Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкі дэкрэт №4 пагаршае эканамічныя ўмовы прыватных прадпрымальнікаў


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: журналістка Інтэрнэт-газэты “Белоруские новости” Юлія Шарова і наш аглядальнік Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Прэзыдэнцкі дэкрэт №4 “Аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізычных асобаў і аб некаторых мерах па рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці” яшчэ да свайго прыняцьця выклікаў моцнае незадавальненьне ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Але нягледзячы на пратэсты, ён усё ж быў падпісаны Лукашэнкам 27 студзеня.

Галоўны сэнс гэтага дакумэнта — рэвізія дэкрэту №12, прынятага напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Той дэкрэт 2001 году рабіў шэраг крокаў насустрач патрабаваньням прыватных прадпрымальнікаў, абвяшчаў лібэралізацыю і паспрыяў таму, што частка бізнэсоўцаў галасавала на выбарах за дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Але выбары закончыліся, і ўлады пачалі патроху забіраць тое, што далі напярэдадні выбараў. Рабілася гэта не адразу, а крок за крокам. Былі пастановы ўраду, мясцовых органаў улады. Час ад часу, сустрэўшы моцны супраціў прадпрымальнікаў, улады адступалі, рабілі невялікія паслабленьні. Але генэральнай лініяй дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да прадпрымальнікаў застаецца імкненьне выціснуць зь іх як мага больш грошай. Новы прэзыдэнцкі дэкрэт толькі пацьвярджае гэтую выснову.

Адным з галоўных палажэньняў згаданага дэкрэту зьяўляецца абмежаваньне магчымасьцяў для прыватных прадпрымальнікаў прымаць на працу працаўнікоў. Згодна дэкрэту, іх колькасьць не павінна быць больш, чым тры чалавекі. Калі прадпрымальнік пажадае мець больш працаўнікоў, то ён павінен памяняць юрыдычны статус, перарэгістравацца ў камэрцыйную арганізацыю. Як бы вы пракамэнтавалі гэтае палажэньне?”

(Юлія Шарова: ) “Я мяркую, што гэты дэкрэт №4 можна лічыць адным з самых адыёзных прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, якія тычацца прадпрымальніцтва. Ён звужае для дробных прадпрымальнікаў пералік сфэраў дзейнасьці. Фактычна іх абмяжоўваюць гандлем на рынку. Калі ж індывідуальны прадпрымальнік захоча адчыніць прадпрыемства, то яму трэба зьмяніць арганізацыйна-прававую форму. А да гэтага ён часта не гатовы ні маральна, ні матерыяльна.

Растлумачу гэтую тэзу на прыкладзе. Што такое тры наёмныя працаўнікі? Напрыклад, у цырульні гэта дырэктар прадпрыемства, бугальтар і хіба толькі адзін майстар. Яны ня могуць наняць ні прыбіральшчыцу, ні яшчэ аднаго майстра. Нават калі яны будуць наймаць на нейкія разавыя працы людзей, напрыклад, пафарбаваць сьцены ці адрамантаваць абсталяваньне, то яны таксама будуць лічыцца наёмнымі працаўнікамі. І супраць гаспадара цырульні будуць ужываць санкцыі за перавышэньне дазволенай колькасьці наёмных працаўнікоў (тры чалавекі).

Але нават тыя прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках, не застрахаваныя ад непрыемнасьцяў у зьвязку з прыняцьцем гэтага дэкрэту. Рэч у тым, што многія з гэтых прадпрымальнікаў самі непасрэдна не займаюцца гандлем, а наймаюць рэалізатараў. На іх працуе часам 3–4 чалавекі. І калі колькасьць рэалізатараў перавышае тры чалавекі, яны мусяць зьвальняць частку працаўнікоў. То бок гэта паспрыяе павелічэньню колькасьці беспрацоўных.

Такім чынам, на практыцы атрымліваецца, што ў Беларусі паняткі “індывідуальны прадпрымальнік” і “дробны гандляр” робяцца фактычна сынонімамі”.

(Міхась Залескі: ) “Перш за ўсё дэкрэт тармазіць разьвіцьцё сацыяльнай мабільнасьці ў дзяржаве. І першым пачаткам стагнацыі зьяўляецца запаволенасьць сацыяльнай мабільнасьці. Гэта такая сытуацыя, калі ўзьнікаюць цяжкасьці для пераходу чалавека з адной клясы ў другую, калі ўзьнікае каставасьць. І гэты дэкрэт будуе муры, якія запавольваюць сацыяльную мабільнасьць, робяць грамадзтва акасьцянелым.

Другі момант, на які варта зьвярнуць увагу. Ёсьць краіны, дзе чалавеку за стварэньне новых працоўных месцаў датэрмінова даюць грамадзянства. А ў нас забараняецца стварэньне новых працоўных месцаў, ствараюцца штучныя перашкоды для наймальнікаў. Незразумела, адкуль узялася верхняя мяжа на тры наёмных працаўніка. А чаму ня два ці чатыры? Не растлумачаны крытэр, на падставе якога прынятая гэтая мяжа”.

(Карбалевіч: ) “Дэкрэт №4 пашырае базу для падаткаабкладаньня. Што гэта азначае на практыцы?”

(Шарова: ) “Я б хацела канкрэтызаваць, за кошт чаго пашыраная база падаткаабкладаньня. Пашыраная яна за кошт таго, што ў лік платнікаў адзінага падатку ўцягваюцца прадпрымальнікі, якія гандлююць ураздроб праз крамы плошчай гандлёвых заляў да 15 квадратных мэтраў, у павільёнах гандлёвых заляў, аптэчных пунктаў і шапікаў, а таксама прадпрымальнікі, якія рэалізуюць тавары па ўзорах.

Яшчэ адзін цікавы момант. Усталяваныя павышальныя каэфіцыенты да ставак адзінага падатку ў залежнасьці ад агульнай плошчы пункту продажу.

Тут я заўважу, што такім чынам беларускія падаткавікі схітравалі. Цягам некалькіх апошніх месяцаў былі пагрозы павысіць стаўкі адзінага падатку. І гэтыя пагрозы, пляны ўраду сустракалі моцнае пярэчаньне з боку прадпрымальнікаў. Падчас акцыяў пратэсту прадпрымальнікі вылучалі лёзунгі, якія патрабавалі не павышаць стаўкі адзінага падатку. Таму ўлады пайшлі на хітры захад. Яны зрабілі гэтае павышэньне не непасрэдна, а ўскосна. Дэкрэт усталёўвае павышаныя каэфіцыенты да ставак адзінага падатку ў залежнасьці ад агульнай плошчы пункту продажу. У выніку падаткі ўзрастуць”.

(Залескі: ) “Ёсьць два падыходы. Можна маленькі піражок рэзаць, а можна зрабіць, каб пірог стаў вялікі, і таму кожны атрымае вялікі кавалак. Дзяржава не атрымлівае многа грошай у бюджэт ад падаткаў, таму што малая вытворчасьць. Дык замест таго, каб павышаць, пашыраць вытворчасьць, улады пачынаюць зьбіраць больш грошай з тых, якія працуюць. Гэта няправільны падыход.

Акрамя таго, пастаянныя ўскладненьні сыстэмы падаткаабкладаньня заблытваюць падаткаплатнікаў, робяць сыстэму незразумелай, памнажаюць парушэньні, прымушаюць людзей ухіляцца ад уплаты падаткаў, ствараюць карумпаванасьць, якая ніколі не была шляхам да посьпеху ў эканоміцы”.

(Карбалевіч: ) “Якая прычына прыняцьця гэтага дэкрэту? Якія мэты ён ставіць? Відавочна, што гэты дакумэнт, так бы мовіць, канфліктагенны. Ён выклікае незадавальненьне сярод прыватных прадпрымальнікаў. Тым ня менш, улады пайшлі на яго прыняцьце. Чаму?”

(Шарова: ) “Гэта можна патлумачыць тым, што апошні час у краіне павялічылася колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў і паменшылася колькасьць юрыдычных асобаў. Гэтая тэндэнцыя асабліва яскрава выявілася ў другой палове 2001 году пасьля прыняцьця дэкрэту №12.

Гэты дэкрэт быў падпісаны ў сырым выглядзе ў год прэзыдэнцкіх выбараў напярэдадні так званага “Ўсебеларускага народнага сходу”. На дзень гэтага сходу таксама прызначаўся ўсебеларускі страйк прадпрымальнікаў. І Лукашэнка падпісаў гэты дэкрэт, каб утаймаваць прыватных гандляроў.

Канечне, гэты дэкрэт стаў своеасаблівым лазам для ўладальнікаў невялікіх фірмаў, якія пачалі перарэгістроўвацца ў індывідуальныя прадпрымальнікі. Дайшлі да таго, што пад шыльдаю індывідуальных прадпрымальнікаў сталі хавацца прадпрыемствы, якія па колькасьці супрацоўнікаў нават цяжка назваць малымі.

