Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту ў Менск дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў і дырэктар Цэнтру па праблемах эўрапейскай інтэграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Юры Шаўцоў

(Валер Карбалевіч: ) “Візыт дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ закончыўся безь нечаканасьцяў. На падставе сустрэчаў з прадстаўнікамі ўлады і апазыцыі ніякіх новых высноваў эўрапейскія дэпутаты не зрабілі. У заключным прэс-рэлізе яны ацанілі сёньняшні стан стасункаў паміж Беларусью і эўрапейскімі інстытутамі як тупік.

Асабліва засмуціла сяброў дэлегацыі тое, што беларускія ўлады не выконваюць чатыры вядомыя ўмовы дэмакратызацыі ў краіне. Падчас папярэдніх візытаў дэлегацыі эўрапейскіх арганізацыяў старанна вышуквалі нейкія станоўчыя зьявы, заўсёды падкрэсьлівалі, што, з аднаго боку, назіраецца пэўны прагрэс, а з другога — пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека.

Зараз жа нічога станоўчага ў Беларусі эўрапейскія парлямэнтары не знайшлі. Яны выказалі заклапочанасьць станам справаў зь незалежнымі СМІ, прафсаюзамі, расьсьледаваньнем справаў зьніклых палітыкаў. Асаблівую ўвагу зьвярнулі на недэмакратычныя ўмовы правядзеньня мясцовых выбараў. Здаецца, што менавіта гэтае пытаньне будзе найбольш важным у далейшых дачыненьнях паміж АБСЭ і Беларусьсю.

А на ваш погляд, наколькі важным зьяўляецца такі чыньнік як стан дэмакратыі ў краіне для размарожваньня дачыненьняў паміж Эўропай і Беларусьсю? Ці можа гэта проста рыторыка, а больш важнымі зьяўляюцца іншыя чыньнікі, іншыя пытаньні, з-за якіх ідзе гандаль на перамовах? Тым больш, што ў іншых краінах СНД, якія зьяўляюцца сябрамі АБСЭ, існуе шмат праблем з дэмакратыяй і правамі чалавека”.

(Андрэй Саньнікаў: ) “Я лічу, што гэта галоўныя чыньнікі, галоўныя прынцыпы, на якіх пабудаваная АБСЭ. Іншая справа, як да гэтых прынцыпаў ставяцца ў кіраўнічых органах АБСЭ, Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Агульнымі намаганьнямі дэмакратычнай грамадзкасьці ўдалося зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Больш таго, ёсьць дакумэнты, рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, рабочай групы па Беларусі, у якіх адлюстраваная пазыцыя гэтай арганізацыі. І таму нават зараз, калі існуюць нейкія іншыя інтарэсы, цяжка будзе іх абвесьціць больш важнымі, чым праблемы дэмакратыі ў Беларусі”.

(Юры Шаўцоў: ) “Я згодны са спадаром Саньнікавым, але хачу прывесьці трохі іншыя аргумэнты. Мне падаецца, што Захад прапануе індывідуальны падыход да розных краінаў СНД. Напрыклад, ад Кыргызстану патрабуецца, каб ён быў устойлівы да ісьлямскага фундамэнталізму. Беларусь жа ня мае нейкіх надта вялікіх геапалітычных праблемаў у стасунках з Захадам. Таму Захад патрабуе ад Беларусі, каб яна адпавядала той сыстэме каштоўнасьцяў, якая існуе ў заходніх краінах.

Таму я лічу, што тыя патрабаваньні, якія выстаўляе да Беларусі АБСЭ ці іншыя структуры, ня ёсьць нейкім прыкрыцьцём іншай палітыкі. Іх патрабаваньні ёсьць тым, чаго сапраўды Захад чакае ад Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Адзіным станоўчым крокам у дачыненьнях паміж Менскам і АБСЭ было названае вырашэньне пытаньня аб адкрыцьці ў Менску офісу АБСЭ. Беларускія ўлады таксама расцанілі гэтае рашэньне як дыпляматычны прарыў і спадзяюцца, што ўсьлед за ім адбудзецца прызнаньне Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і адмена рашэньня аб забароне ўезду высокім кіраўнікам Беларусі ў краіны Эўразьвязу і ЗША.

Але сябры дэлегацыі на прэс-канфэрэнцыі падкрэсьлілі, што ня трэба чакаць нейкага аўтаматызму ў гэтым пытаньні. Трэба пачакаць, пакуль пачне працаваць новая місія АБСЭ, ці ня ўзьнікне нейкіх праблемаў у яе дзейнасьці. Здаецца, самі беларускія ўлады пашкодзілі сабе тым, што яшчэ да пачатку працы місіі стала здабыткам галоснасьці іхная інтэрпрэтацыя мандату офісу АБСЭ. Яна разыходзіцца з разуменьнем гэтага мандату другім бокам, аб чым заявіла кіраўнік дэлегацыі Ута Цапф. Як на ваш погляд паўплывае пачатак працы офісу АБСЭ ў Менску на разьвіцьцё стасункаў паміж Беларусью і АБСЭ?”

(Саньнікаў: ) “Пункт гледжаньня сяброў рабочай групы наконт мандату офісу АБСЭ вельмі важны. Беларускія ўлады націскалі вельмі моцна на тое, каб адзінай мэтай прыезду гэтай дэлегацыі было прызнаньне Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Зараз АБСЭ зразумела, што беларускія улады не зьбіраюцца рабіць нейкіх крокаў насустрач Эўропе ў адказ на тыя саступкі, якія зрабіла АБСЭ ў пытаньні мандату місіі ў Менску. І гэта станоўчы факт.

АБСЭ зразумела, што трэба неяк умацаваць мандат офісу АБСЭ. Таму і рабочая група Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ робіць крокі ў гэтым кірунку. Я лічу, што і Сталая рада АБСЭ павінна больш увагі надаваць “беларускаму пытаньню”. Таму што калі АБСЭ прызнае, што сытуацыя ў Беларусі не паляпшаецца, то слабы офіс у Менску ня здольны будзе яе вырашыць”.

(Шаўцоў: ) “Думаю, што праца офісу АБСЭ ня будзе мець надта вялікага значэньня. Бо зараз сусьветнай супольнасьці й Эўропе не да Беларусі. На працягу двух-трох найбліжэйшых месяцаў увага сьвету будзе прыцягнутая да Іраку і Блізкага Ўсходу. Затым, напэўна, зьявіцца карэйскі крызыс. Потым — расейскія думскія выбары.

Таму дзейнасьць офісу АБСЭ будзе мець пэўнае значэньне, але існуюць іншыя, ня менш важныя чыньнікі, якія ня менш будуць уплываць на дачыненьні паміж Беларусьсю і АБСЭ”.

(Карбалевіч: ) “Ствараецца ўражаньне, што выканаўчая ўлада Беларусі ня надта зацікаўленая ў прызнаньні Нацыянальнага сходу ПА АБСЭ. На мой погляд, калі б гэтае пытаньне для беларускага кіраўніцтва было вельмі важным, то яны паводзілі б сябе інакш. Да прыезду дэлегацыі маглі б падрыхтаваць нейкі падарунак. Напрыклад, скараціць тэрмін пакараньня прафэсару Бандажэўскаму альбо камусьці з асуджаных журналістаў. Альбо падрыхтаваць нейкі законапраект, напрыклад, аб упаўнаважаным па правах чалавека.

Дэлегацыю магла б прыняць старшыня Цэнтарвыбаркаму Ярмошына і запэўніць у тым, што ўсе астатнія этапы мясцовых выбараў будуць адбывацца звышдэмакратычна. Урэшце эўрапейскіх дэпутатаў мог бы прыняць і сам Лукашэнка. Ён часам сустракаецца з дэлегацыямі больш нізкага ўзроўню. Тым ня менш, нічога гэтага зроблена не было? У вас не стварылася такога ўражаньня, што пытаньне прызнаньня Нацыянальнага сходу зьяўляецца другасным для кіраўніцтва Беларусі?”

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што гэтае пытаньне вельмі важнае для кіраўніцтва Беларусі. Аб гэтым сьведчыць усё, што робіць МЗС Беларусі, некаторыя афіцыйныя асобы. Але ж характар улады ўжо нельга зьмяніць. Дэлегацыя ўбачыла, што пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека, тры журналісты асуджаныя на пазбаўленьне волі, прафсаюзы апынуліся пад кантролем уладаў, зачыняюцца незалежныя газэты і гэтак далей. І ўсе спробы Захаду дамовіцца з кіраўніцтвам Беларусі ні да чаго не прыводзяць”.

(Карбалевіч: ) “Як вы ацэньваеце пэрспэктывы прызнаньня Нацыянальнага сходу на лютаўскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ?”

(Саньнікаў: ) “Калі нечакана быў прыняты новы мандат місіі АБСЭ ў Беларусі, я лічыў, што гаворка ідзе аб прызнаньні Эўропай беларускага рэжыму. Тым больш, што Менск настойваў на тым, каб у адказ на згоду Беларусі адкрыць тут офіс АБСЭ, будзе прызнаны Нацыянальны сход.

Зараз я бачу, што ў АБСЭ адбываюцца складаныя працэсы. У прыхільнікаў прызнаньня беларускага рэжыму не хапае аргумэнтаў, хаця такіх прыхільнікаў даволі шмат. Мы павінны ўлічваць, што ў АБСЭ ўваходзіць Расея і іншыя краіны СНД, якія могуць дапамагчы Менску. І ў гэтым кірунку беларуская дыпляматыя працуе.

Але зараз у пастцы апынуліся перш за ўсё беларускія ўлады. Таму што яны дамагаюцца прызнаньня бязь зьменаў сваёй палітыкі. У пэўнай пастцы апынуліся і эўрапейскія інстытуты, якія ніяк ня могуць вырашыць “беларускае пытаньне”.

(Шаўцоў: ) “На момант падпісаньня дамовы аб новым мандаце місіі АБСЭ ў Беларусі здавалася зусім рэальным прызнаньне Нацыянальнага сходу. Зараз прайшоў час і высьвятляецца, што Эўропа, згадзіўшыся на пэўныя саступкі, на сам рэч не адступала ад сваёй пазыцыі. Гэта былі нейкія тактычныя саступкі. Эўропа стала зараз мацнейшая. І тыя патрабаваньні, якія вылучае Эўропа да Беларусі, датычаць эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Таму гэта патрабаваньні ўсур’ёз. Гэта каштоўнасны канфлікт.

Мне падаецца, што ў сёньняшняй сытуацыі малаверагодна, што АБСЭ прызнае Нацыянальны сход”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сытуацыя тупіку ў стасунках паміж Беларусьсю і АБСЭ захоўваецца. Нейкім індыкатарам далейшага разьвіцьця дачыненьняў будзе зьяўляцца праца офісу АБСЭ ў Менску і вынікі лютаўскай сэсіі ПА АБСЭ”.
XS
SM
MD
LG