Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прыняў справаздачу ўраду па выніках 2002 году


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прафэсар Уладзімер Кулажанка і наш аглядальнік Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Справаздачы ўраду кіраўніку дзяржавы, якія адбываюцца прыкладна раз у квартал, праходзяць па традыцыйнай схеме. Сур’ёзнага аналізу разьвіцьця эканомікі на такіх паседжаньнях не адбываецца. Звычайна гэта тэатралізаванае палітычнае шоў. На вачах у тэлегледачоў галоўы герой спэктакля Аляксандар Лукашэнка лупцуе сяброў ураду за дрэнную працу, за тое, што ня выканалі яго правільныя ўказаньні, ня здолелі павысіць узровень жыцьця народу.

Вось і зараз беларускі кіраўнік абвясьціў 2003 год “годам абароны насельніцтва ад роднага ўраду”, які чыніць “разбой” у дачыненьні да гэтага самага насельніцтва.

З асноўных макраэканамічных пакзчыкаў на мінулы год выканана толькі палова. Гэты вынік можна ацэньваць па-рознаму. Урад ацаніў сытуацыю ў эканоміцы даволі аптымістычна. Прэм’ер Генадзь Навіцкі, нягледзячы на невыкананьне шэрагу заплянаваных паказчыкаў, убачыў у эканоміцы прызнакі аздараўленьня. Віцэ-прэм’ер Кабякоў адзначыў, што беларуская эканоміка адыходзіць ад праяданьня абаротных фондаў.

Лукашэнка ж наадварот, ацаніў працу ўраду досыць крытычна. На ваш погляд, чыя ацэнка сытуацыі больш рэальная, бліжэйшая да ісьціны?”

(Уладзімер Кулажанка: ) “Рабіць аптымістычныя высновы аб выніках дзейнасьці ўраду і ўсёй эканомікі на падставе тых паказчыкаў, якія абвешчаныя, ніяк нельга. І не магло быць інакш. Ня выкананыя вызначальныя паказчыкі, перш за ўсё заплянаваны рост інвэстыцыяў. У патрэбных памерах не ствараліся новыя працоўныя месцы, не ажыцьцяўляліся інавацыі, не было ажыўленьня ў ніводнай галіне эканомікі.

Канечне, урад працаваў, і прэм’ер Навіцкі круціўся як белка ў коле. Але паколькі ўмовы для дзейнасьці ўраду не былі створаныя, ён не валодае вялікімі паўнамоцтвамі, ня можа прынімаць канчатковых рашэньняў па важных пытаньнях і ажыцьцяўляць іх, то патрабаваць ад ураду вельмі многага няма ніякіх падставаў.

Лукашэнка ацаніў працу ўраду як нездавальняючую. Яму трэба на кагосьці перакласьці віну. Маўляў, я даю правільныя ўказаньні, а яны не выконваюцца. На самой справе, вінаваты, вядома, ня толькі ўрад”.

(Міхал Залескі: ) “Чыя ацэнка эканамічнай сытуацыі больш правільная? Найлепей адказаць на гэтае пытаньне словамі, якія сказаў у свой час таварыш Сталін. Калі ў яго спыталіся, які партыйны ўхіл горшы, правы ці левы, то ён адказаў: “Оба хуже”.

У нашым выпадку няздольнасьць ураду пайсьці насуперак волі кіраўніка дзяржавы прывела да таго, што ўрад, выконваючы яго загады, атрымаў дрэнны вынік. А ён і ня мог атрымаць іншага выніку, таму што яму не дазваляецца рабіць тое, што павінен рабіць любы ўрад у такіх эканамічных умовах. Прафэсар Кулажанка слушна заўважыў, што вельмі мала інвэстыцыяў. Таму не расьце прадукцыйнасьць працы. А зарплата вырасла насуперак эканамічнай лёгіцы. Таму і вынікі такія”.

(Карбалевіч: ) “Галоўны папрок ураду Лукашэнка зрабіў за тое, што хуткімі тэмпамі адбываецца рост кошту камунальных паслугаў, праезду на транспарце, мэдычных паслугаў і іншае. Менавіта гэта ён назваў “разбоем”. Па яго словах, урад забірае ў людзей апошняе зь іх кішэняў, нічога туды не паклаўшы. Таму Лукашэнка загадаў: “Ні кроку наперад”. Ён забараніў рост цэнаў аж да 2005 году. Прычым незразумела, ці то на згаданыя паслугі, ці то агульны рост цэнаў.

Але цікава, што згодна прагнозаў, якія закладзены ў дзяржаўным бюджэце на 2003 год, прынятым Нацыянальным сходам і падпісаным самім Лукашэнкам, прадугледжана інфляцыя 18–24%.

Як бы вы пракамэнтавалі гэты сэжэт з коштамі на камунальныя паслугі?”

(Кулажанка: ) “Павышэньне коштаў на камунальныя паслугі ёсьць элемэнтам пераходу да рынку. У рынкавай эканоміцы ўсё прадаецца і купляецца па тых коштах, якія складваюцца ў гаспадарчых адносінах. І таму такі кірунак дзейнасьці ўраду можна было б і падтрымаць. Але гэтае падвышэньне коштаў адбывалася не як крок па рэфармаваньні нашай эканомікі, а як неабходная мера ліквідацыі дэфіціту бюджэту. Гэта проста мера выратаваньня бюджэту.

Канечне, можна вінаваціць ва ўсім урад. Сапраўды, вельмі цяжка адбілася павышэньне коштаў на камунальныя паслугі на ўзроўні жыцьця насельніцтва. Але прычына тут палягае ў заганнасьці, памылковасьці ўсёй эканамічнай палітыкі. Таму зараз патрэбна шукаць ахвярнага казла. І яго знайшлі ў вобразе ўраду. А заява Лукашэнкі аб забароне павышаць цэны — гэта проста палітычны блеф”.

(Карбалевіч: ) “Ці ўдалося Лукашэнку пераканаць тэлегледачоў у тым, што ён ня ведаў, як растуць кошты на камунальныя паслугі?”

(Залескі: ) “Гэта будзе падставай для чарговых анэкдотаў, што прэзыдэнт ня ведае аб тым, што растуць цэны на паслугі.

Спараўды, пераход да рэальных коштаў на камунальныя паслугі — гэта рынкавая мера. І ў любой краіне яна разглядалася б як правільная. Але яна павінна быць падмацаваная іншымі рэформамі. А проста забіраць у людзей. якія ня могуць зарабіць, зьяўляецца абдзіралаўкай. А спыніць рост гэтых коштаў немагчыма, таму што наша жыльлёва-камунальная сыстэма залежыць ад росту коштаў на энэрганосьбіты.

Урад значна зьменшыў перакрыжаванае субсыдаваньне (то бок аплату камунальных паслугаў прадпрыемствамі), і таму адразу вырасьлі цэны. Каб зьмяніць сытуацыю, трэба вяртацца да ранейшай практыкі і перакладваць гэты цяжар на прадпрыемствы. Вядома, гэта таксама ня выхад”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, у рынкавай эканоміцы за ўсё трэба плаціць, у тым ліку і за камунальныя паслугі. І, як адзначылі мае суразмоўцы, самі па сабе гэта рынкавыя захады, але ўрад павінен стварыць умовы, каб людзі маглі зарабіць. Адначасова з ростам камунальных паслугаў трэба каб адбываліся сыстэмныя рэформы ў эканоміцы. А калі рэформаў няма, а адбываецца толькі рост цэнаў, то да рынкавай сытуацыі тут вельмі далёка.

Плюс да гэтага дзяржаўная манаполія на жыльлёва-камунальную сфэру вядзе да таго, што яна дзейнічае вельмі неэфэктыўна. І зараз плаціць за гэтую неэфэктыўнасьць трэба насельніцтву.

Незадаволены працай ураду, Лукашэнка даў на выпраўленьне тэрмін да канца першага кварталу. Калі па выніках першага кварталу зноў ня будзе выкананы шэраг макраэканамічных паказчыкаў, то, як заявіў кіраўнік дзяржавы, зьвяртаючыся да сяброў ураду, вы ў краіне працы ня знойдзеце. Але звычайна першы квартал у сэнсе макраэканамічных паказчыкаў самы цяжкі. Напрыклад, у студзені рост цэнаў склаў звыш 4%. У сувязі з гэтым, як вы ацэньваеце пэрспэктывы ўраду?”

(Кулажанка: ) “Пэрспэктывы ўраду залежаць ад эканамічных пэрспэктываў. Ці можа ўрад, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Лукашэнкі, выправіць тыя недахопы, што былі дапушчаныя ў мінулым годзе? Я лічу, што гэта немагчыма. Бо гаворка ідзе аб палове макраэканамічных паказчыкаў. Праводзячы папулісцкую палітыку, Лукашэнка ўвесь час будзе вінаваціць ва ўсім урад. Але ніводны ўрад ня зможа нічога зрабіць у межах той палітыкі, якую вызначае кіраўнік дзяржавы. Урад, мусіць, давядзецца адправіць у адстаўку. Але гэта нічога не памяняе”.

(Залескі: ) “Гэта ўжо ня першы ўрад падчас кіраваньня Лукашэнкі. Але перад пасяўной ніхто ўрад мяняць ня будзе. Ён яшчэ сваё атрымае за пасяўную, а потым ўжо пойдзе ў адстаўку. Таму што нехта павінен несьці адказнасьць за ўсе эканамічныя праблемы.

Акрамя таго, сёньняшні ўрад павінен зрабіць некаторыя непапулярныя крокі. Напрыклад, продаж прадпрыемстваў замежным бізнэсоўцам. Гэта можа выклікаць у народу абурэньне. А ахвярным казлом зноў стане ўрад. Таксама на ўрад могуць “павесіць” адказнасьць за нявыплаты заробкаў”.

(Кулажанка: ) “Зноў пачынае расьці запазычанасьць па заробках. Паводле афіцыйных зьвестак, яна перавысіла 20 мільярдаў рублёў”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка аб’явіў 2003 год годам навядзеньня парадку. Узьнікаюць натуральныя пытаньні. Хто стварыў гэты беспарадак? Чым займаўся Лукашэнка ўвесь час свайго кіраваньня, калі праз восем гадоў пасьля прыходу да ўлады ўзьнікла неабходасьць наводзіць парадак? Гэта пры тым, што ідэя парадку была галоўным прапагандысцкім лейтматывам усёй палітыкі Лукашэнкі. Ці ня ёсьць заклік да навядзеньня парадку самапрызнаньнем, самаацэнкай сваёй папярэдняй дзейнасьці? Рытарычныя пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG