Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івянец.


Міхал Стэльмак, Івянец

Кожнага, хто ўпершыню прыяжджае ў Івянец, уражвае велічэзны надпіс на адной зь ягоных ўскраінаў: "Жыве Беларусь". Белыя на чырвоным тле словы асацыююцца зь лёзунгам палітычнай апазыцыі. Як і варта было чакаць, надпіс некалькі гадоў таму справакаваў тут гучны скандал. Распавядае старшыня выканкаму Івянецкага пасялковага савету Антон Ахрэм:

(Ахрэм: ) "Тут асобная гісторыя, пра якую шмат можна распавядаць. Дзяржаўнае прадпрыемства "Крыніца" мае цэх вырабу дарожных знакаў і ўладкаваньня дарог. Ну і сваёй прадукцыяй, чарапіцай, яны выклалі "Жыве Беларусь".

(Стэльмак: ) "Яны выклалі гэта да Лукашэнкі?"

(Ахрэм: ) "Жыве Беларусь" было выкладзена ўжо за праўленьнем Лукашэнкі. З гэтае прычыны былі праблемы".

Праблемы, як вынікае з тлумачэньняў івенчукоў, стварыў мясцоваму начальству Аляксандар Лукашэнка. Аднойчы, падчас інспэкцыі тутэйшых угодзьдзяў, зь верталёту ён заўважыў забароненае словазлучэньне. І, відавочна, быў гэтым вельмі абураны. Вэртыкаль паабяцала зьнішчыць надпіс і пакараць вінаватых.

Аляксандру Кучынскаму (дырэктару "Крыніцы") давялося перажыць з гэтае прычыны шмат непрыемнасьцяў. Івенчукоў дагэтуль зьдзіўляе, як яму ўдалося пераканаць Лукашэнкава атачэньне, што насамрэч ён не прыхаваны апазыцыянэр, а звычайны гаспадарнік, які любіць Бацькаўшчыну. Дырэктар Кучынскі ня толькі пазьбег пакараньня, але й пераканаў вышэйшае начальства ня рушыць "чарапічных" словаў.

Беларусі ў Івянцы насамрэч жывецца сёньня больш вольна, чым у іншых кутох краіны. Носьбіты беларушчыны — івенчукі, перавожная бальшыня якіх незалежна ад прафэсіі й пасадаў з глыбокай пашанай ставіцца да нацыянальнае культуры. Так лічыць супрацоўнік мясцовага Дома культуры Валеры Мазура:

(Мазура: ) "Івянец зараз пераважна беларускамоўны. Усе сьвяты ў нас праводзяцца на беларускай мове. Мы маем свой самабытны фальклёр, адшукваем забытыя нашыя песьні. Як я лічу, мы таксама сваё слова тут кажам..."

Любяць мясцовыя жыхары й сам Івянец. Гаворыць прадпрымальнік Вінцэнт Солтан:

(Солтан: ) "Івянец, як сказаў аднойчы Зянон Пазьняк, — гэта шляхетнае мястэчка. Больш такое заходняе. Тут мясцовыя людзі меней пад саветамі пабылі, у іх захавалася пачуцьцё ўласнае годнасьці. Бо яны мелі прыватную ўласнасьць. У нас, у Івянцы, вось таму нейкі іншы мэнталітэт".

Карэнныя івенчукі лічаць сябе нашчадкамі шляхты. Напрыклад, супрацоўніца мясцовага музэю Валянціна Адамовіч...

(Адамовіч: ) "Я лічу, што блізкасьць Польшчы, блізкасьць Эўропы наклалі вялікі адбітак на Івянец. І калі мы сёньня езьдзім па вёсках, шукаем народнае адзеньне — звычайныя тканыя вырабы, то заехаўшы крыху за Валожын, мы іх знаходзім. А тут — не. Чаму? Таму, што мая бабуля яшчэ распавядала, што яны не апраналіся ў такое адзеньне. Тут была шляхта. І хай яна была не такая ўжо й заможная, але ейныя прадстаўнікі мелі магчымасьць апранацца ў вопратку з пакупной тканіны. Лічылася, што больш шляхетна мець пакупную сукенку".

Івянец вядомы з XIV стагодзьдзя. Ён некалі належаў вялікаму князю Вітаўту. Пасьля ягонае права на гэтае паселішча перайшло да іншых тытулаваных магнатаў. З глыбокай даўніны Івянец вядомы як цэнтар ганчарства й керамічных вырабаў. З пакаленьня ў пакаленьне івенчукі перадавалі нашчадкам свае прафэсійныя сакрэты. Гаршчкі, глякі, збаны, місы, іншыя вырабы мясцовых майстроў можна было сустрэць у кутках, што ад Івянца за сотні кілямэтраў. Вось што распавяла на гэты конт Валянціна Адамовіч:

(Адамовіч: ) "Івянец быў слаўны на ўсю Беларусь. Мне неяк распавядала адна жанчына, якая зараз у Польшчы жыве — яна зь дзяцінства памятае, як ейны бацька езьдзіў вучыцца ганчарству з Польшчы ў Івянец. І, прыехаўшы ў Польшчу, распавядаў, які гэта цудоўны, прыгожы куток. Таму яна казала, што для мяне Івянец — гэта як чароўная кветка. Яна яго ніколі ня бачыла, але са словаў бацькі ў яе ўяўленьні паставаў цудоўны горад. І калі нашыя майстры прыехалі аднойчы ў Польшчу на выставу, дык яна ледзьве не кожнага зь іх асыпала пацалункамі. Гэты вельмі красамоўны прыклад шырокае вядомасьці Івянца".

Бурнае разьвіцьцё ў ХІХ стагодзьдзі івянецкіх промыслаў спрычынілася да міграцыйных працэсаў. У мястэчку асела шмат габрэяў, якія ператварылі яго ў прыкметны гандлёвы цэнтар. На пачатку ХХ стагодзьдзя габрэі, паводле сьведчаньня мясцовых даўгажыхароў, складалі бальшыню жыхароў мястэчка.

Аднак падчас Другой усясьветнай вайны габрэйскія насельнікі Івянца былі вынішчаныя. Уцалелыя ж па Галакосьце прадстаўнікі габрэйскай грамады ў 1980-я і 1990-я гады эмігравалі на Захад. І зараз у Івянцы засталося толькі 3 габрэі. Адзін зь іх — Іосіф Кантаровіч.

(Кантаровіч: ) "Я шкадую, што тут застаўся. Ня ведаю, хто ў гэтым вінаваты. Да народу беларускага ня маю ніякіх прэтэнзіяў. Я жыву зь імі мірна, і яны са мною мірна".

(Стэльмак: ) "А чаму вы засталіся тут?"

(Кантаровіч: ) "Таму што мае дзяды жылі тут вякамі".

Зараз у мястэчку пражывае больш за 5 тысяч чалавек. Усе яны лічаць сябе "тутэйшымі". Аднак, паводле нацыянальнага складу, адны чамусьці запісаныя беларусамі, іншыя — палякамі. Зрэшты, куды больш прыкметны падзел івенчукоў паводле веравызнаньня. Здараецца, што каталікі й праваслаўныя вернікі канфліктуюць між сабою. Распавядае Лілія Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) "У нас тут вось белы касьцёл — былы манастыр, які некалі быў праваслаўным. І вось праваслаўныя пачалі патрабаваць, каб гэты касьцёл аддалі пад праваслаўную царкву. Але каталікі не саступілі. Тут гады 3-4 таму ішла вялікая вайна за гэты будынак. Кожны тыдзень хадзілі й зьбіралі подпісы — гэтыя сабе, а гэтыя — сабе. І каталікам усё ж удалося адстаяць на яго правы. У мяне некалі муж быў праваслаўным, але зараз ён перайшоў на каталіцкую веру".

Спадарыня Абрамовіч сьцьвярджае, што, у параўнаньні з праваслаўем, каталіцтва ў Івянцы мае больш моцныя традыцыі, якія ня здолеў выкарчаваць шматгадовы дзяржаўны атэізм савецкага часу:

(Абрамовіч: ) "У нас гэтак было заведзена, што калі было сьвята, моладзь не хадзіла ў клюб на дыскатэку. Пост ёсьць пастом — мы верылі гэтаму. Пахаваньні ёсьць пахаваньнямі — у нас вельмі адметна хаваюць нябожчыкаў — са сьцягамі. Адным словам, у нас свая загартоўка.

Я шмат дзе была, шмат паезьдзіла. Але вось такога мэнталітэту, які, відаць, перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, не сустракала. У мяне сяброўка жыве ў Дзяржынску. Я бачу, што там гэткага няма. За Ракавам такога мэнталітэту няма, за Валожынам таксама няма. А вось тут ёсьць".

Палітычныя погляды — яшчэ адзін чыньнік, што падзяляе івенчукоў. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў сымпатыі і антыпатыі да асобных прэтэндэнтаў часам выклікаюць у мястэчку ажыўленыя спрэчкі:

(Галасы вуліцы: ) "Толькі за Лукашэнку! — А што ён нам даў?.. Будзем галасаваць за іншага!"

Прынамсі, палітычныя спрэчкі на местачковых вуліцах, на меркаваньне некаторых івенчукоў, ёсьць вынікам сур'ёзнае недасьведчанасьці мясцовых жыхароў у цяперашніх палітычных працэсах. Многія значныя падзеі ў краіне, як лічыць, напрыклад, дырэктар Івянецкага Дома культуры Станіслаў Бурачэўскі, застаюцца па-за ўвагай мясцовых жыхароў.

(Бурачэўскі: ) "У нас тут ёсьць суполка БНФ. Хутка, як вядома, і выбары прэзыдэнта. Але пакуль што гэты працэс прыцішаны, прыглушаны. Хаця, можа, палітычныя сходкі дзесьці й праходзяць. Раней яны адбываліся ў Доме культуры. Праходзілі тут сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага Савету. Прыяжджалі сюды дэпутаты ад апазыцыі.

Таксама й Пазьняк сюды прыяжджаў. Выступаў тут, многа людзей паслухаць яго зьбіралася. А вось цяпер такія мерапрыемствы ў нашым Доме культуры не праводзяцца. Ніхто да нас не зьвяртаўся на гэты конт".

(Стэльмак: ) "Як, на Ваш погляд, насельнікі Івянца будуць галасаваць на выбарах?"

(Бурачэўскі: ) "Частка пажылых жыхароў будзе галасаваць за Лукашэнку. Іншыя, калі ў Івянцы праходзіў збор подпісаў, падпісваліся за Домаша. Некаторыя з ахвотай, некаторыя без ахвоты. Іншыя самі падыходзілі да зьбіральнікаў".

А вось якое меркаваньне на гэты конт мае выкладчык мясцовае музычнае школы Іван Ракавец:

(Ракавец: ) "Некаторым як ёсьць — гэтак і добра".

(Стэльмак: ) "Вы лічыце, што самі прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду мусяць прыяжджаць у такія невялікія мястэчкі як Івянец і распавядаць пра сябе?"

(Ракавец: ) "Абавязкова. Гэта было б вельмі добра, каб такія людзі прыяжджалі, і адбывалася тут знаёмства зь імі. Каб выбарцы зналі іхныя погляды, плятформу. Вось так я лічу".

Лідэрам мясцовых дэмакратаў у Івянцы зьяўляецца Вінцэнт Солтан.

(Солтан: ) "Прыхільнікаў у нас шмат".

(Стэльмак: ) "Зараз напярэдадні выбараў гуртуюцца людзі паводле сваіх поглядаў ці не?"

(Солтан: ) "Так, зараз актывізавалася дзейнасьць такіх дэмакратычна настроеных людзей. Я, напрыклад, зьяўляюся каардынатарам групы незалежных назіральнікаў Валожынскага раёну.

І вось адбылася такая досыць дзіўная рэч. Праводзілі мы неяк сэмінар у праўных пытаньнях... Пачалі зьбірацца людзі. Гляджу, дзіўная рэч — на маёй глухой вулачцы ажно 4 міліцыянты ходзяць. З хаты ў хату. Думаю, што ж яны тут шукаюць?

Прыходзяць яны й да мяне: начальнік пашпартнага сталу з Валожыну — маёр міліцыі, зь ім участковы. Я, відавочна, запытаў: у сувязі з чым такая цікаўнасьць да мяне?.. У адказ пачуў, што йдзе праверка пашпартнага рэжыму. Але, як я пазьней даведаўся, толькі на маёй Юбілейнай вуліцы правяралі пашпартны рэжым. У аднаго суседа запыталі, напрыклад, за каго ён зьбіраецца галасаваць. Пасьля адзін зь міліцыянтаў прызнаўся мне, што яны выконвалі загад начальніка раённага аддзелу міліцыі..."

Выглядае, што Лукашэнка небеспадстаўна імкнецца знайсьці падтрымку найперш у рэгіянальных структурах сілавых органаў. Бо, паводле словаў Вінцэнта Солтана, мясцовыя чыноўнікі — вельмі ненадзейная апора для цяперашняга кіраўніка дзяржавы...

(Солтан: ) "Яны адсочваюць інфармацыю, бо ня ведаюць — куды павернецца справа. У нас праходзіў пікет са зборам подпісаў за Сямёна Домаша. Дык падышоў участковы, праверыў пасьведчаньні, запытаў: колькі галасоў сабралі? Усё гэта ён запісаў.

Я неяк пацікавіўся ў выкладчыка дома-інтэрната, якім кіруе Гольдшміт Хведар Лазаравіч. Пытаюся: "Як там за Лукашэнку падпісваліся?" — "Як? Сказалі, каб прыйшлі з пашпартамі, сталі ў чаргу і ўсе падпісаліся".

Прымусовы збор подпісаў за Лукашэнку, відавочна, яшчэ болей паслабіў ягоныя пазыцыі ў асяродку івянецкай інтэлігенцыі. Нізкія заробкі пэдагогаў, культработнікаў дый прадстаўнікоў адміністрацыяў мясцовых прадпрыемстваў спрыялі моцным настроям да пераменаў у мястэчку. Гаворыць настаўнік Івянецкае сярэдняе школы Іван Вальчэўскі:

(Вальчэўскі: ) "Калі гавораць пра зьніклых, напрыклад, пра таго ж Захаранку, дык гэта далёка... А вось калі чалавека закране за жывое сваё, напрыклад, два месяцы яму не давалі заробку або падманулі, не дадалі грошай за катэгорыю — дык людзі рашуча выказваюць сваё незадавальненьне. Адчуваецца. што народ ужо ня той, які быў у 1994-м годзе".

(Стэльмак: ) "А што выклікае самыя адмоўныя пачуцьці?"

(Вальчэўскі: ) "Дурнота вось гэтая, што йдзе зьверху. Што бачна тут у Івянцы? Гэта найперш поўны развал прадпрыемстваў. Усе навакольныя калгасы ня тое што ляжаць "на лапатках", а "ў гноі носам".

Жывём у глухой адзіноце.
На хутар падобна краіна.
Нібы пустазельле пры плоце,
Ніхто нават позірк ня кіне.
Ніхто не наносіць візыты.
Ня кліча прыехаць у госьці,
Народ гаварыльняй забіты,
На ім толькі скура ды косьці.

Кіраўнік Івянецкае "вэртыкалі" Антон Ахрэм — трэба аддаць яму належнае — ставіцца да такіх настрояў сваіх землякоў цывілізавана:

(Ахрэм: ) "Ва ўсялякім разе нічога супрацьзаконнага яны пакуль ня робяць. Усё гэта нармалёва. Тым больш, што й нам тут жыць яшчэ, і нашым дзецям..."

XS
SM
MD
LG