокнаў полацкіх будынкаў добра відаць наваполацкія. Адно з самых маладых беларускіх местаў штогод набліжаецца да свайго старажытнага суседа на 1-2 будынкі і хаця псыхалёгія адных месьцічаў адрозьніваецца ад іншых, праблемы, якія стаяць перад абодвума местамі, досыць падобныя, і найлепш пра іх ведае мясцовая апазыцыя, пра якую мой папярэдні суразмоўца Ільля Іваноў нават ня чуў.

Да сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі яшчэ заставаўся час, і мы з маім калегам Вінцэсем Мудровым паехалі ў Полацкую мастацкую школу, дзе яшчэ колькі гадоў таму выкладаньне вялося па-беларуску. Праехаць праз цэнтар Наваполацку было немагчыма. Аточаны кардонамі праваахоўнікаў пляц нагадваў відэакадры зь менскіх дэманстрацыяў апазыцыі. Але прычына на тое была іншая. Над галавой траскатаў гэлікоптар – у места прыбываў Аляксандар Лукашэнка.

Дырэктарка Мастацкай школы Натальля Анцімонава на пытаньне пра беларускамоўную адукацыю ў Полацку адказала наступнае:

(Анцімонава: ) “Мы выкладалі па-беларуску, але летась сутыкнуліся з такой праблемай, што гэта немагчыма. І не таму, што мы ня хочам, а проста дзеці мовы не разумеюць. Іх немагчыма вучыць. Яны не разумеюць таго, што ты ім кажаш.

Раней, калі яны прыходзілі, яны не маглі размаўляць, але яны слухалі, ім было цікава, яны падключаліся і з задавальненьнем маглі адказваць па-беларуску, бо гэта для іх як бы была гульня, то цяпер, калі ты зь імі размаўляеш па-беларуску, яны проста не разумеюць ніводнага слова”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Якім чынам агульная атмасфэра адбіваецца на творчасьці?”

(Анцімонава: ) “Калі размова ідзе пра дзяцей і працэс навучаньня – гэта перш за ўсё залежыць ад выкладчыка, пэдагога – што ён ім дае, што ён ім выкладае, тое і адбіваецца на іхных творах. Іншая справа, што ўсё больш складана знайсьці чалавека, які хацеў бы працаваць у школе і працаваць на такім узроўні, які патрабуецца. Усе тыя людзі, якія нешта могуць зрабіць і нечага вартыя, яны проста ня йдуць у школу – ім гэта ня трэба.

(Мудроў: ) “А ўвогуле мастацкае жыцьцё ў горадзе ў параўнаньні з пяцігадовай даўніной...”

(Анцімонава: ) “Пяць гадоў таму было больш людзей, зьвязаных з мастацтвам, таму гэта можа быць крыху іначай выглядала. Зараз яны зьехалі, а іхныя нішы так і засталіся пустымі. Проста ў такіх малых гарадах таленавітаму чалавеку няма чаго рабіць. Зараз такая сытуацыя, што кожны кінуты на волю лёсу. Што зможаш сам – тое і тваё. Гэта ж усё таксама бакі культуры.

Такім чынам, законы на выжываньне ўжо капіталістычныя, а цывілізацыя наша на ўзроўні першабытным. Таксама свабоды не хапае і гэта адчуваецца”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Што значыць не хапае свабоды? Мастак сядае, зачыняецца недзе і малюе. Ніякіх перасьледаў супраць мастацтва няма”.

(Анцімонава: ) “Ну, вось ён намаляваў – і што? А што яму есьці, калі грамадзтва ня мае патрэбы ў ягоных творах. Гэта ж таксама несвабода”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А ці бярэ мастацкая школа ўдзел у грамадзкім і палітычным жыцьці гораду?”

(Анцімонава: ) “Я думаю, што тое, што ў нас вучыцца 150 дзяцей з нашага гораду – яны ж ня зь неба – гэта ж і ёсьць сапраўднае грамадзкае жыцьцё.

Адной маме я сказала: “Ведаеце, ваш сын ня дужа хоча маляваць. Ён прыходзіць проста, каб выседзіць час”. А яна адказвае: “А мяне гэта задавальняе. Я хачу, каб ён прыходзіў і выседжваў час, а не цягаўся па вуліцы”.

Яны прыходзяць і 12 гадзінаў на тыдзень сядзяць тут. Нават калі яны нічога не навучацца маляваць – яны сядзяць у прыстойным памяшканьні, зь імі па-чалавечы размаўляюць, усе іх любяць, і яны адчуваюць сябе людзьмі – і гэта асноўная карысьць ад мастацкай школы”.

Нягледзячы ні на што, творчае жыцьцё ў Полацку-Наваполацку не спыняецца. Найчасьцей яно трымаецца на самаахвярнасьці асобаў – музыкаў, сьпевакоў, пісьменьнікаў. Да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся, а пакуль да, так бы мовіць, глябальнай праблемы, у сувязі зь якой і прыехаў у Наваполацак Аляксандар Лукашэнка. Пра гэта мы гаворым з сябрам Сойму БНФ Уладзімерам Кунцэвічам.

(Сокалаў-Воюш: ) “Сёньня Наваполацак наведаў Аляксандар Лукашэнка. Ці заўважыў горад ягоны візыт?”

(Кунцэвіч: ) “Заўважыў. На адной з дарог зьявілася разьметка, прыбраўся хмызьняк, наводзіўся парадак. Гэта адзін са станоўчых момантаў. Калі прыяжджае Лукашэнка, то падмятаюць адну з вуліцаў. Адну толькі. На жаль. Каб ён кожны месяц прыяжджаў на адну з вуліцаў, дык можа прыбралі б увесь горад. Гэта станоўчы момант, а астатнія... Я думаю, што нават афіцыйны друк ня дасьць вялікіх станоўчых вынікаў гэтай паездкі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць нейкая небясьпека для прамысловага комплексу гораду, для існаваньня гораду далей, ці яна неяк зьвязаная з візытам Лукашэнкі?”

(Кунцэвіч: ) “Паколькі асноўная структура прамысловасьці ў нас гэта – нафтава-хімічны комплекс, то натуральна, што зараз ён працуе ня так эфэктыўна, як раней і на будучыню праца гэтага комплексу зьвязаная зь вялікімі інвэстыцыямі. Бяз гэтых інвэстыцыяў комплекс эфэктыўна працаваць ня здолее, таму што ўжо зараз сабекошт гэтай прадукцыі такі вялікі, што неўзабаве ўся гэтая прадукцыя будзе неканкурэнтнааздольнай нават на расейскім рынку. Зараз патрэбныя грошы. Натуральна, што вялікіх заходніх інвэстыцыяў сюды ня будзе, пакуль будзе існаваць гэты рэжым. А сам Лукашэнка, нават ён разумее, што заводы павінны працаваць эфэктыўна дзеля таго, каб ягоны рэжым існаваў яшчэ пэўную колькасьць часу, і таму ёсьць небясьпека, што расейскі капітал сюды ўсё ж прыйдзе. Але рэч у тым, што гэта будзе толькі пэўнае паднаўленьне гэтых прадпрыемстваў, якія дадуць палёгку, каб завалодаць пэўным кавалачкам гэтай вытворчасьці. Пакуль ідуць рэканструкцыі на буйнейшых НПЗ ў Расеі, трэба каб наш НПЗ працаваў. Як толькі там гэтыя ўсе рэканструкцыі закончацца, на гэтым заводзе расейцы паставяць крыж. Ён будзе абсалютна непатрэбны. Ён будзе ўжо тады канкурэнтам для іхнай прадукцыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як і прадказваў мой суразмоўца, афіцыйны друк вялікіх станоўчых вынікаў прыезду Аляксандара Лукашэнкі ў Наваполацак ня даў. Пытаньні гарадзкой прамысловасьці разглядаліся толькі ў сувязі з сёньняшняй сытуацыяй, але пра далёкія наступствы акцыянаваньня нафта-хімічнага комплексу, пра што гаворыць мясцовая апазыцыя, нават ня згадвалася.

Тым часам прадстаўнікі апазыцыі стараюцца данесьці свой погляд на падзеі ня толькі да месьцічаў, але і да жыхароў рэгіёну. Якім чынам? Уладзімер Кунцэвіч працягвае”.

(Кунцэвіч: ) “Шэраг арганізацыяў выдаюць свае інфармацыйныя бюлетні. Трэба паспрабаваць павялічыць іхны наклад і стала завязацца на мясцовых людзей і стала пашырыць сетку распаўсюджваньня гэтых інфармацыйных матэрыялаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А якім чынам ствараецца мясцовая суполка ў вёсцы?”

(Кунцэвіч: ) “Адзін з варыянтаў такі: прыяжджае нехта зь беларускамоўных выканаўцаў (людзям гэта падабаецца) і кажа: “Можа ў вас тут ёсьць людзі, якія зацікаўленыя, каб канцэрты былі тут часьцейшыя, ці каб школьнікі былі да гэтага далучаныя”. Гэта бываюць настаўнікі... у асноўным нехта зь мясцовай інтэлігэнцыі, якія бяруць на сябе адказнасьць, у якіх баліць душа за тое, што гібее.

Так было на Расоншчыне ў вёсцы Забор’е, калі там пасьля канцэрту стварылася суполка ТБМ. Так было ва Ўшачах – там стварылася арганізацыя БНФ”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А тое, што мы пра гэта кажам, гэта нармальна? Тут няма ніякай выдачы сакрэтаў”.

(Кунцэвіч: ) “Натуральна, што я сказаў ня ўсё”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Закранутае сябрам Сойму БНФ Уладзімерам Кунцэвічам пытаньне пра мясцовы незалежны друк мы абмяркоўваем далей са Старшынём Рады грамадзкага аб’яднаньня культурніцка-асьветніцкай ініцыятывы “Ўсяслаў Чарадзей” Васілём Храмцовым”

(Сокалаў-Воюш: ) “Ваша арганізацыя брала ўдзел у выбарах?”

(Храмцоў: ) “На плячах арганізацыі ляжала істотная праца – мясцовы і рэгіянальны незалежны друк. Гэта па-сутнасьці адзін з асноўных накірункаў у працы арганізацыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Яна і цяпер працягвае гэтым займацца?”

(Храмцоў: ) “Яна працягвае гэтым займацца нягледзячы на перашкоды з боку і мясцовых уладаў, і абласных уладаў, і рэспубліканскіх”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вось гэты друк, на колькі ён пашыраны – гэта адна газэта, ці адзін часопіс?”

(Храмцоў: ) “На дадзены момант мы дапамагаем 34-м мясцовым рэгіянальным выданьням. Адны могуць выходзіць чатыры разы на месяц, іншыя – раз на тры месяцы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І геаграфія ахопу гэтымі выданьнямі рэгіёну як выглядае?”

(Храмцоў: ) “Пераважна гэта заходняя частка Віцебскай вобласьці”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Васіль, вы згадалі пра перашкоды з боку ўладаў. У чым яны выяўляюцца?”

(Храмцоў: ) “ Мы на працягу двух месяцаў прайшлі дзьве фінансавыя праверкі”.

(Мудроў: ) “Прайшлі яны пасьпяхова?”

(Храмцоў: ) “Дзякуй Богу пасьпяхова”.

(Мудроў: ) “А якія ў вас пляны на будучае?”

(Сокалаў-Воюш: ) “І ці ёсьць падставы гаварыць пра аптымізам?”

(Храмцоў: ) “Ёсьць. Калі гаварыць пра асноўны накірунак, які мы мы выбралі – гэта дапамога мясцоваму і рэгіянальнаму друку – то на працягу гэтага году ўзьнікла шэсьць новых рэгіянальных выданьняў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Не апошняе месца сярод праблемаў Наваполацку некалі займала пытаньне экалёгіі. Менавіта экалягічныя праблемы нарадзілі тут дэмакратычны рух. Сярод першых змагароў за чысьціню навакольнага асяродзьдзя быў і мой сёньняшні суразмоўца. Васіль, на колькі востра цяпер стаіць гэтая праблема і ці цікавяцца ёй людзі?”

(Храмцоў: ) “На жаль, жыхары гораду экалягічным пытаньнем на гэты момант не цікавяцца. Але сама праблема, я лічу, стала больш войстрай. Проста ў выніку нашага ладу жыцьця, большасьць людзей ужо не зьвяртаюць на гэта ўвагу”.

Як жа выжываюць ва ўмовах падзеньня вытворчасьці і павелічэньня забруджанасьці навакольнага асяродзьдзя жыхары Полацку і Наваполацку? Я глядзеў у мокрае ад дажджу вакно на слаба асьветленыя вуліцы абодвух местаў і думаў пра чарговыя сустрэчы зь іхнымі жыхарамі, а недзе высока ў небе балбатаў гэлікоптар – гэта Аляксандар Лукашэнка пакідаў праблемны рэгіён.
XS
SM
MD
LG