Зразумела, што фіскальным органам гэта не падабаецца. І яны вырашылі вярнуць усё “на кругі свая”. Але проста аб’явіць, што трэба памяняць гэты дэкрэт таму, што мы зьбіраем менш падаткаў, яны не маглі. Таму з пачатку мінулага году пачала рабіцца ідэалягічная падрыхтоўка да зьмены дэкрэту №12.

Празь дзяржаўныя СМІ сталі казаць, што павелічэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў і памяншэньне колькасьці юрыдычных асобаў вельмі дрэнна адбіваецца на эканоміцы краіны. Таму трэба неяк мяняць сытуацыю. Але мяняць сытуацыю вырашылі не канструктыўнымі, а гвалтоўнымі мэтадамі. Замест таго, каб стварыць больш зручныя ўмовы для працы малых і сярэдніх прадпрыемстваў, улады вырашылі папросту перакрыць кісларод індывідуальным прадпрымальнікам і сагнаць іх у малыя прадпрыемствы. Я ня думаю, што гэта будзе мець станоўчыя вынікі”.

(Залескі: ) “Галоўная мэта ўладаў — займець грошы ў бюджэце. Але гэтая мэта робіцца ўсё менш дасягальнаю, і ўсё меншымі робяцца высілкі ўраду. Чаму? Ёсьць такое паняцьце “супраціў матэрыялу”, “супраціў асяродзьдзя”. І чым большае цела рухаецца Ў гэтым асяродзьдзі, тым цяжэй яму рухацца. Спачатку стала цяжка рухацца вялікім заводам, потым меншым прадпрыемствам. Менавіта дзяржаўныя прадпрыемствы маюць галоўныя запазычанасьці па падатках. У той жа час людзі, якія займаюцца дробным бізнэсам, лягчэй паддаюцца ўціску. Зь іх спрабуюць выціскаць яшчэ большыя грошы. Але, мабыць, гэта ўжо апошняя рэзэрва”.

(Карбалевіч: ) “Выбіраючы паміж неабходнасьцю напоўніць бюджэт і магчымымі канфліктамі з прадпрымальнікамі, улады выбралі першае. Усё ж такі галоўны электарат цяперашняга палітычнага рэжыму — не прадпрымальнікі, а бюджэтнікі. Якія наступствы можа мець рэалізацыя згаданага дэкрэту, наступствы эканамічныя, сацыяльныя, магчыма, палітычныя?”

(Шарова: ) “Гэтыя захады ўладаў выклікаюць масавыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Але апошнія гады паказалі, наколькі акцыі пратэсту маюць плён. Пад уплывам гэтых акцыяў нешта мяняецца, але мяняецца няшмат, а потым звычайна ўсё вяртаецца на свае месцы.

Я лічу, што першым неспрыяльным эканамічным наступствам будзе павелічэньне беспрацоўя. У Беларусі зарэгістравана каля 200 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Шмат хто зь іх мае наёмных працаўнікоў. Некаторыя маюць нават 15–30 працаўнікоў. Ім трэба зараз альбо перарэгістроўвацца ў камэрцыйную арганізацыю альбо звальняць лішніх людзей.

Калі гэта невялікая фірма, дзе працуе пяць чалавек, то яе ўладальнік хутчэй за ўсё будзе пазбаўляцца ад двух чалавек. Бо яму нявыгадна дзеля захаваньня двух працоўных месцаў атрымліваць іншае пасьведчаньне і рабіцца юрыдычнай асобай. Калі 100–200 тысяч чалавек у выніку гэтага дэкрэту апынуцца бяз працы, ня думаю, што дзяржава зможа прапанаваць ім іншую альтэрнатыву.

Другім наступствам будзе павелічэньне долі шэрай эканомікі. Паводле зьвестак Беларускага саюзу прадпрымальнікаў, суадносіны паміж афіцыйнай і шэрай эканомікамі складаюць 50% на 50%”.

(Залескі: ) “Гэта адаб’ецца на росьце кошту спажывецкіх тавараў і зьніжэньні ўзроўню жыцьця спажыўца. Гандляры, якія прадаюць спажывецкія тавары, апынуцца ў горшых умовах. І свае страты яны будуць кампэнсаваць за кошт нас, за кошт нашай кішэні, за кошт росту цэнаў”.

(Карбалевіч: ) ”Такім чынам, абвешчаная падчас прэзыдэнцкіх выбараў эканамічная лібэралізацыя закончылася, хоць так і не пасьпела пачацца. Працягваецца згубная практыка бясконцых зьменаў эканамічнага заканадаўства. Здаецца, пэрманэнтная барацьба паміж прадпрымальнікамі і ўладамі працягваецца. Прычым, пераможцаў у ёй ня будзе. А прайграе ўсё грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG