Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыамэрыканізм у Беларусі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: палітоляг Віталь Сіліцкі і філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч

(Валер Карбалевіч: ) “Тэма ЗША гучыць даволі часта ў беларускім грамадзкім дыскурсе, сродках масавай інфармацыі, палітычных дыскусіях. Калі зьвярнуць увагу на дзяржаўныя СМІ, то Злучаныя Штаты, здаецца, цьвёрда і надоўга атрымалі статус галоўнага ворага Беларусі. Ужо другі год запар пытаньне вайны ў Іраку стала галоўнай тэмай дзяржаўнай прапаганды. Чаму менавіта з ЗША будуецца вобраз ворага? Паводле дзяржаўных СМІ, там і дэмакратыі няма, амэрыканцы агрэсары, яны ўмешваюцца ва ўнутраныя справы іншых краінаў, у прыватнасьці, Беларусі, імкнуцца стварыць аднапалярны сьвет. У чым прычына дзяржаўнага антыамэрыканізму ў Беларусі?”

(Віталь Сіліцкі: ) “Тут можна даць адразу некалькі адказаў. Дзяржаўны антыамэрыканізм — гэта даволі просты трук дзяржаўнай прапаганды. Ён абапіраецца на пэўныя грамадзкія стэрэатыпы, якія забіваліся ў галовы савецкіх людзей некалькі дзесяцігодзьдзяў. Гэта самы просты прапагандысцкі прыём: ажывіць вобраз ворага, які сядзеў у галовах людзей доўгія гады “халоднай вайны”. Вобраз ворага-немца, які таксама вельмі моцна сядзеў у нашай грамадзкай сьвядомасьці, быў разбураны. А глеба для дзяржаўнага антыамэрыканізму больш спрыяльная, чым для нейкага іншага варыянту ксэнафобіі ці вобразу ворага”.

(Валянцін Акудовіч: ) “Першае, што кідаецца ў вочы, гэта проста традыцыя. Тыя, хта знаходзіцца на вяршыні нашае ўлады, выхаваныя на антыамэрыканізьме. Таму што ў савецкі час Расея ў форме СССР хацела авалодаць сьветам. А ЗША былі першым супраціўнікам. Варожасьць да Злучаных Штатаў фармавалася не таму, што ЗША былі капіталістычнай краінай. А таму, што Злучаныя Штаты імкнуліся да той жа самай мэты, што і Расея, толькі больш пасьпяхова.

Я мяркую, што гэты шал з нашым дзяржаўным антыамэрыканізмам мае расейскае паходжаньне. Расея ўвесь час будзе сварыць Беларусь з Захадам, нават пасьля таго, як Лукашэнка ўжо ня будзе кіраўніком. І зь іншага боку, Масква будзе як бы дапамагаць Беларусі адстойваць свае інтарэсы”.

(Карбалевіч: ) “Наконт апошняй тэзы спадара Акудовіча хацеў бы заўважыць, што антыамэрыканская прапаганда на беларускім тэлебачаньні на парадак больш моцная, чым на расейскім. Існуюць і іншыя чыньнікі дзяржаўнага антыамэрыканізму ў Беларусі. Той палітычны рэжым, які створаны ў Беларусі, апрыёры ня можа існаваць бяз ворага. Гэта мадэль крэпасьці ў аблозе, і ворагі — неабходны элемэнт яе існаваньня. З тых прычынаў, пра якія казалі мае суразмоўцы, самы зразумелы насельніцтву вораг — ЗША.

Хацеў бы зьвярнуць увагу яшчэ на такую акалічнасьць. ЗША — галоўны і найбольш пасьлядоўны крытык існоўнага ў Беларусі палітычнага рэжыму. Менавіта ЗША найбольш дапамагаюць грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Цяпер у Вашынгтоне абмяркоўваецца пытаньне аб прыняцьці “Акту падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі”, які таксама прадугледжвае аказаньне дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Таму дзяржаўны антыамэрыканізм афіцыйнага Менску мае і чыста практычнае палітычнае значэньне, і галоўнае вастрыё крытыкі скіраванае менавіта на ЗША.

Гэты дзяржаўны антыамэрыканізм у Беларусі носіць характар сьвядомай і мэтанакіраванай палітыкі. Напрыклад, у апошні час афіцыйныя СМІ шмат увагі надаюць скандалу, зьвязанаму са зьдзекамі з ірацкіх зьняволеных, якія ўчынялі амэрыканскія вайскоўцы. Але калі рэжым Саддама Хусэйна чыніў нашмат больш дзікія і масавыя зьдзекі са свайго насельніцтва, беларускія СМІ маўчалі, наадварот, усяляк падтрымлівалі гэты рэжым.

Але, як ўжо адзначылі мае суразмоўцы, гэты дзяржаўны антыамэрыканізм у Беларусі мае палітычны разьлік, разьлічаны на тое, каб атрымаць водгук у адказ. Ён абапіраецца, імкнецца абудзіць у грамадзкай сьвядомасьці нейкія старыя паўзабытыя архетыпы, якія існуюць з савецкага часу. Але, магчыма, акрамя згаданых прычынаў антыамэрыканізму, існуюць нейкія іншыя, якія зьявіліся ўжо ў постсавецкі час. За 12 гадоў незалежнага існаваньня ў сьвеце адбыліся значныя падзеі, канфлікты. Напрыклад, косаўскі крызыс, ірацкая вайна. Магчыма, зьявіліся новыя падставы і прычыны для антыамэрыканізму ў беларускім грамадзтве?”

(Сіліцкі: ) “Антыамэрыканізм у сьвеце, на постсавецкай прасторы і ў Беларусі існуе ў дзьвюх формах. Па-першае, гэта вэрсія такога францускага антыамэрыканізму, якая выказвае незадавальненьне амэрыканскай маскультурай. У нас гэта праяўляецца як сублімацыйны антыамэрыканізм. Калі нічога ня можаш супрацьпаставіць амэрыканскай сіле, толькі тое і застаецца, што прыдумляць легенды аб уласнай духоўнасьці. Але калі не глядзець на ЗША вачыма расейскага сатырыка Задорнава, то можна ўбачыць, што каля 150 мільёнаў чалавек кожную нядзелю ідзе ў царкву. І калі параўнаць гэта зь беларускай сытуацыяй, то міт аб нашай большай духоўнасьці разьбіваецца.

Другую форму антыамэрыканізму я бы назваў шарыкаўска-швондзерскай. Ён тлумачыць амэрыканскія эканамічныя посьпехі рабаваньнем іншых краінаў”.

(Акудовіч: ) “Амэрыку ня любяць ва ўсім сьвеце. Проста ў кожнай краіне яе ня любяць па-свойму. Чаму так? Чаму яе ня любяць нават там і тыя, каму яна дапамагае? Як ні дзіўна, у Ізраілі ЗША любяць ня больш, чым у Беларусі. Хоць без амэрыканскай дапамогі Ізраіль ня выжыў бы доўга. Справа ў тым, што ЗША зрабілі аўтсайдэрамі ўсе астатнія краіны, пасадзілі ў цень саміх сябе. Адрыў Амэрыкі такі вялікі, што ў параўнаньні зь ёю і Беларусь і, напрыклад, Францыя адчуваюць сябе на адным узроўні. Адкуль можа быць любоў да таго, хто засланіў ад цябе сонца? Ніхто ня любіць таго, хто паперадзе цябе”.

(Карбалевіч: ) “Аднак, падаецца, што меркаваньне аб шырокім распаўсюджаньні антыамэрыканізму ў беларускім грамадзтве, ня больш чым міт. Афіцыйная прапаганда ня надта спрацоўвае. Паводле зьвестак сацыялягічнай лабараторыі “Новак”, бачаць пагрозу з боку ЗША 36% грамадзян, ня бачаць такой пагрозы — 53%. І гэта насуперак масіраванай дзяржаўнай прапагандзе.

Вядома, што большасьць фільмаў, якія ідуць на нашым тэлеэкране, галівудзкія. Моладзь, як вядома, выбірае “Пэпсі”. То бок, масавая культура, культ спажываньня прыйшлі ў Беларусь, і ня толькі ў Беларусь у амэрыканскім вобразе. У апошні час, асабліва ў зьвязку з вайной у Іраку, пратэсты супраць глябалізацыі набываюць антыамэрыканскі характар. Антыглябалісты лічаць, што тэндэнцыя глябалізацыі выгадная ЗША. Таму антыглябалізм і антыамэрыканізм ідуць побач. Беларусь ня надта моцна ўпісваецца ў гэтую тэндэнцыю глябалізацыі. У зьвязку з гэтым, як уплывае новая сытуацыя на адносіны беларускага грамадзтва да ЗША?”

(Сіліцкі: ) “Амэрыканізацыя стылю жыцьця, прыняцьцё маскультуры на амэрыканскі ўзор зусім не азначаюць прыняцьця тых каштоўнасьцяў, якія спарадзілі гэтую культуру. Гэта вельмі павярхоўная амэрыканізацыя і вэстэрнізацыя. Напрыклад, усе арабскія тэрарысты карыстаюцца плэерамі, мабільнымі тэлефонамі, п’юць тую самую “Пэпсі” і, адначасова, вядуць вайну з Захадам. Гэта розныя рэчы, якія могуць суіснаваць.

Што тычыцца беларускага антыамэрыканізму. Тыя сацыялягічныя лічбы, якія вы назвалі, накладаюцца на лічбы прыхільнікаў і апанэнтаў сёньняшняй улады Беларусі. Гэта той жа раскол, які існуе ў нашым грамадзтве ў дачыненьні і да іншых пытаньняў. Таму, якія сродкі і намаганьні ў прапагандзе ні выкарыстоўваліся б, далей пэўнай мяжы яны не даюць эфэкту. Прапаганда працуе толькі на пэўныя стэрэатыпы”.

(Акудовіч: ) “Па-першўае, я пагаджаюся з вашым меркаваньнем, спадар Карбалевіч, што тэза аб шырокім распаўсюджваньні антыамэрыканізму ў беларускім грамадзтве — гэта міт. Ягоны ўзровень ня значна большы, чым у іншых краінах, нягледячы на 70 гадоў камуністычнай прапаганды і сёньняшнюю дзяржаўную прапаганду. Бо, як слушна сказаў спадар Сіліцкі, ёсьць нейкая мяжа, за якой колькасьць прапаганды не пераходзіць у павялічэньне колькасьці прыхільнікаў гэтых ідэяў.

Што тычыцца глябалізацыі. У мяне ёсьць даўняя тэза. Калі мяне пытаюць, які чыньнік паўплывае на пераход Беларусі на дэмакратычны шлях — Захад, Расея, апазыцыя ці штосьці іншае, то я адказваю: ні тое, ні другое, ні трэцяе. Ёсьць цывілізацыйны чыньнік. Колькасьць легкавікоў, кампутараў, мабільнікаў, якія вырасьлі на некалькі парадкаў адносна савецкага часу, зрабілі значна больш для ўпісваньня Беларусі ў эўрапейскі і ўсясьветны кантэкст, чым усе намаганьні апазыцыйных палітычных сілаў. Карта глябальнага дызайну ўжо намаляваная”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, антыамэрыканізм у Беларусі — зьява неадназначная, складаная, шматслойная, мае шмат розных чыньнікаў і крыніцаў. Афіцыйная дзяржаная антыамэрыканская прапаганда не дае таго плёну, на які разьлічваюць улады. Як адзначылі мае суразмоўцы, на беларускае грамадзтва значна больш уплываюць усясьветныя тэндэнцыі, тэндэнцыя глябалізацыі, у якую Беларусь уваходзіць, мабыць, насуперак жаданьню, палітыцы і дзейнасьці беларускага кіраўніцтва. Гэта таксама будзе моцна ўплываць на адносіны грамадзтва Беларусі да ЗША”.
XS
SM
MD
LG