Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў дэпутаты вылучаныя: вынікі й высновы чарговага этапу выбарчай кампаніі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Анатоль Ляўковіч і рэдактар часопісу “Адкрытае грамадзтва” Міхась Пліска

(Валер Карбалевіч: ) “Завершыўся яшчэ адзін этап выбарчай кампаніі. Сфармаваныя ўчастковыя камісіі. Усе прэтэндэнты на дэпутацкі мандат вызначыліся і падалі неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю. Адны зьбіралі подпісы, другія вылучаліся працоўнымі калектывамі, трэція — партыйнымі структурамі. З 21 студзеня на працягу дзесяці дзён будзе праходзіць рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты.

Паводле зьвестак Цэнтарвыбаркаму, у Менску канкурэнцыя будзе складаць каля шасьці кандыдатаў на адно дэпутацкае месца, у абласныя саветы і гарсаветы гарадоў абласнога падпарадкаваньня — 2, у раённыя — 1,2 чалавека на месца. Розныя сацыялягічныя службы даюць лічбы ад 64% да 74% насельніцтва, гатовых прыняць удзел у выбарах. Што даволі нечакана, калі глядзець на невялікую рэальную палітычную вагу мясцовых саветаў.

Ці згодныя вы з высновай, што гэтыя мясцовыя выбары выклікаюць адносна вялікую цікавасьць грамадзтва? І калі так, то чым вы гэта тлумачыце?”

(Анатоль Ляўковіч: ) “Я ня думаю, што гэтыя выбары выклікаюць вялікую цікавасьць масавага электарату. Наадварот, ён мала цікавіцца мясцовымі выбарамі. У Берасьці наша партыя стварыла шмат ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў, мы абышлі шмат кватэраў, зьбіраючы подпісы. І для многіх людзей наша інфармацыя аб выбарах зьяўлялася нечаканасьцю. Яны пыталіся: “Якія выбары?”

Выбары выклікаюць цікавасьць у людзей, якія заангажаваныя ў палітыку. Вялікая цікавасьць ва ўладаў. Але нават ня ўсе партыі праяўляюць актыўнасьць і зацікаўленасьць ва ўдзеле ў выбарах, а толькі тыя іх сябры, якія балятуюцца ў дэпутаты.

Тое, што сацыёлягі даюць лічбы 69–70%, ня дзіўна. З савецкага часу засталася традыцыя, што на выбары трэба ісьці. Вось чаму, прынамсі, падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2001 годзе, калі большасьць апазыцыі байкатавала выбары, з гэтага нічога не атрымалася. Таму што ёсьць звычка хадзіць на выбары. Большасьць выбарцаў — савецкія людзі, “саўкі”, якім скажаш ісьці на выбары, і яны пойдуць”.

(Міхась Пліска: ) “Я згодны зь меркаваньнем спадара Ляўковіча. Сапраўды, сацыёлягі даюць завышаныя лічбы. Насамрэч рэальны ўдзел у выбарах будзе значна ніжэйшы. У асяродку палітычна актыўных людзей ствараецца ўражаньне, што выбарчая кампанія мае рэзананс у грамадзтве. Часткова гэта тлумачыцца тым, што значная колькасьць такіх людзей ня ўдзельнічала ў мясцовых выбарах 1999 году. Таму можна гэта разглядаць як спробу задзейнічаць нерэалізаваны патэнцыял.

Мне падаецца слушнай думка, што ўлады зацікаўленыя ў правядзеньні гэтых выбараў. І найбольшую цікавасьць можна назіраць у мясцовых уладаў. Вэртыкаль вельмі зацікаўленая ў тым, каб склад мясцовых саветаў быў ляяльны да выканаўчай улады. І таму яна хоча правесьці туды сваіх людзей”.

(Карбалевіч: ) “На падставе пададзеных заявак на рэгістрацыю,можна зрабіць высновы наконт таго, якія палітычныя, грамадзкія сілы дамінуюць сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкае месца. Ствараецца ўражаньне, што як і падчас папярэдніх выбараў, колькасьць кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі, значна перавышае колькасьць прадстаўнікоў палітычных партыяў. Якое вашае меркаваньне на гэты конт?”

(Ляўковіч: ) “На гэты час не магу дакладна назваць лічбы па Берасьцейскім рэгіёне і нават па Берасьці. Гэтая інфармацыыя хаваецца ад нас. Калі ж паглядзець, якія палітычныя сілы найбольш актыўна ўдзельнічаюць у выбарах, то можна адзначыць, што найбольшую актыўнасьць праяўляе “партыя ўлады”. Таму што вылучэнцы працоўных калектываў — гэта прадстаўнікі “партыі ўлады”. Вядома, што ні адзін прадстаўнік партыі, тым больш апазыцыйнай, вылучыцца ад працоўнага калектыву ня можа.

Калі ж паглядзець на актыўнасьць палітычных партыяў, то па колькасьці створаных ініцыятыўных групаў можна зрабіць выснову, што на Берасьцейшчыне самая актыўная — гэта Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. А потым ідуцць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі Народны Фронт і Партыя камуністаў беларуская”.

(Пліска: ) “Каб карціна была больш поўная, трэба правесьці нейкую дыфэрэнцыяцыю. Калі паглядзець на выбары ў абласныя саветы і Менскі гарсавет — гэта будзе адно. Калі ўзяць гарсаветы гарадоў абласнога падпарадкаваньня і раённыя саветы — будзе другая карціна. І зусім іншая сытуацыя з выбарамі ў сельскія і пасялковыя саветы. Вось там цалкам дамінуе “партыя ўлады”, і амаль усе кандыдаты вылучаюцца працоўнымі калектывамі.

Напрыклад, калі паглядзець на склад прэтэндэнтаў на дэпутацкае месца ў Менскі гарсавет, то тут прадстаўнікі партыяў не саступаюць вылучэнцам працоўных калектываў ці “партыі ўлады”.

Праблема яшчэ і ў тым, што закон дазваляе вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты рознымі шляхамі. І значная частка сяброаў партыяў вылучаецца як праз збор подпісаў, так і праз партыйнае вылучэньне. Таму больш выразную карціну можна будзе ўбачыць толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў”.

(Карбалевіч: ) “Якая тактыка ўладаў выявілася падчас першых этапаў выбарчай кампаніі? Ці ёсьць нейкае адрозьненьне ад мінулых выбараў 2000, 2001 гадоў? Аб чым сьведчыць той факт, што ў выбарчыя камісіі ўключылі мізэрную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў? Які прагноз можна зрабіць адносна тактыкі ўладаў на наступных этапах выбарчай кампаніі?”

(Ляўковіч: ) “Я ўдзельнічаю ў выбарах ужо на працягу больш чым дзесяці гадоў. І таму магу бачыць эвалюцыю тактыкі ўлады ў дынаміцы. Хацеў бы адзначыць, што ў гэтай выбарчай кампаніі ўлады ў нас на Берасьцейшчыне працуюць як ніколі эфэктыўна на сваю карысьць. Яны вельмі добра да яе падрыхтаваліся. Па-першае, усё пачалося з нарэзкі выбарчых акругаў. Яна рабілася пад канкрэтнага кандыдата ад улады.

Па-другое, падбор кандыдатаў адбываецца вельмі адэкватны. У той акрузе, дзе ідзе прадстаўнік апазыцыі, у апанэнты яму падбіраецца моцны кандыдат ад улады. Прычым, ён не прадстаўляе вэртыкаль, а зьяўляецца дырэктарам школы, дырэктарам добрага заводу ці галоўным доктарам шпіталю і гэтак далей.

Па-трэцяе, фармаваньне выбарчых камісіяў. Амаль усе кандыдаты ад апазыцыі ня ўключаныя ў склад камісіяў. Ад нашай партыі толькі адзін чалавек трапіў у берасьцейскую гарадзкую камісію.

Па-чацьвертае, адміністрацыйны і маральны ціск на людзей, якія хочуць стаць кандыдатамі ў дэпутаты. Трэба адзначыць, што ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі ўлады навучыліся весьці выбарчыя кампаніі і больш прафэсійна выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, аналізуючы першыя этапы выбарчай кампаніі, можна зрабіць наступныя высновы. Па-першае, улады, як і раней, робяць стаўку на працоўныя калектывы, якія ёсьць рэшткамі савецкай таталітарнай сыстэмы, добра кантралююцца і лёгка кіроўныя выканаўчай вэртыкальлю.

Адначасова ствараюцца перашкоды ўдзелу ў выбарах прадстаўнікам новых структураў грамадзянскай супольнасьці, у першую чаргу, прадстаўнікам палітычных партыяў. Па-другое, уключэньне ў выбарчыя камісіі мізэрнай колькасьці прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў сьведчыць пра тое, што ўлады не зьбіраюцца праводзіць сумленныя, справядлівыя і свабодныя выбары”.
XS
SM
MD
LG