Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самазабойствы ў Беларусі: праблемы і тэндэнцыі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: псыхоляг Георгі Максюта і журналістка Радыё Свабода Любоў Лунёва

(Валер Карбалевіч: ) “Апошні час павялічваецца колькасьць паведамленьняў аб самазабойствах. Тэндэнцыя сапраўды насьцярожвае. У Беларусі ў сярэднім адбываецца 24–30 самазабойстваў на 100 тысяч насельніцтва. У той час, як сярэднеэўрапейскі паказчык — 12–14 суіцыдаў. Па колькасьці самазабойстваў Беларусь набліжаецца да чацьвертай групы краінаў са звышвысокім узроўнем суіцыдаў.

Самазабойствы — гэта праблема вечная й праблема сусьветная. Яна мае сацыяльны, мэдычны, псыхалягічны, мэнтальны ды іншыя аспэкты. Якая прычына самазабойстваў? Маё першае пытаньне да псыхоляга спадара Максюты”.

(Георгі Максюта: ) “Я думаю, што гэтая праблема міждысцыплінарная. І яна можа разглядацца ў розных аспэктах. Безумоўна, у ёй ёсьць мэдычны аспэкт. Сярод самагубцаў шмат людзей зь невылечнымі захворваньнямі.

Ёсьць тут аспэкт і псыхалягічны. Таму што частка самазабойстваў — гэта імпульсіўныя ўчынкі. І калі яны не заканчваюцца сьмерцьцю, то ў размове з такім чалавекам высьвятляецца, што гэта быў не абдуманы ўчынак, а спроба паказаць свой стан, паклікаць на дапамогу і іншае.

Безумоўна, тут ёсьць і мэнтальны аспэкт. Розныя краіны маюць розную колькасьць самазабойстваў”.

(Карбалевіч: ) “Цікавая статыстыка самазабойстваў і сацыялягічная анатомія гэтай зьявы. Якія катэгорыі насельніцтва часьцей канчаюць жыцьцё самагубствам? Якія ёсьць заканамернасьці па рэгіёне, узросьце, прафэсіі? Што б вы маглі сказаць, спадарыня Лунёва?”

(Любоў Лунёва: ) “У Менску летась загінулі 1326 чалавек, зь іх 324 чалавекі зрабілі сабе сьмерць. Сярод самазабойцаў зьявіліся новыя катэгорыі грамадзянаў. Калі дзесяць гадоў таму ў асноўным гэта былі мужчыны ва ўзросьце каля 27 гадоў (крызысны ўзрост для мужчынаў) і жанчыны ва ўзросьце 35 гадоў, то зараз узрост людзей, якія заканчваюць жыцьцё самагубствам, значна павялічыўся. Сярод іх узрасла колькасьць пэнсіянэраў. На гэта ўплывае шмат чыньнікаў. Па-першае, старыя людзі адчуваюць сябе непатрэбнымі, адзінокімі. Па-другое, матэрыяльнае становішча пэнсіянэраў дрэннае. Людзі сталага ўзросту адчуваюць сябе безабароннымі. Гэта і падштурхоўвае іх да такіх учынкаў”.

(Карбалевіч: ) “Безумоўна, вельмі важныя чыньнікі самазабойстваў — сацыяльныя ўмовы жыцьця. Тут вялікае значэньне мае стан, у якім знаходзіцца грамадзтва. Вядома, што крызысныя грамадзтвы — самыя небясьпечныя ў гэтым пляне. А пераходныя грамадзтвы і ёсьць самыя крызысныя. Гэта такія грамадзтвы, якія ажыцьцяўляюць пераход ад адной сацыяльнай сыстэмы да другой, у якіх адбываецца нейкі глыбокі пералом, пераход ад адных каштоўнасьцяў да іншых. У такіх грамадзтвах разбураецца ўся старая сыстэма каардынатаў, эканамічная і палітычная сыстэмы, сьветапогляд, сыстэма каштоўнасьцяў. Такая сытуацыя найбольш спрыяльная для росту самазабойстваў.

Гэтую заканамернасьць пацьвярджае статыстыка, аб якой ужо ішла гаворка. У багатай, спакойнай, стабільнай Эўропе сярэдні паказчык — 12–14 суіцыдаў на 100 тысяч насельніцтва. А у Беларусі, якая знаходзіцца ў трансфармацыйным рэгіёне, у сярэднім адбываецца 24–30 самазабойстваў на 100 тысяч насельніцтва. А ў Расеі наогул гэтая лічба дасягае 60. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заканамернасьць?”

(Максюта: ) “Гэта сапраўды так. У першую чаргу парушаюцца звыклыя стылі жыцьця. Большасьць людзей жыве з дня на дзень — усё звыклае, знаёмае. Няма рэзкіх зьменаў жыцьця розных пакаленьняў. А вось трансфармацыйныя грамадзтвы разбураюць ранейшыя стылі й правілы жыцьця, выпрацоўваюць новыя. І гэта ўплывае на магчымасьць чалавека адаптавацца.

Калі разглядаць, хто зьяўляецца найбольш датклівым да рэзкіх жыцьцёвых зьменаў, то мы можам выдзеліць тры групы чыньнікаў. Па-першае, гэта чыньнікі, якія зьніжаюць магчымасьці чалавека адаптавацца да новых жыцьцёвых абставінаў. Чалавек ня ведае, як яму жыць далей, і няма ў каго даведацца. Тыя сродкі трансьляцыі, перадачы досьведу, якія існавалі раней (напрыклад, ад бацькоў да дзяцей), парушаныя. Досьвед бацькоў ня мае ранейшай цаны.

Другая група чыньнікаў зьвязаная з індывідуальнымі асаблівасьцямі людзей. Гэта характар чалавека, яго стрэсаўстойлівасьць, асабістая гатоўнасьць супрацьстаяць цяжкасьцям.

Трэцяя група — гэта якіясьці псыхатраўмы. І калі зьяўляецца нейкі псыхаштуршок, тады чалавек прыходзіць да рашэньня скончыць жыцьцё самазабойствам. Гэты штуршок носіць, як правіла, сацыяльны характар”.

(Лунёва: ) “Канечне, гэтая зьява сацыяльная і зьвязаная са станам грамадзтва. Узровень самазабойстваў залежыць ад эканамічнай, палітычнай сытуацыі ў краіне. Але тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт. Няма сапраўднай псыхалягічнай дапамогі насельніцтву. Хоць БДУ штогоду выпускае пэўную колькасьць дыплямаваных адмыслоўцаў у гэтай сфэры.

У Менску амаль штодня ў 9-ы клінічны шпіталь прывозяць людзей, якія намагаліся зьдзейсьніць самазабойства. Але зараз для дапамогі гэтай катэгорыі людзей працуе адна машына хуткай дапамогі. Гэтага мала. Бывае так, што дактары-псыхіятры прыяжджаюць запозна.

Нестабільнасьць грамадзтва, якае ўплывае на рост суіцыдаў, асабліва ўплывае на жанчын. Яны ў нейкім сэнсе зрабіліся безабаронныя. Іх у першую чаргу звальняюць пры скарачэньні штатаў.

Ала самае страшнае, што зараз адбываецца ў краіне — рост самазабойстваў сярод дзяцей. У дзіцячых установах, дзіцячых дамах, інтэрнатах адбываюцца суіцыды. Ня ведаю, што трэба рабіць у гэтых установах, каб маленькі чалавек дабраахвотна пайшоў з жыцьця. Было некалькі выпадкаў, калі дзеці кідаліся з акна з-за п’янства бацькоў.

Я нагадаю, што ў мінулым годзе ў Менску пакончылі жыцьцё самазабойствам 324 чалавекі. Аднак спрабавалі гэта зрабіць прыкладна ў два разы больш людзей, але былі ўратаваныя роднымі альбо дактарамі”.

(Максюта: ) “Гэта нават ня ў два, а ў некалькі разоў больш. Таму што сапраўды многія спробы не заканчваюцца суіцыдам”.

(Карбалевіч: ) “Яшчэ адна важная статыстычная лічба. Паводле афіцыйных зьвестак, 2/3 самазабойцаў зрабілі замах на сваё жыцьцё ў п’яным выглядзе. Гэта значыць, што мы можам зафіксаваць яшчэ адну прычыну самазабойстваў — п’янства і алькагалізацыя насельніцтва. Гэта адначасова і сацыяльная праблема, і вынік дзяржаўнай палітыкі. Як бы вы маглі пракамэнтаваць такую выснову?”

(Максюта: ) “Алькаголь зніжае кантроль сьвядомасьці. І якраз вось такія імпульсіўныя дзеяньні ажыцьцяўляюцца лягчэй. Вядомая прымаўка: што цьвярозы думае, тое п’яны скажа. Тое, аб чым цьвярозыя толькі думаюць, то п’яныя ўжо зьдзяйсьняюць. Гэта сьведчыць пра тое, што пакуль чалавек быў цьвярозы, ён супраціўляўся. А алькаголь зьнізіў яго супраціўляльнасьць”.

(Лунёва: ) “Зразумела, што існуе цесная сувязь паміж п’янствам і самазабойствамі. Мы можам сказаць, што самазабойства адбылося ў выніку п’янства. А зь іншага боку, можам сказаць, што чалавек спачатку прыняў рашэньне сысьці з жыцьця, а потым выпіў “для сьмеласьці”. У любым выпадку п’янства зьяўляецца каталізатарам самазабойстваў”.

(Карбалевіч: ) “Спадарыня Лунёва закранула яшчэ адну важную праблему: наколькі гатовае грамадзтва, дзяржава дапамагчы тым людзям, якія маюць нейкія перадумовы для самагубстваў? Псыхалягічная, псыхіятрычная дапамога такім грамадзянам — гэта задача дзяржаўных установаў. Мы ведаем, што ў ЗША многія людзі, у тым ліку зусім здаровыя, зьвяртаюцца да псыхоляга.

У Беларусі гэтая сфэра мэдыцыны ня вельмі разьвітая. Такія адносіны да яе засталіся ад савецкага часу. Лічылася, што ў сацыялістычнай краіне гэтая праблема ня можа быць вострай, а зьяўляецца хваробай буржуазнага грамадзтва. Таму служба псыхалягічнай і псыхіятрычнай дапамогі знаходзіцца ў зародкавым стане. А зараз, з улікам эканамічнага стану краіны, стану сыстэмы аховы здароўя, якая знаходзіцца ў крызысе, відавочна, што дзяржава ня ў стане дапамагчы ў тых памерах, маштабах, якія патрэбныя.

Як вы ацэньваеце магчымасьці дзяржавы дапамагчы людзям, якія знаходзяцца на мяжы самазабойства? І што, на ваш погляд, трэба зрабіць дзяржаве, каб калі ня вырашыць гэтую праблему, то дапамагчы яе вырашэньню?”

(Максюта: ) “Гэтая праблема акумулявалася доўгія дзесяцігодзьдзі. І для яе вырашэньня таксама, натуральна, патрэбна дастаткова часу. На мой погляд, тут ёсьць два вельмі важныя моманты. З аднаго боку, гэта рэальны дэфіцыт саміх псыхолягаў. То бок, прапаноўваць масавую псыхалягічную дапамогу насельніцтву нельга, таму што яе няма каму выконваць на сёньняшні дзень.

А зь іншага боку, недахоп псыхолягаў прывёў да таго, што і асьветы нейкай няма. Яшчэ на пачатку 1990-х гадоў псыхоляг не адрозьніваўся ад псыхіятра. Таму сёньня шмат людзей, маючы тыя ці іншыя псыхалягічныя праблемы, не ідуць да псыхоляга, таму што ня ведаюць, чым можа быць псыхоляг карысны.

Што тычыцца ролі дзяржавы, то тут існуе магістральны шлях, якім ішлі разьвітыя дзяржавы. Гэта адукацыя. Псыхолягаў трэба рыхтаваць. І тады будзе расьці запатрабаваньне насельніцтва на псыхалягічныя кансультацыі, псыхатэрапію і іншае”.

(Лунёва: ) “Тут я крыху не пагаджуся з маім суразмоўцам. Усё ж псыхолягаў у Беларусі выпускаецца шмат. І гэта ня самыя горшыя адмыслоўцы. Іншая справа, што дзяржава не зацікаўленая ў тым, каб разьвіваць цэнтры псыхалягічнай і псыхіятрычнай дапамогі.

Напрыклад, у школе ў Беларусі замест псыхолягаў ёсьць сацыяльныя пэдагогі. Яны займаюцца, як правіла, “цяжкімі падлеткамі”. А іншымі дзецьмі займацца няма каму. А вядома, што і нармальныя дзеці трапляюць у складаныя сытуацыі. Напрыклад, часта яны ня могуць знайсьці паразуменьне з бацькамі, іншае”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, калі нельга пазбавіцца ад самазабойстваў як зьявы наогул, то грамадзтва, дзяржаўныя інстытуты павінны мінімізаваць яе. Але тыя захады, якія робіць дзяржава ў гэтым кірунку, не адпавядаюць маштабу праблемы. Больш за тое, дзяржава не разглядае яе як праблему, патрабуючую неадкладнага рашэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG