Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ушачы.


Міхал Стэльмак, Ушачы

Ушаччына, здавалася б, убаку ад вялікай палітыкі. Мясцовае начальства кажа, што тут жывуць мудрыя людзі. Іхная мудрасьць у тым, што яны нібыта ведаюць, каму аддадуць свае галасы 9 верасьня. Менавіта таму, як паведамілі мне ў райвыканкаме, тут няма ажыятажу вакол прозьвішчаў кандыдатаў у прэзыдэнты.

Кіраўніцтва раёну на чале з Канстанцінам Пачэпкам мэтанакіравана даводзіць насельніцтву пра шкоднасьць палітычных зьменаў. Калі ж нехта думае інакш, то вэртыкальшчыкаў гэта раздражняе. Распавядае кіраўнік ушацкай раённай філіі Беларускага Народнага Фронту Васіль Казьянін:

(Казьянін: ) "Калі я прыйшоў здаваць подпісы, у мяне быў нагруднік "Сямён Домаш". З групы падтрымкі Сямёна Домаша. Дык старшыня райвыканкаму Пачэпка так раскрычаўся: маўляў, я на гэтым грошы зарабляю. А я ў адказ: "А вы чаго не зарабляеце? Альбо вам капэрту з 350 далярамі не прыносяць?" Адразу стала ціха. Зараз мілы і добры чалавек. Я ня ведаю, ці надоўга".

Васіль Казьянін ня першы год мазоліць вочы ўшацкаму начальству. Як лічыць лідэр філіі БНФ, гэтая палітычная структура зараз на ўздыме. І такая тэндэнцыя трывожыць вэртыкаль:

(Казьянін: ) "У пятніцу падышоў да мяне мой знаёмы: хочу ўступіць у БНФ "Адраджэньне". Не пазьнякоўскае, а ў "Адраджэньне". Адным словам, трохі прыходзяць".

(Карэспандэнт: ) "За час вашага актыўнага ўдзелу ў дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту ці быў ціск райвыканкаму?"

(Казьянін: ) "Па сакрэце сказалі, што быў. На маю дачку. У нас там ёсьць з вэртыкалі па прозьвішчы Чырвоная, ды яна рабіла запыт: ці супрацоўнічае дачка з бацькам?"

(Карэспандэнт: ) "А з боку міліцыі, КГБ?"

(Казьянін: ) "Калі былі выбары Чыгіра, прэзыдэнцкія выбары, што не адбыліся, то апроч райвыканкаму, быў ціск і з боку міліцыі, і з боку пракурора".

Пачынальнікам жа апазыцыйнага руху на Ўшаччыне лічыцца Леанід Пятко. Да выхаду на пэнсію ён узначальваў вядомы ў Беларусі дом адпачынку "Лясныя азёры". Паводле словаў спадара Пятко, раней ён быў прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. Але затым ягоная палітыка, найперш кадравая, моцна расчаравала былога дырэктара:

(Пятко: ) "Былы намесьнік старшыні райвыканкаму Майсюк узяў аўтамабіль з калгасу Дуброўскага. У той час за ягоны рамонт заплацілі больш як 5 тысяч рублёў. А ён узяў яе за 180 рублёў. Мы паднялі гэтае пытаньне. Але кар'ера Майсюка пасля пайшла не на спад, а ён пайшоў на павышэньне".

(Карэспандэнт: ) "Лукашэнка яго павысіў?"

(Пятко: ) "Лукашэнка забраў яго вэртыкальшчыкам у Талачынскі раён.
Мафія, якая была да Лукашэнкі, тая мафія засталася і пры Лукашэнку, калі паўстала ягоная вэртыкаль".

Леанід Пятко лічыць, што Лукашэнка больш ня мае маральнага права кіраваць краінай. І таму ён зараз актыўна агітуе ў раёне за ягонага апанэнта — Уладзімера Ганчарыка. Тут былы дырэктар "Лясных азёраў" дзейнічае супольна з колішнім падначаленым Мікалаем Пратасевічам:

(Пратасевіч: ) "У "Лясных азёрах" я працаваў інжынэрам-энэргетыкам. Прымаў мяне на працу Пятко Леанід Васільевіч. Калі Леанід Васільевіч пайшоў на пэнсію, прыслалі да нас Янчанку. Праз два месяцы ён пачаў прыцясьняць. Мне, напрыклад, сказаў, што я ня ведаю сваёй спэцыяльнасьці, хаця мне больш як пяцьдзясят гадоў. Ня толькі мяне, ён пачаў прыціскаць усіх. Урэшце ён мяне звольніў за прагул і неадпаведнасьць пасадзе.

Між тым, гэтага Янчанку выгналі з Барысава. Дзяржкантроль здымаў. Адсюль дзяржкантроль здымаў, а ён апынуўся ў міністэрстве. Дзе ж гэтая справядлівасьць? Я чалавек працавіты, ня п'ю, не палю. Але дзяржаве такія людзі не патрэбныя, а вось прайдзісьветы — калі ласка".

(Карэспандэнт: ) "Людзей, падобных на вас, — пакрыўджаных і якія не змаглі знайсьці праўды, у раёне шмат?"

(Пратасевіч: ) "Шмат. Рэч, аднак, у тым, што яны нікуды не зьвяртаюцца. Я вось зьвяртаюся, а яны на гэта рукою махнуць і ўсё. Гавораць, што нічога ня зьменіцца. Паглядзі, маўляў, што пэнсіянэры кажуць. А я гавару, што Савецкі Саюз які вялізны быў, але й той разваліўся. І кажу: параўнай інтэлект Гарбачова і Лукашэнкі. Кажу, што варта не сядзець, а працаваць зь людзьмі".

Ва Ўшацкім раёне сёньня 170 беспрацоўных. Як вырашаюцца іхныя праблемы? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніцы раённага цэнтру занятасьці Зінаіды Прашкевіч:

(Прашкевіч: ) "Яны цягам аднаго-двух месяцаў уладкоўваюцца. Цяжэй, вядома, калі справа тычыцца спэцыялістаў, асабліва з вышэйшай адукацыяй. Але зараз, напрыклад, у раёне няма ніводнага беспрацоўнага з вышэйшай адукацыяй".

Беспрацоўнага з вышэйшай адукацыяй Мікалая Пратасевіча спадарыня Прашкевіч, паводле ейных словаў, ня ведае. Затое добра ведаюць галоўнага на Ўшаччыне барацьбіта зь беспрацоўем мясцовыя апазыцыянэры. Кіраўніца цэнтру занятасьці ёсьць адначасова старшынёй раённай выбарчай камісіі. Дык вось, апазыцыянэры кажуць, што падчас фармаваньня гэтай камісіі настойвалі, каб іх уключылі ў камісію. Аднак безвынікова. Старшыня камісіі Зінаіда Прашкевіч патлумачыла гэта наступным чынам:

(Прашкевіч: ) "Мы не займаліся фармаваньнем гэтых камісіяў. Гэта ж функцыя райвыканкаму. Таму мне складана сказаць, чаму яны не ўключалі. Мо таму, што яны не зьвярталіся. А можа па іншай прычыне".

Сакратарка раённай выбарчай камісіі Людміла Асташкевіч паведаміла, што ў склад гэтага органу ўключылі прадстаўніка мясцовай філіі БПСМ. Што да адмовы прадстаўнікам дэмакратычных арганізацыяў, то спадарыня Асташкевіч зазначыла:

(Асташкевіч: ) "Гэтае пытаньне не да мяне. Таму што фармаваў камісію раённы выканаўчы камітэт. Але наколькі я ведаю, іхны прадстаўнік працуе ў Дольцах, гэта далёка адсюль. І яшчэ ён настаўнік. А яшчэ заява ад іх паступіла пазьней".

Гэткія дзеяньні ўшацкіх уладаў, на думку Мікалая Пратасевіча, ня толькі палітызуюць пэўную частку мясцовага насельніцтва, але й спрыяюць згуртаваньню апазыцыянэраў:

(Пратасевіч: ) "Цяпер я ўжо ўлез у палітыку. Быў у штабе Домаша, цяпер вось у Ганчарыка. Утварылася кааліцыя. Ад камуністаў — Кухто, ад БНФ — Казьянін Васіль і я. Калі я зьбіраў подпісы, дык мяне й сабакам цкавалі, і да чаркі запрашалі. Такія лукашысткі ярыя сустракаліся, што і з двара праганялі. Бягуць ды ззаду брэшуць. Цікава, адным словам".

Зараз прадстаўнікі ўшацкай грамадзянскай кааліцыі штодня бяруць удзел у агітацыйнай кампаніі. Якія настроі ў асяродзьдзі выбарцаў? Меркаваньне Мікалая Пратасевіча:

(Пратасевіч: ) "Розныя. Гэта залежыць ад агітацыі. Прыедзеш у адну вёску — там адны старыя. Яны глядзяць Беларускае тэлебачаньне і слухаюць, што скажа прэзыдэнт. Яны прывыклі верыць уладзе. А ў другой вёсцы інакш.

На гэтым тыдні, напрыклад, мы ў чацьвер паехалі ў Старое Сяло, калгас Дуброўскага. Там моладзь — дык там нават на камбайн прасілі агітацыйныя матэрыялы наляпіць. Можна сказаць, што ўся моладзь падтрымлівае Ганчарыка. Яна хоча, каб у нас адбыліся зьмены.

А вось пазаўчора сустрэўся з былым камуністам, пэнсіянэрам, ён прытрымліваўся Лукашэнкі. І я яму даказаў, што ён ня мае рацыі. Я сказаў, што за сем гадоў Лукашэнкі цана на хлеб падвысілася ў 360 разоў".

Што да прафсаюзнай падтрымкі кандыдата Ўладзімера Ганчарыка, то як зазначыў Леанід Пятко, на Ўшаччыне спадзявацца на яе не даводзіцца:

(Пятко: ) "Я ня чуў, каб прафсаюзныя лідэры займаліся выбарамі. Прафсаюзы тут разваленыя. Напрыклад, ёсьць у нас вызвалены лідэр райкаму прафсаюзу АПК Арэхаў. Але я ня бачыў, каб ён вёў нейкую працу па агітацыі ў падтрымку Ганчарыка".

Аляксандра Лукашэнку ўшацкая апазыцыя не жадае больш бачыць на пасадзе прэзыдэнта ня толькі з прычыны антыдэмакратычнага кіраваньня. Другая важкая прычына: няўмелае, на думку апазыцыі, кіраваньне эканамічнымі працэсамі, вынікам чаго стаў эканамічны заняпад раёну. Жонка Мікалая Пратасевіча, якая працуе на мясцовым ільнозаводзе, лічыць цяперашні стан прадпрыемства крытычным:

(Пратасевіч Надзея: ) "Эканоміка ў заняпадзе. Усе старое. Усё рамантуем. Мы ў адпачынку, абсталяваньня няма. Купілі трактар сеяць лён, каб неяк пражыць. Грошай няма ні на што. Аршанскі ж ільнокамбінат лён-дзясятку ў нас не прымае, трэба 12-ы і 13-ы нумары. А дзяржава не дазваляе, каб мы маглі куды-небудзь збыць. Камэрсантам не дазваляе, а толькі трэба ў дзяржаву аддаць. Сушыльны завод ёсьць у нас. Там крухмал вырабляюць, ліманад, салянкі ўсялякія".

(Карэспандэнт: ) "Там лепшыя ўмовы, чым на льназаводзе?"

(Пратасевіч: ) "Не, такія самыя. Таксама і там усё дабітае. Камбінат бытавога абслугоўваньня, ніхто ня хоча працаваць там за бясцэнак. Прамкабінат, але усё занепадае".

(Карэспандэнт: ) "Калі параўнаць, то калі лепей: зараз ці 7 гадоў таму?"

(Пратасевіч: ) "Я скажу паводле ўласнага досьведу — сем гадоў таму было лепей. Я на той самай працы, але я па фінансах адчуваю, што ў мяне ў кішэні пуста".

А вось мясцовая ўлада лічыць нараканьні на эканамічны заняпад неабгрунтаванымі. Гаворыць старшыня раённага савету дэпутатаў Пётар Хвашчэўскі:

(Хвашчэўскі: ) "Ільнозавод наш здае прадукцыю непасрэдна Аршанскаму льнокамбінату. Ільнокамбінат рэалізуе і, вядома ж, адтуль паступае валюта. Нашаму раёну даюць датацыі, і шмат. Рэч у тым, што раён наш амаль цалкам сельскагаспадарчы. Без буйнай прамысловасьці раён ня можа быць самаакупны".

Між тым, на думку Васіля Казьяніна, аргумэнтам старшыні райсавету спадара Хвашчэўскага бракуе доказнасьці:

(Казьянін: ) "Заняпад такі — і ў калгасах, і ў саўгасах. А аб прамысловасьці дык наогул няма ахвоты гаварыць. 80 адсоткаў ляжыць на баку. Паўсюдна фальсыфікацыя, і ўсё параўноўваецца з пазалеташнім годам.

Вось я паляўнічы. Хаджу па палях, па лясах. Убіраць няма чым. Вось летась у кожным калгасе-саўгасе засталіся няўбраныя гектараў па пяць-шэсьць. У калгасе Дуброўскага, напрыклад, два камбайны. Адзін яшчэ сяк-так адрамантавалі, а другі колам стаіць. Усё".

Прэтэнзіі, зьвязаныя зь неспрыяльнай сацыяльна-эканамічнай палітыкай, мае да ўладаў і Леанід Пятко. Гэтая палітыка, паводле ягоных словаў, асабліва нэрвуе сялянаў, дробных уласьнікаў:

(Пятко: ) "Яна нясе нейкіх тры літры малака. Дык ёй заплаці туды, і нічога не застаецца. Тады яна прадае самастойна, і людзі купляюць. Але іх праганяюць. Або яшчэ вось: чалавек прадае сваю беларускую бульбу, дык трэба ж такое, што яго прыходзяць і праганяюць — бо ў яго няма пасьведчаньня на гатунак. І чалавеку не дазваляюць гандляваць уласным таварам. Тое самае са збожжам. Прадае сваю пшаніцу ці ячмень, а яго праганяюць з рынку. Вось да чаго дакаціліся — на ўсё трэба ліцэнзія. А калі яе няма, то штрафуюць. Трайныя штрафныя санкцыі".

Самыя адказныя падзеі, як лічыць ушацкая апазыцыя, будуць тут 9 верасьня. Гэтыя падзеі зьвязаныя з падсумаваньнем выбарчымі камісіямі вынікаў галасаваньня. Мясцовыя прыхільнікі Ўладзімера Ганчарыка лічаць кантроль за падлікам галасоў справай надзвычай важнай. Паводле словаў Васіля Казьяніна, пытаньне надзейнасьці кантролю на Ўшаччыне адкрытае:

(Казьянін: ) "Ну й на выбарах, вядома, патрэбныя назіральнікі. Яны ў нас ёсьць, але ад уладаў. Яны не абучаныя, яны ня ведаюць, што рабіць і як. Месяц таму і я падаў заяву назіральнікам у раён, у раённую камісію. Навумчык Іосіф Адамавіч хай прыедзе ды ім растлумачыць, што да чаго. А так гэтыя назіральнікі толькі займаюць месца. І старшыня камісіі будзе рабіць тое, што скажуць зьверху. Яна, Прашкевіч Зінаіда Пятроўна, сур'ёзная жанчына. Але ўсё роўна вэртыкаль".

(Карэспандэнт: ) "Калі паступіць загад зьверху, каб сфальсыфікаваць гэтыя выбары, ці пойдзе яна на гэта?"

(Казьянін: ) "Вельмі проста. Яна будзе дзейнічаць гэтак жа, як і на этапе папярэднім. Мы сабралі подпісы, каб нашага актывіста ўзялі ў раённую камісію, дыя яго "кінулі". Дарэчы, ён мае вышэйшую адукацыю, але начальства сказала, што ён ня здольны працаваць у камісіі".

Што будзе пасьля 9 верасьня? Задае гэтае пытаньне і ўшацкая апазыцыя, якая ў выпадку найгоршага для сябе сцэнару не зьбіраецца апускаць рукі. Вось што, напрыклад, мяркуе на гэты конт Мікалай Пратасевіч:

(Пратасевіч: ) "Далей таксама трэба праводзіць агітацыю. Трэба працаваць зь людзьмі. Трэба выпусьціць палітычную газэту па раёну, бо тут шмат недахопаў — у калгасах, напрыклад. Вось я езьдзіў за Вечальле, у "Чырвоны прамень". Там старшыня п'е, б'е сваіх рабочых. Толькі аднаго чалавека баіцца, бо той былы каратыст. А так няма на яго ўправы, ён жа цябе за чалавека не прымае. Любы кіраўнік, а ў райвыканкам прыйдзе, дык табе ніколі не прапануюць сесьці. Дык усё ж разваліцца. А з каго ён прыклад бярэ? З Лукашэнкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG