Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцвыпуск – Палітыка ўладаў у чарнобыльскіх раёнах Беларусі.


Міхал Стэльмак, Менск

26 красавіка Беларусь адзначае 15-я ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі. Цягам апошніх 7 гадоў ліквідацыяй наступстваў аварыі займаліся цяперашнія ўлады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ці была плённай тая палітыка? Ці стаў больш важкім унёсак дзяржавы ў клопат пра сацыяльна-эканамічны стан ахвяраў Чарнобылю?

Большасьць беларускіх чарнобыльцаў лічаць сябе ахвярамі ня толькі "мірнага" атаму, а й чэрствасьці дзяржавы. Напярэдадні 15-й гадавіны катастрофы на ЧАЭС гэтая чэрствасьць успрымаецца з асаблівай крыўдай. Гаворыць чарнобыльская перасяленка зь Веткаўскага раёну Аляксандра Болматава:

(Болматава: ) "Мы езьдзілі ў калгасы. Дзіцячыя садкі ачышчалі. Колы. Зямлю зразалі, на машыны грузілі. Вывозілі. Усё рабілі. А калі нам далі 20-ы артыкул, ільготы былі, праезд бясплатны быў і лекі на 50 адсоткаў былі таньнейшыя. А потым адмянілі й зараз нічога — ні даплаты, ні прыплаты, ні льготаў. Ніякай дапамогі няма ад Чарнобылю. Лукашэнкам падпісаны закон, што ўсе льготы па гэтым артыкуле скасоўваюцца".

Ці мае рацыю пэнсіянэрка Аляксандра Болматава? Па тлумачэньне я зьвярнуўся да асобы, чыя кампэтэнтнасьць у чарнобыльскіх пытаньнях не выклікае сумневу. Віктар Хоміч — дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Да разгону заканадаўчага органу ў 1996 годзе спадар Хоміч узначальваў Парлямэнцкую камісію ў справе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

(Хоміч: ) "Што тычыцца льготаў для ліквідатараў, то іх рэгуляваў Закон "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС". 1 верасьня 1995 году сваім указам прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка прыпыніў часова частку льготаў і кампэнсацыяў — у тым ліку праезд па артыкулах 19 і 20 у гарадзкім і прыгарадным транспарце. А таксама 50-адсоткавую скідку на аплату жыльлёва-камунальных паслуг".

Наша даведка: Закон "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, што пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС" быў прыняты ў 1991 годзе. Дэпутаты ВярхоўнагаСсавету 12 скліканьня, сярод якіх быў і Аляксандар Лукашэнка, прагаласавалі за тое, каб абараніць правы й інтарэсы як жыхароў зоны, так і ліквідатараў з чыстых раёнаў. Паводле закону, гэтыя грамадзяне маюць права на льготы і кампэнсацыі за страты, прычыненыя радыяцыяй іхнаму здароўю і маёмасьці.

Як вядома, абаронцамі сацыяльных правоў беларускіх грамадзянаў зьяўляюцца найперш прафсаюзы. Наколькі надзённая для пацярпелага ад радыяцыі насельніцтва праблема парушэньня іхных правоў? Вось якое меркаваньне на гэты конт выказаў намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко:

(Вітко: ) "Сёньня я хачу з усёй адказнасьцю зазначыць: паездкі Ўладзімера Ганчарыка ў чарнобыльскія раёны з усёй вастрынёй высьвецілі важнасьць гэтай праблемы. Людзі ня могуць зразумець: чаму сёньня яны ня маюць права на бясплатны праезд, на 50-адсоткавую аплату камунальных паслугаў, на бясплатныя лекі? І наогул, чаму парушаецца іхнае канстытуцыйнае права на кампэнсацыю гэтых выдаткаў?"

Для перасяленкі Аляксандры Болматавай прадугледжаныя законам ільготы і кампэнсацыі жыцьцёва важныя.

(Болматава: ) "Да Чарнобылю я ў бальніцы была толькі тады, як сваю дачку нарадзіла. Я ж здароўе сваё гробіла. Я ж заразу тую глытала. Я цяпер уся хворая — мне далі інваліда 2-й групы. У мяне і сэрца, у мяне і печань. І ногі баляць, і рукі баляць. І цукровы дыябэт. Мне адпачынкаў не давалі, як зьявіўся Чарнобыль. Нічога не даюць".

(Карэспандэнт: ) "Чаму вы думаеце, што гэта Лукашэнка зьняў ільготы?"

(Болматава: ) "А хто акрамя Лукашэнкі здыме?! Ён жа наш бацька. Калі б скасаваў ільготы не Лукашэнка, а нехта іншы, ды ён жа б яму сказаў: "Навошта ты гэта робіш? Гэтыя людзі мучыліся, цярпелі".

Змаганьне Аляксандра Лукашэнкі з правам чарнобыльцаў на сацыяльную абарону дасягнула кульмінацыі ў 1996 годзе. Узгадвае Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) "У 1996 годзе прэзыдэнт разумеў, што гэта ўказ, і па Канстытуцыі 1994 году, якая дзейнічала, ён разумеў, што тое варта аформіць законам. Ён нам даў на камісію. Мы разгледзелі ўсе папраўкі."

Чарнобыльская камісія Вярхоўнага Савету 13 скліканьня адхіліла папраўкі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак той не прыслухаўся да голасу дэпутатаў і рашуча запатрабаваў ад тагачаснага парлямэнту прыняць ягоны варыянт. Зноў гаворыць актыўны ўдзельнік тых падзеяў Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) "І вось 26 чэрвеня 1996 году я сам дакладваў на Вярхоўным Савеце паўторна, другі раз казаў пра гэты праект закону. Больш як дзьве трэці дэпутатаў падтрымалі нашу камісію. Мы адстаялі закон. І гэты закон, які прыняў Вярхоўны Савет 12 скліканьня, дзейнічае дагэтуль".

Як удакладніў Віктар Хоміч, дзейнічае гэты закон толькі на паперы. Гаворыць Аляксандра Болматава:

(Болматава: ) "Хату тую забралі ў мяне сілай. Фактычна я яе не здавала. Яны самі напісалі, здалі і пад зад каленам з хаты выгналі. Нават калі я 3 000 за яе атрымаю, дык што гэта за грошы! А колькі здароўя я паклала, каб пабудаваць яе.

Дык чаго ж тады Лукашэнка не паглядзеў ні на кога ды не сказаў: "Вазьмеце ды перагледзьце!” Чаго не зрабіць было пераразьлік! А во начальства атрымала ўсё. Яны папрыватызавалі й назад паздавалі. Яны сотні тысяч рублёў паатрымлівалі. Па дзьве сотні. А мы?"

(Карэспандэнт: ) "А чаму Лукашэнка так павёў сябе?"

(Болматава: ) "Гэтага я ня ведаю".

Чаму чарнобыльцы тады маўкліва назіралі, як Аляксандар Лукашэнка скасоўваў заканадаўства, якое гарантавала ім сацыяльную абарону? Ва ўмовах супрацьстаяньня Вярхоўнага Савету і прэзыдэнта, яны, як сьведчаць вынікі рэфэрэндуму 1996 году, фактычна сталі на бок Лукашэнкі. Ва ўсялякім разе, галасоў іхнага пратэсту беларускае грамадзтва тады ня чула. Меркаваньне намесьніка старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Франца Вітка:

(Вітко: ) "Гэта быў толькі першы год, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. У яго быў вялікі патэнцыял грамадзкага даверу. Тады людзі не падымалі гэтых пытаньняў. Яны верылі й спадзяваліся, што надыдзе стабілізацыя, будзе дынамічнае разьвіцьцё эканомікі, якое дазволіць вырашыць чарнобыльскія праблемы".

Ці спраўдзіліся гэтыя спадзяваньні? Як і наколькі пасьпяхова каманда Аляксандра Лукашэнкі вырашае праблемы мінімізацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС? Гаворыць старшыня Камітэту па праблемах наступстваў Чарнобыльскай катастрофы Ўладзімер Цалка:

(Цалка: ) "Мы будзем выдаткоўваць нашмат меней, чымсьці 10 гадоў таму. Калі тыя гады мы выдаткоўвалі на Чарнобыль каля 20 адсоткаў расходнай часткі бюджэту, то сёлета бюджэтныя выдаткі складуць усяго 7 адсоткаў. Міністэрствы, якія займаюцца сацыяльнай абаронай насельніцтва, мусяць 20 адсоткаў сваіх сродкаў накіроўваць на вырашэньне чарнобыльскіх праблемаў зоны. Бо дагэтуль мы шмат грошай укладалі, аднак карэннага пералому не атрымалася".

А вось якую думку мае на гэты конт Віктар Хоміч:

(Хоміч: ) "Ніхто не аналізаваў, што зроблена за гэтыя 15 год. Ні адна праграма ня выкананая. І галоўнае, чаго ў гэтых прагарамах няма — лёсу людзей, сёньняшняга бачаньня той сытуацыі, што склалася на забруджаных тэрыторыях. Тых людзей, якія пражываюць тут дагэтуль. Тых людзей, якія жывуць у Хойніках Брагіне, Ветцы, Нароўлі. А іхны лёс сёньня нікога не турбуе. Гэта вельмі цяжка і балюча бачыць. А яны, на жаль, церпяць гэта і маўчаць. І спадзяюцца, што калісьці ім будзе добра".

Аляксандар Лукашэнка ужо абвесьціў пра намер застацца прэзыдэнтам Беларусі яшчэ на адзін тэрмін. Пакуль ён ня кажа пра сацыяльную абарону чарнобыльцаў. Таму пра свой дабарабыт, паводле цяперашніх уладаў, чарнобыльцы мусяць паклапаціцца самі. Гаворыць Уладзімер Цалка:

(Цалка: ) "Варта зразумець: альбо ўкладаць туды грошы, каб людзі самі сябе кармілі, займаліся эканомікай, альбо карміць іх усёй краінай, вазіць туды ежу і гэтак далей. Гэтак ня можа быць. Бо там сотні тысяч гектараў добрай ворнай зямлі.

Ёсьць зварот прэзыдэнта, паводле якога мы мусім пабудаваць там за 2-3 гады ня меней як 1 300 кватэраў для кадраў: аграрнікаў, мэдыкаў, настаўнікаў і гэтак далей".

Ці падтрымаюць такія пляны беларускія чарнобыльцы? Вось якім меркаваньнем падзялілася са мной перасяленка Аляксандра Болматава:

(Болматава: ) "Я галасавала за Лукашэнку. Ён мне падабаўся сваімі паводзінамі — як ён выступаў на сэсіі, у іншых месцах".

(Карэспандэнт: ) "Ці пойдзеце вы сёлета галасаваць за Лукашэнку?"

(Болматава: ) "Галасаваць трэба ісьці. Але за каго, я яшчэ падумаю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG