Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцвыпуск. Хваробы беларускай мэдыцыны.


Ганна Соусь, Менск

Да старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Аляксандра Дубка машына "хуткай дапамогі" ехала 40 хвілінаў. Генадзь Карпенка пасьля інсульту больш за суткі ня мог атрымаць адпаведнай мэдычнай дапамогі.

У адным з раённых шпіталяў праверка высьвятліла, што ва ўсім аддзяленьні толькі адна сястра мела кавалак мыла.

Каб запісацца на прыём да нэўрапатоляга ў звычайнай менскай паліклініцы №3, трэба прыйсьці на палову восьмай раніцы, але й гэта не гарантуе, што вы атрымаеце талён.

Летась Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пасьля экспарту, харчаваньня ды будаўніцтва жыльля мэдыцына ёсьць чацьвертым прыярытэтам беларускай эканомікі.

Паводле беларускага Закону аб ахове здароўя, на мэдычную сфэру трэба выдаткоўваць ня менш за 10% ад нацыянальнага прыбытку. Апошнія гады выдаткі на ахову здароўя склалі толькі 4,5% ад унутранага сукупнага прадукту. Сёлета на мэдыцыну плянуецца выдаткаваць толькі 4,3%.

За апошнія 4 гады на ахову здароўя кожнага беларуса пайшло 55 даляраў штогод. Паводле міністра аховы здароўя Ігара Зелянкевіча, у блізкім часе фінансавая сытуацыя ў мэдыцыне не палепшыцца.

(Зелянкевіч: ) "Грошай усё роўна больш ня будзе. Ніколі мы ня будзем выдаткоўваць 20 альбо 15 адсоткаў унутранага сукупнага прадукту на ахову здароўя. Гэта ілюзія, утопія".

Ад савецкага часу беларускай сыстэме аховы здароўя ў спадчыну засталася бясплатная мэдыцына, дакладней — дэклярацыі пра бясплатную мэдыцыну. Бо беларусы плацяць падаткі, зь іх фармуецца бюджэт, а потым улада вырашае, колькі грошай варта выдаткаваць на мэдыцыну.

Але ж беларусы могуць кантраляваць гэтыя працэсы праз заканадаўчую ўладу. Яны абіраюць дэпутатаў у парлямэнт, а тыя ўжо могуць ды павінны ўплываць на дзяржаўную палітыку ў мэдычнай сфэры. Але ж гэткая повязь і за савецкім часам, і цяпер збольшага не ўсьведамляецца ні беларусамі, ні іхнымі абраньнікамі.

За Лукашэнкам дэпутаты Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня спачатку ня мелі дастаткова часу, а потым і магчымасьцяў, каб вызначаць дзяржаўную палітыку ў сфэры аховы здароўя. Дэпутаты ж "палаты прадстаўнікоў" ня мелі ды ня маюць рэальных паўнамоцтваў для гэтага.

Гэтак усё, што "не дададзена" мэдыцыне зь бюджэту, беларусам прыходзіцца кампэнсаваць з уласнай кішэні. Вядома, што якасную мэдычную дапамогу часта амаль немагчыма атрымаць бяз пэўнага знаёмства, падарунку альбо грашавай падзякі.

Ёсьць і іншыя вынаходніцтвы, каб прымусіць людзей плаціць. Пра найбольш тыповае распавядае жыхарка Менску Аляксандра Лабзова.

(Лабзова: ) "Учора было вырашана рабіць апэрацыю майму бацьку. Нам сказалі, што трэба тэрмінова набыць катэтар, і ў клініцы мне далі адрас фірмы, дзе яны ёсьць. Чалавек, зь якім я размаўляла, сказаў, што сёньня ён быў у клініцы, размаўляў з загадчыкам адзяленьня, і таму той пакінуў катэтар для мяне. І тут усё ясна — яны дамовіліся, грошы падзеляць.

Але ж у мяне ня ўзьнікла думкі, што гэта нейкая афэра. Я ўдзячная гэтаму загадчыку аддзяленьня і таму чалавеку — калі б гэтага не было, не атрымалася б апэрацыя".

А які стан цяпер мэдычных установаў? Што зьмянілася ў іх за час праўленьня Лукашэнкі?

Паводле Нацыянальнай справаздачы ААН аб чалавечым разьвіцьці ў Беларусі ў 2000 годзе, каля 45% лячэбна-прафіляктычных установаў знаходзяцца ў памяшканьнях, не прыстасаваных для гэтага. Больш за 50% мэдычнага абсталяваньня беларускіх мэдычных установаў адпрацавала звыш 10 гадоў, і яго трэба сьпісваць з прычыны маральнага і фізычнага зносу.

Да гэтага дадамо яшчэ некалькі лічбаў, якія прыводзілі ў часе леташняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з мэдыкамі. Каля 36% мэдычных установаў Беларусі пабудаваныя да 1941 году. 125 мэдычных карпусоў месьцяцца ў аварыйных будынках. А ў 148 вясковых больніцах ды 232 вясковых амбуляторыях дагэтуль дзейнічае пячное ацяпленьне.

Для параўнаньня — у здраўніцах Упраўленьня справаў прэзыдэнта нядаўна было адноўленае практычна ўсё дыягнастычнае абсталяваньне, пра што нядаўна з гонарам паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санітарна-курортавым лячэньні насельніцтва Ўладзімер Рыжанкоў, паскардзіўшыся пры гэтым, што прафсаюзныя ды калгасныя здраўніцы знаходзяцца ў горшым стане.

Значная частка вясковых шпіталяў ня мае гарачай вады, некаторыя ня маюць і халоднай вады ад вадаправоду, і лекары ходзяць па ваду да калодзежа. Але, паводле старшыні Ўпраўленьня аховы здароўя Менскай вобласьці Расьціслава Трэпашкі, найбольш істотнае — кадравае пытаньне.

(Трэпашка: ) "Як і заўжды, востра не хапае лекараў для працы на вёсцы. Цяпер там патрэбныя і лекары-тэрапэўты, і пэдыятры, і рэнтгенолягі, і анэстэзіёлягі, і стаматолягі, і хірургі. На жаль, у 12 раёнах няма псыхолягаў і нарколягаў, на гэтых пасадах працуюць іншыя лекары па сумяшчальніцтве".

З прычыны нястачы лекараў-спэцыялістаў, ужо 5 гадоў у Беларусі ідзе экспэрымэнт па падрыхтоўцы лекараў агульнай практыкі для работы на вёсцы — кшталту земскіх лекараў, якія былі да рэвалюцыі, якія маглі й зубы рваць, і сухоты лячыць, і дзяцей прымаць. Сваё стаўленьне да гэтай навацыі выказвае кандыдат мэдычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі Павал Маісееў.

(Маісееў: ) "Ніколі чалавек, які б ён ні быў разумны ды прафэсіянал, у нашых сучасных умовах, з сучасным абсталяваньнем, з сучаснымі лекамі, ня зможа ведаць усяго — таму ён і ня здолее даць добрую мэдычную дапамогу. Цяперашняя мэдыцына — гэта мэдыцына вузкаспэцыялізаваная".

Усяго ў Беларусі цяпер 47,8 тысячаў лекараў. Калі мэдыкі распавядаюць пра свае заробкі, то горка жартуюць: "Вось вазьму некалькі дзяжурстваў ды набуду машыну". Сапраўды, невясёлы жарт. Распавядае анколяг Павал Маісееў:

(Маісееў: ) "Застаецца толькі адно — браць дзяжурствы, яшчэ паўстаўкі. Але ж усё робіцца дзеля таго, каб і гэтага не дапусьціць. Забараняецца лекару працаваць і ў вольную гадзіну. Паміж дактароў распаўсюджаны выраз — лекар нікому не патрэбны ў гэтай дзяржаве. А патрабуюць зь яго столькі — ня ведаю, дзе яшчэ такое ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "Што звычайна нясуць лекарам? Вось у вас Менская вобласьць, вясковыя жыхары… Якія найбольш тыповыя падарункі?"

(Маісееў: ) "Існуе такі стэрэатып, што хірург абавязкова павінен піць, сьпірт ці яшчэ што. У гэтым сэнсе мы роўныя з нашымі пацыентамі — ня толькі паводле жабрацкага ўзроўня жыцьця, але й паводле псыхалёгіі. Таму і нясуць шмат сала ды бутэльку гарэлкі ці самагону. Нясьмешна, калі гэткі кошт паслугаў лекара".

Часта бывае, што лекары ня маюць нават самага неабходнага, каб выконваць свае прафэсійныя абавязкі. Распавядае жыхарка Менску Аляксандра Лабзова:

(Лабзова: ) "Мой сябар звальняўся з "хуткай дапамогі" са словамі: "Не магу больш лячыць людзей словам".

За гады кіраваньня Лукашэнкі да традыцыйных лекарскіх праблемаў прыбавіліся новыя. Апошнім часам распачалося цкаваньне няўгодных лекараў, ідуць судовыя працэсы, высокія чыноўнікі, якія ня маюць адпаведных ведаў, умешваюцца ў кіраваньне мэдыцынай. Распавядае былы галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Зьміцер Міхнюк:

(Міхнюк: ) "Самая вялікая праблема — гэта страх, які пануе ў мэдычным асяродзьдзі. Страх зрабіць памылку, бо правільна ты зрабіў альбо няправільна — абавязкова будзе пакараньне. Такая палітыка цяпер пануе ў сыстэме аховы здароўя.

За любую прамашку, нават калі гэта залежыць не ад лекара, а ад таго, што мэдыцына дрэнна фінансуецца, усё роўна адказвае лекар. І гэта вядзе да таго, што стрымліваецца ініцыятыва лекара. У лекараў ёсьць адчуваньне напружанасьці, неабароненасьці — ня толькі фінансавай, але і прафэсійнай неабароненасьці".

Сам спадар Міхнюк быў летась звольнены з пасады галоўнага акушэра-гінэколяга пры дзейсным удзеле віцэ-прэм’ера Ўладзімера Замяталіна. Дарэчы, Зьміцер Міхнюк быў тым мэдыкам, які даваў лекарскае заключэньне былой старшыні Нацыянальнага банку Тамары Віньнікавай. Вось як былы галоўны-акушэр-гінэколяг характарызуе цяперашнюю сытуацыю ў сфэры, якую ён калісьці ўзначальваў:

(Міхнюк: ) "За 5-6 гадоў нічога значнага не набылі для службы дапамогі пры родах. Цяпер мы існуем толькі дзякуючы таму, што ў 1997 годзе было закупленае абсталяваньне коштам швайцарскага ўраду.

Напрыклад, нядаўна ў Смалявічах ўвялі паліклініку. Вельмі добрая, сучасная і гэтак далей. Але няма чым яе напоўніць, бо няма за што".

У большасьці краінаў сьвету даволі эфэктыўна дзейнічае сыстэма страхавой мэдыцыны. Беларускія мэдычныя чыноўнікі да такой мадэлі пакуль ставяцца зь недаверам. Паводле кіраўніка галоўнага ўпраўленьня лячэбна-прафіляктычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксандра Цыбіна, найбольш эфэктыўным ёсьць дзяржаўнае кіраваньне мэдыцынай.

(Цыбін: ) "Сёньня ў сьвеце ёсьць тэндэнцыя вяртаньня да дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя. Нават там, дзе спачатку прыярытэты былі аддадзеныя страхавой мэдыцыне. Апошнія рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя — прытрымлівацца дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя. Гэта ўжо зрабіла Вялікая Брытанія і Канада.

У нас жа ў дадатак да дзяржаўнай разьвіваецца яшчэ й платная мэдыцына. А ствараць у маштабах маленькай краіны яшчэ адну структуру, якая будзе толькі перакладаць грошы з кішэні ў кішэню, наўрад ці разумна".

А паводле старшыні Камісіі аховы здароўя Нацыянальнага выканаўчага камітэту Ўладзімера Белякова, трэба паступова адмаўляцца ад дзяржаўнага кіраваньня мэдыцынай.

(Белякоў: ) "Больш прымальнай была б мадэль зьмешанай мэдыцыны. Гэта і страхавая, і дзяржаўная мэдыцына, бо бюджэтнае фінансаваньне не забясьпечвае цалкам патрэбаў сыстэмы аховы здароўя.

Цягам многіх гадоў мэдыцына фінансуецца недзе на 70 адсоткаў ад ейных патрэбаў. Заробкі лекараў-пачаткоўцаў складаюць 38 тысячаў рублёў. Сярэднія заробкі — 50 тысяч рублёў. Гэта ніжэй за любы пражытковы мінімум.

Формы мэдыцыны павінны быць розныя. Гэта дасьць дадатковае фінансаваньне сыстэме аховы здароўя і магчымасьць атрымліваць мэдычную дапамогу больш высокага ўзроўню".

Усе беларусы — патэнцыйныя пацыенты. Адны няспынна лечацца цяпер, другія будуць зьвяртацца па дапамогу ў будучыні. Як адзначалі ўсе мае суразмоўцы, у Беларусі цяпер практычна адсутнічае сыстэма прафіляктыкі хваробаў, і гэта ёсьць найвялікшай праблемай.

Дрэнная экалёгія, няякаснае харчаваньне, запозьненнае зьвяртаньне да лекараў — з часам хворых у Беларусі значна паболее. Ці будзе здольная дапамагчы ім усім цяперашняя сыстэма аховы здароўя?
XS
SM
MD
LG