Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая верагоднасьць рэалізацыі сцэнару рэфэрэндуму і канстытуцыйных зьменаў, агучанага дэпутатам Скрабцом?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік старшыні Парты БНФ Віктар Івашкевіч і юрыст, адмысловец у галіне канстытуцыйнага права Яўген Лабановіч

(Валер Карбалевіч: ) “Чым бліжэй да восені, тым больш актыўна палітызаваная частка грамадзтва абмяркоўвае розныя сцэнары правядзеньня рэфэрэндуму аб канстытуцыйных зьменах. У сераду дэпутат групы “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец абнародаваў адзін з магчымых варыянтаў. Паводле ягонай інфармацыі, Лукашэнка даручыў групе дэпутатаў (каля 20 чалавек) распрацаваць мадэль канстытуцыйных зьменаў для рэфэрэндуму. У новым варыянце Канстытуцыі, нібыта, паўнамоцтвы прэзыдэнта звужаюцца, а паўнамоцтвы парлямэнту пашыраюцца. І менавіта парлямэнт будзе выбіраць прэзыдэнта (маецца на увазе, зноў Лукашэнку). І такім чынам вырашаецца пытаньне аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў сёньняшняга кіраўніка дзяржавы. Гэта ў нечым нагадвае ўкраінскі варыянт. Зразумела, што гэтая інфармацыя неафіцыйная, і гэта толькі адзін з магчымых варыянтаў. Але давайце абмяркуем гэты сцэнар. Першае пытаньне: якія плюсы дае Лукашэнку гэты сцэнар?”

(Віктар Івашкевіч: ) “Увогуле, я ўспрымаю гэты сцэнар як нейкі фантастычны, які не кладзецца ні на якія прагнозы і ацэнкі паводзінаў Лукашэнкі, ягонага рэжыму на працягу ўсіх дзесяці гадоў. Пагадзіцца на яго — гэта значыць аддаць свой лёс у рукі нейкіх людзей, якія ў любы момант могуць здрадзіць, перадумаць, абраць іншага чалавека. Гэта неверагодна. Уся сыстэма ўлады і ягонай ідэалёгіі на працягу дзесяці гадоў грунтавалася на мадэлі “правадыр і народ”. Паміж правадыром і народам стаяць кепскія чыноўнікі, якіх трэба пэрыядычна саджаць, лаяцца на іх. А цяпер узяць і гэтым чыноўнікам перадаць лёс народу і свой асабісты — гэта фантастычна!

Я ня бачу у гэтым сцэнары ніякіх плюсаў. Адзіны плюс мог быць у тым, што Захад успрыме гэта як дастатковы крок для згоды на трэці тэрмін Лукашэнкі. Але для гэтага павінны адбыцца дэмакратычныя парлямэнцкія выбары. То бок выбары тых дэпутатаў, якія потым будуць выбіраць Лукашэнку, павінны быць дэмакратычныя. Але парлямэнт робіцца мэханізмам абраньня Лукашэнкі, то сёньняшні кіраўнік дзяржавы павінен іх прызначыць для надзейнасьці. І ніякіх дэмакратычных выбараў у такім выпадку ня будзе. Таму ўсё роўна гэты варыянт ня дасьць ніякага прызнаньня”.

(Яўген Лабановіч: ) “Магчыма, Лукашэнка разглядае як плюс гэты сцэнар па такім матывам. Ён разумее, што ягоная ідэя трэцяга ці чацьвертага тэрміну ня мае падтрымкі ў беларускім грамадзтве, а таксама ў Расеі. Але калі правесьці рэфэрэндум, у якім галоўнае пытаньне аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, чаго ўсе чакаюць, і супраць чаго рыхтуюцца працаваць і апазыцыя, і Расея, будзе падмененая пытаньнем аб стварэньні ў Беларусі парлямэнцкай рэспублікі, дзе прэзыдэнт абіраецца парлямэнтам, то гэта будзе яму на карысьць.

Але, на мой погляд, гэта вельмі слабы падмурак. Таму што ўсё роўна беларуская апазыцыя ці міжнародная супольнасьць разумеюць, што гаворка ідзе аб працягненьні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, у гэтым сцэнары для Лукашэнкі маецца два плюсы. Найперш, пытаньне аб трэцім тэрміне хаваецца за цэлым комплексам канстытуцыйных зьменаў. Для Лукашэнкі гэта важная праблема: як схаваць ад электарату свае жаданьне адносна легітымна кіраваць дзяржаваю як мага даўжэй? Доўгі час ён імкнуўся гэта зрабіць так: вынесьці на рэфэрэндум гэтае пытаньне ў зьвязку з канстытуцыйным актам саюзнай дзяржавы. Але Расея на пагадзілася. І тады ўзьнікла праблема: якое пытаньне будзе гуляць ролю паравоза, каб да яго прычапіць вагон з галоўным пытаньнем аб працягненьні паўнамоцтваў? У варыянце, які агучыў Скрабец, гэтая праблема вырашаецца.

Другі плюс. Пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту зьбівае, робіць няпэўнаю палітычную пазыцыю і апазыцыйных партыяў, і Захаду. Да гэтага часу ідэя, зь якой уся апазыцыя зьбіралася ісьці на восеньскую кампанію, была простая, зразумелая і павінна была гучаць прыкладна так: “не” трэцяму тэрміну альбо працягу паўнамоцтваў Лукашэнкі. Але калі цяпер Лукашэнка прапануе пашырэньне паўнамоцтваў парлямэнту, то зь якой пазыцыяй ёй ісьці на рэфэрэндум. Таму што і апазыцыя і Захад патрабавалі менавіта гэтага: дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы, пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту.

Аднак у працэсе рэалізацыі гэтага сцэнару існуюць і моцныя мінусы для Лукашэнкі. Найперш, ідэя парлямэнцкай рэспублікі ня вельмі папулярная ў беларускім грамадзтве. Але асабліва важна тое, пра што казаў спадар Івашкевіч: паводле гэтага варыянту цяпер прэзыдэнта будзе выбіраць парлямэнт”.

(Івашкевіч: ) “Апошнія гады Лукашэнка змагаецца, найперш, ня столькі супраць апазыцыі, колькі супраць выхадцаў з намэнклятуры (крымінальныя справы, зьнікненьні ды іншае), якія свае сярод будучых дэпутатаў, маюць выхады на Расею. І асноўныя рэпрэсіі адбываюцца супраць намэнклятурных лідэраў, якія могуць стварыць намэнклятурную змову. І аддаць свой лёс у рукі гэтых людзей — гэта проста самагубства. Я перакананы, Лукашэнка гэта разумее.

Магчыма, гэта такі зьліў інфармацыі, такая дэза, каб усе заняліся абмеркаваньнем пустой ідэі. А ў гэты час Лукашэнка працуе з народам. Ён жа гуляе ў вобраз “бацькі нацыі”, правадыра простага народу. Менавіта да яго ён цяпер і езьдзіць. Лукашэнка апэлюе да сельскіх жыхароў, людзей з правінцыі, праводзіць ім газ, ваду дае ды іншае. Навошта яму да іх зьвяртацца, калі не яны будуць яго выбіраць? Думаю, што на гэта ён ніколі ня пойдзе”.

(Лабановіч: ) “Я бы тут дадаў яшчэ адзін вялікі мінус для Лукашэнкі. Справа ў тым, што ён стварыў і падтрымлівае імідж пераможцы, моцнага палітыка, які не дае слабіны. І намэнклятура, вэртыкаль уважліва сочыць за ягонымі дзеяньнямі, ці ня стаў ён слабейшы, ці не захістаўся ён. А Лукашэнка гэта добра разумее. Менавіта таму на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году ён мог быць легітымным прэзыдэнтам, каб пагадзіўся з той колькасьцю галасоў, якую ён рэальна набраў (крыху больш 50%, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў). Але дзеля таго, каб выглядаць “бацькам нацыі”, “усенародна абраным”, ён аб’явіў 76%. А цяпер, калі ён ідзе на гэты сцэнар, то бок, выбіраецца парлямэнтам, гэта будзе званок кожнаму чыноўніку, што Лукашэнка слабы і яго можна валіць”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, калі прэзыдэнта выбірае парлямэнт, то гэта слабы прэзыдэнт. Ён залежны ад парлямэнту. Гэта ўжо ня “бацька нацыі”, не “ўсенародна абраны” як сёньня, а ўсяго толькі адзін з вышэйшых чыноўнікаў. Гэта ўжо зьмена рэжыму, прычым, у нашых умовах амаль што рэвалюцыйная. Таму што, як утрымаць поўную аднаасобную ўладу ва ўмовах канстытуцыйна абмежаваных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў? Хоць мы і ведаем гістарычныя прыклады, калі палітыку ўдавалася захоўваць дыктатарскія паўнамоцтвы, ня маючы для гэтага прававых падставаў. Напрыклад, Пілсудзкі ў Польшчы ў міжваенны пэрыяд, Дэн Сяопін у Кітаі. Ці магчымы такі варыянт у Беларусі?”

(Івашкевіч: ) “Мы жывем у канкрэтных умовах і з канкрэтнымі палітыкамі. Калі парлямэнцкая рэспубліка трансфармуецца ў нейкі рэжым, гэта магчыма. Напрыклад, парлямэнт надаў прэм’еру дадатковыя надзвычайныя паўнамоцтвы ў сувязі з крызыснай сытуацыяй. А наадварот, умацаваць сваю пазыцыю адступленьнем ад дыктатарскіх паўнамоцтваў, гэта немагчыма. Гэты рэжым моцны толькі сваёй маналітнасьцю. Як толькі пачынаецца ягоная перабудова, то ўсё сыпецца. Ніхто ўжо ня слухаецца кіраўніка. Такія намэнклятурныя звычкі. І ў такім выпадку яго здадуць, прададуць і адкінуць, і ён гэта павінен сам разумець. Таму гэты сцэнар і нерэальны”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Лабановіч, вам пытаньне як адмыслоўцу ў галіне канстытуцыйнага права. З гледзішча функцыянаваньня палітычных рэжымаў як вам бачыцца такі рэжым, у якім прэзыдэнт выбіраецца парлямэнтам, але застаецца моцным?”

(Лабановіч: ) “Нідзе ў сьвеце не было такіх варыянтаў Канстытуцыі. Ёсьць тры мадэлі палітычнай сыстэмы з гледзішча паўнамоцтваў прэзыдэнта. Гэта парлямэнцкая, прэзыдэнцкая і так званая зьмешаная сыстэма. Яшчэ выдзяляюць аўтарытарную мадэль прэзыдэнцкай улады, якая ў літаратуры атрымала назву “афрыканска-азіяцкая мадэль”. У Беларусі існуе менавіта такая мадэль. Але самае галоўнае у прэзыдэнцкай, зьмешанай, і афрыканска-азіяцкай мадэлі тое, што прэзыдэнт выбіраецца народам. Менавіта таму ён мае такія велізарныя паўнамоцтвы, што атрымаў мандат ад народу.

А той варыянт, які мы сёньня абмяркоўваем, існуе толькі ў парлямэнцкай рэспубліцы. І ў такім выпадку галоўнаю ўладнаю асобаю ў дзяржаве зьяўляецца кіраўнік ураду. Такая мадэль у Італіі, Нямеччыне альбо, напрыклад, у Латвіі. Калі разгледзяць той варыянт, які цяпер рэалізуецца ва Ўкраіне, то там Кучма імкнецца захаваць сваю ўладу перайшоўшы на пасаду кіраўніка ўраду. Прэзыдэнтам мяркуецца выбраць Януковіча, але гэта будзе дэкаратыўны прэзыдэнт.

Тое, што прапануе цяпер Лукашэнка, супярэчыць усім традыцыям у канстытуцыйным праве. А гэта азначае, што такая мадэль нежыцьцяздольная”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мае суразмоўцы пагадзіліся ў тым, што агучаны дэпутатам Скрабцом варыянт правядзеньня рэфэрэндуму і канстутыцыйных зьменаў мае для Лукашэнкі значна больш мінусаў, чым плюсаў. Дзесяць гадоў Лукашэнка крок за крокам забіраў да сябе ўсю ўладу, адбіраючы яе ад іншых дзяржаўных інстытутаў. А цяпер ён добраахвотна мусіць аддаць гэтую ўладу парлямэнту, іншым інстытуцыям. Ведаючы Лукашэнку, у гэта цяжа паверыць.

Рэжым, створаны ў Беларусі, — пэрсаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. І любая спроба ягонай зьмены будзе азначаць ягоны злом з усімі наступствамі для першай асобы. Таму верагоднасьць гэтага сцэнару ня вельмі вялікая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG