Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск.


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Пінск, які стаіць на скрыжаваньні водных ды сухапутных гандлёвых шляхоў, яшчэ ў сярэднявеччы быў буйным гандлёвым месцам, не ў апошнюю чаргу праз габрэяў — былі гады, калі яны складалі да дзьвюх трацінаў тутэйшага насельніцтва.

Апошні час па Прыпяці, Піне ды Ясельдзе амаль нічога ня возяць, зь Пінску ў Менск ходзіць толькі адзін цягнік, зьехалі амаль усе габрэі, а горад усё адно застаўся гандлёвым.

На пачатку 1990-х пінчукі адны зь першых у Беларусі праклалі найноўшыя гандлёвыя шляхі — у Польшчу, Кітай, Турэччыну, Расею. Мясцовыя прадпрымальнікі, што пачыналі тады гандляваць, кажуць, што іхныя калегі з турэцкага Інстанбулу доўга лічылі, што сталіцай Беларусі ёсьць Пінск, бо менавіта адсюль прыяжджала найбольш камэрсантаў.

Мінула першая палова 1990-х, і ня маюць ужо цяпер пінчукі-прадпрымальнікі колішніх прыбыткаў, бо на прадпрыемствах, дзе працуюць астатнія пінчукі, заробкі зусім малыя і купляць абновы няма за што. Але дасьціпныя тутэйшыя гандляры ідуць да прахадных тых прадпрыемстваў, дзе яшчэ плацяць заробкі, спадзеючыся што прадаць пасьля зьмены рабочым. Калі ёсьць гэткія міні-кірмашы каля прадпрыемства ў часе перазьменкі — то яно добра працуе.

А на цэнтральным Пінскім кірмашы пра зьмены ў прадпрымальніцкім жыцьці нам распавёў адзін зь лідэраў мясцовай прафсаюзнай арганізацыі прадпрымальнікаў Сяргей Касьцюковіч:

(Касьцюковіч: ) "Апошнія пяць гадоў заканадаўства адносна прадпрымальніцкай дзейнасьці рабілася ўсё больш складаным, супярэчлівым і непрадказальным. Такое ўражаньне, што дзяржава хоча вырашыць свае цяперашнія праблемы коштам тых, хто хоча і ўмее зарабляць грошы".

Дарэчы, апошнім часам пінскія гандляры ўсё часьцей пасьпяхова адстойваюць свае правы. Летась паўстала прафсаюзная арганізацыя прадпрымальнікаў, сябры якой наладзілі шэраг добра арганізаваных страйкаў.

Нават у базарны дзень людзей каля гандляроў адзеньнем было няшмат, і таму мы накіраваліся ў мясны павільён, дзе пакупнікоў значна болей. Тут я пытаюся ў кабеты сталага веку: ці стае вам апошнім часам грошай на добрае мяса?

(Кабета: ) "Не стае. І пэнсія большая ўжо, а ўсё адно не хапае. Можна купіць, але трэба шмат ад чаго тады адмаўляцца".

Зьвяртаюся да маладога чалавека: ці можаце зараз набыць больш мяса на свой заробак, чымсьці гадоў пяць таму?

(Малады чалавек: ) "Думаю, не. Заробак паменшаў, а мяса падаражэла".

Я зьвяртаюся да гандляроў: ці ў вас раней куплялі больш як цяпер?

(Гандляр: ) "Вядома, раней болей куплялі — няма пытаньня. А цяпер бедна людзі жывуць, увогуле жабракі, можна сказаць".

Гэта быў кірмаш, а што ў крамах? У фірмовай краме мясакамбінату на вуліцы Леніна пытаюся ў наведнікаў: ці болей можаце сабе дазволіць апошнімі гадамі?

(Пакупнік: ) "Заробак стаў у 5 разоў ніжэйшы, чым быў, жыць стала горай — у крамах цэны высокія, а купіць няма чаго".

(Пакупніца: ) "Я ўжо на пэнсіі. 36 гадоў стажу — і 29 000 атрымала пэнсію. Дык хіба гэта шмат? Зусім мала, калі булка хлеба чорнага 270 рублёў каштуе. А мусіш выжываць. Зойдзеш у краму, паглядзіш — ды ўжо й наеўся".

(Дзікавіцкі: ) "А як вы лічыце, ці здольны будзе новы прэзыдэнт палепшыць жыцьцё?"

(Пакупнік: ) "Адзін прэзыдэнт нічога ня зробіць, які б ён ні быў. Трэба, каб рабілі ўсе разам, а там гэтага няма. Але мы спадзяемся, што калі ня нам, дык унукам нашым лепш будзе".

На пытаньне, што ж трэба рабіць, каб унукам жыцьцё было лепшае, адказаў іншы пакупнік:

(Пакупнік: ) "Трэба больш надаць увагі сельскай гаспадарцы. Каб не хадзілі тут падстрыжаныя, а каб трохі болей займаліся сельскай гаспадаркай".

Як цяпер займаюцца сельскай гаспадаркай на Піншчыне, мы вырашылі даведацца ў вёсцы Месткавічы, што недалёка ад Пінску.

Іосіф Лазіцкі, унук калісьці паважанага ў вёсцы гаспадара, раскулачанага саветамі, жыве цяпер у бацькоўскай хаце і ў калгасе не працуе — займаецца ўласнай гаспадаркай. Гаворыць спадар Лазіцкі:

(Іосіф Лазіцкі: ) "Калгас нават не прыбярэ таго, што ўрадзіла. То тэхнікі няма, то паліва няма. Яно ўсё на палях гіне. Напрыклад, салому летась не прыбралі й буракі. І кармоў можа напалову менш нарыхтавалі. Летась кароў выгналі пасьвіцца 6 сакавіка. Здохла хіба траціна быдла. Чаму дапусьцілі? Хто вінаваты? У першую чаргу, як кажуць — рыба гніе ад галавы. Я не лічу, што вінаваты старшыня калгаса, ці брыгадзір. Вінаваты гаспадар дзяржавы".

Спадар Лазіцкі ўпэўнены, што адрадзіць сельскую гаспадарку ў Беларусі вельмі проста — трэба даць людзям зямлі, хто колькі здужае апрацаваць ды дапамагчы з крэдытамі, але начальства гэтага ня хоча.

Іншы жыхар Месткавічаў, зь якім разгаварыліся, — Міхась Ламака, мужчына сярэдняга веку, ён быў трохі нападпітку. Спадар Ламака сказаў, што ў калгасе добра жывуць толькі начальства ды пэнсіянэры.

(Міхась Ламака: ) "А калхозьнікам, як яны ні працуюць, ні круцяцца, ні мучацца, зарплаты — няма. Гэта начальства — старшыня, намесьнік старшыні — заробкі мае, бугальтары таксама. Ну а што зробіш?"

Але вернемся ў Пінск.

Пра зьмены ў горадзе за апошнія сем гадоў гаворыць старшыня Пінскага гарвыканкаму Васіль Шуст:

(Васіль Шуст: ) "Як вы памятаеце, 1994 год быў самым пікам перабудовы, быў спад усёй вытворчасьці — як будаўнічай, так і прамысловай. І калі я прыйшоў у 1995-м годзе, прадпрыемствы мала якія працавалі, жытло ўвогуле не будавалася, у горадзе адчуваўся дэфіцыт ці не ўсяго, асабліва зімой.

На мой погляд, галоўнае, што за гэтыя гады адбылося — гэта прамысловасьць гораду стала працаваць стабільна.Таксама за гэтыя 5-6 гадоў мы пабудавалі амаль 4 000 кватэраў — гэта вельмі шмат. І ўсё гэта дзякуючы палітыцы ў першую чаргу прэзыдэнта, а таксама дзякуючы крэдытам, якія выдзяляе дзяржава".

Дарэчы, старшыня пінскага гарвыканкаму быў адзіным з маіх суразмоўцаў, які сярод зьменаў апошніх гадоў назваў толькі станоўчыя. Ён толькі згадаў, што заробак, асабліва ў бюджэтнікаў, не пасьпявае за падвышэньнем коштаў. Але спадар Шуст упэўнены, што ў 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка гэтую праблему здолее вырашыць.

А вось думкі іншых пінчукоў. Гаворыць настаўніца Надзея Аўсіевіч:

(Надзея Аўсіевіч: ) "Заўважыла, што больш людзей сталі піць, на жаль. Больш стала жабракоў. Прыкладам, да мяне ў хату прыходзяць ледзь ня штодня — просяць грошы, ежу, вопратку. Шмат бабуляў, дзядуляў і нават людзей ня сталага ўзросту шукаюць у сьметніках нечага паесьці, бутэлек. Вельмі брудна. Дрэнныя дарогі".

Рабочы Сяргей Целяхан:

(Сяргей Целяхан: ) "Калі пры ўладзе быў Чыгір, я атрымліваў 80 даляраў і кошты ў крамах былі ніжэйшыя. Зараз я атрымліваю 50-60 даляраў — а кошты як вырасьлі! Мы разам з жонкай былі ў верасьні ў адпачынку, дык сямейны бюджэт дагэтуль не магу паправіць.Жонцы купіў паліто, а сабе ўжо 7 гадоў не магу купіць чобаты! Гэта што ж за жыцьцё такое?"

Праваабаронца Віктар Ярашук:

(Віктар Ярашук: ) "За гэтыя гады сытуацыя з правамі чалавека ў нашым рэгіёне стала вельмі дрэннай. Мяркуйце самі. Калі раней апазыцыйныя сілы праводзілі свае мітынгі, пікеты ді іншыя акцыі пратэсту ў любых месцах, то пасьля сумнавядомага дэкрэту №5 мясцовым апазыцыянэрам вызначылі месцы-рэзэрвацыі — там, дзе ніколі ня ходзяць людзі. Пагоршылася сытуацыя са свабодай слова. У Пінску за гэты час не зарэгістравалі ніводнай незалежнай газэты, хаця такія спробы былі ня раз. І найгорш тое, што амаль немагчыма абараніцца ў судзе, адстаяць свае правы".

Сярод іншых зьменаў апошніх гадоў найчасьцей пінчукі адзначалі фактычнае скасаваньне ў горадзе бясплатнага мэдычнага абслугоўваньня; прымусовае накіроўваньне ў калгасы на сельгасработы; шматлікія паборы зь дзяцей у школах ды дзіцячых садках. За гэты час пінчукі сталі жыхарамі гораду, які займае першае ў вобласьці месца па колькасьці хворых на СНІД і адно зь першых у Беларусі па колькасьці наркаманаў.

А цягам мінулых 5-6 гадоў колькасьць дзяцей, што вучацца па-беларуску ў школах гораду, скарацілася ледзь ня ў 20 разоў, а беларускіх кніжак у гарадзкіх крамах цяпер не бывае больш за пару дзясяткаў. Пра зьмены ў сытуацыі зь беларускай мовай апошнія гады гаворыць Валеры Савіч, старшыня мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы:

(Валеры Савіч:) "Адзіная беларуская школа, якая ў Пінску існавала, — №17. Да гэтага году там яшчэ ў першыя клясы набіралі зь беларускай мовай навучаньня. Сёлета ўжо там набралі дзяцей у першыя клясы толькі з расейскай мовай навучаньня".

На адной з цэнтральных вуліцаў Пінску — вуліцы Кірава — я пытаюся ў мінакоў: "Пра дзейнасьць якіх палітычных партыяў у горадзе вы чулі?"

(Кабета: ) "Не, ня ведаю, шчыра, ня ведаю і ня чула".

(Дзяўчына: ) "Не, нічога ня чула".

(Дзядзька: ) "Я зь вёскі, нічога ня ведаю".

(Маладая кабета: ) "А тут ніколі палітыкай сур'ёзна не займаліся — адны марыянэткі жывуць".

(Спадар сталага веку: ) "Палітычныя партыі? Безумоўна, ведаю: БНФ, Народная Грамада, Маладая Грамада, Малады Фронт, дзьве камуністычныя партыі, два камсамолы, БПСМ — вось так прыкладна ".

(Другі спадар сталага веку: ) "Нічога ня чуў і ня слухаю пра гэтыя партыі — мне ўжо не да партыяў".

(Пажылая кабета: ) "Я знаю толькі камуністаў".

(Кабета: ) "Дык няма іх у Беларусі, адзін Лукашэнка толькі кіруе!"

Насамрэч у Пінску існуюць філіі амаль усіх беларускіх палітычных партыяў, а апазыцыйныя акцыі ладзяцца рэгулярна ўжо шмат гадоў.

Ужо напрыканцы сваёй вандроўкі, на цэнтральнай плошчы гораду, дзе дагэтуль стаіць самы вялікі ў Беларусі помнік Леніну, я сустрэў сваю даўнюю знаёмую, фатографа са Швэцыі Марыю Сёдэрбэрг, якая даўно й даволі часта наведвае Пінск. Каб атрымаць меркаваньне зусім незалежнага назіральніка, я запытаўся ў спадарыні Марыі, што на ейную думку зьмянілася ў Пінску за апошнія гады.

(Марыя Сёдэрбэрг: ) "Пінск — надзвычай прыгожы горад. І кожны раз, як я прыяжджаю, бачу, што будынкі патроху рамантуюцца, плошчы ды вуліцы робяцца прыгажэйшыя. Можа, гэта й фарс, але мне як чалавеку, які тут госьцем, такія зьмены вельмі падабаюцца. На маю думку, гэта сьведчыць пра тое, што тут людзі вераць у добрае будучае.

Яшчэ: калі я пачынала кантактаваць з маімі пінскімі сябрамі, мы карысталіся поштай. Цяпер мы можам рабіць гэта праз Інтэрнэт. Увогуле, пінчукі за гэты час сталі больш адкрытыя, і я сустракаю тут шмат цудоўных і таленавітых людзей. Палесьсе і Пінск маюць усе магчымасьці стаць адным з турыстычных цэнтраў Эўропы".

І, бадай, найгалоўная зьмена, пра якую казалі ў Пінску ўсе — гэта страта ўпэўненасьці ў будучым. Аднак варта адзначыць, што маладыя жыхары Пінску, гаворачы пра тое, за каго яны будуць галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах, у сваіх адказах былі пэўныя:

(Дзяўчына: ) "Не за Лукашэнку".

(Юнак: ) "Я таксама не за Лукашэнку".

А пакуль, як і спрадвеку, палешукі спадзяюцца толькі на свае сілы, розум ды вытрымку.

(Малады спадар: ) "На сябе — адно каб праца была".

(Кабета: ) "Толькі на сябе".

(Пажылы спадар: ) "Але, галоўнае — на сябе".

Трэба ўзяць болей зямлі пад бульбу ці гуркі, часьцей выпраўляцца на гандаль у Расею ці на заробкі ў Польшчу. Гэта шляхі, якія абірае ўжо каторае пакаленьне жыхароў Пінску.

(Міхась Ламака: ) "А нам, беднякам, жыць — трэба, рабіць — трэба. Ад нашых рук, галавы ўся нашая капейка і булка хлеба".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG