Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь.


Ігар Карней, Смаргонь

Назва "Смаргонь" вядомая недзе з XVI стагодзьдзя. Дасьледчыкі мяркуюць, што назва гораду пайшла ад меры плошчы тых часоў — морг. Сяляне свае сьціплыя надзелы, г.зн. гоні, вымяралі моргамі. Так і атрымалася — "з морг гонь", што з часам і пераўтварылася ў "Смаргонь".

Разам з сотняй іншых дробных паселішчаў Смаргонь не магла прэтэндаваць на ролю ўплывовага грамадзкага цэнтру. Толькі напачатку ХХ стагодзьдзя Смаргонь пачала набываць абрысы гораду. І калі б ня згортваньне ў сярэдзіне 1990-х палітыка-эканамічных рэформаў, цяпер Смаргонь магла б быць падобнай да дзясяткаў невялікіх, прывабных гарадоў суседняй Літвы: што ні кажы, 80 кілямэтраў да Вільні супраць 250-ці да абласнога цэнтру — гэта нешта значыць.

Але адсутнасьць сродкаў на капітальную перабудову надоўга затармазіла распачатую некалі вялікую рэстаўрацыю.

Ініцыятар, як напачатку 1990-х казалі ў Смаргоні, "чарапічнай рэвалюцыі", былы старшыня райвыканкаму, дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Анатоль Янец новай уладзе ня здолеў даказаць мэтазгоднасьць сваёй пралітоўскай арыентацыі. (Сам Янец, дарэчы, таксама літовец, а ягонае першае зьяўленьне ў Смаргоні на пачатку 1970-х выклікала шок ва ўсім горадзе: выпускнік Гарадзенскага сельгасінстытуту зьявіўся на новую працу ў райвыканкам з гітарай, палатнянай торбай і... патлаты. У гэтых мясьцінах гэта быў першы жывы гіпі.)

Цяперашні Янец ужо ня той сьмелы экспэрымэнтатар. Спроба дамовіцца наконт сустрэчы скончылася рашучай адмовай. Гэта мала чым розьніць Янца ад ягонага заступніка, цяперашняга кіраўніка Смаргонскага раёну Мікалая Кавалёва.

Некалі вялікі прыхільнік Мечыслава Гіруця, а пасьля дэпутат прызначанага асабіста Лукашэнкам першага складу "палаты прадстаўнікоў", Кавалёў цяпер сьцеражэцца непажаданых кантактаў. Нягледзячы на папярэднюю дамову й гадзіну, праведзеную ў прыёмным пакоі, Кавалёў, нічога не патлумачыўшы, сустрэчу ануляваў.

Тое ж здарылася і ў пракуратуры: маўляў, у думках з вамі, а на справе трэба трымацца прэзыдэнцкай дырэктывы па барацьбе з дэструктыўнымі элемэнтамі.

Нягледзячы на вострае нежаданьне кантактаваць з "дэструктыўным радыё", аднаго з чыноўнікаў выцягнуць на гутарку ўсё ж удалося. І аказаўся ён, як пасьля высьветлілася, найгалоўным раённым ідэолягам. Першы намесьнік старшыні райвыканкаму Анатоль Апановіч сапраўды ёсьць увасабленьнем дасьведчанага байца ідэалягічнага фронту.

З вакна былога партыйнага палаца бачны звыклы краявід: Ленін, які распасьцёр рукі ў бок Вільні, дошка гонару зь пераможцамі калгасных спаборніцтваў, падатковая інспэкцыя, што ўладкавалася на плошчах музычнай школы. І бюро працаўладкаваньня.

Паводле Апановіча, з працаўладкаваньнем у невялікім 38-тысячным горадзе, які перанасычаны цяжкай прамысловасьцю, вялікія праблемы. Як мне крыху пазьней сказалі ў мясцовай газэце, Смаргонь — у тройцы самых безнадзейных беларускіх гарадоў па беспрацоўных. Гаворыць першы намесьнік смаргонскага райвыканкаму Анатоль Апановіч:

(Апановіч: ) "Чвэрць насельніцтва Смаргоні складаюць маладыя людзі ад 16 да 30 гадоў. І менавіта 90% тых, хто зараз стаіць на ўліку ў цэнтры занятасьці — яны. Да таго ж беспрацоўе мае, так бы мовіць, жаночы твар: прадпрыемстваў, дзе патрэбная жаночая сіла, у горадзе практычна няма.

Таму галоўная наша задача — правільна прафарыентаваць моладзь. Бо лёгка вучыцца на юрыста, бугальтара, але існуе абмежаванасьць іхнага выкарыстаньня. Маецца лішак выкладчыцкіх кадраў. Затое бракуе кадраў у сельскай гаспадарцы, у інфарматыцы, у галіне замежных моваў".

Як няма працоўных вакансіяў і стабільнага заробку, то людзі вымушаныя шукаць альтэрнатываў. Пэнсіянэры, прыкладам, аднавілі закінутыя "дарогі жыцьця" — каўбасныя дэсанты ў Вільню. Зараз да гэтых караванаў далучаюцца і маладзейшыя. Перапродаж літоўскіх харчоў — галоўны бізнэс смаргонцаў. Агульную карціну занятасьці ўдакладняе лідэр Свабоднага саюзу прадпрымальнікаў раёну Алесь Дзергачоў:

(Дзергачоў: ) "У нас бюджэтнікам пачалі затрымліваць заробкі; зразумела, гэта ўплывае на тых грамадзянаў, якія гандлююць на рынку — яны прывязаныя да своечасовых выплатаў. Ёсьць нават настаўнікі, якія буднямі ходзяць на працу ў школу, а ў нядзелю ідуць на рынак гандляваць. Няма пэрспэктываў, няма капіталаўкладаньняў, інвэстыцыяў — адкуль могуць быць працоўныя месцы, адкуль заробкі, адкуль занятасьць.

У нас больш-менш яшчэ працуе завод аптычнага станкабудаваньня, прыкладаў другіх няма. Але тут цікавая сытуацыя: калі да нас прыяжджаюць, прыкладам, з Магілёўскай вобласьці (паглядзець досьвед наш), то яны зьдзіўляюцца: якія ў нас багатыя крамы. Мы ж, смаргонцы, гэтага не адчуваем. Значыць, сытуацыя на ўсходзе яшчэ горшая".

Да радасьці раённага начальства, палітычнага жыцьця ў Смаргоні амаль няма. Нягледзячы на вялікую колькасьць грамадзкіх арганізацыяў і рухаў (а іх, паводле зьвестак пракуратуры, каля 40) рэгулярна, як на працу, на пікеты ходзіць адзін чалавек — сябар раённай рады КХП Віктар Туравец. (Дарэчы, у Смаргоні дзеля спакою ўладаў ёсьць пляцоўка для пікетаў — як у Менску плошча Бангалёр.) Апошнім разам Туравец прыцягнуў да звыклае справы й сваю жонку.

(Туравец: ) "На ўсе мае заяўкі адказ адзін: адпраўляюць у сквэр, дзе людзей практычна няма. Гэта зьдзек найперш зь мяне (бо гэта тое ж, што стаяць у лесе сярод зайцоў). Але падаваў заяўкі, спадзеючыся, што ўлада яшчэ з павагай ставіцца да саміх жыхароў — мы ж даносім інфармацыю. Таму для сябе я вырашыў: выходзіў і буду выходзіць надалей. Двойчы мяне забіралі ў пастарунак, але я выходзіў, і нядаўна мы з жонкай выйшлі ў пікет.

Аднадумцаў хапае, але многія проста баяцца выказаць пазыцыю ўголас. Смаргонь заўсёды была палітычным цэнтрам, у нас і на дэпутата, і на прэзыдэнта балятаваўся Зянон Пазьняк, і актыўнасьць была вельмі высокая. Тады ўся кагэбісцкая структура Беларусі была кінутая на нэўтралізацыю Пазьняка, і атрымалася поўная фальсыфікацыя выбараў. Я быў даверанай асобай Пазьняка, таму ўсё ведаю".

На тле маўклівай стабільнасьці ў асяродку палітычнай апазыцыі хоць нейкую разнастайнасьць уносяць скандалы ў межах раённай намэнклятуры. Самым гучным мясцовым скандалам стала нядаўняе звальненьне загадчыцы аддзелу культуры Соф’і Лазар, якая амаль 40 гадоў фармавала твар раённай культуры.

У канфлікт нечакана аказаўся замяшаны й паэт Ўладзімер Някляеў, дарэчы, таксама смаргонец. Сам Някляеў мяркуе, што менавіта адрозная ад іншых пазыцыя спадарыні Лазар, калі на яго пачалі нападаць як на здрадніка Айчыны і стала асноўнай прычынай звальненьня.

Гаворыць Соф’я Лазар:

(Лазар: ) "Я фанат культуры, усё жыцьцё верай і праўдай служыла, і — на табе… Што тычыцца Някляева. Калі ён ад’ехаў у Польшчу, “Рэгіянальная газэта” хацела апытаць былых сяброў Някляева, якія засталіся ў Смаргоні. Усе адмовіліся. А я сказала: гэта цудоўны чалавек, вельмі многа зрабіў для разьвіцьця нацыянальнае культуры. Вельмі шкада, што ён пакідае Беларусь, але я спадзяюся, што ён вельмі сваю бацькаўшчыну любіць і паважае, а таму наперадзе ў нас многа сумесных імпрэзаў, фэстываляў, сьвятаў зь ягоным удзелам. Ён абавязкова вернецца".

Сёньня, бадай, адзіным рэальным раздражняльнікам для мясцовых уладаў застаецца "Новая газэта Смаргоні" — вельмі амбіцыйнае й дзёрзкае выданьне. Заснавальнік і рэдактар газэты Рамуальд Улан разумее, што незгаворлівасьць з уладай мае ня вельмі прыемныя наступствы.

(Улан: ) "Мы падаем навіны з гледзішча не чыноўніка, які сядзіць у кабінэце, чытае дзяржаўную газэту і чакае, каб тая добра напісала пра яго. Для нас гэта, безумоўна, непрымальна. Мы арыентуемся на неангажаванага чытача".

(Карэспандэнт: ) "Раённая газэта "Сьветлы шлях" для вас канкурэнт?"

(Улан: ) "Недзе паўтара года так і было, але зараз наш наклад у чатыры разы большы, у нас сталая аўдыторыя і мы вольныя. Мы ў гэтым сэнсе арыентуемся на літоўскія СМІ, заходнія, але ні ў якім разе не на раёнку".

(Карэспандэнт: ) "Якія ў вас дачыненьні зь мясцовымі ўладамі?"

(Улан: ) "У часе так званых парлямэнцкіх выбараў вельмі моцнае было супрацьстаяньне. Два папярэджаньні дала пракуратура, падатковую наслалі — два тыдні правяралі, шмат штрафаў выпісалі. Безумоўна, гэта не на карысьць газэце і чытачам".

У даволі-такі невялікай Смаргоні рознай вытворчасьці ажно зашмат. Агрэгатны завод, завод аптычнага станкабудаваньня, мэблевая фабрыка, ліцейны, камбікормавы, ільнозавод, аб’яднаньне "Смаргоньсілікатабэтон" і шэраг іншых. І амаль увесь комплекс абслугоўвае адзіная на ўвесь горад тэхнічная вучэльня №128. Таму ня дзіва, што 70% гарадзкога насельніцтва — пралетарыят.

Дарэчы, за 500-гадовую гісторыю Смаргоні тут толькі аднойчы паўстала знакамітая на ўсю Эўропу навучальная ўстанова — Смаргонская мядзьведжая акадэмія. Выхаванцы гэтай, так бы мовіць, ВНУ цешылі шмат якія цыркавыя шоў цягам XVII–XVIII ст. Гараджане сумна жартуюць, што час аднаўляць старыя рамёствы. Прынамсі, попыт на лясных артыстаў гарантаваны. А пакуль што страсьці кіпяць вакол іншых актораў.

Каб трапіць на смаргонскі, як тут кажуць, сьвінячы базар, гандлярам прыходзіцца займаць чаргу з трох гадзінаў начы, а то й раней. Тое ж тычыцца й мясных радоў, яны месьцяцца побач. Станіслаў Маркевіч, нярэдка прывозячы сюды лішкі хатняй гаспадаркі, упэўнены, што такой карумпаванасьці cярод пэрсаналу, як тут, у Смаргоні больш ня знойдзеш.

(Маркевіч: ) "Месцы там вельмі жорстка маюць прывілеі. А прывілея — гэта з кішэні ў кішэнь. Стаяць дзьве цёткі (як Кандрат Крапіва пісаў: тая баба сем пудоў сама мала важа), і ўсё залежыць ад таго, які яна кавалак адрэжа на "аналіз". Адхопіць добры кавалак, дык ужо й аналіз выдасьць".

(Карэспандэнт: ) "Дык вы лічыце, што справы на базары "цёмныя"?

(Маркевіч: ) "Вельмі сьлізкі бізнэс. Каб ім займацца — трэба асноўную працу кінуць, зь месцамі вызначыцца (хабар камусьці даць). Адназначна 90% месцаў выкупілі "патрэбныя людзі".

Чым зручныя невялікія гарады — уся дзелавая актыўнасьць тут сканцэнтраваная ў адным месцы. Найбольш мясцовыя жыхары паважаюць вуліцу Гагарына. Праўда, гэтую назву ўзгадваюць зусім рэдка, бо спрадвек гэта быў Крэўскі гасьцінец. Сама назва дае падставы меркаваць, што недзе ў гэтым кірунку месьціцца Крэва, найперш знакамітае падпісаньнем тут Уніі паміж ВКЛ і Польшчай.

Аўтастопам да Крэва — 15 хвілінаў. Мне пашчасьціла, бо кіроўцам аказаўся ўраджэнец якраз тых мясьцінаў Зьміцер Глушчанка, які працуе юрыстам у камэрцыйнай фірме ў Смаргоні, ён ехаў наведаць бацькоў.

Па крэўскім гасьцінцы трапляюць нечаканыя будоўлі: у Наваспаску побач з руінамі ля велічнай царквы, разбуранай яшчэ ў часе Першай усясьветнай вайны, узводзіцца царква й Дом міласэрнасьці — як кажа мой суразмоўца, на грошы былой лётчыцы Тамары Саковіч, сама яна з гэтых мясьцінаў і пасьля трагічнай сьмерці сына прысьвяціла сябе міласэрнасьці.

У Багушах (вось дзе сапраўды некрануты прагрэсам лясны край) закладваецца фундамэнт жаночага манастыра. Затое Крэва сустракае пустэчай і шкілетам абвеянага легендамі замку.

(Глушчанка: ) "Мястэчка старажытнае, на мапе амаль тысячагодзьдзе. Але бачыце, у якім стане ўсё. Усё развальваецца, і нікому няма да гэтага справы: ані мясцовым уладам, ані рэспубліканскім, ані нават мясцоваму насельніцтву. З апошнімі прасьцей: усе ў думках, як на стол нешта падаць. Галодным не да замкаў. Бывае, прыяжджаюць нейкія археолягі, зямлю варочаюць, але безвынікова. Так з маўклівай згоды ўсё й занепадае".

Цяпер гістарычнай мінуўшчынай застаецца цешыцца як фактам: Крэўскі замак паступова разбураецца да фундамэнту. Ды й Крэва пасьля Уніі 1385 году па-сапраўднаму скалынула толькі аднойчы. Засушлівым летам 1999 году амаль 200 чалавек паднялі бунт супраць раённых уладаў, якія забаранілі здаваць кароў на мясакамбінат. Хоць і ведалі, што кармоў на зіму з прычыны засухі няма. Толькі на трэція суткі міліцыя здолела суцішыць страсьці. А 80% кароў пасьля гэтага трапілі пад нож.

А вось яшчэ адно знакавае для Смаргоншчыны месца — Залесьсе, мястэчка за некалькі кілямэтраў ад Смаргоні. Тут ужо 60 гадоў (а дакладней, адразу пасьля таго, як у верасьні 1939 году чырвонаармейцы выгналі польскіх паноў) прыходзіць у заняпад сямейны маёнтак роду Агінскіх. Цудоўная мясьціна, якую сучасьнікі Агінскага называлі "Паўночнымі Атэнамі", цяпер загаджаная калгаснай дзейнасьцю.

Гледзячы на гэтыя руіны, мала хто згадвае, што менавіта тут за 20 гадоў залескага пэрыяду Міхал Клеафас Агінскі напісаў свае найлепшыя творы, у тым ліку й знакаміты палянэз ля-мінор "Разьвітаньне з Радзімай".

Цяперашні нефармальны гаспадар маёнтка Сяргей Верамейчык на хвалі адраджэньня нацыянальных каштоўнасьцяў прыехаў у Залесьсе 10 гадоў таму, кінуўшы пэрспэктыўную працу ў Менску. Ён думаў давесьці сядзібу да ладу. Распрацаваў плян прыцягненьня замежных інвэстыцыяў. Але перамена палітычнага клімату не дала рэалізаваць практычна нічога. Спадар Верамейчык паказвае мне малюнкі, зробленыя сакратаром Агінскага, на якіх сядзіба напраўду выглядае як Паўночныя Атэны. Ён кажа, што цяпер усё больш падобна да "Апошняга дня Пампэі".

(Верамейчык: ) "Звычайна рэстаўрацыя як робіцца — завяршаецца рэстаўрацыя і ўяжджае гаспадар. А калі зроблена трошкі, а гаспадара наогул няма — дык зараз ужо трэба рэстаўрацыю рэстаўрацыі рабіць".

(Карэспандэнт: ) "Ці існуе наогул каштарыс аднаўленчых працаў?"

(Верамейчык: ) "Каштарыс ёсьць, але ў вельмі старадаўніх сумах. Але ў 1990-м годзе прыяжджаў сюды дырэктар польскай фірмы "Полак", ён прапаноўваў аднавіць сядзібу за год. Мабыць, бюджэт ураду Кебіча не вытрымліваў тых коштаў, якія бізнэсовец прапаноўваў да разгляду.

Спадзявацца на дзяржаву не выпадае. Хаця ёсьць замежныя прыклады, калі дзяржава стварае ўмовы: гэтак, можна выкупіць маёнтак, аднавіць яго, нават жыць там і праз турызм даваць прыбытак дзяржаве.

Але стан нашага грамадзтва такі, што галоўнае, каб была каўбаса, хлеб быў, гарэлка. Культура, маўляў, пачакае. Хоць гэта памылкова, бо само слова "культура" з грэцкай, азначае "корань", а калі гэтых каранёў няма, то мы толькі спажыўцы, якія чакаюць каўбасы й гарэлкі".

Не дапамагае пакуль што й канцэпцыя абсталяваньня турыстычнага комплексу, якую распрацаваў былы беларускі амбасадар у Вялікай Брытаніі смаргонец Уладзімер Шчасны: Міністэрства культуры стаічна захоўвае пазыцыю няўмяшальніцтва.

Смаргонь, як і большасьць малых гарадоў, пакідае супярэчлівыя ўражаньні. Моладзі няма куды падацца — адзіны кінатэатар, узьведзены на месцы зруйнаванай царквы, ня можа задаволіць патрэбы ў выхаваньні. Заняпаў гонар рэгіёну — эканоміка. Няма заказаў на дарагія і сумнеўнай якасьці міні-трактары; ніхто не купляе камінаў ліцейнага заводу, што каштуюць столькі ж, як эксклюзіўныя замежныя мадэлі, а важаць паўтоны; ня можа знайсьці сваю нішу канвэрсаваны ЗАС.

Але, дзеля справядлівасьці, справы тут зусім ня горшыя за астатнія рэгіёны краіны. Нягледзячы ні на што, мясцовыя жыхары поўныя спадзяваньняў. Гэтак жа, як і Ганна — маленькая жыхарка Смаргоні.

(Ганна сьпявае:)

"Сёньня сьвята, сёньня сьвята,
Гучы, музыка, званчэй,
Тут гасьцей у нас багата,
Пачастуем іх смачней.

Госьцікі, госьцікі,
Запрашаем ў хату.
З кубачка, з кубачка
Будзем піць гарбату".
XS
SM
MD
LG