Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна.


Ганна Соусь, Маладэчна



Калі знаходзісься на Цэнтральнай плошчы Маладэчна, адразу бачна адметнае спалучэньне – на мэмарыял ахвярам таталітарных рэжымаў пільна “глядзіць” бронзавы Ленін, і тут жа побач узвышаецца вядомы маладэчанскі даўгабуд – Палац культуры, на якім вялікімі літарамі накрэсьлена: “Наш дом – незалежная Беларусь”. Дарэчы, пра Леніна. Маладэчна, напэўна, адзіны ў Беларусі горад, дзе ўжо няма вуліцы Леніна ды іншых савецкіх назваў. Як успамінае супрацоўніца абласнога краязнаўчага музэю Таіса Лінкевіч, вяртаньне маладэчанскім вуліцам іх былых назваў было адной з першых навацыяў былога мэра Маладэчна Генадзя Карпенкі.

(Лінкевіч: ) “У свой час у нас у горадзе была створаная камісія ў справе перайменаваньня вуліц і вяртаньня ім старых назваў. І хаця некаторым катэгорыям гараджанаў гэта не падабалася, але ўсё ж гісторыя павінна быць гісторыяй. Вернутыя старыя назвы вуліц – Віленская, Вілейская, Гарадокская… Вуліца Леніна? Няма ў нас вуліцы Леніна. У нас быў праспэкт імя Леніна, зараз гэта Вялікі Гасьцінец. Прыкладам, вуліца Карла Маркса цяпер стала вуліцай імя Буйніцкага, заснавальніка нашага беларускага прафэсійнага тэатру, і тым больш, што ягонае жыцьцё было зьвязанае з Маладэчнам. Зьявілася новая вуліца імя Забэйды-Суміцкага, які вучыўся ў Маладэчанскай сэмінарыі, а потым быў вядомым сьпеваком. І, на жаль, у нас у горадзе ня ўсе і да гэтага часу ведаюць, хто гэта такі. А калі зьявілася вуліца, вядома, узьнік інтарэс".

Амаль кожны маладэчанец, калі распавядае пра свой горад, узгадвае Карпенку, бо, сапраўды, зрабіў ён тут шмат чаго. Былі прыватызаваныя амаль усе крамы, у гэтым невялікім раённым мястэчку зьявіліся філіі амаль ўсіх буйных беларускіх банкаў, мясцовы стадыён першым ў краіне быў акрэдытаваны для правядзеньня міжнародных футбольных матчаў, менавіта пры Карпенку распачаўся вядомы фэст беларускай песьні і паэзіі. А вось рэгістратарка ў гатэлі “Маладэчна”, дзе я спынялася, спадарыня Тацяна, узгадала іншыя рэчы часоў кіраваньня Карпенкі. Яна добра памятае шматлікія прэзэнтацыі, конкурсы прыгажосьці ды сталічных гасьцей, якія часта наведвалі Маладэчна. Мабыць, з тых яшчэ часоў мясцовы гатэль увесь аблеплены плякатамі “Жыві бяз СНІДу”, на рэцэпцыі тут гасьцям прапаноўваюць чатыры гатункі прэзэрватываў, а ў нумарах пакладзеныя буклеты з інфармацыяй пра венэрычныя хваробы.

Няма ўжо сярод жывых Генадзя Карпенкі, зьнік Віктар Ганчар, ягоны тагачасны намесьнік. Ідзе час, мяняецца і Маладэчна. Ужо зачыненая большасьць банкаўскіх філіяў, з-за недастатковага фінансаваньня прыпыніўся Маладэчанскі фэст беларускай песьні і паэзіі, і жыцьцёвы ўзровень маладэчанцаў апошнім часам значна пагоршыўся. Мой суразмоўца – пэнсіянэр, спадар Канстанцін, ён амаль сорак гадоў працаваў на Маладэчанскім заводзе “Спадарожнік”. Калісьці на гэтым прадпрыемстве было 9 тысячаў рабочых, цяпер – толькі 1 тысяча.

(Канстанцін: ) “Цэны растуць, заробкаў няма, прадпрыемствы не працуюць. Завод "Спадарожнік” не працуе, “станказавод” не працуе, "паўправаднікі" не працуюць, "мэталяканструкцыі" на такім нізкім узроўні, але яшчэ працуюць. Мэр гораду цяпер новы стаў. Можа, будуць нейкія зьмены, але пакуль цяжка гаварыць".

Непадалёк ад Маладэчна знаходзіцца красьненскі льнозавод, на якім працуе шмат гараджанаў. Я наведала намесьніка дырэктара заводу Вольгу Гурэцкую.

(Гурэцкая: ) "Атрымалася так, што летась за сьнежань вырабілі прадукцыю на тую ж суму, што і кошт сыравіны. Мы нарыхтоўвалі 12-13 тысячаў тон трысты штогод, а летась у нас было 2 645 . Ня сеюць лён... У калгасах людзі, у асноўным, пэнсійнага ўзросту, а гэта культура патрабуе шмат працы. У асноўным, гэтым даводзіцца займацца нам. Спыняем вытворчасьць і зьбіраем лён, нарыхтоўваем, вывозім цалкам сваім транспартам. Летась завод стаяў з траўня да верасьня. Дык якія ж могуць быць заробкі? Людзі па 5-6 мільёнаў атрымлівалі. Неўзабаве беларускі лён наагул перастане існаваць".

Вядома, Маладэчна знаходзіцца на скрыжаваньні чыгуначных дарог. Калісьці тут было пабудаванае рэфрыжэратарнае дэпо, адно з самых буйных у Беларусі. Расьціслаў Лабыш працуе ў дэпо больш за дваццаць гадоў. Калісьці зарабляў ён даволі добра, калі суправаджаў рэфрыжэратары з беларускімі харчамі па ўсім Савецкім Саюзе. Цяпер Расьціслаў звычайна сядзіць дома, чакае, калі для яго знойдзецца праца.

(Лабыш: ) “Няма аб’ёму работ. Няма перавозак, таму што беларуская прадукцыя неканкурэнтназдольная нават у параўнаньні з расейскай. Калісьці мы вазілі беларускія прадукты харчаваньня па ўсіх краінах СНД, цяпер выконваем фактычна транзытныя перавозкі. Грузы – ня нашыя, і для іншых краінаў”.

Да начальства маладэчанцы ставяцца по-рознаму. Тыя, што жывуць у прыватным сэктары, з надзеяй чакаюць газафікацыі, якую ўлады абяцаюць наладзіць праз два гады. Зьбяднелыя людзі з зайздрасьцю назіраюць за заможнымі катэджамі ў прыгарадзе Маладэчна, яго тут называюць Царскім Сялом. Запомнілася маладэчанцам, як тут адбываліся мінулыя выбары ў “палату прадстаўнікоў”, і тое, як гардзкія ўдады спрыялі перамозе Станіслава Гаварушкіна насуперак мясцоваму кандыдату. Маладэчанцы добра памятаюць, як адразу пасьля выбараў Лідзія Ярмошына абвесьціла, што выбары ў Маладэчне не адбыліся, і тут жа праз некалькі дзён заявіла, што перамог Гаварушкін.

Цікава, што ў гарвыканкаме на дошцы аб’яваў вялікімі літарамі пазначаны курс эўра. Чаму не даляра альбо нямецкай маркі і нашто была вылучаная менавіта гэтая інфармацыя? – для мяне дагэтуль загадка. Дарэчы, гарадзкія ўлады да карэспандэнта Радыё Свабода паставіліся даволі добра. Амаль усе чыноўнікі адказвалі на прыстойнай беларускай мове. Кажуць, што яны добра карысталіся ёй пры Карпенку. Цяпер часьцей ужываюць расейскую мову, але да гораду і ягонай гісторыі ставяцца з павагай і гонарам. Гаворыць першы наместьнік старшыні гарвыканкаму Маладэчна Яфім
Ідэльчык.

(Ідэльчык: ) "У Маладэчне бывалі многія вялікія людзі нашай краіны і ўсяго сьвету. І Агінскі, і Янка Купала, і Максім Багдановіч... Тут бывалі й жылі вялікая вайскоўцы і паэты. І ў старадаўні час, і цяпер у нас вельмі многа знакамітых землякоў. Не магу не нагадаць прозьвішча Капуцкага, былога рэктара БДУ".

Калісьці ў Маладэчне было многа беларускіх школаў. Апошнім часам, як і ва ўсёй краіне, яны паступова зачыняюцца. Цяпер засталася толькі беларуская гімназія ды беларускія клясы ў звычайных школах. Але прыкметы беларушчыны тут усё ж захаваліся – працуюць беларускія дзіцячыя садкі, у будынку былой рэзыдэнцыі Прытыцкага і Машэрава заснаваны эстэтычны цэнтар, які працуе выключна на беларускай мове. Цікавая акалічнасьць. На каробцы цукерак вытворчасьці мясцовага СП “Міхаэла” на васьмі мовах быў пазначаны склад рэчываў цукерак, і першая графа была напісана на беларускай мове. Дэталь – рэдкая для беларускіх вытворцаў.

Я крочу па маладэчанскіх вуліцах. Звычайна маладэчанцы ходзяць на працу і з працы пехам, бо горад невялікі, да таго ж гарадзкія аўтобусы ходзяць дрэнна. Недалёк ад чыгункі пачынаю адчуваць нейкія непрыемныя пахі ў паветры. Недалёк ад мяне – нейкае прадпрыемства. Сытуацыю мне тлумачыць кіраўнік Рэгіянальнага цэнтру грамадзкіх ініцыятываў Алесь Капуцкі.

(Капуцкі: ) "На Лясных ёсьць такое прадпрыемства, якое пераплаўляе поліэтылен, і вельмі шкодныя рэчывы ёсьць ў гэтым дыме, які разыходзіцца па ўсім навакольлі. Там, у асноўным, прыватны сэктар, і людзі скардзяцца на галаўныя болі, захворваньні дзяцей пачасьціліся. У нас няма абвадной дарогі і ўвесь транзытны транспарт ходзіць па Вялікім Гасьцінцы. Бывае, ідзеш, асабліва летам, так надымяць, што немагчыма дыхаць…"

Алесь Капуцкі таксама ўзначальвае Маладэчанскую Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў. На ягоную думку, маладэчанцы больш палітычна сьвядомыя, чым палітычна актыўныя. Тым ня менш, частка гараджанаў здольная на актыўны пратэст. Напрыклад, нядаўні страйк прадпрымальнікаў закрануў і Маладэчна, і мясцовы рэчавы рынак тут не працаваў нават даўжэй, чым гэта было ў іншых беларускіх гарадах.

Існуе прыгожая расейская легенда пра Маладэчна. Калісьці расейская царыца Кацярына Другая вандравала па гэтых месцах з адным са сваіх палюбоўнікаў. І пра тры мястэчкі, дзе яна добра бавіла час, Кацярына казала: “Радуйся, красная маладзіца”. Так нібыта ўзьніклі Радашковічы, Краснае і Маладэчна. Але ж Маладэчна зьявілася значна раней за расейскую царыцу ды ейных палюбоўнікаў – у 1388 годзе. Але легенда сапраўды цікавая. Што тычыцца цяперашніх маладэчанскіх маладзіц, то напэўна, яны вылучаюцца вельмі прыгожымі і багатымі валасамі, бо цяпер увесь горад аблеплены аб’явамі: “Набываем валасы да 70 тысячаў рублёў за кіляграм”.
XS
SM
MD
LG