Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нясьвіж


Ганна Соусь

Палітычная геаграфія

Нясьвіж

(эфір 18 чэрвеня)

"Нясьвіская зямля, яе багацейшая гістарычная спадчына абудзіла пачуцьцё ўласнай годнасьці і дала мне сілы каб ісьці наперад і не баяцца цяжкасьцей на жыцьцёвым шляху. Куды б ні кідаў мяне потым лёс, я ніколі не забываў пра свае карані і пра тое, што быць зь Нясьвіжчыны — пачэсна", — так з гонарам калісьці гаварыў Анатоль Майсеня.

Нарадзіўся Майсеня ў вёсцы Вялікая Ліпа Нясьвіскага раёну. Адметна, што і загінуў Анатоль Майсеня пры няпэўных абставінах у аўтамабільнай катастрофе зусім блізка ад сваёй радзімы.

А тым часам багацейшая гістарычная спадчына, пра якую гаварыў тады Майсеня — палац Радзівілаў — паступова прыходзіць у жахлівы стан. Калісьці камуністычныя босы зрабілі зь яго санаторый для партыйнай эліты, і ў Радзівілавых пакоях больш як паўстагодзьдзя цешыліся намэнклятуршчыкі розных пакаленьняў.

Потым палац аддалі калгасьнікам — "Белмежкалгасздраўніцы", і тады распачаўся сапраўдны заняпад Нясьвіскага замку.

Але ж апошнім часам апомніліся і вырашылі з 1 ліпеня зачыніць санаторый ды распачаць у замку рэстаўрацыйныя работы. Гаворыць дырэктар Нацыянальнага гістарычна-культурнага запаведніку "Нясьвіж" Валер Сталярчук:

(Сталярчук: ) "Зараз ідзе распрацоўка праектава-каштарыснай дакумэнтацыі ў справе аднаўленьня рэстаўрацыі замкавага комплексу Радзівілаў. Пасьля выкананьня рэстаўрацыйных работ тут будзе культурна-асьветніцкі цэнтар. Пры нармальным фінансаваньні работы будуць закончаныя праз 8-10 гадоў".

Нясьвіскі палац да гэтага часу не ўваходзіць у сьпіс помнікаў ЮНЭСКА, а з гэтага выцякае, што фінансаваньне рэстаўрацыйных работ будзе зь беларускага бюджэту. А гэта, паводле краязнаўцы Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай, ёсьць сапраўдным прысудам Нясьвіскаму замку.

(Шышыгіна-Патоцкая: ) "Калі пачнуць рабіць зараз рэстаўрацыю, бяз сродкаў, без спэцыялістаў, то гэта значыць — мы падпісваем сьмерць замку. Сапраўды, колькі б мы там ні паставілі вартаўнікоў, усё роўна не зьберажэм. Прыкладам, не пасьпелі ад’ехаць апошнія адпачываючыя, як ужо дзьверы, вокны аказваліся на лецішчах, памянялі сантэхніку, дываны. І калі яшчэ прыйдзе той час, што адкрыюць дахі — дождж, мароз… Усё, загіне праз пару гадоў…"

Я ўваходжу ў брамы Нясьвіскага замку і адчуваю сябе насамрэч у санаторыі — на лавах сядзяць пэнсіянэры, старыя грэюцца на сонейку.

(Пэнсіянэр: ) "Жывецца добра, пакоі вялікія…"

(Соусь: ) "Ці не шкадуеце, што хутка тут ня будзе санаторыя?"

(Пэнсіянэр: ) "Не, санаторый павінен быць, толькі трэба яго адрамантаваць".

(Жанчына сталага веку: ) "Гаварылі, што раней тут было лепш".

Некаторыя пэнсіянэры нават ня ведаюць, што раней было ў іхных пакоях. Але за ўсё, што адбываецца тут, многія старыя ўдзячныя цяперашняй уладзе.

(Мужчына сталага веку: ) "Мне здаецца, што Лукашэнка прыняў правільнае рашэньне. Трэба пакідаць гістарычныя каштоўнасьці".

Найбольшы клопат маюць лекары санаторыя — бо цяпер ім усім (а тут працуе 125 чалавек) трэба будзе шукаць іншай працы. 25 зь іх — пэнсійнага ўзросту. Галоўны лекар санаторыя Мікалай Білевіч таксама будучы пэнсіянэр. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 17 гадоў. Да закрыцьця санаторыя галоўны лекар ставіцца адмоўна.

(Білевіч: ) "Трэба было пабудаваць новы санаторый. Гэтая мясьціна такая цудоўная, што трэба, каб тут быў санаторый. Людзі прызвычаіліся, санаторый у нас ужо 56 гадоў існуе. Але ж безумоўна, трэба гэты замак рэстаўраваць, бо ён непрыгодны для санаторыя. Палаты велькія, трэба, каб і каналізацыя была, і рукамыйнікі".

У Нясьвіжы дагэтуль папулярная ідэя адшукаюць скарбы Радзівілаў. Распавядае Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая:

(Шышыгіна-Патоцкая: ) "Скарбніца Радзівілаў была найбагацейшая ў Эўропе. У часы ўжо Радзівіла Караля Станіслава пане Каханку скарбніца налічвала каля тысячы кіляграмаў ня толькі золата, але і вырабаў з каштоўных мэталаў. Былі 12 залатых апосталаў, ня ўсе чыстага золата, але ўсе пазалочаныя, з чалавека ростам, усыпаныя каштоўнымі камянямі. Але ня толькі гэтая скарбніца была багацьцем Радзівілаў, яны валодалі агромнымі землямі, маёнткамі. Скарбы ў Нясьвіжы, у замку, у Радзівілаў былі нечуваныя".

А вось як шукаюць гэтыя скарбы, распавядае прадстаўнік Нясьвіскай філіі КХП БНФ Алесь Язьвінскі:

(Язьвінскі: ) "Пачаліся яны яшчэ ў час Кебіча, а магчыма нават Сьлюнькова. Дазволы нейкія прыватныя давалі. Усё замоўчваецца, засакрэчваецца. Зараз і людзі з каманды Лукашэнкі наведвалі, хацелі падкапацца пад касьцёлам, нешта шукаць. Але было супраціўленьне яшчэ папярэдняга ксяндза Акалатовіча.

Зараз, калі санаторый зачыніцца, тады ўжо менш хто зойдзе, і можна будзе шукаць спакайней. У нас быў такі выпадак, калі шукалі адначасова ў шасьці месцах. У Міхальскай горцы засталася глыбокая яма, у якую залезьлі дзеці і задыхнуліся. Шмат рылі і пад замкам, таксама там папрарываныя ямы".

Некалькі гадоў таму зьявіліся чуткі, што Нясьвіскі замак Лукашэнка неўзабаве зробіць сваёй чарговай рэзыдэнцыяй. Ці стане насамрэч гістарычны помнік пасьля рэстаўрацыі яшчэ адной "бацькавай" штаб-кватэрай, стане вядома пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, мяркуе Алесь Язьвінскі.

(Язьвінскі: ) "І ня важна, якія грошы, адкуль і як, галоўнае, каб ён не разваліўся. І ня важна, што там будзе, нават калі Аляксандар Рыгоравіч аформіць гэтае месца для нейкіх сваіх афіцыйных сустрэчаў, галоўнае — захаваць замак".

Паводле дырэктара Нацыянальнага-гістарычнага запаведніку Валер'я Сталярчука, Нясьвіж пакуль не зьяўляецца сапраўдным турыстычным цэнтрам Беларусі, але мог бы ім быць.

(Сталярчук: ) "Штогод Нясьвіж наведвае толькі ўлічаных турыстаў недзе каля тысяч 45-50".

(Соусь: ) "Колькі адсоткаў мясцовага бюджэту складаюць грошы ад турызму?"

(Сталярчук: ) "Вельмі невялікія, таму што квіткі за экскурсіі вельмі танныя, і адлічэньні ў мясцовы бюджэт невялічкія. Асноўную долю атрымліваюць менскія турыстычныя фірмы".

Дарэчы, у цэнтральнай кнігарні я не адшукала ніводнай кнігі альбо паштоўкі пра Нясьвіж. Тут можна ж было мець добры прыбытак, чаму не зарабляеце на гэтым грошы? — зьвярнулася я да гандляркі.

(Гандлярка: ) "Мы ж асабліва многа не завозім кніг, цяпер ведаеце, як з кнігамі. Вось раней "Беларусь" выдавала альбом "Нясьвіж", канечне, мы яго распрадалі за два месяцы. Ён бы і цяпер у нас разышоўся, калі б быў…"

Насупраць цэнтральнай кнігарні — райвыканкам. Калісьці прадстаўнік Нясьвіскай філіі Таварыства беларускай мовы Міхась Асмыковіч усталяваў на ім бела-чырвоны-белы сьцяг, і, зразумела, пацярпеў за гэта.

(Асмыковіч: ) "Нас затрымалі каля райвыканкаму міліцыянты, адразу апранулі кайданкі. Запыталіся: "Што вы тут робіце?", і не чакаючы адказу, пачалі біць дубінкамі".

Але нягледзячы на гэты выпадак, нясьвіскія апазыцыянэры мяркуюць, што ў іх яшчэ ня самыя горшыя начальнікі. Бо зь імі магчыма супрацоўнічаць ды прыходзіць да паразуменьня. У гэтым я ўпэўнілася, калі сустрэлася з галаўным вэртыкальнікам Нясьвіжчыны Леанідам Крупцом. Нарадзіўся ён ў гэтых мясьцінах, і, на маё ўражаньне, ягоны патрыятызм, што выявіўся ў нашай размове, быў натуральны.

(Крупец: ) "Мы адчуваем сябе як беларусы, таму што мы жывем у Беларусі. Напэўна, як было Вялікае Княства Літоўскае, тады нясьвіжане адчувалі сябе ў цэнтры Княства, таму што гэта была некаранаваная сталіца Вялікага Княства Літоўскага. А сёньня — другія часы, другія людзі, мэты другія…"

Нясьвіская зямля багатая. Да таго ж тут з усіх сельскіх гаспадарак застаўся толькі адзін калгас. Магчыма, таму Нясьвіскі раён тры гады трымае першае месца па ўраджайнасьці збожжа і бабовых.

(Крупец: ) "Сёньня ў Нясьвіжы ёсьць і хлеб і да хлеба".

Адзін з самых багатых на Нясьвіжчыне — агракамбінат "Сноў", "дзяржава ў дзяржаве", як называюць яго нясьвіжане. Дарэчы, знаходзіцца ён на радзіме Міхаіла Мясьніковіча, магчыма і гэта спрыяе камэрцыйнаму посьпеху фірмы. Што да простых нясьвіжанаў, то многія жывуць з таго, што паводле адмысловай тэхналёгіі вырошчваюць раньнюю бульбу, дарэчы, маюць з гэтага добры прыбытак.

Я завітала ў "Хамэлеон", прыватную кавярню ў цэнтры Нясьвіжу. Паводле Марыі Карачун, жонкі гаспадара кавярні, іхны бізнэс цяпер ледзь жывы, выдаткі надта вялікія, да таго ж мясцовыя ўлады няспынна патрабуюць грошай — на сяўбу, упрыгожваньне гораду ды іншае.

(Карачун: ) "Калі б мелі прыбытак, можна было на вуліцы паставіць столікі, можна было б павесіць карціны. Калі б на сёньняшні дзень, то мы б у гэтае ня ўлезьлі ды не арандавалі б гэтае памяшканьне. Прасьцей нешта сваё пабудаваць, чым арандаваць ды плаціць шалёныя грошы за арэнду. Калі ведаеш, што да цябе ў любы дзень могуць прыйсьці і сказаць: "Да пабачэньня" ды забраць усё, што купіў, што сваімі рукамі зрабіў".

У кавярні было небагата наведнікаў — усяго тры маладыя чалавекі.

(Соусь: ) "Скажыце, калі ласка, што звычайна ўвечары моладзь робіць у Нясьвіжы?"

(Алесь: ) "Гуляе звычайна. А каб разьняволіцца ды адпачыць — так толькі сюды. У гэтай кавярні ў Нясьвіжы самае таннае харчаваньне. І культурна тут — не папаліш, не паплюеш на падлогу, не засьнеш за сталом".

Паводле майго суразмоўцы Алеся, нясьвіская моладзь імкнецца працаваць у прыватным сэктары, а не ў калгасах альбо на прадпрыемствах.

(Алесь: ) "Як бы ні было, як бы наш "баценька Рыгоравіч" не душыў прадпрымальнікаў, усё роўна ўсе імкнуцца займацца прадпрымальніцтвам".

На леташніх выбарах у "палату прадстаўнікоў" дэпутатам ад Нясвіжчыны стала Марыя Худая. Другі раз. Мясцовыя апазыцыянэры часта называюць Худую другім Лукашэнкам — бо яна выкарыстоўвае ягоныя папулісцкія мэтады — мае імідж пакрыўджанай (Марыю Худую калісьці здымалі з пасады), ходзіць на сустрэчы з выбаршчыкамі пешкі, дасылае некаторым школам мячы для заняткаў фізкультурай ды іншае. Гаворыць Алесь Язьвінскі:

(Язьвінскі: ) "Што яна дае нам? Што можа даць гэтая "палатка"? Вось зараз пагадненьне наконт грошай ратыфікавалі. Аб нас яны ня думалі, ня думаюць, і, відаць, ня будуць думаць. Яны выконваюць загады. А тут трэба нейкі пыл у вочы пускаць… Гэта ж сьмешна — Марыя Мікалаеўна правяла газафікацыю вёскі. Што можа быць больш бязглуздым? Яе справа — законы пісаць".

Паводле падлікаў, у Нясьвіжы колькасьць апазыцыянэраў на тысячу жыхароў нават большая за сталічную — 25 чалавек на амаль 15 тысячаў жыхароў. Паводле кіраўніка Нясьвіскай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Уладзімера Парэйкі, які таксама ўзначальвае Каардынацыйнуцю раду дэмакратычных сілаў, гэтага дастаткова, каб выставіць у раёне назіральнікаў на ўсе выбарчыя участкі.

Нясьвіскіх апазыцыянэраў турбуюць і іншыя, мясцовыя праблемы. Напрыклад, Алесь Язьвінскі змагаецца супраць высячэньня зеляніны ў Нясьвіжы. Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы імкнуцца наладзіць беларускія дыскатэкі ды шоў "Беларушчына". Сытуацыя зь беларускай мовай у Нясьвіжчыне, паводле прадстаўніка ТБМ Міхася Асмыковіча, нядрэнная.

(Асмыковіч: ) "У нас ёсьць толькі адная расейскамоўная школа — 1-я. А так ва ўсіх дзіцячых садках і школах выкладаньне на беларускай мове".

А што да настаўніцкай працы ў Нясьвіжчыне, то яна, як і паўсюль, досыць складаная. Уладзімер Парэйка, настаўнік геаграфіі ды гісторыі, кожны дзень на ровары езьдзіць на працу ў Карцэвіцкую сярэднюю школу за 8 кілямэтраў.

(Парэйка: ) "Добрую частку заробку мы атрымліваем як прэміяльныя. А прэміі ўжо залежаць ад кіраўніцтва. Дрэнна таксама, што матэрыяльная база нас падводзіць. За апошнія гады атрымалі, як я па геаграфіі, некалькі мапаў. У сярэднім заробкі з даплатамі, з усім (я маю на ўвазе, што настаўнікі ж не працуюць на адну стаўку) — дзесьці 70-80 тысячаў рублёў".

Уладзімер Парэйка вельмі падобны на Аляксандра Лукашэнку, тая ж фрызура ды вусы. Часта, калі ён стаіць у краме ў чарзе, людзі кажуць: "Пусьціце Лукашэнку ўперад". І яшчэ ў адным сацыял-дэмакрат Парэйка крыху падобны на Лукашэнку.

(Парэйка: ) "Схільны часта выступаць".

У былой некаранаванай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Нясьвіжы цяпер няма ніводнага нашчадка Радзівілаў. Але гэта не перашкаджае нясьвіжанам адчуваць сябе жыхарамі элітнага беларускага гораду ды з гонарам рыфмаваць Нясьвіж з Парыжам. Бо, як гаварыў калісьці Анатоль Майсеня, "быць зь Нясьвіжчыны — пачэсна", і на маё ўражаньне, нясьвіжане гэта добра ўсьведамляюць.

І гэтыя пачуцьці, паводле галоўнага лекара санаторыя Мікалая Білевіча, неяк натуральна пераходзяць у вершаваныя радкі.

(Білевіч: ) "Беларусь мая, маці родная,
ты адзіная й свабодная.
Ганаруся табой, мая любая,
Аб табе дзень і ноч толькі думаю.
Так будзь заўсёды самастойнай
У сям’і народаў на зямлі.
І птушкай, вольнай і свабоднай
У шчасьці, радасьці жыві".

XS
SM
MD
LG