Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяроза - як жывуць і што думаюць людзі?


Ігар Карней, Менск

Ціхі беларускі горад з рамантычнай назвай Бяроза нечакана гучна, літаральна на ўвесь сьвет "праславіўся" шэсьць гадоў таму. Адзначыўся, дзякуючы вайсковай верталётнай эскадрылі, раскватараванай паблізу суседніх Пружанаў.

У 1995 годзе над небам Бярозы быў расстраляны паветраны шар з амэрыканскімі аэранаўтамі Аланам Фрэнкелем і Джонам Ст'юартам. Інцыдэнт над Бярозай скалануў ня толькі мясцовых, але рэхам абляцеў вакол Зямлі. Ніхто ня мог зразумець, чаму вопытны экіпаж паветраплавальнікаў вольна праляцеў праз усю Эўропу і раптам быў прыняты за шпіёнаў у Беларусі.

Пасьля трагедыі на ўскрайку лесу, у дзясятку мэтраў ад крайняга з гарадзкіх лецішчаў, дзе ўпаў расстраляны балён, актывісты філіі БНФ ўласнымі сіламі збудавалі невялікі помнік. Акуратны валун з высечаным крыжам і адным словам: "Прабачце".

Празь нейкі час адзначылася на свой манер мясцовая вэртыкаль, паклаўшы альтэрнатыўную пліту з гранітнай крошкі ў больш людным месцы, якое павінны былі бачыць ня толькі грыбнікі.

Успамінае ініцыятар ушанаваньня памяці амэрыканскіх падарожнікаў старшыня філіі БНФ Бярозы Сяржук Русецкі:

(Русецкі: ) "Мы ўжо на другі дзень зьезьдзілі на месца здарэньня, сабралі рэшткі каша, іншыя рэчы, закапалі іх тут жа. А сам гэты помнік прымеркавалі да гадавіны трагедыі".

(Карэспандэнт: ) "Цікава, што празь нейкі час побач зьявілася ня вельмі зграбная пліта ад уладаў".

(Русецкі: ) "Інфармацыя пра наш камень была ў бюлетэні "Гістарычная брама", у "Звязьдзе". І ўжо пасьля гэтага зьявіўся афіцыйны помнік".

(Карэспандэнт: ) "Ці прыяжджалі на гэтае месца сваякі загінулых?"

(Русецкі: ) "Колькі я ведаю, у нас адна дзяўчына выйшла замуж за амэрыканскага журналіста, дык ён прыяжджаў, пісаў. А так не".

Па дзіўным зьбегу акалічнасьцяў менавіта з тае пары ў Бярозе штодня наступае "канец сьвету". Так мясцовыя жыхары ахрысьцілі энэргетычную палітыку мясцовага кіраўніцтва. Так званыя "вэерныя адключэньні" пад соўсам татальнай эканоміі нагадваюць суцэльна чорныя ночы шматпакутнага расейскага Прымор’я. Ніхто ня ведае, за якім заняткам можа засьпець жыхароў гораду і раёну няўмольная рука электрыка, што кладзецца на рубільнік прадпрыемства "Бярозадобраўладкаваньне".

Парадокс сытуацыі ў тым, што літаральна за два дзясяткі кілямэтраў знаходзіцца Бярозаўская ГРЭС, другая па магутнасьці ў Беларусі. Але такому рэйтынгу жыхары ня вераць. Як і каровы, якіх трэба даіць — але калі фэрма застаецца без электрычнасьці, працэдура адкладаецца да наступнага ўключэньня сьвятла.

Распавядае Іван Цімошык, дыспэтчар "Бярозаўскіх раённых электрасетак" — арганізацыі, ад якой забралі права нагляду за вуліцамі гораду, але гэта ўсё ж галоўная, так бы мовіць, электрычная кнопка.

(Цімошык: ) "Я цікавіўся ў другіх раёнах, ці ёсьць нешта падобнае. Не, кажуць, нідзе не адключаюць. Што насамрэч? Трашчыць бюджэт; так што ўсё робіцца зь ведама раённых уладаў. Але людзі пакутуюць: што жыць са сьвятлом, а што ў цемры. А дзецям! А распуціца! Адна Бяроза такая…"

Той-сёй часам задумваецца, якога эпітэту заслугоўваюць спэцыялісты "Бярозадобраўладкаваньня". Прыкладам, біёляг Аліна Дзянісюк мяркуе, што сапраўдная назва гэтага прадпрыемства павінна мець нешта агульнае з падрыўной дзейнасьцю. Цяпер на парадку дня гэтай арганізацыі — масавае зьнішчэньне векавых дрэваў.

(Дзянісюк: ) "Рэжуць нас. Напалам! Не, нават не напалам, а пад самы корань. Мне ўжо 70, а я гэтыя дрэвы такімі памятаю зь дзяцінства. Нічога сьвятога".

Ці застанецца ў Бярозе тое, што дало гораду сваю назву, залежыць ад актыўнасьці гараджанаў. Але прыклады бяздумнага барбарства ў Бярозе ўжо ёсьць. Помнік гісторыі й негаспадарлівасьці адначасова — кляштар XVII ст., пабудаваны манахамі ордэну картэзіянцаў. Чатыры стагодзьдзі таму абарыгены згадзіліся на суседзтва з вандроўнымі альпійскімі манахамі й нават падзяліліся назовам з картузамі — так на мясцовым дыялекце называлі манахаў. Як толькі ад кляштара засталася "сьветлая памяць", зьнікла патрэба і ва ўдакладненьні "Картузкая".

Ужо за савецкім часам вялізная тэрыторыя — ажно 6,5 гектараў стала падобнай да звычайнага сьметніка. Сыходзячы зь Бярозы, дысьлякаваныя тут да 1992 году расейскія войскі зьвезьлі да старадаўніх сьценаў рэшткі сваёй гераічнай дзейнасьці.

На тое, што кляштар гіпатэтычна мае гістарычную каштоўнасьць, сьведчыць звыклая і ня надта прыкметная шыльдачка: "Помнік архітэктуры". Журналістка Ларыса Карманава, якая ня раз падымала тэму помніка, які гіне, зьдзек з кляштара ўспрымае як асабістую абразу.

(Карманава: ) "Калі мы былі яшчэ вучнямі школы, то ладзілі туды адмысловыя экскурсіі. Але на саму тэрыторыю кляштара мы патрапіць не маглі, бо там месьцілася вайсковая частка. І самае жахлівае, што гэтыя сьцены выкарыстоўваліся імі як сьцены сьвінарніку. Жудасна было бачыць, як сьвіньні бегаюць па сьвятых месцах.

Потым вайсковую частку расфармавалі, але істотна нічога не зьмянілася; сьцены паціху руйнуюцца, хоць гадоў 12 таму яшчэ існаваў плян рэканструкцыі кляштара".

Зараз лёс кляштара цалкам залежыць ад сумленнасьці калектыву аўтарамонтавага прадпрыемства, які гаспадарнічае на частцы помніка, што быццам ахоўваецца дзяржавай. Больш спадзявацца няма на каго; ня ўспамінаюць і пра каштарыс, які існаваў на аднаўленчыя працы.

Дарэчы, у гэткім жа незайздросным стане й адна зь дзьвюх чырвоных казармаў 151-га Пяцігорскага палка. Пабудаваныя яшчэ ў часе ўладараньня расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ з цэглы ўсё таго ж кляштара, у 1930-я гады казармы сталі пляцдармам для сумна вядомага Бяроза-Картузкага канцэнтрацыйнага лягеру, дзе за антыпольскія настроі адседзеў і Максім Танк.

Лягер праіснаваў да 1939 году, а пасьля аб’яднаньня Заходняй Беларусі з БССР стаў месцам дысьлякацыі вайскоўцаў. 10 апошніх гадоў, пасьля вываду расейскіх войскаў, чырвоныя казармы, раптам нікому не патрэбныя, былі прытулкам для п’яных кампаніяў і наогул месцам з даволі змрочнай рэпутацыяй.

Магчыма, усе звыкла яшчэ спадзяюцца на вяртаньне мэцэнатаў, як гэта было 10 гадоў таму, калі тут, у Бярозе, немцы хутка паставілі сучасны гарадок для вайскоўцаў, што сыходзілі з ГДР.

Падобна, на старыя казармы сфэра нямецкіх інтарэсаў не распаўсюджваецца. Дзеля справядлівасьці, адну зь іх калектыўнымі намаганьнямі ўдалося выратаваць. І зараз тут месьціцца адзіны на ўсю Беларусь дзіцяча-юнацкі спартова-эстэтычны цэнтар з выдатнай базай і калектывам аднадумцаў. Мясцовым дзецям можна толькі пазайздросьціць: адмыслова будаваць нешта падобнае ніхто й ніколі ня стаў бы.

На жаль, стан другой казармы не дае надзеі на такое ж чароўнае пераўтварэньне. І таму шэрагу кандыдатаў на паляпшэньне ўмоваў існаваньня — прыкладам, народнаму тэатру, давядзецца выбіраць паміж былой лазьняй і цесным кутом у Доме культуры.

Ды й мясцовая трупа, каб жыла толькі з выступаў, даўно ўжо перамерла б. Таму артысты працуюць на вытворчасьці. Але й тут заробкі не найлепшыя. Некалі гонар рэспублікі — адзін з найбуйнейшых у Эўропе Бярозаўскі мясакамбінат перайшоў на 3-дзённы працоўны тыдзень. Галоднае быдла амаль не даходзіць да канвэеру, здыхаючы з голаду і ня маючы сілаў пладзіцца ў патрэбнай для статыстычных справаздачаў колькасьці.

Пры цяперашнім павальным дэфіцыце нават здыхата ідзе ў справу: завод "Вэтсанутыль" па вытворчасці касьцяной мукі працуе ледзь ня больш напружана за мясакамбінат.

Бяроза адметная нечаканымі знаёмствамі. Так, адзін з найбольш актыўных дзеячаў мясцовай філіі БНФ — загадчык валютнага аддзяленьня Белбізнэсбанку Ўладзімер Шуст. Згадзіцеся, нячаста можна сустрэць банкіра зь бел-чырвона-белым сьцяжком на пінжаку. Сам Шуст сьцьвярджае, што ня мае з-за гэтага праблемаў на працы — найперш таму, што большасьць у поглядах зь ім салідарная.

(Шуст: ) "Калі я быў на курсах падвышэньня кваліфікацыі ў Менску (вядома, са значком БНФ), поглядаў сваіх таксама не хаваў. Паміж заняткамі, у кулюарах, людзі, як водзіцца, размаўляюць найбольш пра палітыку. Ніводнага чалавека, які б асудзіў мае погляды, каб выступіў супраць, я не сустрэў. Тлумачэньне тут вельмі простае: банкаўскія работнікі — усе эканамісты; цудоўна бачым, што робіцца ў краіне і дзеля чаго гэта робіцца".

Сын Уладзімера Шуста Ільля ў свае 15 гадоў цьвёрда ўсьведамляе нацыянальную ідэю. У ягоным пакоі асноўнае месца належыць атрыбутам беларускай дзяржаўнасьці. Можа таму без усялякіх хістаньняў Ільля папоўніў шэрагі Маладога Фронту.

(Ільля: ) "Я пайшоў у школу ў 1992 годзе, а тады нас у школе вучылі, што нацыянальныя сымбалі Беларусі — бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня. І канечне, паўплываў бацька. Народ нам сымпатызуе. Калі спачатку ў Маладым Фронце было тры чалавекі, то цяпер каля дзесяці. Мала. Але горад малы, усе адзін аднаго ведаюць, многія баяцца пацярпець. Мы стала займаемся ўлёткамі, ёсьць крыху графіці".

Хапае працы і ў назіральнікаў Беларускага Гельсынскага камітэту. Апошнім часам усё больш выпадкаў, калі мясцовае кіраўніцтва настойліва рэкамэндуе працоўным калектывам удзельнічаць у тым ці іншым праекце.

Прыкладам, нядаўна ідэалягічны аддзел райвыканкаму распаўсюджваў па прадпрыемствах лятэрэі аблвыканкаму на аднаўленьне Брэсцкай крэпасьці. Магчыма, ніхто й не падымаў бы пытаньня, калі б у СМІ не зьявілася інфармацыя, што фінансаваньне рэстаўрацыйных працаў на крэпасьці прадугледжвае сумесны беларуска-расейскі бюджэт. Да таго ж у Бярозе дастаткова сваіх аб’ектаў, якія трэба рэстаўраваць. Гаворыць Васіль Азаранка:

(Азаранка: ) "Паступіла каманда з выканкаму распаўсюдзіць лятэрэйныя білеты. Займаўся гэтым наш мясцовы ідэоляг. Частка ў нашым калектыве моўчкі гэтыя квіткі набыла. А частка адмовілася, бо гэта паўтары тысячы рублёў — прынамсі, выкінуць не згадзіўся б ніхто. Усе адчувалі гэты ціск. Казалі: не куплю квітка — не атрымаю прычэп на дапамогу ў гаспадарцы. Гэта значыць, з-за боязі санкцыяў людзі набывалі тое, што ім ня трэба".

Тут амаль усе салідарныя, што хутка прыйдзецца скідвацца, каб вырашыць невырашальныя праблемы ўладаў. І адна зь іх — гарадзкія дарогі. Самы напружаны кірунак, да чыгуначнага вакзалу, наогул ня мае асфальтавага пакрыцьця, а таму нагадвае салдацкія траншэі.

Яшчэ адна навала — расьце злачыннасьць. Ужо некалькі разоў у міліцыю зьвярталіся пацярпелыя, якіх катавалі, каб выбіць грошы. Быў выпадак, калі вартаўніка, які заўважыў рабаўнікоў, пасадзілі на кол у агароджы. У адной са структураў узялі спэцыяліста, які вырабляў і гандляваў пасьведчаньнямі ўсіх узораў. Дырэктар саўгасу высьвятляў адносіны з падначаленымі з дапамогай пісталета.

Ёсьць прыклады, характэрныя толькі для Бярозы. Некалькі гадоў цягнецца канфлікт паміж мясцовым гісторыка-краязнаўчым музэем і адным зь мясцовых жыхароў. Ён, па зьвестках супрацоўнікаў музэя, мае аднаго з 12 драўляных апосталаў, якія раней упрыгожвалі касьцёл кляштара картузаў. Прадпрымальны бярозавец згодны разьвітацца з каштоўнасьцю за 10 тысячаў даляраў.

Музэй разумее, што такіх грошай ніколі не заробіць, а таму лёс рэліквіі няпэўны: адпаведнага нагляду за драўляным апосталам няма. Між іншым, інтэнсыўнасьці працы самога музэя могуць пазайздросьціць нават сталічныя ўстановы. Вось як акрэсьлівае свае задачы дырэктарка музэя Любоў Ківатыцкая:

(Ківатыцкая: ) "У нас вельмі шмат экспэдыцыяў па вёсках нашага раёну, дзе па крупінках адшукваем бясцэнныя экспанаты й прадметы ўжытку, каб нашым нашчадкам паказаць, які багаты й таленавіты наш край. Усімі экспанатамі мы ганарымся; асабліва калекцыяй рымскіх дынараў І-ІІ стагодзьдзяў, што даказвае: ня толькі празь Беларусь, але непасрэдна праз наш раён праходзіў гандлёвы шлях".

Якраз у дзень майго наведваньня музэя тут зьбіраўся выставіць свае працы мастак-аматар Аляксандар Пукала. Маляваць пачаў пяць год таму, ужо ў сталым узросьце. Усё жыцьцё працаваў будаўніком, але перажываньні за будучае роднай прыроды, зьдзек зь яе вымусілі ўзяцца за пэндзаль.

У адказ на пытаньне, чаму перажываньні за родны край не падмацоўваюцца яшчэ й беларускай мовай, сам Пукала адказаў: вельмі доўга з нас выбівалі пачуцьцё беларускасьці.

А вось 70-гадовая пэнсіянэрка, спадарыня Аліна, дарэчы, этнічная палячка, настроеная радыкальна: чакаць, што хтосьці пачне "забіваць" беларускасьць назад, не выпадае. Толькі актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй (і тут ужо няважна колькі табе гадоў — 70 ці 20), можна вярнуць страчаныя нацыянальныя рысы.

(Аліна: ) "Я калі сыдуся са сваімі, дык гавару па-польску! І ўнукаў вымушаю, і дзеці размаўляюць. А мой мужык толькі па-руску. Беларус! Я кажу: дзіва, што вы ня маеце сваёй дзяржавы! Два цыганяткі маленькія сустракаюцца — гавораць па-цыганску. На базары армяны, грузіны, малдаваны — па-свойму. Хто размаўляе па-нашаму? Ніхто! А як я пачну гаварыць па-беларуску — дык гэта дзіва дзіўнае!"

Сымбаль старажытных каранёў Бярозаўскага краю — Спорава. Паселішча, некалі раскінутае маленькімі шматкамі паміж непраходнымі багнамі пінскіх балотаў. Сьляды першабытных паселішчаў датуюцца тут ІІІ-IV тысячагодзьдзем да нашай эры. Спораўцы лічаць сябе ледзь не нашчадкамі вікінгаў, бо асноўны занятак спораўцаў колькі яны сябе памятаюць — рыбная лоўля і змаганьне за сухія землі. Легенда сьведчыць, што раней спораўскае возера было морам і па ім хадзілі вялікія караблі, сюды заходзілі багатыя купцы.

У палоне балотаў спораўцы жылі адасоблена нават ад найбліжэйшых суседзяў да сярэдзіны 1970-х гадоў, аж да самай мэліярацыі. Цяжкае існаваньне вымушала спораўцаў здаўна праяўляць зайздросную кемлівасьць, спрыт, цьвёрды характар і разам з тым захаваць пачуцьцё гумару.

Расказваюць, што калі нядаўна на Спорава хацелі скараціць аўтобусны маршрут, мясцовыя жыхары склалі графік дзяжурстваў, каб зымітаваць запоўненасьць аўтобусаў нават пасярод тыдня. Спораўцы дагэтуль ані вонкава, ані ўнутрана не падобныя да астатніх. І гэта зразумела, бо ў іх ёсьць усе тыя рысы незалежніцтва і свабодалюбства, якіх нам так не хапае сёньня.
XS
SM
MD
LG