Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады вымушаныя прызнаць зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аглядальнік Радыё Свабода Міхал Залескі і журналіст газэты “Новые Известия” Аляксандар Старыкевіч

(Валер Карбалевіч: ) “Усе дзяржаўныя СМІ вынесьлі на першае месца паведамленьне аб тым, што 19 лютага прэм’ер Генадзь Навіцкі паінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб захадах ураду па абароне насельніцтва ў сувязі з рэзкім павышэньнем цэнаў і тарыфаў на камунальныя паслугі.

Апошні час тэма высокіх коштаў камунальных паслугаў і наагул цяжкі сацыяльна-эканамічны стан краіны стала даволі папулярнай у дзяржаўных СМІ. Прычым тон задаў сам Лукашэнка. Падчас нядаўняй справаздачы ўраду ён прызнаў, што нават у гарадах менш паловы насельніцтва жыве вышэй узроўню пражытковага мінімуму, дзяржава займаецца ў адносінах да насельніцтва “разбоем”, “абдзірае” яго больш, чым трэба, “лезе ў пустую кішэню”, забірае там “апошняе”.

Такім чынам, мы цяпер назіраем беспрэцэдэнтнае публічнае прызнаньне пагаршэньня ўзроўню жыцьця большасьці насельніцтва. Фактычна дэзавуяваныя ўсе высілкі афіцыйнага агітпрапу апошніх гадоў, які даказваў, што ў нас бесьперапынны эканамічны рост, гаспадарчае аздараўленьне, павышаецца ўзровень дабрабыту і іншае.

Прычым на першае месца выйшла праблема росту коштаў камунальных паслугаў. На вашую думку, што стаіць за публічным прызнаньнем уладамі пагаршэньня ўзроўню жыцьця людзей? І чаму менавіта рост коштаў камунальных паслугаў, а не, напрыклад, узровень заробкаў стаў найбольш балючай сацыяльнай праблемай?”

(Міхал Залескі: ) “У 1995 годзе рэальныя прыбыткі насельніцтва складалі 66% ад узроўню 1990 году. І потым была магчымасьць паказываць іх імклівы рост. А зараз узгадайце, колькі каштавала кватэра ў 1990 годзе. Пры тым узроўні грашовых прыбыткаў”.

(Аляксандар Старыкевіч: ) “Прызнаньне — рэч больш бясьпечная, чым падвышэньне тарыфаў. Калі само падвышэньне ня выклікала фактычна ніякай грамадзкай рэакцыі, то ўлады маглі досыць спакойна зьняць пытаньне аб несупадзеньні нейкіх пазыцыяў і не сьцьвярджаць, што ў нас усё надта добра, лепш чым у іншых. Прызнаньне праблемаў з узроўнем жыцьця насельніцтва — гэта імкненьне выпусьціць пару. Таму што калі людзі плацяць за камунальныя паслугі, не пратэстуюць, то навошта іх раздражняць неадэкватнымі заявамі пра аздараўленьне эканомікі”.

(Карбалевіч: ) “Я не пагадзіўся бы з тым, што павышэньне коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі ня выклікала грамадзкага рэзанансу. Так, гэтая сытуацыя ня выклікала публічных пратэстаў. Але шырокае нездавальненьне ў краіне мела месца. Узьніклі канфлікты паміж жыхарамі й жыльлёва-камунальнымі службамі. Шырокі распаўсюд атрымалі неплацяжы за камунальныя паслугі. Ва ўсе ўладныя інстанцыі, уключаючы адміністрацыю прэзыдэнта, пайшлі скаргі. Здаецца, што першым адчуў зьмены ў настроях людзей сам Лукашэнка. І ён на іх хутка зрэагаваў.

Для ўладаў гэта асабліва балюча, бо згаданы рост выбівае краевугольны камень беларускай мадэлі разьвіцьця — яе сацыяльную арыентаванасьць. Нізкія цэны на жыльлё, транспарт, бясплатная мэдычная дапамога былі сымбалем, візытоўкай, прадметам асаблівага гонару беларускіх уладаў. І вось зараз гэты сымбаль пачаў разбурацца.

Але падаецца, што Лукашэнка з гэтага відавочнага мінусу спрабуе зрабіць плюс, сваю паразу хоча ператварыць у перамогу. Зараз разыгрываецца такі сцэнар. Кіраўніка дзяржавы быццам бы падманвалі, ён адзіны чалавек у краіне ня ведаў, якія кошты за камунальныя паслугі. А калі даведаўся, то вельмі абурыўся, абвінаваціў ва ўсім урад, кінуўся на абарону зьняважанага насельніцтва. І вось зараз, калі Лукашэнка ўмяшаўся, усё становіцца на свае месцы, урад робіць захады, каб зьменшыць выдаткі насельніцтва. Як бы вы пракамэнтавалі вось гэты піараўскі сцэнар?”

(Залескі: ) “Улады крыху загуляліся. Некаторы час таму пад ціскам Расеі кіраўніцтва Беларусі зрабіла захады дзеля скасаваньня сыстэмы ўскоснага субсыдаваньня. Гэта такая сыстэма, калі прадпрыемствы аплачвалі значную частку расходаў насельніцтва за газ, цяпло, электрычнасьць, гарачую і халодную ваду. Таму жыхары кватэраў і дамоў плацілі па нізкіх тарыфах. І вось пачалася выконвацца праграма, якая прадугледжвае ліквідацыю да 2005 году сыстэмы ўскоснага субсыдаваньня.

Эканамічны рост апошніх гадоў ішоў за кошт зьніжэньня даходаў хатніх гаспадарак. Дзесяць гадоў таму ў Беларусі й Літве быў прыкладна аднолькавы ўзровень спажываньня хатніх гаспадарак. А зараз літоўцы нас абагналі. Яны страцілі крыху прамысловасьці, але павялічылі жыцьцёвы ўзровень. Беларусь наадварот, захавала сваю магутную прамысловасьць за кошт зьніжэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва. А зараз ужо і гэтай рэзэрвы не засталося. Беларусь апынулася ў пастцы, якую сама сабе паставіла.

А што тычыцца таго, як Лукашэнка выкарыстоўвае гэтую сытуацыю для піару, то ён выкарыстоўвае вядомае правіла: здаюць гарады салдаты, а вызваляюць гарады генэралы. Дык вось зараз, калі горад здадзены, то вінаватыя салдаты. Калі ж горад будзе ўзяты, то пераможцам будзе ён. Гэта банальная піараўская акцыя ў ягоным звычайным стылі”.

(Старыкевіч: ) “Захады Лукашэнкі досыць звыклыя. Яны знаёмыя яшчэ з савецкага часу. Напрыклад, у паваенныя часы спачатку кошты на тавары павышаліся. А потым па загаду Сталіна яны крышачку паніжаліся. І людзям здавалася, што ня ўсё так дрэнна.

Так што нічога новага тут няма. І Лукашэнка ўжо ня раз скарыстоўваў такі прыём. І будзе скарыстоўваць яшчэ не аднойчы. Бо наступнае павышэньне коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, прычым істотнае, я думаю, адбудзецца ўжо ў гэтым годзе. І ўсё паўторыцца. Такія піараўскія акцыі можна разыгрываць колькі заўгодна.

Тут я хацеў бы адзначыць, што лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта — гэта добра. Але як казала калісьці былы прэм’ер Ізраілю Голда Мэер, “рэзалюцыя ААН — ня танк, страляць ня будзе”.

Адсутнасьць грамадзкага пратэсту добра бачная па інфармацыі з рэгіёнаў. Напрыклад, у Салігорску Незалежны прафсаюз зьбіраў подпісы супраць павышэньня коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Людзі досыць ахвотна падпісвалі. Потым арганізатары гэтай акцыі прапанавалі грамадзянам пайсьці да гарвыканкаму. Прычым ім тлумачылі, што перадаваць подпісы мы пойдзем самі, а вы проста пастаіце на плошчы, створыце масавасьць. Але жадаючых пайсьці на плошчу перад гарвыканкамам не знайшлося. Людзі ня хочуць публічна пратэставаць. І ў такіх умовах і кіраўнік дзяржавы, і ўрад могуць рабіць усё што заўгодна”.

(Карбалевіч: ) “Магчыма, сапраўды ўлады не баяцца зьяўленьня публічных масавых пратэстаў. Але як наконт рэйтынгу? І ці дасьць плён той піараўскі сцэнар, які разыгрывае Лукашэнка?”

(Старыкевіч: ) “Я думаю, зараз улады ўжо не хвалюе пытаньне аб тым, ці верыць ім народ. Рэйтынг Лукашэнкі мала ўплывае на трываласьць яго пазыцыяў. Ён умацаваў сваю ўладу за кошт іншых рэчаў. І ўсё залежыць ад актыўнасьці грамадзтва”.

(Карбалевіч: ) “Урад прыняў захады, каб палепшыць становішча насельніцтва. Прынятае рашэньне, што расходы на аплату камунальных паслугаў не павінныя перавышаць 25% даходаў сям’і. У выпадку, калі такія расходы будуць перавышаць гэтую мяжу, дзяржава будзе выплачваць кампэнсацыю. Акрамя таго, з 1 сакавіка павышаецца тарыфная стаўка першага разраду і базавая велічыня.

Трэба адзначыць, што гэтыя захады ўраду не прадугледжаныя дзяржаўным бюджэтам. Дарэчы, у дзяржаўным бюджэце запісана, што ў гэтым годзе насельніцтва павінна аплачваць 50% расходаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Гэта да слова аб тым, ці ведаў Лукашэнка аб павышэньні коштаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Закон аб дзяржаўным бюджэце падпісваў менавіта ён. Ці хопіць у дзяржавы рэсурсаў, каб кампэнсаваць насельніцтву тыя вялікія кошты на жыльлёва-камунальныя паслугі? Дзе ўрад возьме грошы?”

(Залескі: ) “Праблема ня ў тым, каб насельніцтву кампэнсаваць, а ў тым, каб захаваць кіраўніцтву сваё становішча. Зараз сярэдні заробак складае прыкладна 115 даляраў на чалавека. Сярэдняя сям’я зарабляе трохі звыш 200 даляраў на месяц. А сярэдняя беларуская кватэра каштуе каля 40 даляраў. Таму ў сярэднім, калі зыходзіць зь мяжы 25% ад даходу сям’і, датацыі будуць мінімальныя. Гэта па-першае.

Па-другое, будзе павышаная стаўка першага разраду. Гэта яшчэ больш зьмяншае верагоднасьць выплаты датацыяў на жыльлё. Адкуль возьмуць грошы? Можна будзе яшчэ трохі адпусьціць інфляцыю. Такім чынам, хоць нічога асабліва не зьмянілася, але пэўны піараўскі эфэкт атрымаўся”.

(Старыкевіч: ) “Я ўпэўнены, што грошы на кампэнсацыю насельніцтву росту кошту на жыльлёва-камунальныя паслугі возьмуць з самога насельніцтва. Існуе вялікая колькасьць магчымасьцяў гэта зрабіць. Асабліва ў сытуацыі, калі ўсталёўваецца дзяржаўная манаполія літаральна на ўсё. Удала абраны час. Хутка вясна, ацяпленьне адключаць, плаціць патрэбна будзе менш. І створыцца ўражаньне, што сапраўды стала лягчэй”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, улады прызналі, што разрэклямаваная так званая “сацыяльна арыентаваная эканамічная мадэль” дае сур’ёзныя збоі, і ўлады ліхаманкава шукаюць падпоркі, каб прадухіліць яе разбурэньне. Наколькі гэта можна пасьпяхова зрабіць і пры тым захаваць давер насельніцтва да ўлады і пэрсанальна да Лукашэнкі, пакажа час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG