Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лунінец.


Аляксей Дзікавіцкі, Лунінец

Лунінец – гэта горад, які за дзевяць гадоў двойчы сьвяткаваў свой юбілей. У 1990 годзе – 450 гадоў, а ўжо ў 99-м, калі раптам знайшліся новыя гістарычныя дакумэнты, – 550.

Паводле словаў лунінчан, менавіта дзякуючы гэткім частым юбілеям іх горад за апошнія дзесяць гадоў, няхай сабе толькі ў цэнтры, але ўсё ж папрыгажэў.

Чыгунка. Дзякуючы ёй Лунінец напрыканцы ХІХ-га стагодзьдзя пачаў імкліва разьвівацца, а ў 1921 годзе атрымаў статус гораду. Тады былі пракладзеныя чыгуначныя лініі да Пінску, Баранавічаў, Гомлі і суседняй Украіны. З-за чыгункі горад быў амаль поўнасьцю зруйнаваны ў часе другой сусьветнай вайны. Як і сто гадоў таму, сёньня станцыя Лунінец застаецца вузлавой – штодзённа тут перачэпліваюць дзясяткаі вагонаў, а праз гарадзкі вакзал праходзяць тысячы пасажыраў. Начальнік станцыі Лунінец сп. Драздоў аказаўся настолькі занятым, што не знайшоў некалькі хвілінаў дзеля інтэрвію. Таму пра цяперашняе жыцьцё лунінецкіх чыгуначнікоў давялося даведвацца зь мясцовых газэтаў, якія пішуць, што, агульная колькасьць адпраўленых са станцыі вагонаў памяншаецца, а калектыў чакае скарачэньне.

Дзякуючы апошняму юбілею горад займеў яшчэ й герб, які давялося выдумляць, бо ў сярэднявеччы Лунінец ня меў статусу гораду і, адпаведна, ня меў гербу. Гэтым разам геральдысты не паўтарылі памылкі суседніх Баранавічаў, дзе на гарадзкі герб, каб адзначыць важную ролю чыгункі ў разьвіцьці гораду, зьмясьцілі паравоз.

Распавядае навуковы супрацоўнік мясцовага краязнаўчага музэю Вадзім Жылко:

(Жылко: ) “Паводле рашэньня тагачаснага старшыні аблвыканкаму Заламая, ўсім гарадам, якія ня мелі гербоў, трэба было геральдыстам іх распрацаваць. Зьявіўся герб і ў Лунінцы. На шчыце блакітнага колеру тры срэбнага колеру сымбалі. Уверсе карона – сымбаль манаршай улады часоў ВКЛ. Потым – дзьве перакрыжаваныя стралы, якія сымбалізуюць рух. І ўнізе – лілея, таму што на Белым возеры недалёка ад гораду ёсьць унікальныя водарасьці – лабелія дортман, якая на Беларусі сустракаецца толькі ў нашым возеры і на возеры Сьвіцязь”.

Як распавёў спадар Жылко, дагэтуль дакладна не вядомае і паходжаньне назову Лунінец.

Каб даведацца, як зьмянілася жыцьцё лунінчан за апошнія гады, якімі клопатамі яны жывуць цяпер і на што спадзяюцца, зьвяртаюся спачатку да свайго папярэдняга суразмоўцы, а потым да мінакоў на адной з гарадзкіх вуліцаў непадалёк кірмашу.

(Жылко: ) “Я лічу, што жыцьцё пагоршала. І ў эканамічным сэнсе, як і паўсюдна. А ў горадзе, здаецца, хоць і робяцца спробы па добраўпарадкаваньні, але ўвесь час не стае грошай. Няма сапраўднага мясцовага самакіраваньня, каб больш разумна рабіць нешта ў горадзе. А што да настрою людзей, дык мне здаецца, што на пачатку 90-х неяк весялейшыя людзі былі, больш актыўныя, нечым цікавіліся, а зараз – ідзе барадзьба за выжываньне”.

(Мінак на вуліцы:) “Стала цяжэй жыць – заробкі нізкія, пачынаецца безпрацоў’е – скарачаюць паўсюль”.

(Мінак на вуліцы:) “Не хачу сказаць, што лепш стала – на аптымізме трымаемся. Праблем шмат – дабрабыту няма. Ды й што чакаць тут і ад каго?”

(Дзікавіцкі: ) “Як вы мяркуеце, ці здольныя ўлады выправіць гэткае становішча?”

(Мінакі: ) “Нікому даверу няма. Горш, горш, горш – пэнсія малая і заробкі”.

(Дзікавіцкі: ) “Як вы мяркуеце, ці здольныя ўлады выправіць гэткае становішча?”

(Мінак: ) “Каб сумленны гаспадар быў, дык парадак можна навесьці.
Больш беспрацоўных стала, вось мой сын таксама беспрацоўны. Скарацілі на заводзе”.

(Дзікавіцкі: ) “А як вы думаеце, ці дапаможа вам дзяржава з працай ці спадзяваньні толькі на сябе?”

(Мінакі: ) “Толькі на сябе, бо ад Менску мы далёка. А тут прасьвету ніякага няма”.

(Мінакі: ) “Я б сказаў, што горш стала. Кошты ўсё растуць. Хлеб вельмі дарагі”.

(Мінакі: ) “Думаю, горш стала, трэба нешта мяняць у краіне”.

(Дзікавіцкі: ) “Восеньню будуць выбары, за каго вы будзеце галасаваць?”

(Мінак: ) “Канечне, не за Лукашэнку. Што ён зрабіў? Людзі толькі зьбяднелі”.

(Мінак: ) “Няма дзе ўладкавацца на працу, каб нармалёва зарабляць і жыць нармалёва”.

(Дзікавіцкі: ) “Восеньню будуць выбары, за каго вы будзеце галасаваць?”

(Мінак: ) “Пакуль кандыдатур ня бачу – далей паглядзім”.

З усіх апытаных толькі адна кабета сталага ўзросту, якая, паводле ейных словаў, вельмі рэдка выходзіць з хаты, выказала адрознае меркаваньне:

(Кабета: ) “Зьмянілася ў лепшы бок. Я вельмі ўдзячная ўраду і асабліва Лукашэнку, вельмі добра ўсё”.

(Дзікавіцкі: ) “Восеньню будуць выбары, за каго вы будзеце галасаваць?”

(Кабета: ) “Канечне, за Лукашэнку. Ён актыўны і сумленны”.

Такім чынам, больш за ўсё лунінчан хвалюе беспрацоў’е. І дзеля гэтага ёсьць сур’ёзныя падставы. Напярэдадні старэйшае прадпрыемства гораду – Лунінецкі дрэваапрацоўчы камбінат, ці, як тут кажуць, ДОК, са старым абсталяваньнем і бяз сродкаў на выплату заробкаў работнікам і даўгоў партнэрам афіцыйна аб’явіла пра скарчэньні. На чарзе яшчэ некалькі прадпрыемстваў, сярод якіх буйныя “Электрамаш”, “Лунінецлес”, малочны завод.

Апоўдні, у разгар працоўнага дня, нікога з кіраўнікоў на ДОКу не аказалася. Амаль не было і рабочых. На тэрыторыі камбінату – сьвежыя пянькі. Гэта напярэдадні на загад дырэктара сьпілавалі дрэвы – хіба што такім чынам хацелі забясьпечыць вытворчасьць бясплатнай сыравінай. Недалёка ад прахадной мы сустрэлі маладога работніка, які распавёў, што за люты яму налічылі 1700 рублёў заробку.

Аднак, ёсьць людзі, якіх нават у час скарачэньняў прымаюць на працу. Такімі каштоўнымі прафэсіяналамі ёсьць намесьнікі кіраўнікоў па інфармаваньню, па палітпрацы – у раёне іх ужо некалькі дзясяткаў.
Адметна, што нягледзячы на тое, што парэбу ў працы ў Лунінецкім раёне афіцыйна маюць каля васьмі соцень чалавек, заля прапановаў гарадзкога цэнтру занятасьці аказалася пустой.

Дырэктар цэнтру Вольга Ўладзімерава паведаміла, што сёлета, рабочыя, якіх скарцілі, па дапамогу амаль не зьвяртаюцца.

Выжываць бяз дзяржаўнай працы тутэйшым дапамагае зямля. На Лунінеччыне традыцыйна вырошчваюць шмат клубніцаў, па якія сюды на пачатку лета едуць адусюль.

А вось ў аддзеле эканомікі, рыначных стасункаў і прыватызацыі райвыканкаму нам не бяз гонару паведамілі, што прагнозныя паказчыкі па развіцьці гарадзкой эканомікі летась выкананыя, але, як ня дзіўна, па выніках году горад пацярпеў фінансавыя страты. Парадокс, але выдаецца, што страты сапраўды былі сплянаваныя, бо шмат з таго, што прадпрыемствы былі вымушаныя вырабіць дзеля справаздачаў, так і засталося ляжаць на складзе. А ў гаспадарках раёну толькі за першыя два месяцы бягучага году пагалоў’е буйной рагатай жывёлы скарацілася амаль на 600 галоў, а калгасна-саўгасныя даўгі набліжаюцца да 5 мільярдаў рублёў.

Цяпер Лунінеччына, паводле ўсемагчымых эканамічных паказчыкаў, у прамысловасьці ды сельскай гаспадарцы займае адно з апошніх месцаў у вобласьці.

30 сакавіка ў 11 гадзінаў раніцы знайсьці каго-небудзь з намесьнікаў старшыні выканкаму аказалася немагчымым. Усе разьехаліся па розных справах. Астатнія чыноўнікі рыхтаваліся да сьвяточнага сходу ў гонар так званага дню ўзьяднаньня народаў Беларусі і Расеі. У часе гэтага мерапрыемства, якое ладзілася, дарэчы, ў працоўны час, прамаўляў старшыня раённага савету дэпутатаў Яўген Богдан, паводле якога, за апошнія гады сярод іншага шмат зроблена ў справе стварэньня роўных эканамічных магчымасьцяў на прасторах саюзнай дзяржавы. Аднак цікава, што найвялікшае прадпрыемства Лунінецкага раёну мікашэвіцкі “Граніт”, нягледзячы на братэрскія адносіны Беларусі і Расеі, апошнім часам значна церпіць ад усходняга суседа.

Гаворыць эканамічны аглядальнік мясцовай незалежнай газэты Марыя Юрко:

(Юрко: ) “Граніт” дае 39% сродкаў у бюджэт. Амаль месяц ён стаяў з-за таго, што з Расеі не пастаўлялі выбуховыя рэчывы. У іх таксама праблемы з чыгуначнымі тарыфамі. Па Беларусі яны маюць абніжку, а ў Расеі тарыфы большыя за кошт самой шчабёнкі. І таму ён неканкурэнтназдольны. Адметна, што дзеля Ўкраіны Расея зрабіла абніжку тарыфаў, а дзеля Беларусі – не”.

Марыя Юрко таксама ўпэўненая, што не палепшыць сытуацыю і нядаўняе прызначэньне новага старшыні райвыканкаму з Магілёўшчыны, бо пры цяперашняй сыстэме нічога зрабіць у асобна ўзятым Лунінцы немагчыма.

У раённай паліклініцы з-за вялізных чэргаў цяжка прайсьці нават праз калідор. Колькасьць хворых у раёне пастаянна павялічваецца. Гаворыць намесьнік галоўнага ўрача па паліклініцы Ларыса Варшаловіч.

(Варшаловіч: ) “Колькасьць захворваньняў павялічваецца: і дарослых, і дзяцей, і падлеткаў. На першым месцы – захворваньні ворганаў дыханьня. На 1000 дзяцей – 871. На другім месцы ворганы страваваньня – 146. На сёньняшні дзень на дыспансэрным ўліку стаіць 24 тысячы жыхароў. У падлеткаў – амаль палова, дарослых і дзяцей – кожны трэці”.

Толькі летась выяўлена больш за сотню хворых на сухоты, шмат дзяцей маюць хваробы страўніка. Сярод прычынаў росту захворваньняў – аслабленьне імунітэту людзей пасьля чарнобыльскай катастрофы ды малыя прыбыткі, якія не дазваляюць нават прыстойна харчавацца.

Варта адзначыць, што новая бальніца ў Лунінцы, гэтаксама як і гарадзкі палац культуры, будуецца ўжо гадоў 10 і пакуль невядома, калі гэтае будаўніцтва скончыцца – у дзяржавы няма сродкаў. Цяперашня раённая лякарня месьціца ў шэрагу асобных памяшканьняў, дзе няма нават элемэнтарных умоваў для лячэньня.

Між тым, паводле вынікаў дасьледаваньня вучняў у школе вёскі Вулька-2 Лунінецкага раёну, усе дзеці аказаліся хворымі – абсалютна здаровых няма. Пры гэтым у раёне паступова ўводзіцца платнае мэдычнае абслугоўваньне. У прэйскуранце мясцовых мэдыкаў больш за тры дзясяткі паслугаў.

У Лунінцы выдаецца дзьве газэты: дзяржаўная “Лунінецкія навіны” і незалежная “Інфарм-прагулка”. Цікава, што рэдакцыі канкурэнтаў месьцяцца побач – у адным двары.

Пытаюся пра зьмены ў жыцьцці гораду за апошнія гады ў рэдактара недзяржаўнага выданьня Андрэя Вышынскага:

(Вышынскі: ) “Тыя парасткі рынкавай эканомікі, што былі на пачатку 90-х, – зьніклі. І дзяржаўныя, і недзяржаўныя прадпрыемствы ў такія ўмовы трапілі, што далей разьвівацца ня могуць – на новыя тэхналёгіі і абсталяваньне сродкаў няма. І гэта асноўная нашая бяда – эканоміка сама сябе “зьядае”. Прадпрыемствы скарачаюць людзей, плоцяць мізэрныя заробкі”.

І ў Тацяны Канапацкай, рэдактаркі афіцыйнай раёнкі:

(Канапацкая) Зьмянілася шмат і на мой погляд у лепшы бок. У 1999 годзе мы адзначалі юбілей, да якога рыхтаваліся. Мы далёка ад Менску і ад Берасьця, і таму ўсё трэба было рабіць самім, і мы зрабілі.

(Дзікавіцкі: ) “Якую прэсу купляюць лунінчане, мы даведаліся ў прадавачкі аднаго з газэтных кіёскаў што ў цэнтры гораду.

(Прадавачка: ) “Канечне, незалежныя адразу разьбіраюць, але і дзяржаўныя купляюць. Застаюцца “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”.

У Лунінцы ёсьць сябры асноўных беларускіх апазыцыйных партыяў, аднак ніякіх палітычных акцыяў яны тут самастойна ня ладзяць, а езьдзяць на іх у Менск. Аднак напярэдадні сёлетняга Дня Волі да Валера Гнядзько, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, прыходзілі міліцыянты ды спрабавалі высьвятліць, ці не зьбіраецца апазыцыя зрабіць што-небудзь несанкцыянаванае”.

Спадар Гнядзько ўпэўнены, што цягам апошніх некалькіх гадоў лунінчане сталі больш палітычна сьвядомымі.

(Гнядзько: ) “Рух ёсьць. Вось былі выбары ў парлямэнт, якія мы, праўда, байкатавалі, і сярод кандыдатаў была жанчына-журналіст дэмакратычных поглядаў, дык яна другое месца атрымала, нягледзячы на махлярства”.

Маладыя лунінчане за галоўную праблему ўважаюць адсутнасьць у горадзе месцаў для адпачынку. Паводле іхных словаў, такіх месцаў усяго два – кавярня “Верас” ды плошча Ленініа.

(Маладзён: ) “Няма куды пайсьці расслабіцца – няма моладзевай кавярні. Пойдзем на дыскатэку, а потым на плошчу пасядзець, і ўсё”.

А першы сакратар Лунінецкага райкаму БПСМ Тацяна Трэгубава лічыць, што жыцьцё моладзі стала лепшым, але да самой моладзі гэта часам не даходзіць.

(Трэгубава: ) “Мне здаецца, стала лепш, але, можа, да некаторай моладзі гэта не даходзіць. Мы мерапрыемствы праводзім, з моладзьдзю размаўляем. Жыцьцё стала больш актыўнае. Але калі паразмаўляць з шараговай моладзьдзю, асабліва працоўнай, дык нашыя мерапрыемствы ім не цікавыя”.

Ужо напрыканцы працоўнага дня, пасьля ўрачыстага сходу, я усё ж патрапіў знайсьці на працоўным месцы аднаго з намесьнікаў старшыні райвыканкаму Сьцяпана Рацыка. Спадар Рацык, як дарэчы і ўсе астатнія лунінецкія выканкамаўскія чыноўнікі, гаварыць пры ўключаным дыктафоне адмовіўся. Намесьнік старшыні паведаміў, што за апошнія гады шмат зроблена для добраўпарадкаваньня гораду ды напаўненьня крамаў таварамі, аднак галоўныя праблемы – дрэннае эканамічнае становішча прадпрыемстваў, і даўгабуды – вырашыць не атрымліваецца. Аднак, паводле спадара Рацыка, робіцца шмат. Прыкладам, вырашаецца праблема рамонту дарогаў, але зноў жа коштам мясцовых прадпрыемстваў. Напярэдадні створаны пазабюджэтны фонд на рамонт, куды й так слабыя прадпрыемствы мусяць пералічваць 1,5 адсоткі ад фонду заработнай платы. Іншых грошай няма.

На двары пад выканкамаўскімі вокнамі даволі чыста апрануты чалавек зьбіраў недакуркі у плястыкавыя каробачкі. У адну – недакуркі з фільтрам, у другую – астатнія.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, як Вы думаеце, ці лепшыя выканкамаўскія недакуркі ад недакуркаў у іншых месцах?”

(Чалавек, што зьбірае недакуркі: ) “Канечне лепшыя, тут жа чыноўнікі працуюць”.
XS
SM
MD
LG