Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывецца людзям у Крупках?


Ягор Маёрчык, Крупкі

Крупкі знаходзяцца ад сталіцы Беларусі за 121 кілямэтар. Калі дабірацца электрычкай, гэта зойме дзьве з паловай гадзіны. Пакуль ідзе цягнік, я распавяду вам пра горад.

Крупкі — гэта цэнтар раёну ў Менскай вобласьці. Вядомы з XVI-га стагодзьдзя як мястэчка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Тамтэйшыя краявіды Алесь Смоліч некалі назваў “малым Палесьсем” — балоты, нізіны, лясы. Тут жа праходзіць водападзел паміж Чорным і Балтыйскім марамі.

Крупскі раён — сельска-гаспадарчы. У цэнтральных дзяржаўных газэтах яго збольшага ўзгадваюць, таму што дасягнуў узроўню эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця ўзору векапомнага 1990 году. Вось, уласна кажучы, і ўсё.

Прыехалі. Чыгуначная станцыя носіць аптымістычны назоў “Новае жыцьцё”. Разам з гэтым самі крупчукі зьедліва кажуць: “Некалі тут спыніўся лядовік. Ды вось — як спыніўся, з тых часоў нічога не мяняецца”.

Ужо зь першых крокаў я разумею, што мястэчка жыве небагатым жыцьцём. Напачатку мінулага стагодзьдзя ў Крупках працавала запалкавая фабрыка, якая экспартавала сваю прадукцыю нават у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Пазьней яе пераўтварылі ў дрэваперапрацоўчы камбінат. Цяпер ягонае кіраўніцтва ламае галаву, з чаго плаціць заробкі. І нават часткова перайшло на разьлік натуральнымі прадуктамі. Пра гэта мне паведаміў галоўны інжынэр ДОКу Іосіф Рэут:

(Рэут: ) “Цяжкасьці вялікія ў адсутнасьці абаротных сродкаў, таму што энэрганосьбіты растуць, сыравіна расьце, а ў нас фіксаваныя цэны — ня болей як 3% у квартал. Пакуль трымаемся, але сальда адмоўнае — больш як 40 мільёнаў”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі атрымлівае звычайны рабочы?”

(Рэут: ) “Да ста даляраў натуральна далёка. Сярэдні заробак — 76 тысяч. Гэта ня шмат. З калгасаў па бартэру аддаем мэблю, атрымліваем гародніну. Восеньню выдалі па 50 кіляграмаў капусты”.

Супрацьлегласьць занядбаным дзяржаўным прадпрыемствам — фэрмэрская гаспадарка Васіля Баравулі. Ён мае 43 гектараў зямлі і ліцэнзію на гандаль лесам, плаціць прыстойныя (па крупскіх мерках) заробкі. Уладкавацца да яго на працу практычна немагчыма. Хутка гаспадарка Васіля Баравулі адсьвяткуе дзесяцігодзьдзе з дня ўтварэньня. У размове са мной ён падводзіць вынікі апошніх гадоў і дзеліцца жыцьцёвымі назіраньнямі:

(Баравуля: ) “Я быў першым сакратаром райкаму камсамолу. Калі я пайшоў у фэрмэры, для ўсіх гэта быў шок. Тое, што мне дало фэрмэрства, — я свабодны чалавек. Я адказваю за свае словы, дзеяньні і ўчынкі. Маё стаўленьне да калгасаў і саўгасаў архе-архе-архенядобрае. Настолькі гэтая сыстэма прагніла, што яна ня тое што сельскую гаспадарку, яна ўсю рэспубліку цягне за сабой. Калгасы і саўгасы не дадуць мяса і малака. Не накормяць народ, але 80% галасоў на выбарах яны дадуць.

Я бачыў, куды мы ідзем. Але я думаў, што ў нас будзе, як у краінах былога сацыялістычнага лягеру. Я памыліўся ў сваіх прагнозах. Я ня думаў, што ў такім дзярме прыйдзецца калупацца 10 гадоў. Эканоміка ўжо падышла да такога тупіку. Сёньня патрэбны здаровы сэнс. Дзяржава павінна стварыць правілы гульні ў эканоміцы, як у дурня — простыя і зразумелыя ўсім. А яна стварыла правілы гульні ў прэфэранс і сама не разьбіраецца ў гэтай гульні”.

Галоўная паўсядзённая праблема ў Крупках — гэта хлеб. Заходжу ў краму, што на цэнтральным пляцы, і чую ад выпадковага пакупніка:

(Пакупнік: ) “Які хлеб? Вельмі дрэнны! Калі я гэта хлеб зьем хоць кавалачак, я тры дні хварэю. Ізжога. Калі жодзінскага хлеба няма, я бяру пернікі, батон. І крупнік прызвычаўся есьці з батонам, але крупскі хлеб не бяру. Я паміраю тады”.

Тое, што хлеб апошнім часам сапраўды стаў вельмі дрэнным, пацьвярджае і Ала Сьмірнягіна, якая 30 год працавала ў мясцовай пякарні. Ейную прадукцыю неаднаразова вазілі на шматлікія выставы дасягненьняў народнай гаспадаркі. Спадарыні Сьмірнягінай тым больш балюча тлумачыць прыроду “хлебнай праблемы”.

(Сьмірнягіна: ) “Пякарня старая ўжо. Там ужо печы дрэнныя. Дабітая гэтая пякарня, зусім дабітая. Мы ўвесь час жодзінскі хлеб ямо, а гэты — кіслы. Мука жытнёвая. Ну а там бог яго ведае, якая яна, гэтая мука, што там у гэтай муцэ. Ну як няма ніякага, дык і гэты бяром ды ямо. А што ж рабіць? Трэба ж нейкі браць. Праўда? Бяз хлеба не пражывеш”.

Зрэшты, ёсьць да крупскіх уладаў іншыя прэтэнзіі, акрамя якасьці хлеба. Паказальны факт: людзі ў Крупках баяцца, што іх залічаць у апазыцыянэры. Яны напужаныя да такой ступені, што пры сустрэчы з тамтэйшымі актывістамі дэмакратычных партыяў часам пераходзяць на іншы бок вуліцы.

Прычына гэтага ў тым, што вэртыкаль надта актыўна падтрымлівалі Аляксандра Лукашэнку падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Не супакоіліся яны й пасьля выбараў. Настаўніка адной з крупскіх школаў Андрэя Аляхновіча звольнілі за тое, што ён распавядаў вучням непрыемныя для чыноўнікаў гістарычныя факты зь мінулага сваёй Бацькаўшчыны.

Віктар Апалінскі, журналіст раённай газэты “Крупскі весьнік”, згубіў працу пасьля таго, як паспрабаваў напісаць праўду пра стан сельскай гаспадаркі замест артыкула. Пра лайдакоў-мэханізатараў і небараку-кіраўніку калгасу.

(Апалінскі: ) “Пісаць трэба ўсё добрае. У нас дрэннага, аказваецца, у раёне нічога няма. А зрабі крок налева, направа і кругом усё дрэннае, а паказваць гэта не дазваляюць. Крупчане, безумоўна, супраць гэтай улады, выпрабавалі на сабе нюансы эканамічнага разьвіцьця, матэрыяльныя недахопы.

Пэнсіянэры, безумоўна, перад выбарамі былі за Лукашэнку. Калі выбары прайшлі, між сабой ужо гавораць: прагаласавалі за яго, а ў аптэку прыходзіш, такія лекі дарагія, а пэнсію ўсё адно не павысіў, а вось малако зноў падаражала, і сьмятана падаражэла. Нашто мы яго выбіралі? Ужо пачаліся сумненьні ў пэнсіянэраў. Зноў усе 5 гадоў на каленях стаяць, жыць абы-як. У “Советской Белоруссии” толькі ўсё добра пішацца, а на самой справе — усё дрэнна”.

У менскіх дзяржаўных газэтах Крупкі і раён часьцей за ўсё ўзгадваюцца ў сувязі з тым, што летась прамысловасьць і сельская гаспрадарка выйшлі на ўзровень векапомнага роўню 1990 году.

Я вырашыў наведаць мясцовы раённы выканаўчы камітэт, каб даведацца пра сакрэт такога прагрэсу. Не пашанцавала! У кіраўніка тамтэйшай вэртыкалі Аляксея Гарнака, пра сустрэчу зь якім мы дамовіліся загадзя, у апошні момант раптам знайшліся нейкія неадкладныя справы. І замест яго мяне прыняў ягоны намесьнік па сацыяльна-эканамічных пытаньнях Зьміцер Карань.

Напачатку нашай сустрэчы ён без усялякіх тлумачэньняў праверыў мае дакумэнты, перапісаў прыватныя зьвесткі. І толькі пасьля гэтага я змог пацікавіцца, як удалося часткова вярнуцца ў савецкі час?

(Карань: ) “У першую чаргу гэта прынцыповая пазыція выканаўчага камітэту і, у прыватнасьці, старшыні. Ён жорстка ставіць пытаньне выкананьня прагнозных паказчыкаў. Гэта сёньня аснова жыцьця. Я пазайздросьціў бы таму чалавеку, які жыве сёньня без праблемаў. Недахоп грошай, як і ўсюль, — гэта асноўная праблема. У мяне няма лічбаў, я не магу сказаць, у якой колькасьці гаспадарак сёньня ня выплачаныя грошы за жнівень. Калі раней мы датаваліся вобласьцю на 50%, то сёлета ў нас 17%. Шукаем свае рэзэрвы. Больш шчыльная праца падатковай інспэкцыі, праца і з прадпрыемствамі, і з камэрцыйнымі структурамі”.

(Карэспандэнт: ) “Прастытуцыя. Кажуць, ёсьць такая праблема ў Крупках..”

(Карань: ) “Хм... Афіцыйна зарэгістраваных такіх дадзеных няма. Хаця — мы людзі жывыя”.

Зьміцер Карань нездарма так ухільна адказаў на пытаньне аб прастытуцыі. Зараз я знаходжуся непадалёк ад Крупак у вёсцы Малая Слабада, якая знаходзіцца ля самай міжнароднай трасы “Берасьце–Масква”. На ўскрайку гэтага паселішча знаходзіцца кавярня “Бліскавіца”.

На першы погляд кавярня як кавярня. І маленькі гатэль пры ёй. Але за апошнія 10 гадоў гэтае месца стала цэнтрам прастытуцыі ў Крупскім раёне. Тут і непасрэдна на трасе працуюць дзясяткі жанчын. Прычым некаторыя жыхары Малой Слабады неаднойчы бачылі раённых чыноўнікаў, якія адпачывалі ў “Бліскавіцы”. Іншыя ўвогуле кажуць, што гандляркі сваім целам працуюць пад дахам міліцыі. А таму пачуваюцца вельмі прывольна.

Да прастытуцыі ў Крупках даўно ўсе прызвычаліся. Маладыя і ня вельмі асобы такім чынам зарабляюць на хлеб. Некаторыя дочкі кормяць на гэтыя грошы сваіх бацькоў. А жонак часам выганяюць на трасу іхныя мужы-п’яніцы. Я сустрэўся з адной кабетай, якая працуе ў кавярні. Яна пагадзілася размаўляць толькі на ўмовах ананімнасьці.

(Прастытутка: ) “Дочанька, выйдзі... Выйдзі!”

(Карэспандэнт: ) “А цяжка працаваць?”

(Прастытутка: ) “Выключна маральна цяжка. Кожнай жанчыне хочацца, каб была свая сям’я, каб быў адзін чалавек. А тут проста вымушана з-за гэтых грошай класьціся пад кожнага. Ідзеш і называеш цану па тых магчымасьцях, як ён табе можа заплаціць. На душы цяжка. Як ў яме знаходзісься — такі мутарны стан. Часам плачаш, што табе не пашанцавала. Бываюць і гістэрыкі, і зрывы. Усё бывае.

Каму алькаголь дапамагае, каб разьняволіцца, камусьці дзеці, камусьці сям’я. Хтосьці хоча такім чынам назьбіраць грошай, каб адкрыць сваю справу, хтосьці марыць пабрацца шлюбам з замежнікам, хтосьці — хоча апрануцца, а хтосьці намагаецца пракарміць дзяцей. Мне адной цяжка, у мяне алімэнтаў няма, мне ніхто не дапамагае. У асноўным тыя, хто туды ходзяць, робяць гэта з-за дзяцей.

Чаму — ня ведаю, але мне шмат хто казаў, што крупскія дзяўчынкі праславіліся на ўвесь сьвет. Ведаюць нашых дзяўчынак. З нашага бару пакуль яшчэ ніхто не зьехаў. Шмат каму прапаноўвалі. Але вельмі страшна, усюль добра там, дзе нас няма. А тут свая радзіма, свой дом. Можа мы для кагосьці й прастытуткі, але мы — такія ж жанчыны. Проста ў нас ня выйшла.

Каго можна назваць прастытуткай — тую, хто стараецца для дому, ці тая, якая ідзе за бутэльку гарэлкі? Я прагаласавала за Лукашэнку. Выбралі на сваю галаву. Напачатку лепей было, чым зараз. А цяпер вось цэны на малако штодня растуць”.

Пасьля некалькіх дзён побыту ў Крупках складваецца ўражаньне, што мястэчка і раён — гэта малая копія ўсёй Беларусі. Цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча. Агульная дэпрэсія пасьля выбараў. Відавочныя выгоды паварочваюцца сур'ёзнымі праблемамі. Так спрыяльнае геаграфічнае становішча прыносіць ня росквіт, а толькі крымінал і прастытуцыю.

Разам з гэтым у Крупках працягваюць верыць у прыгожую легенду. Кажуць, што тут, на дне возера Стаячага, ляжыць скарб Напалеона. Некаторыя ўпэўненыя: вось знойдзем мы гэтыя дваццаць падводаў з золатам і зажывем добра. Прычым пра скарб сур’ёзна гавораць нават краязнаўцы. У прыватнасьці, былы настаўнік Андрэй Аляхновіч:

(Карэспандэнт: ) “А вы верыце, што ў возеры сапраўды ёсьць скарбы?”

(Аляхновіч: ) “Я веру, таму што калі навукоўцы ў 1970-х гадох бралі пробы вады, іёны срэбра ў некалькі дзясяткаў разоў перавышаюць норму, таксама паказаная прысутнасьць золата. Я бачыў вочы тых навукоўцаў, я яшчэ быў дзіцёнкам, калі яны абмяркоўвалі гэтыя дадзеныя, гарэлі вочы на твары, Самая натуральная залатая ліхаманка на тварах была бачна. Гэтыя сур’ёзныя дзядзечкі з бародамі, як мне тады малому хлопцу падавалася, былі перакананыя, што гэта так. Шчыра кажучы, мне б не хацелася, каб яго знайшлі. Я заўсюды люблю: ёсьць паданьне, каб яно захоўвалася далей. Там ня так ужо і шмат таго золата і срэбра”.

(Карэспандэнт: ) “А калі яго знойдуць, жыць у Крупках стане лепей?”

(Аляхновіч: ) “Я ня думаю. Што б тут не знайшлі, Крупкам усё адно нічога не застанецца”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што Крупкі ня выратуе нават напалеонаўскі скраб?”

(Аляхновіч: ) “Гэта яшчэ адзін міт, што нас можа выратаваць напалеонаўскі скарб. Мне здаецца, што нас можа выратаваць зьмена ўлады. Мы павінны павярнуцца да эўрапейскага шляху разьвіцьця”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG