Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Урад прыняў рашэньне адмяніць выплату кампэнсацыяў насельніцтву нявыкарыстаных чэкаў “Маёмасьць”.


Вядзе перадачу Валер Карбалевіч.

(Карбалевіч: ) “Урад прыняў рашэньне не кампэнсоўваць насельніцтву нявыкарыстаныя чэкі “Маёмасьць”. Для рэалізацыі гэтага рашэньня патрэбна ўнесьці зьмяненьні ў закон “Аб іменных прыватызацыйных чэках”, ад 7 ліпеня 1993 году. Такім чынам, калі прапанову ўраду падтрымае Лукашэнка, то гэта значыць, што ідэя гэтак званай “народнай прыватызацы” бясслаўна згінула.

А пачыналася усё вельмі пэрспэктыўна. Прыватызацыйныя чэкі пачалі раздаваць насельніцтву ў 1994 годзе. Усяго іх атрымала звыш 74% грамадзянаў. Было створана 48 кампаніяў, якія займаліся купляй і продажам чэкаў. Аднак з прыходам да ўлады Лукашэнкі працэс прыватызацы пачаў тармазіцца. Былі забароненыя купля й продаж чэкаў. І выданыя чэкі былі забясьпечаныя прыватызуемай дзяржаўнай маёмасьцю толькі на 60%. Многія грамадзяне пачалі купляць акцыі прадпрыемстваў, аднак значных дывідэнтаў яны не атрымалі. На сёньняшні дзень прыкладна палова чэкаў знаходзіцца на руках у насельніцтва. Урад ужо два разы адтэрміноўваў дату іхнага абарачэньня. Паводле закону, нерэалізаваныя чэкі павінныя быць выкуплены дзяржаваю.

І вось цяперашняе рашэньне ўраду, калі яно будзе рэалізавана, азначае, што будзе пастаўлена кропка ў гэтай доўгатэрміновай і маштабнай акцыі.

Калі глядзець з вышыні сёньняшняга дня, наколькі рацыянальная была сама ідэя чэкавай прыватызацыі, намер падзяліць усю дзяржаўную маёмасьць паміж усімі грамадзянамі? У іншых посткамуністычных краінах гэтая ідэя з большым або меншым посьпехам была ажыцьцёўлена. А ў Беларусі нічога не атрымалася”.

(Манёнак: ) “Вельмі цяжка зараз з вышыні сёньняшняга часу адназначна сказаць, наколькі слушнай была гэтая ідэя. Аднак трэба адзначыць, што бяз чэкавай прыватызацыі як сродку зьмены ўласнасьці не абышлася амаль што ні адна посткамуністычная дзяржава. Такую ж задачу паставіла перад сабою і Беларусь напачатку 90-х гадоў. Канцэпцыя прыватызацыі была даволі стройнай. І ў кантэксьце гэтай канцэпцыі чэкавая прыватызацыя выглядала даволі лягічнай.

Трэба адзначыць, што чэкавая прыватызацыя — гэта палітычная плата за працэс разьдзяржаўленьня дзяржаўнае маёмасьці.

Другая справа, што Беларусь вельмі зацягнула гэты працэс. Увесь гэты час дзеяньні ўладаў былі падобны на рух веласыпедыста-пачынальніка: толькі бралі разгон і тут жа тармазілі. Таму першапачатковая канцэпцыя на самой справе не была ажыцьцёўлена.

Між іншым насельніцтва зьвязвала з масавай прыватызацыяй вялікія надзеі. Яно верыло, што дзяржава, як тая і прадэкляравала, падзеліцца кавалкам уласнасьці з кожным грамадзянінам. Але гэтага так і не адбылося. Больш менш пасьпяхова была праведзеная працэдура раздачы грамадзянам прыватызацыйных чэкаў. А вось надалей... дзяржава не гарантавала, не стварыла спрыяльныя ўмовы для забесьпячэньня людзям магчымасьці атрымаць свой кавалак уласнасьці.

Можна, канешне, сказаць, што ў кожнага грамадзяніна была магчымасьць укласьці свае чэкі ў каштоўныя паперы, акцыі прадпрыемстваў. Аднак многія не скарысталі гэтую магчымасьць. Таму што дзяржава дзейнічала па прынцыпу: на табе божа, што мне ня гожа. Прадпрыемствы, акцыі якіх можна было атрымаць за чэкі, былі ня вельмі прывабнымі. Яны не плацілі дывідэнтаў. Тым больш, што эканамічнае становішча большасьці прадпрыемстваў увесь час пагаршалася. І насельніцтва пакрысе страчвала давер да гэтых каштоўных папераў.

Нагадаем, што напачатку 1994 году, калі толькі пачыналася чэкавая прыватызацыя, гэты чэк каштаваў на рынку каля 4-х, і нават часам, даходзіў да 8-мі даляраў. Цяпер ён не каштуе нават і аднаго даляра. Тым больш, што й рынку не існуе.

Дзяржава дамаглася свайго. Яна хацела, каб чэкавая прыватызацыя згінула, яна й згінула. Лукашэнка заўсёды крытычна ставіўся да чэкавай прыватызацыі. Ён называў яе “дурасьцю несусьветнай”. І пакрысе згінула ўся тая інфраструктура, якая стваралася пад чэкавую прыватызацыю. Тыя інвэстыцыйныя фонды, спэцінвэстфонды, якія ствараліся як раз для таго, каб быць прафэсійным пасярэднікам паміж насельніцтвам і чэкавым рынкам, страцілі свой уплыў. Іх адлучылі ад чэкавых конкурсаў. Ім не далі магчымасьці купляць у насельніцтва чэкі. Калісьці на піку чэкавай прыватызаці іх было 48, а зараз засталося 8. Яны так і ня сталі партфэльнымі інвэстарамі”.

(Залескі: ) “Людзі звычайна карыстаюцца аднолькавымі цаглінамі, калі дамы будуюць. А ў залежнасьці ад архітэктара дамы атрымліваюцца розныя. Тое ж самае атрымалася і тут.

Чэкавую прыватызацыю пасьпяхова правялі чэхі. Нядрэнна прайшла яна ў Польшчы. Горш — у Расеі. А ў нас ніяк ні прайшла. Чаму? Таму што палітычнай эліце, якую ўзначаліў Лукашэнка, не патрэбныя тысячы дробных уласьнікаў, якія маглі б мець сваю волю, сваё права, свой уплыў на прадпрыемствы. Навошта ўладам акцыянэры? Яны пачнуць нешта пытаць, нешта патрабаваць... Навошта ўладам лішнія праблемы?”

(Манёнак: ) “Ня толькі палітычная эліта была супраць чэкавай прыватызацыі. Супраць яе быў і дырэктарат. Бо ён убачыў, што дзякуючы чэкам ідзе некантралюемы імі перадзел уласнасьці”.

(Карбалевіч: ) “Цяперашняе рашэньне ўраду — гэта прызнаньне краху прыватызацыі наогул ці прызнаньне краху мадэлі чэкавай прыватызацыі ды выбар іншае мадэлі? Чым вы тлумачыце гэтую прапанову ўраду?”

(Манёнак: ) “Цяперпашняе рашэньне ўраду — гэта лягічны вынік той палітыкі ў сфэры прыватызацыі, якая праводзілася ў Беларусі цягам 10 гадоў. Працэс затармазіўся. У апошнія гады прыватызацыі амаль што не было. Людзі страцілі ціавасьць да чэкавай прыватызацыі наогул. У ўладаў зьявілася новая канцэпцыя: праводзіць кропкавую прыватызацыю і за грошы, каб прыцягнуць інвэстыцыі.

Сапраўды, чэкавая прыватызацыя не зьяўляецца сродкам прыцягненьня інвэстыцыяў. Пра гэта казаў і Чубайс у Расеі. Ён казаў, што чэкавая прыватызацыя ня ставіць перад сабой мэту стварыць эфэктыўнага ўласьніка. Яна выконвае іншыя задачы: запусьціць фондавы рынак, далучыць да працэсу прыватызацыі насельніцтва. У Беларусі ня здарылася ні таго, ні другога. У ўладаў няма пасьлядоўнай палітыкі прыватызацыі”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, чэкавая прыватызацыя — гэта ахвяраваньне эфэктыўнасьцю на карысьць справядлівасьці...”

(Залескі: ) “Тлумачэньне рашэньня ўраду вельмі простае: грошай няма. Каб кампэнсаваць людзям нявыкарыстаныя чэкі, трэба каля паўмільярды даляраў. А дзе іх узяць? Таму самы просты выхад — зачыніць гэтую справу і сказаць: хто не схаваўся, я не вінаваты.

З гэтай чэкавай прыватызацыяй трэба нешта рабіць, трэба прымаць нейкае рашэньне. Калі яе сканчаць, то трэба або прапанаваць такія прадпрыемствы, за якія людзі пойдуць аддаваць свае прыватызацыйныя чэкі. Або запусьціць фондавы рынак, каб людзі ўбачылі, што акцыі пачалі расьці ў коштах, і ёсьць карысьць укладваць чэкі нават у слабыя прадпрыемствы, бо яны пачнуць працаваць больш эфэктыўна. Або трэці варыянт: разьлічыцца грашыма. Але грошай няма”.

(Карбалевіч: ) “Адмова ад абяцанай кампэнсацыі, як і адсутнасьць іншых варыянтаў выкарыстаньня прыватызацыйных чэкаў — гэта, фактычна, падман насельніцтва. У юрыдычным сэнсе — гэта грандыёзная дзяржаўная афэра. Ці будзе яна мець нейкія наступствы — у сэнсе падрыву даверу насельніцтва да ўлады?”

(Манёнак: ) “Урад бачыць, што людзі абыякавыя да гэтага працэсу, яны не выказваюць абурэньня тармажэньнем прыватызацыі. Колькі гадоў назад распрацоўваліся схэмы кампэнсацыі нявыкарыстаных прыватызацыйных чэкаў. Прапаноўвалася выпусьціць каштоўныя паперы, аблігацыі ды іншыя варыянты, каб хоць стварыць нейкую бачнасьць, што дзяржава разьлічылася з насельніцтвам.

Спробны шар, разьлічаны на рэакцыю насельніцтва, ужо пушчаны. Я маю на ўвазе, што на прадпрыемствах нафтахіміі (“Нафтане”, “Паліміры”, “Хімвалакне”) ідзе масавая прыватызацыя, ужо без удзелу чэкаў. Гэта зроблена ўпершыню, і з парушэньнем заканадаўства. Бо, згодна нашаму заканадаўству, да 50% уласнасьці кожнага прадпрыемства можна прыватызаваць і за грошы, і за чэкі. Але народ не абурыўся. Таму зараз можна йсьці далей і адмовіцца ад тых гарантыяў у законе, якія былі зроблены амаль дзесяць гадоў назад.

Я памятаю, што 5-6 гадоў назад калектыў заводу “Нафтан” прапаноўваў ураду зарэзэрваваць за ім 25% акцыяў прадпрыемства. Працоўныя спадзяваліся, што стануць саўласьнікамі свайго заводу. Аднак урад адмовіў у гэтай прапанове”.

(Залескі: ) “Тут трэба зірнуць на сытуацыю з трох бакоў. З праўнага пункту гледжаньня гэта, канешне, авантура. Таму што законы прымаюцца для таго, каб іх выконваць. Гэта грамадзянская дамова паміж народам і уладаю.

З пункту гледжаньня эканамічнага, сапраўды, ніхто нікому не забараняў выкарыстоўваць свае чэкі, атрымліваць акцыі прадпрыемстваў. Гэта і ёсьць рынак. І грамадзянін можа і грошы ня выкарыстаць, чакаць, калі яны стлеюць, а потым патрабаваць ад дзяржавы кампэнсацыі.

З пункту гледжаньня беларускіх уяўленьняў пра справядлівасьць, людзям, якія ня выкарысталі чэкі, будзе вельмі крыўдна. І гэта стварае сацыяльную напружанасьць, павялічвае адчужанасьць улады ад людзей. А гэтая адчужанасьць і так ужо дасягнула ў краіне непажаданых памераў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, вельмі верагодна, што яшчэ адну вялікую дзяржаўную праграму чакае бясслаўны канец. Мусіць існуе нейкая заканамернасьць, што ўсе добрыя пачынаньні ўладаў заканчваюцца на дзіва аднолькава”.
XS
SM
MD
LG