Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клецак-2


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Клецак

(Ракіцкі: ) "Багатая гісторыя Клецку не ўшанаваная назвамі вуліцаў і помнікамі. А былі ж, прыкладам, у XVI-м стагодзьдзі, — вырашальная перамога войскаў Вялікага Княства Літоўскага над татарамі, казані Сымона Буднага... Кальвінскі збор узарвалі бальшавікі. Захаваўся толькі адзін значны помнік архітэктуры — касьцёл дамініканцаў, у якім цяпер адпраўляюць набажэнствы праваслаўныя.

А каталікам колькі гадоў таму далі драўляны дамок. Вернікі давялі яго да ладу, а затым і адваявалі невялікі пляц у гарадзкім парку, каб збудаваць сапраўдны касьцёл. І не згаджаюцца з уладамі, што храм мусіць быць не вышэйшы за астатнія дамы".

(Маёрчык: ) "Цэнтральны пляц названы ў гонар расейскага паэта Маякоўскага. Ля ўваходу ў будынак райвыканкаму — галерэя партрэтаў перадавікоў вытворчасьці.

Калгас "Авангард", пераможца працоўнага спаборніцтва, ушанаваны чырвоным сьцягам за тое, што за 5 дзён там надаілі ад кожнай каровы па 35 кіляграмаў малака.

На слупах і шыбах крамаў — міліцэйская абвестка з тэкстам a-la Маякоўскі:

"Внимание!
Не оставляйте без присмотра свой велосипед.
Здесь уворован не один.
Ваш может быть следующим.
Подумай хорошо над этим, гражданин".

(Ракіцкі: ) "Назвы вуліц таксама на расейскай мове. Людзі ў горадзе саромеюцца размаўляць трасянкай, старанна шукаюць расейскіх словаў.

Тымчасам і ксёндз Эрвін, які валодае беларускай, нямецкай, расейскай, польскай мовамі, вывучыў трасянку. І адпраўляе на ёй імшу. Бо, як патлумачыў ён сам, "ня будзе слова "воцат" перакладаць на "уксус".

За палякамі ў 1920-х гадох у Клецку была Беларуская гімназія. Зноў аднавілася беларушчына ў горадзе ўжо за нямецкай акупацыяй. 75-гадовая Ірына Пальчынская распавяла нам, што тады адчыніліся беларускія школы, і дзеці пачалі вывучаць сапраўдную беларускую гісторыю. Пэўны час і пасьля вайны беларушчына захоўвалася. Але апошняе дзесяцігодзьдзе і мову, і культуру гораду не мінуў разбуральны лёс".

(Пальчынская: ) "Калі паглядзець на гэты Дом Саветаў, фіранкі прыгожыя. А зойдзеш, размаўляеш на сваёй роднай мове — а не заўсёды атрымаеш адказ на той жа мове, на якой зьвяртаесься. Хаця людзі ўсе — беларусы. За рэдкім выключэньнем нейкія прышэльцы з Расеі. Усе свае. Чамусьці непавага некаторая да мовы.

Ну не сказаць, каб ужо павальна. Не, у нас у Клецку размаўляюць і на беларускай мове. Гляджу: многія, здавалася б, культурныя людзі, нібыта мамы былі і беларускі, а дзяцей аддаюць у расейскія клясы. Чаму? — "А куды ж яна потым з тым беларускім паступіць?"

(Маёрчык: ) "У Клецку існуе суполка Таварыства беларускай мовы на чале з Чаславай Князевай. Яна была ініцыятаркай аднаўленьня ў 1993-м годзе ў вёсцы Застравечча крыжу ў гонар паўстанцаў Каліноўскага.

А затым усталявалі крыж і ў гонар Клецкай бітвы ля Краснаставу. Маладзейшыя за спадарыню Пальчынскую мясцовыя інтэлігенты, у прыватнасьці, Часлава Князева, глядзяць на стан мовы з большым аптымізмам".

(Князева: ) "У нас тры гарадзкія школы. Усе яны беларускамоўныя. Усе настаўнікі ведаюць беларускую мову і ўрокі добра вядуць на беларускай мове. Толькі ў трэцяй школе ёсьць расейскамоўная кляса.

Ну, і хацелася б, канечне, каб у нас больш размаўлялі на беларускай мове. Вельмі цяжка зь людзьмі спрачацца. Калі пачынаеш гаварыць, то адказваюць, калі трэба будзе, то мы будзем размаўляць па-беларуску".

(Ракіцкі: ) "Як ставяцца мясцовыя ўлады да пашырэньня беларускай мовы?"

(Князева: ) "Не пярэчаць".

(Ракіцкі: ) "Ці ставілі вы пытаньне, каб памяняць назвы вуліцаў на больш беларускія? Дзіўна, але цэнтральная плошча чамусьці ў вас завецца "імя Макоўскага?"

(Князева: ) "Лепш было б назваць яе плошчай імя Сымона Буднага. У нас ёсьць вуліца Кітчанкі, а раней яна называлася "Слабадзкая". Гэта адна з найстарэйшых вуліцаў. Дык нават жыхары вуліцы напісалі заяву, падпісалі яе і занесьлі ў гарвыканкам, каб перайменаваць. Але пакуль што яшчэ пытаньне ня вырашанае".

(Ракіцкі: ) "А даўно людзі занесьлі просьбу?"

(Князева: ) "А гады ўжо два…"

(Ракіцкі: ) "Чаму, на ваш погляд, мясцовыя ўлады ня хочуць падтрымаць прапанову?"

(Князева: ) "А нечага, напэўна, ім яшчэ не хапае. Можа, сьвядомасьці".

(Ракіцкі: ) "Напэўна, гэты аптымізм ад таго, што на ўсход ад Клецку — яшчэ горш. Але і тут са сьвядомасьці людзей зьнікае адчуваньне патрэбы ў роднай мове. Гэта вельмі балюча ўспрымае наш павадыр па Клецку пісьменьнік Уладзімер Дамашэвіч".

(Дамашэвіч: ) "Школы ўсе беларускія, але гэта толькі намінальна. Паўгода таму была лінейка. Усё праходзіла цудоўна, усё адшліфавана, і… ніводнага беларускага слова. Гэта так крыўдна!

Гэта, здаецца, горш за пятлю: гэты народ сваіх бедных вучняў зь пялюшак вучыць гаварыць на чужой мове. Людзі ўжо нейкія такія, бы адтуль, з таго боку — з Усходу. Асабліва за апошнія 7 гадоў, канечне, стаўленьне да мовы пагоршылася, бо ўсе глядзяць на прэзыдэнта".

(Маёрчык: ) "Скульптар Віктар Худавец мае ўласны бізнэс — надмагільныя помнікі. Ён прапануе людзям рабіць надпісы па-беларуску. Але часьцей безвынікова. Можа, таму й нараджаюцца ў яго такія сумныя вершы пра родную Клеччыну".

(Худавец: ) "Сягодня праводзіць старое сяло
Ў апошні прытул цётку Юлю.
Тут звонкіх падзеяў даўно не было,
Вясельляў даўно тут ня чулі.
Вось хаты пустыя, нямыя двары,
На сьцежцы сьліўня ўзыходзіць.
А побач жыве адзінокі стары,
Якога ледзь кій ужо водзіць.
Ляцяць жаўрукі над сялом, нібы ў сьне.
Не-не, ды й паклічуць кагосьці.
Каго заўтра зноўку зямля прыхіне
За вёскай пустой на пагосьце?"

(Ракіцкі: ) "Людзі ў Клецку жывуць паводле філязофіі "на ўсё свой час". І заўважна, для многіх час пераменаў ужо прысьпеў".

(Людзі на вуліцы: ) "Толькі не размовамі, а справамі трэба мяняць жыцьцё. Нам трэба, канечне, пераабраць прэзыдэнта. Не патрэбная нам такая ізаляцыя. Трэба зрабіць гэтак, каб незалежнасьць была беларуская, каб незалежнасьць была ад Расеі. Бяз мовы ня можа быць і культуры. Калісьці казаў Жак Шырак: "Без францускай мовы ў нас ня будзе Францыі". Толькі не Лукашэнка!"

"Не, не Лукашэнка! Ці Домаш, ці Казлоўскі".

"Як могуць прагаласаваць людзі свабодна, калі ўсё павязанае?"

"Калгасьнікі, пэнсіянэры… Яны прагаласуюць за Лукашэнку, натуральна. Ісьці абавязкова трэба на выбары".

"Зьмену ўлады трэба рабіць цяпер, каб памяняць усю сыстэму".

(Ракіцкі: ) "Вы за каго галасавалі на тых прэзыдэнцкіх выбарах?"

(Спадар: ) "Увогуле не хадзіў, бо ня верыў гэтай лухце".

(Ракіцкі: ) "А цяпер пойдзеце?"

(Спадар: ) "Абавязкова, абавязкова пайду".

(Ракіцкі: ) "І ўжо крыху вызначыліся? Ці назіраеце за кандыдатамі, за каго магчыма галасаваць?"

(Спадар: ) "Так. Пакуль што такой кандыдатурай, я чытаў у "Народнай Волі", можа нібыта стаць Казлоўскі. Трэба патужыцца і правесьці нармалёвыя, дэмакратычныя, сумленныя выбары. Каб была нармалёвая грамадзянская супольнасьць, каб выконваліся правы чалавека, каб ты не баяўся выйсьці ў горад, спакойна зарабіць грошы і спакойна забясьпечыць сваю сям'ю, каб ня думаў, дзе і што ўкрасьці".

(Ракіцкі: ) "Нам падалося, што Клецак на выбары пойдзе, а шмат хто, перадусім мужчыны, ужо нават ведаюць, за каго будуць галасаваць. Найчасьцей гучыць прозьвішча генэрала Казлоўскага. Так яно ці ня так, але, на думку пісьменьніка Дамашэвіча:"

(Дамашэвіч: ) "Калі гаварыць пра выбары, то, калі б яны былі сумленна праведзеныя, паводле ўсіх правілаў і літары закону, то я ня ведаю, ці Лукашэнка набраў бы 50 адсоткаў у нашым Клецку".

(Маёрчык: ) "Мае рацыю спадар Дамашэвіч, што людзі ў Клецку розныя, і што зь іх можна было б пісаць і станоўчыя, і адмоўныя, і рамантычныя вобразы.

Малады паэт Алег Нікулін сваёй утапічнай ідэяй-выклікам прымусіў гаварыць пра Клецак усю краіну. Алег, для якога незалежнасьць Беларусі — гэта ўсё, задумаў народны рэфэрэндум па пытаньні стварэньня новай самастойнай Эўрапейскай Беларускай Рэспублікі... у межах Клецкага раёну".

(Нікулін: ) "Я б хацеў гэта зрабіць менавіта для тых людзей, якія жадаюць жыць у сваёй краіне, самай сапраўднай Беларусі".

(Ракіцкі: ) "Вы гэта ўсур'ёз?"

(Нікулін: ) "Ну, пакуль што гэта, хутчэй, пэрформанс. Проста хачу выступіць супраць уладаў".

(Ракіцкі: ) "Вы нават параўноўваеце Клецак з Сан-Марына…"

(Нікулін: ) "Відаць, гэта будзе больш падобна да Ватыкану: краіна ўнутры краіны. Бязь межаў, канечне, са сваімі парадкамі, каб там, у гэтай маленькай краіне зьбераглася гісторыя Беларусі, каб там улады дазвалялі ствараць помнікі беларускай гісторыі, музэі".

(Ракіцкі: ) "А як вы памяняеце людзей? Я маю на ўвазе іхную псыхалёгію".

(Нікулін: ) "Людзей, вядома, не памяняеш усіх. Але самае галоўнае, што такія людзі ёсьць. Хацелася б, каб гэтая мара распаўсюдзілася на ўсю Беларусь, а ня толькі на адзін Клецак".

(Ракіцкі: ) "Вось такія — цёмныя і сьветлыя, драматычныя і рамантычныя адмеціны Клецку.

Горад, які чапляецца за сваю гісторыю і адначасна адвяргае яе. Горад, які сутнасна беларускі, але саромеецца гэтага. Горад, у якім, як і паўсюль у Беларусі, нізкія заробкі, але людзі знаходзяць спосабы забясьпечыць сябе, дасягаюць дабрабыту.

У ім жывуць людзі расчараваныя, але ў той жа час гатовыя да пераменаў. Зрэшты, у Клецку і бульба чамусьці штогод родзіць. Дык які ён, Клецак, зноў і зноў пытаемся мы ў пісьменьніка Ўладзімера Дамашэвіча, які жыве тым жа жыцьцём, што і ўвесь горад".

(Дамашэвіч): "Клеччына лічыцца багатай зямлёй. І людзі тут і раней, і цяпер жывуць лепш, чым шмат у якіх раёнах Беларусі. Таму, можа, тут і больш людзей, якія сваіх дзяцей пасылаюць вучыцца.

Клецак матэрыяльна вылучаецца. Гэта, відаць, адбіваецца і на псыхалёгіі ягоных жыхароў. І большасьць скажа: а падумаеш, што мне там, гэтая будучыня? Яны абараняюць сябе і сваю Беларусь толькі тады, калі на іхныя грады прыходзіць чужынец, і там хоча гарбузы, моркву ці гуркі парваць…"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG