Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялейка.


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Вялейка

(Ракіцкі: ) "Людзям, што прыяжджаюць у Вялейку аўтобусам, горад адразу расчыняецца сваім галоўным вялізным пляцам. Тут ці ня ўсе найважнейшыя будынкі — царква, касьцёл, райвыканкам, унівэрмаг, кінатэатар, дом культуры... А ў цэнтры — Ленін.

Каб прайсьці па пэрымэтры пляца-гіганта, трэба адмерыць ці ня тысячу крокаў. Затое — справіш разам усе свае духоўныя, культурныя, грамадзянскія й спажывецкія патрэбы. Выгодна. Але ня бачна, каб хтосьці сьпяшаўся гэта зрабіць. З прычыны золкага надвор'я? Але ж субота..."

(Маёрчык: ) "Вялейка вядомая з 1599 году як мястэчка ў Віленскім ваяводзтве Вялікага Княства Літоўскага. Называлася Старым Куранцом. Славілася гандлёвым суднаходзтвам. Адсюль і герб — чырвоны шчыт, які перасякае выява ракі з суднам і залатым коласам.

Па Вяльлі ў Заходнюю Эўропу везьлі лён, збожжа, пяньку, дрэва, воск. Стагодзьдзе таму тут штогод адбывалася 4 буйных кірмашы".

(Ракіцкі: ) "Кірмаш сягоньняшні — гэта скурожаныя ад няўтульнага надвор'я і ад нястачы пакупнікоў самотныя гандляры. Наш мікрафон выводзіць людзей з апатыі. Ім хочацца нарэшце быць пачутымі".

(Гандляр: ) "Мы з жонкай раней рабілі на заводзе "Зэніт". І дайшло да таго, што далей не маглі пракарміць сваю сям'ю. Не маглі купіць белага хлеба ды малака. Адмаўлялі ў многім дзецям. Жылі на бацькоўскую пэнсію. І тады жонка пайшла гандляваць. Трэба было неяк ратавацца".

(Гандлярка: ) "На "Зэніце" працавала. Слабавата пачалі зарабляць. Работы не было. Не было камплектавальных дэталяў. Вось і сышлі".

(Ракіцкі: ) "Не шкадуеце?"

(Гандлярка: ) "Ды цяпер няма чаго туды вяртацца. Калі б быў нейкі толк, як спачатку, дык лепей працаваць на заводзе.

Калі дадуць на хлеб ды на масла, то пойдзем на завод. Будзем працаваць у дзьве зьмены, каб утрымліваць сваіх дзяцей. У мяне іх трое. Таму я сюды й прыйшла. А працавала на заводзе 18 гадоў".

(Маёрчык: ) "А вы верыце, што калі-небудзь надыдзе такі дзень, калі..."

(Гандлярка: ) "Што вы?! Ніякай веры зусім няма. Гэтак будзе й 20, і 30 гадоў. І ўсё горай, і горай. Мы атрымлівалі столькі, што хапала дзецям банан купіць. Зараз і на гэта грошай няма. Нават тут сталі ўдвая меней атрымліваць. Падаткі вялікія. А я здароўя ня маю. Почка хворая, сэрца. Рукі ад сумак адняліся зусім. Пэрспэктывы няма".

(Ракіцкі: ) "Яшчэ вельмі рана. Зараз дзьве гадзіны, а вы зьбіраецеся".

(Гандляры: ) "Няма пакупнікоў. Пачатак месяцу. Няма грошай".

(Маёрчык: ) "Тымчасам за нашымі сьпінамі распачынаецца імправізаваны мітынг. Завадатаркамі, у адказ на нашую гамонку, выступілі дзьве сталага ўзросту ўкраінкі, што прадаюць грэцкія арэхі".

(Украінка: ) "Няма ў нас грошай. Во такая ў нас Украіна. Лічым, што ў вас тут камунізм".

(Іншая: ) "Калі б я тут жыла ў вас, то галасавала б толькі за Лукашэнку. У вас людзі могуць хадзіць добра апранутыя, і ў магазіне цытрусавыя".

(Вялейская жанчына: ) "У нас можна купіць толькі кільку з заробку. Ды й тое кіляграму я не куплю, бо сяду пасьля на хлеб ды ваду".

(Вялейская бабуля: ) "У мяне двох унукаў вучацца. Я пэнсію атрымаю ды аддам. Мне цяжка, але за Лукашэнку ўсё адно буду галасаваць. Ён добры чалавек".

(Ракіцкі: ) "Уразіла, што ледзь ня ўсе гандляры, зь якімі мы размаўлялі, колісь працавалі на заводзе "Зэніт".У 1970–80-х гадох ён быў адным з флягманаў беларускай індустрыі і даў новае жыцьцё Вялейцы.

Напачатку 1990-х гадоў на "Зэніце" працавала каля 5 000 чалавек — а гэта ледзь ня кожны шосты месьціч. Апошнія гады завод выкінуў на вуліцу каля 3 000 працоўных.

Сёньня, калі ёсьць добрыя замовы, рабочыя могуць атрымаць нават 70 тысячаў рублёў. А вось ў інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу сталы заробак каля 25 тысячаў.

Што адбылося? Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, мы сустрэліся са старшынём заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Аляксандрам Сыраквашам".

(Сыракваша: ) "Замовы паменшалі. Трэба было неяк перавесьці завод на іншы профіль. Пайшлі на скарачэньне. Многія пайшлі на рынак. Гэта былі добрыя спэцыялісты, якія маглі яшчэ нешта зрабіць".

(Ракіцкі: ) "А што вы зараз вырабляеце?"

(Сыракваша: ) "Прыцэлы для Расеі. Прылады начнога бачаньня".



(Маёрчык: ) "І зноў мы ў цэнтры гораду. Ён па-ранейшаму нешматлюдны. Адзінае, што парушае цішыню, дык гэта вясельныя картэжы. Яны курсуюць паміж касьцёлам і сталоўкамі, з заездамі ў ЗАГС. Усё ж час неяк рухаецца, калі моладзь бярэ шлюбы".

(Ракіцкі: ) "Што вы падорыце маладым?"

(Вялейчанка: ) "Гадзіньнікі. Каб зьвяралі хвіліны шчасьця па гадзіньніках".

(Маёрчык: ) "А дзе маладыя жыць будуць?"

(Вялейчанка: ) "Хай вырашаюць. Дзе спадабаецца".

(Маёрчык: ) "Ці існуе праблема ў Вялейцы з жытлом для маладых?"

(Вялейчанка: ) "У нас кепска будуюць".

(Маёрчык: ) "А дагэтуль дзе людзі жывуць?"

(Вялейчанка: ) "Жывуць з бацькамі. І разыходзяцца. Во так і жывуць".

(Ракіцкі: ) "Каб ажаніць сына, колькі гадоў вы зьбіралі грошы яму на вясельле?"

(Вялейчанка: ) "Гады два закупляла алькаголь. Грошы зьбірала. Бацькі ў вёсцы жывуць, кабанчык ёсьць".



(Ракіцкі: ) "Людзі вучацца выжываць. І жывуць… Гадамі — з крыўдамі, якія наносіць ім дзяржава.

Мужчына й жанчына 7 гадоў жывуць разам у любові й выхоўваюць дачку. Але ня ведаюць, ці ёсьць яны мужам і жонкай паводле беларускага закону.

Сяргей пайшоў у савецкае войска зь Вялейкі, а вярнуўся дамоў пры незалежнай Беларусі. Тымчасам дзесьці ў Расеі ці Азэрбайджане, дзе ён служыў, згубілася ягоная асабістая справа. І сем гадоў яму не выдаюць беларускага пашпарту".

(Сяргей: ) "Міліцыя ведае. Суд ведае. Мне яны прэтэнзіяў не выстаўляюць. "Хадзі", — кажуць".

(Ракіцкі: ) "Напэўна, ёсьць нейкі дакумэнт, даведка?"

(Сяргей: ) "Шэсьць гадоў у мяне навогул нічога не было. Пасьля пашкадавалі, далі мне чырвоны, старога ўзору. Але ж там прапіскі няма.

Прыкладам, у ваенкамаце падпалкоўнік Лісоўскі казаў мне, што лягчэй купіць пашпарт ды жыць, чым рабіць яго".

(Маёрчык: ) "Калі можна, прадстаўцеся".

(Жонка: ) "Як мне прадставіцца? Можна сказаць, што я жонка Сяргея, хоць мы сем гадоў у грамадзянскім шлюбу. Нам не далі зарэгістравацца, зарэгістраваць свайго дзіцёнка на прозьвішча бацькі".

(Маёрчык: ) "А як дачка зарэгістраваная?"

(Жонка: ) "На маё прозьвішча. Я лічуся як маці-адзіночка".



(Маёрчык: ) "Вялейка — горад традыцыйнай заходнебеларускай мэнтальнасьці. Тут усе, хто навідавоку, — улада, апазыцыя, міліцыя, настаўнікі, сьвятары, — добра ведаюць адзін другога.

Усе ўсіх разумеюць, але кожны робіць сваю справу. Адзін расклейвае ўлёткі, іншы яго арыштоўвае. А ў жыцьці штодзённым прыязна вітаюцца".

(Ракіцкі: ) "Апазыцыя ў Вялейцы — нешматлікая. Але гэтыя людзі — энтузіясты, нават рамантыкі — актыўна распачалі падрыхтоўку да прэзыдэнцкіх выбараў. І яны, як лічыць кіраўнік мясцовай суполкі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук, скарыстаюць досьвед, што назапасілі цягам мінулых палітычных кампаніяў".

(Малярчук: ) "Мы заплянавалі сабе на кожны ўчастак па пяць чалавек назіральнікаў. Двох мусяць быць на ўчастку, а трох (тры урны на кожным участку) пойдуць да кожнай урны.

Гэта ня толькі падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў, але гэта й работа дзеля фармаваньня нашага грамадзтва. Гэта — пошук людзей, якія вартыя быць у мясцовых органах самакіраваньня".



(Маёрчык: ) "У дні нашай вандроўкі ў Вялейку людзі абмяркоўвалі звальненьні ажно трох намесьнікаў старшыні райвыканкаму. Сустрэчу з адным зь іх — ды яшчэ ў суботу, ды ў памяшканьні зачыненага райвыканкаму — нам наладзіў... мясцовы апазыцыянэр".

(Ракіцкі: ) "Адстаўлены мясцовы вэртыкальнік зьбіраў свае паперы. Ён быў разгублены, але ня ў роспачы. Папрасіў гаварыць без дыктафону: "Хлопцы, пакуль яшчэ ня час".

За свой лёс асабліва ён не перажываў, бо, чалавек разумны, усьведамляў, дзе працаваў. Тлумачыў толькі, што ня ўсё можа зрабіць мясцовая вэртыкаль, каб нагрэць у горадзе ваду".



(Маёрчык: ) "Раёнка, якую набываем мы ў шапіку, толькі канстатуе факт адставак".

(Ракіцкі: ) "У шапіку можна набыць практычна тую ж прэсу, што і ў Менску. Іншая рэч, што ў суботу быў поўны набор як незалежных, так і афіцыйных газэтаў за пятніцу. Людзі збольшага пыталіся раённую газэту "Шлях перамогі", а вось стос зь незалежнай "Рэгіянальнай газэтай" падаваўся некранутым".

(Маёрчык: ) "Кіяскёрка жыва ўступае з намі ў размову"...

(Кіяскёрка: ) "Наша начальства ня ўсё можа зрабіць, ня ўсё ад яго залежыць. Я вам скажу адну такую пагаворку: "Рыба воняет с головы". Дык, можа, хай вышэйшая ўлада паклапоціцца пра нас. Вы мяне разумееце?"



(Ракіцкі: ) "Мы працягваем блукаць па горадзе. Вуліцы Советская, Октябрьская. І ўсе шыльды — па-расейску.

А ўвогуле, ці вучаць у школах роднай мове ў горадзе, дзе нават за палякамі існавала Таварыства беларускай школы? Дзе быў Беларускі народны дом, ў якім працаваў драматычны тэатар. Дзе перад вайной, але ўжо за саветамі, у “Сялянскай газэце” працавалі Арсеньнева, Машара, Танк, Шыла.

Мы ў гасьцёх у Станіслава Туровіча, намесьніка дырэктара сярэдняй школы №4".

(Туровіч: ) "У нас усе вышэйшыя навучальныя ўстановы толькі на расейскай мове, таму бацькі пішуць адпаведныя заявы, ведаючы, што тым дзецям, якія навучаюцца па-беларуску, надалей будзе цяжэй. Апошнія гады ўсё больш і больш дзяцей вучацца на расейскай мове".



(Маёрчык: ) "Горад патынае ў цемры. Каля 9-й вечара аўтобусы ўжо ня ходзяць. Мы крочым, спадзеючыся, што бляск некалькіх ліхтароў удалечы й будзе цэнтрам.

Ці ёсьць жыцьцё начное ў Вялейцы? Мы высьветлілі, што ў 30-тысячным горадзе ёсьць толькі тры месцы, дзе можна бавіць час, — рэстарацыя пры гатэлі, кавярня "Эліта" ды дыскатэка ў Доме культуры. Выбіраем гатэльную рэстарацыю.

Тут банкеты. Але для журналістаў ветлівая гардэробніца адразу ж знайшла асобны столік. І мы разгаварыліся зь ёю".

(Маёрчык: ) "Ці часта тут шмат наведнікаў?"

(Гардэробніца: ) "Ня вельмі. Бывае больш у пятніцу, суботу, нядзелю".

(Маёрчык: ) "А ў працоўныя, буднія дні?"

(Гардэробшніца: ) "Бываюць такія дні, што нікога няма".

(Маёрчык: ) "А пяць-сем гадоў таму?"

(Гардэробніца: ) "Вось тады наведнікаў было многа. Шкада, канечне, мы ж нічога ня вернем. Думаю, што ўсё гэта ад Бога".

(Маёрчык: ) "У памяшканьні рэстарану нас чакала шыльдачка: "Примерный асортимент блюд и напитков для ресторана "Вилия: Выпіска из приказа Минторга СССР от 14 августа 1980 года №214. Холодные закуски и блюда — 10, горячие закуски — 2, супы — 4".

(Ракіцкі: ) "Асартымэнт страваў, як і іхны невыразны смак — у строгай адпаведнасьці з савецкімі стандартамі. І мэню, і публіка такія ж, як і 10, і 20 гадоў таму. Віншаваньні-вершыкі на банкетах у гонар юбіляраў. І тыя ж танцы пад савецкія блатныя песьні. Але ўжо не пад жывы аркестар, а пад фанэру. Вось толькі шампанскага паменела на сталах. Усе п'юць танную гарэлку".



(Маёрчык: ) "Нядзеля, выглянула сонейка. Паболела людзей на вуліцах. У асноўным — ля касьцёлу і царквы, куды яны нясуць свае роспач, безнадзейнасьць і адчай".

(Ракіцкі: ) "За камуністычнай уладай у будынку касьцёлу месьціўся Дом мастацтваў. Адчуўшы вецер пераменаў, два дзясяткі каталікоў пасьля ўпартага змаганьня з уладамі адваявалі свой касьцёл. І цяпер ужо ён налічвае сотні парафіянаў: як месьцічаў, так і жыхароў навакольных вёсак".

(Маёрчык: ) "На сьцяне велічнага будынку шыльдачка: "улица Октярьбская, 2". Робім некалькі крокаў да дзьвярэй і натрапляем на тое, што шукалі ўчора ледзь ня цэлы дзень... Надпіс на беларускай мове: "Касьцёл Узвышэньня Крыжа Сьвятога ў горадзе Вялейка. Парадак імшы сьвятой: а 12-й і 18-й імша адбываецца на беларускай мове, а 10-й — на польскай".

Касьцёл цалкам запоўнены парафіянамі. Людзі моляцца роднаю моваю".

(Ракіцкі: ) "Адразу ж пасьля імшы нас ветліва прыняў малады ксёндз Алег Мурзіч. Мы дзелімся зь ім сваімі назіраньнямі — людзі згубілі веру ў жыцьцё".

(Мурзіч: ) "Прыходзячы сюды, чалавек адчувае сябе сапраўды чалавекам, у поўным сэнсе. Я думаю, што з Божай ласкі я дапамагу людзям знайсьці гэтую веру. Я чую, што ў большасьці людзей гучаць словы па-беларуску, значыць, гэта для іх не чужая мова. Таму я адпраўляю імшу па-беларуску, каб несьці Бога роднай мовай для кожнага чалавека".

(Ракіцкі: ) "Распачынаецца імша для дзяцей, якіх ксёндз Алег Мурзіч вучыць веры".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG