Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за нарадай у Лукашэнкі аб забесьпячэньні насельніцтва рыбай і морапрадуктамі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч і рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі

(Валер Карбалевіч: ) “15 студзеня ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўвалася, здавалася б, руціннае пытаньне аб забесьпячэньні насельніцтва рыбай і морапрадуктамі. Але вынікі гэтай нарады выявілі цікавыя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў беларускай эканоміцы і краіне наагул.

Перш за ўсё зьвернем увагу на эканамічны аспэкт праблемы. Лукашэнка найперш выказаў незадавальненьне тым, што ў справе забесьпячэньня насельніцтва рыбай і морапрадуктамі пануе рынкавая стыхія, тут дзейнічаюць сотні імпартэраў, якія на гэтым спэкулююць, спрабуюць зарабіць грошы на харчаваньні і здароўі людзей. І каб навесьці тут парадак, ён лічыць, трэба перадаць гэтую сфэру пад кантроль дзяржавы.

Таму натуральна паставіць такое пытаньне: ці сапраўды, калі дзяржава возьме пад кантроль гэтую галіну, то забесьпячэньне краіны рыбапрадуктамі палепшыцца, зьнізяцца цэны, лепшым будзе асартымэнт? Наколькі ў эканамічным сэнсе мае рацыю такая сацыялістычная фразэалёгія?”

(Кастусь Скуратовіч: ) “Наколькі я зразумеў, на згаданай нарадзе гаворка ішла ня толькі пра рыбу і рыбапрадукты, але і аб усім так званым крытычным імпарце, то бок аб усіх прадуктах, якія ў нас не вырабляюцца альбо вырабляюцца мала, і іх трэба купляць за мяжой.

Каб зразумець неэфэктыўнасьць дзяржаўнай манаполіі ў эканамічнай сфэры, можна ўзгадаць сытуацыю на спажывецкім рынку 12 гадоў назад, калі ў нас яшчэ існавала плянавая эканоміка. У 1990 годзе мы ня бачылі ні ананасаў, ні мандарынаў, ні апэльсінаў. Але як толькі зьнікла замежнаэканамічная манаполія дзяржавы, то адразу наш рынак стаў багатым.

Што тычыцца рыбы, то давайце прыгадаем, якая рыба была ў нас 12 гадоў назад: кілька, мойва, хек і бадай што ўсё. А зараз зайдзіце ў краму, там вочы разьбягаюцца. А цэны на рыбу, якая ў Беларусі не выпрацоўваецца, вызначаюцца многімі чыньнікамі, напрыклад эфэктыўнасьцю расейскай рыбнай прамысловасьці (менавіта адтуль імпартуецца асноўная колькасьць рыбы), а ня толькі дзейнасьцю пасярэднікаў.

Што тычыцца айчыннага вытворца рыбы, то рыбу ў нас таксама нявыгадна выпрацоўваць, як малако і мясо”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “На нарадзе вельмі выразна прысутнічаў піяраўскі аспэкт. Вось “бацька”, быццам, наводзіць парадак у пэўнай галіне. Там гучалі знаёмыя тэзы, што ў гэтай сфэры існуюць “ценявікі”, махляры, якія ня плацяць падаткаў, грэюць рукі на гэтай прыбытковай галіне. Таму натуральна, што на гэтым фоне паўставаў вобраз такога моцнага кіраўніка, які наводзіць парадак.

Але ж галоўны тут эканамічны аспэкт. Ня ў тым сэнсе, як дэкляраваў Лукашэнка на нарадзе, каб там зрабіць ніжэйшым сабекошт, каб пасярэднікаў было менш і гэтак далей. Найвышэйшы эканамічны інтарэс улады зусім іншы. Гаворка ідзе аб тым, каб стварыць нейкую супэрфірму, ролю якой выконвае кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якая б варочала вялікімі грашыма і пры гэтым не была б ні перад кім справаздачнай”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды цікава зьвярнуць увагу на тое, аб чым сказаў спадар Класкоўскі: якой структуры перадаецца кантроль над гэтай сфэрай. Лукашэнка адрынуў прапанову ўраду аб тым, каб стварыць пры ўрадзе Камітэт рыбнай гаспадаркі. Замест гэтага прынятае рашэньне перадаць усе рыбакомплексы краіны (акрамя менскага рыбакомплексу) у веданьне кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Таксама цікава канстатаваць, што ў інфармацыі аб гэтай нарадзе было зазначана, што гэта пачатак “вялікай працы па ўпарадкаваньню паставак у Беларусь тавараў крытычнага імпарту” (алею, табаку, цукру і гэтак далей). Акрамя таго, існуе інфармацыя, што падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта аб перадачы пад кантроль кіраўніцтва справаў прэзыдэнта найбольш прыбытковых імпартных тавараў. Гэтым праектам указу прадугледжваецца перадача гэтай структуры сфэры энэргазалікаў, а таксама экспарту мінэральных угнаеньняў. Ці назіраецца тут нейкая тэндэнцыя?”

(Скуратовіч: ) “Тут дзейнічае такі прынцып: захацеў — узяў. Калі Лукашэнка бачыць, што нейкая сфэра прыносіць прыбыткі, ён проста бярэ яе пад сваё крыло. Ідзе натуральны перадзел той маёмасьці, якая яшчэ можа працаваць і прыносіць прыбытак. І такім чынам фінансавыя плыні пераразьмяркоўваюцца ад дзяржаўнага бюджэту ў пэрсанальную казну Лукашэнкі, якая называецца прэзыдэнцкім фондам.

Калі браць пад увагу задачы асабістага палітычнага выжываньня Лукашэнкі, то такія ягоныя дзеяньні цалкам лягічныя. Але народу ад гэтага ніякай выгады, зразумела, ня будзе”.

(Класкоўскі: ) “Так было і ў эпоху спадара Ціцянкова, калі кіраўніцтва справаў прэзыдэнта наклала руку на арэнду памяшканьняў. Але сёньня маштабы, апэтыты і пэрспэктывы ў кіраўніцтва справаў прэзыдэнта іншыя, значна большыя.

Зараз гаворка ідзе пра перадзел цэлых эканамічных сфэраў. Пакуль што ня вельмі вялікі рэзананс атрымалі два прэзыдэнцкія дэкрэты №28 і №30, прынятыя ў сьнежні. Адзін тычыцца перадачы пад кантроль кіраўніцтва справаў прэзыдэнта тытунёвых вырабаў, а другі — алькаголю. Такім чынам, выпрацаваная ўжо нарматыўная аснова, каб выцясьніць з гэтых сфэраў канкурэнтаў і каб засталася адна манаполія, якая павінна матэрыяльна, фінансава забясьпечваць інтарэсы гэтай улады”.

(Карбалевіч: ) “Мы ведаем, што зараз існуе праблема дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту. І, здавалася б, калі Лукашэнка моцна дбае аб дзяржаўным інтарэсе, аб напаўненьні дзяржаўнага бюджэту, то было б лягічна перадаць згаданыя сфэры эканомікі пад кантроль ураду. Аднак у рэальнасьці адбываецца зусім іншае.

Кантроль над імі пераходзіць пад кантроль кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. А мы ведаем, штэ гэтая арганізацыя закрытая. Толькі вельмі абмежаванай колькасьці людзей вядома, куды ідуць грошы ад камэрцыйнай дзейнасьці кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якая частка ідзе ў дзяржбюджэт, а якая — у прэзыдэнцкі фонд. Грамадзкасьці аб гэтым невядома.

Ствараецца ўражаньне, што зараз Лукашэнка спрабуе інтэнсіўнымі тэмпамі напоўніць прэзыдэнцкі фонд. Трэба нагадаць, што згодна закону аб бюджэце на 2003 год, тыя сродкі на фінансаваньне льготаў насельніцтва, якія ў мінулым знаходзіліся ў дзяржаўным бюджэце, зараз перададзеныяў прэзыдэнцкі фонд. Як бы вы ацанілі палітычны аспэкт гэтай зьявы?”

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што для кіраўніка дзяржавы галоўнае зараз — гэта назапашваньне рэсурсаў. Ужо не сакрэт, што вядзецца актыўная праца над пытаньнем: як падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі? Пакуль невядома, ці гэта будзе рэфэрэндум, ці прэзыдэнцкія выбары.

Так ці інакш, гэта запатрабуе вялікіх рэсурсаў, прычым, у асноўным, так бы мовіць, неафіцыйных уліваньняў у гэтую кампанію. Таму трэба ствараць вось такую супэрфірму, супэрманаполію, якая і папоўніць невядомыя для шырокай публікі прэзыдэнцкія фонды. За іх ня трэба трымаць ніякай справаздачы. І яны могуць у пэйны час, час “Х” паслужыць на карысьць інтарэсаў гэтай улады, дзеля працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Я думаю, што гэта асноўны матыў, асноўная вэрсія апошніх дзеяньняў найвышэйшай улады”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, вынікі гэтай нарады дазваляюць зрабіць наступныя высновы. Адбываецца ўзмацненьне кантролю кіраўніцтва справаў прэзыдэнта над найбольш прыбытковымі сфэрамі эканомікі, а найперш, замежнаэканамічнымі сфэрамі. Кіраўнік дзяржавы прымае энэргічныя захады па напаўненьню прэзыдэнцкага бюджэту. І гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што краіна, хутчэй за ўсё, знаходзіцца напярэдадні важнай палітычнай кампаніі”.
XS
SM
MD
LG