Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна чакаць зьменаў у аграрнай палітыцы?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: каардынатар аргамітэту “Зямля і воля” Яўген Лугін і наш аглядальнік Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Сэмінар-нарада па праблемах сельскай гаспадаркі ў Гомелі, які адбыўся 7 лютага, шырока асьвятляўся дзяржаўнымі СМІ. Звычайна да праблемаў аграрнага сэктару кіраўніцтва дзяржавы зьвяртаецца два разы на год: падчас пасяўной і ўборачнай кампаніяў. На гэты раз пасярод зімы разглядалася рэалізацыя праграмы ўдасканаленьня аграрна-прамысловага комплексу.

Беларусь амаль адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе калгасы і саўгасы засталіся існаваць у нязьменнай форме. І узровень субсыдыяў аграрнаму сэктару тут, мабыць, самы вялікі, прыкладна 9% расходнай часткі бюджэту. У разьвітых краінах гэтая лічба не перавышае 3–4%. Толькі апошнія месяцы ўрад прыняў шэраг рашэньняў аб сьпісаньні запазыкаў. Праўда, на нашым эканамічным навамоўі гэта называецца “рэструктурызацыя запазычанасьцяў”.

На нарадзе стан справаў у АПК падаваўся даволі аптымістычна. Лукашэнка падкрэсьліваў, што ўсё нармальна, аграрная палітыка правільная, ніякіх правалаў тут няма. Гучалі лічбы, якія сьведчылі, што ў мінулым годзе адбыўся рост большасьці паказчыкаў. А які, на вашую думку, сапраўдны стан справаў у аграрным сэктары?”

(Яўген Лугін: ) “Сытуацыя ў сельскай гаспадарцы пагаршаецца і будзе пагаршацца. Справа ў тым, што калгасна-саўгасная сыстэма нежыцьцяздольная, і ў ніводнай краіне сьвету яна не праявіла сябе эфэктыўна. Вось адсюль і ўсе нашыя беды. Гэтую сыстэму трэба было даўно рэфармаваць. Але ў першыя гады ўлады Лукашэнкі слова “рэформы” наогул не ўжывалі. Цяпер, калі і ўжываюць, то для назвы нейкага касмэтычнага рамонту.

Важна зазначыць, што на 16% зямлі, якой валодае прыватна-сямейны сэктар, вырабляецца больш за 50% сельскагаспадарчай прадукцыі. А што ж тады робяць калгасы і саўгасы на астатніх 84%?”

(Залескі: ) “Статыстыка сьведчыць, што пачынаючы з 1994–95 гадоў у Беларусі пачаўся працэс дэіндустрыялізацыі сельскай гаспадаркі. Колькасьць трактароў памяншаецца, коней павялічваецца. Тую вялікую колькасьць бульбы, якую краіна атрымлівае згодна статыстыцы, садзяць і выкопваюць пад рыдлёўку. А на двары ХХІ стагодзьдзе. Скарачаюцца ўсе паказчыкі, якія сьведчаць аб узроўні індустрыялізаванасьці сельскай гаспадаркі: колькасьць трактароў, мінэральных угнаеньняў, шчыльнасьць жывёлы на 100 гектараў сельскагаспадарчых палеткаў. Ня кажучы ўжо пра ўрадлівасьць і прадукцыйнасьць. Усё гэта зьніжаецца вельмі пасьлядоўна і, здаецца, ужо незваротна”.

(Карбалевіч: ) “Уражаньне ад нарады даволі супярэчлівае. З аднаго боку, Лукашэнка казаў, што далей дзяржава ня можа быць нянькаю калгасам, ня можа нясьці іх на сваіх плячах. Расея ўступае ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, таму мы ня можам заставацца нейкім востравам, трэба ісьці ў рынак, існаваць у сытуацыі рэальнай канкурэнцыі з замежнымі вытворцамі сельгаспрадукцыі. То бок, адчуваньне, што трэба нешта зьмяняць, існуе.

А з другога боку, ніякіх рэформаў не было прапанавана. Нават самаго слова “рэформы” імкнуцца пазьбягаць, кажуць аб удасканаленьні, пераўтварэньнях. Але, як можна было зразумець з выказваньняў Лукашэнкі, усе зьмены зводзяцца да скарачэньня апарату кіраваньня АПК, умацаваньня кадраў, увядзеньня адносна свабодных закупачных цэнаў. Рэфармаваць кіраўнік дзяржавы дазволіў чвэрць найбольш збанкрутаваных гаспадарак. Але і тут збольшага ўсё зводзіцца да нейкіх арганізацыйных перабудоваў, напрыклад, далучэньне слабых калгасаў да моцных ці да прамысловых прадпрыемстваў. Рэформай назваць гэта цяжка”.

(Лугін: ) “Улады хочуць знайсьці нейкі аптымальны варыянт, калі б яны трымалі лейцы і пугу над калгасамі й разам з тым іх адпусьціць на нейкі вольны хлеб. Тут праяўляецца старая савецкая тэндэнцыя, калі эканоміку вызначала палітыка. А ва ўсім сьвеце робіцца наадварот.

Лукашэнка яшчэ ў сакавіку 1998 году на нарадзе ў Горадні заявіў, што калгасы і саўгасы — гэта ня толькі суб’екты гаспадараньня, а і органы ўлады на вёсцы. І калі мы разбурым калгасы і саўгасы, то ня зможам эфэктыўна праводзіць сваю палітыку ў сельскай мясцовасьці. Вось чаму яны баяцца праводзіць рэформы. Таму што яны баяцца страціць сваю ўладу на вёсцы.

Трэба, каб улады аб’явілі, што гэтая сыстэма нежыцьцяздольная, пабудавалі калгасна-саўгаснай сыстэме помнік і на ім напісалі: “Тут пахаваны самы крывавы па мэтадах, самы працяглы па часе і самы бязглузды па сэнсе экспэрымэнт у гісторыі чалавецтва”.

(Залескі: ) “За час існаваньня ЦК КПСС было выдадзена 53 пастановы ЦК аб пашырэньні гаспадарчай самастойнасьці калгасаў і саўгасаў. То гэтую нараду ў Гомелі можна назваць 54-й пастановай. Таму што калі гаспадар пасаджаны на ланцуг, то пашырэньне самастойнасьці азначае падаўжэньне ланцугу. Вось і падоўжылі крыху ланцуг. А тых, каторыя гатовы выпруціцца, можна і адвязаць. Далёка не адпаўзуць.

Усім відаць, што адбываецца ў выніку гэтага гаспадараньня. Паглынаюцца незьлічоныя бюджэтныя, фактычна народныя сродкі, а вынікаў няма”.

(Карбалевіч: ) “Якія пэрспэктывы мае цяперашняя аграрная палітыка? Ці ёсьць у дзяржавы рэсурсы яе працягваць? Якіх наступстваў можна чакаць?”

(Лугін: ) “Справа ў тым, што на захаваньне калгаснай сыстэмы працуюць 1,5 мільёна прысядзібных гаспадарак калгасьнікаў і пэнсіянэраў. Прадукцыю гэтых гаспадарак забіраюць амаль за бясцэнак. Дзяржава купляе ў калгасьніка малако за 180 рублёў, а гараджаніну прадае за 480 рублёў. Гэта зусім нядрэнны бізнэс!

Калі селянін узяў участак зямлі памерам да аднаго гектара, ён пасадзіў сам сябе на ланцуг, які прывязвае яго да калгасу. Таму што без калгаса ён яго апрацаваць ня можа”.

(Залескі: ) “Спадар Лугін трапна сказаў, што рэсурсы калгаснай сыстэмы ў людзях. Мы павінны ўлічваць, што ў нас у пасадцы і копцы бульбы ўдзельнічае да сямі мільёнаў чалавек. На гэтым рэсурсе і трымаемся. Трымаемся на тым, што 55% ежы, якую мы спажываем, выпрацоўваецца ў прыватных гаспадарках.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на яшчэ адзін важны чыньнік. Пры дэіндустрыялізацыі сельскай гаспадаркі яе ўстоўлівасьць да неспрыяльных прыродных умоваў робіцца ўсё меншай і меншай”.

(Лугін: ) “Паколькі ў нас сельская гаспадарка затратная, то яе сабекошт вельмі высокі. Таму яна неканкурэнтаздольная на рынку. Некалькі гадоў таму беларускія ўлады ставілі АМОН на мяжы са Смаленшчынай, каб нашы грамадзяне не вывозілі сваю прадукцыю ў Расею. Сёньня наадварот, наш рынак завалены расейскімі прадуктамі”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, склалася так, што прысядзібныя гаспадаркі сталі тым клапанам, празь які выходзяць лішкі пару, і з дапамогай якога выжывае калгасна-саўгасная сыстэма.

У выступу Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе быў цікавы момант. Ён сказаў, шт з 15% гаспадарак я дазваляю рабіць што заўгодна. Можаце нават перадаваць іх так званым “новым памешчыкам”.

Выраз даволі дзіўны. Таму што слова “памешчык” азначае нешта зусім іншае. Сучаснага фэрмэра называць памешчыкам ніяк ня выпадае. Таму гэта можна зразумець як спробу навесіць на фэрмэраў ярлык, які ў сьвядомасьці грамадзтва мае нэгатыўнае адценьне. Што гэта азначае? Страх перад новымі эканамічнымі дачыненьнямі ці нешта іншае?”

(Лугін: ) “Сапраўды, улады баяцца разьвіцьця фэрмэрскага руху. Таму што наперадзе выбары, магчыма, рэфэрэндум. Таму ўлады імкнуцца прынізіць ролю фэрмэра ў разьвіцьці сельскай гаспадаркі. І ня толькі ў прапагандзе, але і ў эканамічным сэнсе. Па законе фэрмэр атрымаў зямлю ва ўладаньне з правам спадчыннасьці, але не ў прыватную ўласнасьць. Ён ня можа яе закласьці ў банк і іншае. І кожны фэрмэр думае, што сёньня гэтая зямля ў мяне, а заўтра яе могуць забраць”.

(Залескі: ) “Улады ня ведаюць, як выйсьці з калгаснай пасткі. Як кажуць, калгасы добра жылі, кепска памёрлі, а пахаваць няма за што.

Другое пытаньне — расповед пра новых памешчыкаў. Магчыма, улады плянуюць выкарыстаць мадэль, якая была ажыцьцёўленая ў Кітаі. Там былі акцыянаваныя дзяржаўныя прадпрыемствы, і іх кіраўнікі атрымлівалі 15–20% акцыяў. Гэта вельмі ўдалая форма завалодваньня намэнклятураю дзяржаўнаю ўласнасьцю”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Лукашэнка чарговы раз паставіў невырашальную задачу: павысіць эфэктыўнасьць сельскай гаспадаркі не зьмяняючы сутнасьці вытворчых адносінаў, не зьмяняючы формы ўласнасьці. У межах калгасна-саўгаснай сыстэмы гэтая задача ў прынцыпе ня мае рашэньня”.
XS
SM
MD
LG