Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радашкавічы.


Ігар Карней, Радашкавічы

Апошнія паўстагодзьдзя Радашкавічы ўстойліва асацыяваліся зь імем лётчыка Мікалая Гастэлы, які быццам зьдзейсьніў тут свой легендарны паветраны таран. "Быццам" — таму што неўзабаве па вайне пачалася "рэвізія подзьвігу". Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што таран, найперш, ня меў тых жахлівых для немцаў наступстваў, пра якія распавядалі падручнікі гісторыі. Па-другое, раскопкі сьведчаць: за штурвалам знаходзіўся не Гастэла, а ягоны вайсковы сябар Аляксандар Маслаў. Але як бы там ні было, большасьць мясцовых жыхароў ня хочуць, каб гераічная легенда была кімсьці адкарэктаваная.

Дагэтуль існуе некалькі варыянтаў назову гэтага мястэчка: з націскам на першы склад (Радашкавічы, — і большасьць лічыць такое вымаўленьне гістарычна правільным); з націскным "о" (Радашковічы); і з польскіх часоў як Радашковіцэ. Прыгадваюць яшчэ такую форму як Рашвічы. Відавочна, што свой калярыт прыносілі тыя, хто гаспадарнічаў на гэтай тэрыторыі: рускія ці татары, швэды ці палякі. Але найлепшыя часы для мястэчка ўсё ж мінулі.

Я крочу пад праліўным дажджом і, напрыклад, вельмі сумняваюся, што пад жыжай, якая хлюпае пад нагамі, ёсьць асфальт. Напрошваюся пад парасон да ветлівай сталай жанчыны. Знаёмлюся: вэтэран працы з 46-гадовым стажам Вера Казлоўская. Распытваю пра Радашкавічы, пра местачковыя парадкі.

(Казлоўская: ) "Радашкавічы нашыя некалі былі надта прыгожыя. Што няма парадку — дык гэта вы й самі бачыце. Чысьціню мала падтрымліваюць. А нам трэба, каб мястэчка было чыстае, каб нашыя дзеці, унукі жылі лепей за нас, каб ім распавядалі пра родную Беларусь, каб свабадней нарэшце стала.

Беларусь заўсёды ціснулі-ціснулі… Можа я не ўсё разумею, але Беларусі няма фактычна. Няма ж у Менску ніводнага ВНУ, каб выкладалі выключна па-беларуску. Мы сваю ўнучку рыхтавалі ў беларускую школу, а як прыйшла пара, дык ужо й няма беларускай школы — толькі адзін урок".

Шасьцітысячны пасёлак гарадзкога тыпу моцна прайграе ляндшафту, у атачэньне якога трапіў. Гледзячы на Радашкавічы з боку так званай Швэдзкай гары, так і хочацца ўсклікнуць: сапраўдны рай!... Калі б не сьляды чалавечай дзейнасьці. Старыя ўзгадваюць, што зьнешні парадак зьнік разам з прыходам сюды частак Чырвонай Арміі. Калі раней лічылася, што брыдка грызьці на вуліцы яблык, то савецкія рэаліі дазволілі ўсё. Як у Булгакава: навошта ў брудных галёшах — і ў параднае.

Увогуле польскі пэрыяд — асаблівы этап Радашкавічаў, якім накавана было стаць палітычным буфэрам паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Якраз перад маімі вачыма — ідэальна роўная лесапаласа, якая да 1939-га году аддзяляла сацыялістычны лад ад астатняга імпэрыялістычнага сьвету. На ўскрайку вялікія могілкі з выведзенымі на польскі лад беларускімі прозьвішчамі. Але тут яшчэ дастаткова жывых сьведкаў тагачаснага міждзяржаўнага супрацьстаяньня. Вось што прыгадвае 80-гадовая Вольга Сокалава:

(Сокалава: ) "У нас была мяжа, як гэта цяпліца — мэтраў за 20. Стаялі шырокія жалезныя пруты, абнесеныя калючым дротам".

(Карэспандэнт: ) "Ці ахоўвалі ўмацаваньні салдаты?"

(Сокалава: ) "На тым баку езьдзілі савецкія памежнікі. Раз прыяжджаюць на шэрых прыгожых конях, іншым разам — на каштанавых зь белымі нагамі (але гэта былі альбо пафарбаваныя, альбо абматаныя матар’ялам). Гэта хацелі паказаць, як там у іх добра жывецца.

Аднойчы прыходзіць тата і ціха маме кажа: "Стэфка, бальшавікі прыйдуць, шумна ў лесе". І сапраўды, танкі па вёсцы пайшлі. Ніхто ня ведае, што гэта. А танк ідзе — і калі страха крыху выходзіць на вуліцу, дык чапляе і цягне за сабой. А салдаты мокрыя, брудныя, такое адзеньне беднае. А йшла ж армія… Ну а ўжо далей — болей: лёзунгі, машыны. Так улада й памянялася…"

Спадарыня Сокалава кажа, што такім чынам ейнае пакаленьне аказалася на раздарожжы: выхоўваліся на польскі лад, раптам апынуліся пад саветамі, а ўрэшце зь нявызначанымі нацыянальнымі рысамі аказаліся нікому не патрэбныя. Апошняй кропляй маральнай паразы стала фактычнае разбурэньне старадаўніх Радашкавічаў у часе "менскага катла", калі савецкія зьнішчальнікі такім радыкальным чынам выкурвалі немцаў зь мястэчка.

З таго часу гэтыя мясьціны больш ня трэсла — ні палітычна, ні маральна. Праўда, летась у Радашкавічах зьявіліся фантомы, якія захапіліся палітычным графіці. Раптам надзённа "загаварылі" сьцены будынкаў. Але палітычную самадзейнасьць хутка й дастаткова нечаканым спосабам нэўтралізавалі. Дырэктар адзінай на ўсе Радашкавічы школы (дарэчы, пры польскім часе школаў было чатыры) дазволіў экспэрымэнтаваць проста на сьценах школьных калідораў. Гаворыць дырэктар школы Анатоль Зыль:

(Зыль: ) "Каб дзеці больш не размалёўвалі сьценаў будынкаў, мы далі ім магчымасьць правесьці ўнутрышкольны конкурс графіці. І такім чынам зьнялі накал ў гэтым напружаным пытаньні".

(Карэспандэнт: ) "Ці было ў кагосьці жаданьне ўкласьці ў малюнкі палітычны падтэкст?"

(Зыль: ) "Не, усе палітычныя моманты мы абгаварылі; тут многа палярных меркаваньняў, адным штосьці падабаецца, іншым — не, таму акцэнтавалі ўвагу на фактах агульначалавечых, але міналі пытаньні палітычныя".

З тае пары пра палітыку ў Радашкавічах толькі гавораць, пакідаючы поле для дзейнасьці іншым.

Практычна ўсе, з кім прыходзілася гутарыць, салідарныя: цяперашнія Радашкавічы могуць быць толькі кузьняй кадраў. Моладзь пасьля школы тут не затрымліваецца, бо зусім ня бачыць, куды прыкласьці сілы.

Радыкальна настроеныя падлеткі канстатуюць: застацца ў гэтай "вялізнай вёсцы" — значыць, павольна дэградаваць. Няма месцаў для працы й адпачынку, таму будучыня мястэчка паўтарае незайздросны лёс малых, але падобных па сваёй структуры вёсак. Мілена Лукашэвіч скончыла факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Вяртацца дадому, як тут ужо водзіцца, не зьбіраецца.

(Лукашэвіч: ) "Каму хочацца вяртацца ў нечалавечыя ўмовы? — вада ў студні, прыбіральня на вуліцы. Да таго ж, сапраўдная блякада: ні транспартных зносінаў, ні сувязі нармалёвай. Адпаведна, разьвіцьця камэрцыйнай дзейнасьці няма, няма сярэдняга й дробнага бізнэсу. Грошай няма, ніхто не займаецца самаадукацыяй, таму інтарэсы зводзяцца толькі да аднаго: купіць у бабкі таннай гарэлкі. Райпо што можа сюды паставіць, у гэтыя крамы? Моладзь ня можа набыць нават больш-меньш якасных напояў. Усе проста дэградуюць!"

А вяртацца сапраўды няма куды. Адзінае магутнае прамысловае прадпрыемства Радашкавічаў — керамічны завод — перажывае самы моцны за ўсю гісторыю крызыс. Некалі гэта быў найбуйнейшы ў Эўропе вытворца цэглы з праектнай магутнасьцю 150 мільёнаў штук на год. Летась тут быў пастаўлены сумны рэкорд: насельніцтву рэалізавалі... 216 тысяч штук. Жахлівае параўнаньне, ці ня так: 150 мільёнаў у тэорыі і крыху больш за 200 тысяч насамрэч.

Дырэктар заводу Ўладзімер Сілко спадзяецца, што вярнуць да жыцьця ўнікальнае абсталяваньне (а гэта яшчэ не састарэлыя нават маральна дзьве лініі, усталяваныя італьянскімі й францускімі спэцыялістамі) можна толькі ў тым выпадку, калі спраўдзяцца спадзяваньні прыцягнуць інвэстыцыі праз удзел у свабоднай эканамічнай зоне (СЭЗ) "Менск", што нядаўна паабяцаў завадчанам прэм’ер Уладзімер Ярмошын. Вось што распавёў сам кіраўнік прадпрыемства:

(Сілко: ) "Рынак зь месяца ў месяц згортваецца, і попыт на керамічную цэглу, адпаведна, зьмяншаецца. Прыйшлося адмовіцца ад эксплюатацыі практычна паловы вытворчых магутнасьцяў. Сваіх сродкаў прадпрыемства для разьвіцьця ня мае. Таму прынялі рашэньне пра ўступленьне ў СЭЗ "Менск".

У заводзкіх кулюарах распавядаюць: калі наконт пэрспэктываў з СЭЗ усё вельмі празрыста, то з уласьнікамі справа амаль вырашаная. Чалавек з заводзкай адміністрацыі па сакрэце сказаў, што яшчэ летась цікаўнасьць да прадпрыемства праявіў губэрнатар Маскоўскай вобласьці Барыс Громаў; ягоныя людзі доўга прыглядаліся, а адзін нават стала пасяліўся ў Радашкавічах і быццам чакае адпаведнай каманды з Масквы.

Ёсьць меркаваньне, што тут можа прайсьці любая самадзейнасьць: Радашкавічы пры ўсёй зручнасьці свайго разьмяшчэньня апынуліся ў ізаляцыі. Найперш, транспартнай. Падпарадкаванасьць Маладэчну вымушае вырашаць усе надзённыя пытаньні не ў пасёлку, а за 40 кілямэтраў ад яго. Сапраўды, атрыманае Радашкавічамі ў 1569 годзе Магдэбурскае права — бы насьмешка зь сёньняшніх рэаліяў. Вось якія найбольш звыклыя для ўсіх праблемы акрэсьліла хатняя гаспадыня Лізавета Мілек:

(Мілек: ) "Што самае галоўнае: зносінаў зь Менскам і Маладэчнам абсалютна ніякіх. Да станцыі электрацягнікоў 10 кілямэтраў, аўтобусы туды ня ходзяць. Таксама мэдычнае абслугоўваньне: лекараў па сваёй кваліфікацыі адзінкі. Можа тэрапэўт замяняць афтальмоляга, зубнога, можа нават гінэколяга. Іншымі словамі, я, хворая, на прыём павінна ехаць у Маладэчна. Аналягічна — за любой даведкай, да натарыюса. А даехаць вельмі і вельмі складана. Адсутнічаюць самыя элемэнтарныя службы".

Такім чынам, калі зараз з Радашкавічаў пры любым зручным моманце зьбягаюць, то на памяці зусім іншыя прыклады. Спрадвеку гэта месца вабіла мясцовых і транзытных знакамітасьцяў. Мястэчкам уладарылі Гаштольды, каралева Бона, Агінскія, Радзівілы. У 1708 годзе, як кажуць, менавіта тут атрымаў раненьне ў нагу швэдзкі кароль Карл ХІІ.

Пазьнейшыя часы наўпрост зьвязаныя з імёнамі слынных беларусаў, якія тут нарадзіліся: партрэтыст Іосіф Аляшкевіч, публіцыст Антон Марціноўскі, літаратуразнаўца Аляксандар Тышынскі, празаікі Юліян Гарайн і Юзя Шчупак.

На мяжы XIX–XX стагозьдзяў Радашкавічы робяцца ледзьве ня Мэкай сьвядомай інтэлігенцыі. Плённа працуе мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч, граматыкай якога карыстаецца й беларуская служба Радыё Свабода. Сяброўскія дачыненьні ўсталёўваюцца тут паміж Ядвігіным Ш. і Янкам Купалам. У 1913 годзе ў прысутнасьці Купалы менавіта ў Радашкавічах адбылася першая пастаноўка "Паўлінкі".

Цэлая плеяда славутых дзеячоў выйшла са сьценаў гімназіі імя Ф.Скарыны — адной зь пяці беларускіх гімназіяў, што ў 1920-я гады існавалі на "крэсах" тагачаснай Польшчы і непасрэднае дачыненьне да адкрыцьця якой меў выдавец "Нашай Нівы" Аляксандар Уласаў. Тут працавала студыя Язэпа Драздовіча. Засьпеў апошнія гады існаваньня гімназіі й Максім Танк.

У 1950-я пачынаў у раённай газэце Адам Мальдзіс. Пералічваеш і дзівуесься: што такое здарылася, што застаецца цешыцца толькі мінуўшчынай? Рытарычным пытаньнем задаецца й краязнаўца Сымон Белы — пляменьнік Якуба Коласа, які прысьвяціў сябе вывучэньню спадчыны свайго знакамітага сваяка. Паводле Белага, менавіта дзядзька настояў на тым, каб ён пасяліўся ў Радашкавічах, дзе прайшлі плённыя гады ягонага калегі па пісьменьніцкім цэху Янкі Купалы.

(Карэспандэнт: ) "Зараз многія лічаць сымбалем нацыянальнага адраджэньня Беларусі менавіта Янку Купалу. Вам ня крыўдна, што ў гэтым сэнсе ваш сваяк, Якуб Колас, знаходзіцца крыху на другарадных ролях?"

(Белы: ) "Справа тут, мне здаецца, не ў пісьменьніках, нашых клясыках, а ў тых "творцах", якія не зусім сумленна шукаюць нейкія супярэчнасьці ў адносінах Купалы і Коласа. І найперш акцэнтуюць, што Колас вымушаны быў уступіць у партыю, а Купала камуністам ня быў. Але я вам скажу, што яны паміж сабой заўжды ліставаліся, сустракаліся, і ніякіх праблемаў у гэтым сэнсе не існавала".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, вы лічыце, што Купалу ўзьнясьлі штучна і ён, каб жыў, быў бы незадаволены?"

(Белы: ) "Ня тое слова; быў бы абураны — і адзін, і другі".

(Карэспандэнт: ) "Можа колькі словаў пра намер стварыць помнік, дзе Купала й Колас будуць разам?"

(Белы: ) "Гэта ідэя якраз і базуецца на жаданьні паказаць усёй нашай Бацькаўшчыне, што яны сапраўды рупіліся пра агульныя інтарэсы. Будзе хутка мэмарыяльная дошка з такімі словамі: "Папараць-кветка, колас жытнёвы ў песьнях, легендах жывуць…"

Ідэя Белага сапраўды своечасовая, бо помнік Купалу, збудаваны неўзабаве пасьля вайны на сродкі жонкі паэта, на распараджэньне мясцовых уладаў пад канец 1970-х аднойчы ціха зьнік з тэрыторыі аб’яднаньня "Белмастацкераміка". Меднага Купалу невядома за якія грахі перад камуністамі ўтапілі ў балоце.

Сапраўдная навала напаткала й дом, дзе жыў Браніслаў Тарашкевіч. Дом гэты быў канфіскаваны ў сям’і ў 1939-м годзе, пасьля расправы над "нацдэмам". Ажно да пачатку 1990-х тут месьціўся ФАП. Жонка Тарашкевіча Вера Ніжанкоўская тым часам пасялілася насупраць. Потым неаднойчы шкадавала, бо перад вачыма заўсёды паўставалі карціны мінулага. Асабліва рвалі сэрца ўспаміны пра сына Радаслава, які ўсьлед за бацькам загінуў у 1943-м годзе, калі яму было 19 гадоў, — падаўся ў партызаны. Вера Антонаўна, патомная памешчыца, дачка знакамітага археографа, заснавальніка менскага гісторыка-археалягічнага музэя Андрэя Сьніткі, памерла тры гады таму. Тут кажуць: аджыла за мужа й сына. Сёлета ёй споўнілася б роўна сто.

Насупраць разбуранага сямейнага гнязда мы сядзім з падчаркай Браніслава Тарашкевіча Ірынай Ніжанкоўскай. Статус дзяржаўнай маёмасьці надаў пабудове свой адбітак. Перакошаная, са шматлікімі дабудовамі, з выбітымі шыбамі на гарышчы, уклінены наўпрост у сьцены гараж. Ірына Ўсяславаўна доўга глядзіць і кажа: можа й добра, што маці нічога гэтага ўжо ня бачыць.

(Ніжанкоўская: ) "Крыўдна, безумоўна, усё бачыць у такім стане. Маглі б стварыць музэй, нейкі нават асьветніцкі цэнтар. А так усё прападае…"

(Карэспандэнт: ) "На ваш погляд, ці ёсьць будучае ў граматыкі Браніслава Тарашкевіча?"

(Ніжанкоўская: ) "Ведаеце, я не філёляг, сама вучылася па наркамаўцы. Памятаю, мама казала, прыкладам, "кляса", а я не разумела і папраўляла: "Мама, ты ня так гаворыш, трэба "клас". Але мы заўсёды размаўлялі па-беларуску. Канешне, каб падтрымаць мілагучнасьць мовы, асабліва што тычыцца мяккасьці на пісьме — граматыка Тарашкевіча, безумоўна, патрэбная. Але як гэта зрабіць у нашых варунках?"

Менавіта тая, аддаленая гісторыя Радашкавічаў па ўсіх паказчыках перакрывае сучаснасьць. Ды й мясцовыя жыхары, быццам гэта адчуваючы, увесь час апэлююць да мінулага; мала распавядаюць пра цяперашняе і, падаецца, зусім не зазіраюць у будучае. Можа баяцца нічога там ня ўбачыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG