Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ашмяны.


Ганна Соусь, Ашмяны

Каб прыехаць у Ашмяны на некалькі дзён, трэба атрымаць адмысловы дазвол Міністэрства ўнутраных спраў, бо горад уваходзіць у 30-кілямэтровую памежную зону, і бяз пропуску тут можна знаходзіцца толькі тры гадзіны.

У АВІР я атрымала досыць сымбалічны пропуск — Міністэрства ўнутраных справаў СССР, дзе ў графе "рэспубліка, край, вобласьць" было пазначана: "Рэспубліка Беларусь". Гэткім чынам я была ўжо крыху падрыхтаваная да вандроўкі ў "рэжымны горад" Ашмяны.

Тут вельмі сур’ёзна ставяцца да ўсіх наведнікаў, асабліва да журналістаў, і я адчула гэта адразу — прыехаўшы, я зайшла ў мясцовую міліцыю паведаміць пра свой візыт і распытаць тамтэйшага кіраўніка пра злачыннасьць ў памежным раёне.

Начальнік міліцыі Франц Осьцік распавёў, што яму ўжо паведамілі аб прыезьдзе карэспандэнта Радыё Свабода: "Ведаеце, у якіх структурах працую", — патлумачыў ён гэткую дасьведчанасьць.

Ад інтэрвію спадар Осьцік адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што ўжо мае няўдалы вопыт супрацоўніцтва зь незалежнай газэтай "Ашмянскі кур’ер", якую нядаўна закрылі, — за гэткі дэмакратызм кіраўніка міліцыі ледзь ня звольнілі з працы ды назвалі агентам трох выведак.

У Ашмянах ідзе дождж. Я на цэнтральнай плошчы Ашмянаў, насупраць райвыканкаму. Раней гэта была Базарная плошча, цяпер, як і ў большасьці гарадоў Заходняй Беларусі, — Плошча 17 верасьня. Але ж многія гараджане выступаюць за тое, каб вярнуць плошчы старую назву.

Мне не давялося сустрэцца з галоўным вэртыкальнікам Вітольдам Кудыркам, але адзін зь ягоных падначаленых, загадчык аддзелу гарадзкой гаспадаркі Мікалай Патрэбка згадзіўся распавесьці пра свой горад.

(Патрэбка: ) "Гэта скрыжаваньне дарог — на Прыбалтыку, на Расею ды іншыя… Горад наш часта разбураўся. Вось наш касьцёл пабудаваны ў 1840 годзе, да гэтага быў драўляны касьцёл, але ён згарэў. Царква пабудаваная ў 1883 годзе, і ў той жа год была адкрытая сынагога. Цяпер яна ў нас не функцыянуе".

У будынку ашмянскай сынагогі цяпер склад шклотары, бо, як патлумачылі мне ў райвыканкаме, сынагога не зьяўляецца помнікам архітэктуры. Што да касьцёлу ды царквы, то яны стаяць вельмі блізка, нібыта глядзяць адно на аднаго. Але ж каталіцкі прыход у Ашмянах значна большы за праваслаўны.

Я знаходжуся ў касьцёле ў часе імшы. Зьвяртаю ўвагу на памятную шыльду на сьцяне — яна прысьвечаная жаўнерам 8-е брыгады Арміі Краёвай, якія змагаліся з гітлераўскімі акупантамі ды сталінскім таталітарызмам.

Паводле старшыні мясцовага аддзяленьня Саюзу палякаў Тадэўша Садоўскага, у Ашмянах каля 90% жыхароў каталіцкага веравызнаньня, большасьць зь іх называюць сябе палякамі, хоць у пашпарце яны запісаныя беларусамі.

(Садоўскі: ) "Беларусізацыя, што там казаць, асабліва пасьля вайны. Засталіся гаспадарчыя кніжкі. У іх было напісана "паляк", потым перакрэсьлена ды запісана "беларус". Сталіну трэба было забраць гэтыя землі, трэба было зьнішчыць польскі этнас. Цяпер адраджаецца патроху…"

Я доўга шукала ў Ашмянах месца, дзе можна было б выпіць кавы, але мне не пашанцавала. Прыватных бараў ды кавярняў тут вельмі мала. Помнікам рынкаваму пэрыяду захаваўся ў цэнтры гораду фундамэнт прыватнай кавярні "Алекс". Некалькі гадоў таму мясцовыя ўлады не працягнулі тэрмін арэнды, і тады гаспадар кавярні проста разабраў пабудову па частках ды завез у іншы горад.

Недалёк ад фундамэнту "Алексу" — прыватная крама "Квецень", яна існуе ўжо чатыры гады. Мая суразмоўца — гаспадыня крамы Алена Курновіч, у мінулым рэжысэрка народнага тэатру.

(Курновіч: ) "Сярэдні букет, які карыстаецца попытам, — з трох гвазьдзічкоў, ён каштуе 2 тысячы. Гэта самы цудоўны букет для нашага гораду".

(Соусь: ) "Ці выгадна мець прыватную краму?"

(Курновіч: ) "Ня вельмі выгадна. Я вельмі часта цяпер задумваюся, каб неяк сюды якой сялёдкі завезьці, каб трохі торг быў лепшы. Таму што кветкі як кветкі, на дзень народжаньня… А сялёдка кожны дзень патрэбная. Перагарадзіць краму напалову, адну зрабіць для кветак, а другую — для нечага іншага".

(Соусь: ) "Які быў самы дарагі букет?"

(Курновіч: ) "Самы дарагі быў на 50 гвазьдзікоў, 50 гадоў было чалавеку. Ён дзесьці 32 тысячы каштаваў".

У мясцовым гатэлі, дзе я пасялілася, у мяне было багата цікавых суседзяў. Найперш — леапарды ды іншыя зьвяры Маскоўскага цырку, што прыехаў у Ашмяны на гастролі. Клеткі зь некаторымі жывёламі месьціліся ў пакоях гатэлю.

Яшчэ адным маім суседам быў галоўны вэртыкальнік Ашмянаў — Вітольд Кудырка. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, спадар Кудырка жыве ў гатэлі, пакуль будуецца ягоны дом у цэнтры гораду, які стаў ужо мясцовай архітэктурнай адметнасьцю.

Кіраўнік раёну прыехаў зь Ліды. Паводле былога сташыні калгасу "Ясная паляна" Івана Сташкевіча, гэта стала ўжо пэўнай традыцыяй — прызначаць у Ашмяны кіраўнікоў зь іншых раёнаў.

(Сташкевіч: ) "Відаць, улада ня мае даверу да мясцовых кіраўнікоў. Кажуць, што яны злодзеі. Але ж павінна быць мясцовае самакіраваньне, трэба выбіраць кіраўнікоў, ды не павінна нейкая вэртыкаль дасылаць сюды начальнікаў.

Вось быў Віктар Іванавіч Пракопчык, прывёў за сабой кіраўнікоў. Зразумела, ім трэба даць жыльлё, забясьпечыць добрымі машынамі й гэтак далей. Аналягічна, Вітольд Браніслававіч Кудырка — прыходзіць, прыводзіць ізноў новых людзей, ды ізноў недавер ашмянскім кіраўнікам, ізноў на новых людзей выдаткоўваецца шмат грошай.

Як вынік, упэўнены, што дзесьці болей за паўмільёна даляраў ідзе на зусім непатрэбныя мэты. А гэта ўсё з кішэні падаткаплатніка нашага раёну ды зь мясцовага бюджэту".

Як распавёў Іван Сташкевіч, які таксама ўзначальвае ашмянскае аддзяленьне Аб’яднанай грамадзянскай партыі, цяпер 30 кіраўнікоў Ашмянскага раёну напісалі ліст у адміністрацыю прэзыдэнта, у якім выказваюць незадаволенасьць галоўным вэртыкальнікам.

Я знаходжуся ў офісы прадпрыемства "Гродстройсэрвіс", дырэктар гэтай фірмы Юры Квяткоўскі — адзін з падпісантаў ліста супраць Кудыркі.

(Квяткоўскі: ) "Увогуле, там усе супраць нашага старшыні выканкаму. Людзі незадаволеныя нейкімі там рухамі, распарадкам працы. Калі што ня так — звольню з працы. Прыйдзе іншы, у яго атрымаецца. Дык давайце ўсіх паразганяем…"

У прыёмным пакоі Юр’я Квяткоўскага да сьцяны прыстаўленыя новыя дзьверы. Іх зрабілі бясплатна на замову галоўнага вэртыкальніка для ягонага кабінэта — каб у прыёмным пакоі ня чулі, як спадар Кудырка крычыць на падначаленых. Як, прыкладам, ён крычаў на Тэрэзу Баброўскую ды ейную дачку, калі яны прыходзілі ў райвыканкам ды прасілі палепшыць жыльлёвыя ўмовы.

(Баброўская: ) "Ён мяне выгнаў, назваў кральчыхай. Нашто я напладзіла столькі дзяцей, не падумаўшы, кажа. Дачку маю таксама назваў кральчыхай. А калі панараджалі дзяцей, то яжджайце ў калгас. Я яму адказала: "Як я паеду ў калгас? У мяне няма мужа… Там трэба і карову трымаць, ды іншае… Тады ён ледзь не адчыніў дзьверы ды ня выгнаў мяне разам з дачкой".

На Ашмянскіх вуліцах даволі шмат прыгожых ды дарагіх машынаў. Звычайна такія аўто належаць мытнікам. Гэта найбольш прэстыжная прафэсія на Ашмяншчыне. Паводле мясцовых жыхароў, каб уладкавацца на мытню, трэба даць хабар ня менш за 2 тысячы даляраў.

Калісьці тут быў вельмі папулярны аўтамабільны бізнэс. Людзі зараблялі, ганяючы аўтамабілі зь Літвы. Але ж пашыкаваць на гэтыя грошы ў Ашмянах было даволі складана. Расказваюць, што некалькі гадоў таму бізнэсоўцы проста гуляліся ў ігравыя аўтаматы ды прасаджвалі там шмат грошай.

Дробны бізнэс у Ашмянах таксама зьвязаны зь беларуска-літоўскай мяжой. Мясцовыя бабулькі езьдзяць гандляваць у Вільню. Некалькі гадоў таму яны маглі зарабіць на гэтым да 20 даляраў за дзень, цяпер — добра, калі выйдзе 5 даляраў. На мясцовым аўтавакзале я размаўляю з ашмянскімі бабулькамі.

(Жанчына сталага веку: ) "Што ўжо адсюль везьці. Там ужо цэны, як у нас".

(Жанчына сярэдняга веку: ) "Няма ўжо чаго адсюль вывозіць, усё вывезьлі".

(Бабулька: ) "Глядзі, у газэце будзе…"

(Жанчына сярэдняга веку: ) "Ну і што".

(Жанчына сталага веку: ) "Раней многа езьдзілі. У аўтобус было ня сесьці. Ну чаму? Зараблялі…"

(Жанчына сярэдняга веку: ) "Зьвярніце ўвагу на цэны ў Ашмянах. Нідзе нічога не дакупісься… Сёньня малако — 142 рублі, заўтра ўжо 187…У нас увогуле ў Ашмянах…"

(Бабулька: ) "Самы дарагі горад".

На Ашмяншчыне 12 калгасаў ды 30 фэрмэрскіх гаспадарак. Фэрмэр Чэслаў Пашкевіч вырошчвае гародніну. Сваю жыцьцёвую формулу ён пазначае гэтак: працую на зямлі ды ня кланяюся ніякай уладзе.

(Пашкевіч: ) "Падаецца, можна працаваць паводле закону. Вось прадпрымальнікі сваімі грашыма карыстаюцца, могуць іх зьняць з банку. Мы ж свае грошы паклалі ў банк — “да пабачэньня”, яны ня нашыя, ня нашая зямля, ня нашыя грошы".

(Соусь: ) "Які прыбытак маеце?"

(Пашкевіч: ) "Вось бачыце гэты ўчастак. Гэта — маё прыватнае. Вось з гэтага я жыву ды фінансую сваю фэрмэрскую гаспадарку. Пры любых уладах, пры любых рэжымах — добрых альбо дрэнных, мне яны — да лямпачкі, усё роўна мая сям’я павінна жыць ды існаваць".

Але ж вернемся ў Ашмяны ды завітаем у мясцовы шпіталь. Як распавёў мне хірург Алесь Белянкоў, найбольш тыповыя хваробы ў Ашмянах — анкалягічныя ды сардэчна-судзінныя, багата траўматызму, асабліва па п’янай справе, вельмі шмат хворых абяздоленых людзей, якія апусьціліся на дно жыцьця.

(Белянкоў: ) "Цікавіліся лёсам цяжарнай жанчыны, ёй хутка нараджаць. Яе трэба браць на ўлік, там могуць быць ускладненьні, а яна проста зьбегла. У другой вёсцы трэба таксама браць на ўлік цяжарную жанчыну, а яна не адчыняе дзьвярэй мэдыкам.

Нашая галіна бедная, канечне, і справы пагаршаюцца. Па сваім раёне я бы сказаў, што такое пагаршэньне назіраецца прыкладна з 1996 году".

На маё ўражаньне, многія ашмянцы цяпер досыць запалоханыя цяперашняй уладай. Калі я запытвала аб нечым людзей на вуліцы, найбольш тыповым адказам было: "Не скажу, мяне пасодзюць". Але ж палітычнае жыцьцё ў Ашмянах усё ж ёсьць, ёсьць мясцовыя апазыцыянэры, і яны вельмі актыўныя. Адзін зь іх — Пятро Явідовіч.

(Явідовіч: ) "Ціск на людзей, якія займаюцца грамадзкай дзейнасьцю, вельмі вялікі. Я зьяўляюся прадстаўніком Беларускага Гельсынскага камітэту ў Ашмянскім раёне, быў на выбарах у "палату прадстаўнікоў" назіральнікам. Тады й мяне самога былі забраўшы ў пастарунак за маю актыўную дзейнасьць.

Мяне таксама запалохвалі невядомыя людзі, якія пад’ехалі ўвечары да пад’езду маёй кватэры. Яны мяне запалохвалі, казалі, што калі ня кіну займацца грамадзкай дзейнасьцю, то са мной расправяцца па-іншаму".

Пятро Явідовіч быў некалі даверанай асобай Анатоля Лябедзькі. Той раней працаваў у Ашмянах настаўнікам у школе-інтэрнаце, потым два разы яго тут абіралі дэпутатам. Мясцовыя жыхары дагэтуль удзячныя Любедзьку за тэлефанізацыю, менавіта пры ягоным дзейсным удзеле рапачаўся рамонт царквы ды шмат іншага.

Але ж адна з прыхільніц Анатоля Лябедзькі — настаўніца польскай ды расейскай мовы Марыя Церахава — была вельмі пакрыўджаная на яго за тое, што працаваў у камандзе Лукашэнкі.

(Церахава: ) "Я была на тым сходзе. Адвяла ўбок Лябедзьку ды кажу: "Анатоль Уладзімеравіч, каго Вы прывезьлі? Гэта ж узровень разьвіцьця калгаснага брыгадзіра". А ён мне кажа: "У нас такая каманда — Булахаў, Ганчар, Захаранка, Фядута. Мы яго трошкі…" Я кажу: "Вось убачыце, вы яму нічога ня зробіце, ён самадур". Я гатовая аддаць сваю месячную пэнсію, каб толькі ня выбралі Лукашэнку".

Ёсьць у Ашмянах чалавек бяз пашпарту — Антон Касянюк. За савецкім часам яго пасадзілі за краты толькі за тое, што ён, чалавек веруючы, адмаўляўся працаваць у царкоўныя сьвяты. Трыццаць гадоў таму атрымаў спадар Касянюк тры гады за дармаедзтва. Пасьля турмы Антон Касянюк не пайшоў атрымліваць пашпарт. Ня мае яго і дагэтуль.

(Касянюк:) "Яны не нясуць пашпарт, ды й я да іх не іду. Я жыву ва ўласнай хаце, прапіска мне, мабыць, не патрэбная. Працую па найме ды яшчэ па маёй спэцыяльнасьці, краўцом.

Іду супраць Лукашэнкі, таму што той — нерэлігійны чалавек".

Цікава, што ў часе леташніх выбараў у "палату прадстаўнікоў" да Антона Касянюка, чалавека бяз пашпарту, у хату прыйшлі сябры выбарчай камісіі ды папрасілі яго прагаласаваць. Спадар Касянюк выкрэсьліў усіх.

Я разьвітваюся з Ашмянамі, з "маленькім Парыжам", як яго часта называюць мясцовыя жыхары.

…Касьцёл, царква, разбураная сынагога, бронзавы Ленін, добра апранутыя людзі, дрэнныя дарогі, акуратныя грады побач з заможнымі хатамі, памежжа. Ашмяны — горад, зь якога пачынаецца ўсьведамленьне Беларусі пасьля перасячэньня літоўска-беларускай мяжы…
XS
SM
MD
LG