Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне на паседжаньні міністраў замежных справаў АБСЭ ў Партугаліі


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: дырэктар Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Вячаслаў Пазьняк і экспэрт гэтага інстытуту Андрэй Фёдараў

(Валер Карбалевіч: ) “Канфлікт паміж афіцыйным Менскам і АБСЭ вакол знаходжаньня ў Беларусі КНГ працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Ён мае даволі значныя нэгатыўныя наступствы для замежнай палітыкі Беларусі. Рэзка пагоршыліся стасункі Менску зь іншымі эўрапейскімі структурамі: НАТО, Эўразьвязам, Радай Эўропы. 14 краінаў Эўразьвязу, ЗША і некаторыя іншыя дзяржавы прынялі рашэньне аб забароне ўезду на сваю тэрыторыю васьмі высокім беларускім урадоўцам. Пэўны ціск на афіцыйны Менск па гэтым пытаньні назіраецца з Масквы.

Падчас сваіх апошніх заяваў Аляксандар Лукашэнка выказаў намер вырашыць крызыс у стасунках з АБСЭ, гатоўнасьць весьці перамовы аб прысутнасьці КНГ у Менску.

Зь іншага боку, Партугалія, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, таксама дэманструе рашучасьць вырашыць гэтую набалелую для Эўропы праблему і дзеля гэтага нават адмовілася далучыцца да агульнаэўрапейскага байкоту беларускага кіраўніцтва.

6–7 сьнежня на паседжаньні міністраў замежных справаў АБСЭ ў Партугаліі абмяркоўвалася пытаньне аб лёсе КНГ АБСЭ ў Беларусі. Чакалася, што гэтае паседжаньне ў партугальскім горадзе Порту зьяўляецца зручным момантам дзеля знаходжаньня кампрамісу. Прадстаўнік МЗС Партугаліі заявіў, што пытаньне аб аднаўленьні місіі АБСЭ ў Беларусі мусіць быць адным з галоўных на гэтым паседжаньні. Якая пазыцыя Беларусі па гэтым пытаньні, якія задачы ставіць сабе беларуская дыпляматыя на гэтым міжнародным форуме? І што вынікае з выступу міністра замежных справаў Беларусі спадара Хвастова?”

(Вячаслаў Пазьняк: ) “На мой погляд, беларуская дыпляматыя ставіць дзьве асноўныя задачы. Першая — прапагандысцкая. Афіцыйны Менск хоча прадэманстраваць беларускай палітычнай супольнасьці й міжнароднай супольнасьці сваю гатовасьць палепшыць, фактычна нармалізаваць свае стасункі з АБСЭ і іншымі міжнароднымі арганізацыямі. У нейкім сэнсе гэта можа быць самагіпнозам. Кіраўніцтва Беларусі хоча даказаць сабе, што адносіны з краінамі Захаду не такія ўжо кепскія, і ізаляцыя застаецца ў мінулым.

Другая задача больш практычная: забясьпечыць выгадны для сябе мандат місіі АБСЭ ў Беларусі. Беларускае кіраўніцтва хоча, каб гэты мандат быў абмежаваны, каб КНГ “ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы дзяржавы”. Такія патрабаваньні могуць зайсьці вельмі далёка, і калі яны будуць прынятыя, КНГ ня зможа нічым рэальным займацца. Місіі могуць застацца толькі нейкія гуманітарныя акцыі”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Галоўная мэта беларускіх уладаў — дабіцца сваёй міжнароднай легітымізацыі. Для гэтага місія АБСЭ павінная зьмяніць свае паводзіны, рабіць больш прымальныя для ўладаў заключэньні. У гэтым галоўны сэнс стасункаў Беларусі з АБСЭ”.

(Карбалевіч: ) “А якая пазыцыя АБСЭ па гэтым пытаньні? Ці згодная гэтая арганізацыя весьці перамовы аб мандаце сваёй місіі ў Менску? Ці ёсьць наогул нейкая кансалідаваная пазыцыя ў арганізацыі, у якую ўваходзяць такія розныя дзяржавы? Міністры замежных справаў ЗША, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі наогул не прыехалі ў Порту, па некаторых зьвестках, у знак нязгоды з прысутнасьцю там міністра замежных справаў Беларусі Хвастова.

Пазыцыя Партугаліі, наадварот, больш ляяльная да Менску. То бок, нават сярод заходніх краінаў няма адзінства. А ў АБСЭ яшчэ ўваходзяць усе дзяржавы СНД, у якіх іншая пазыцыя. І ці не здаецца Вам, што Партугалія бярэ на сябе больш правоў, чым яна мае?”

(Пазьняк: ) “Пазыцыя АБСЭ па беларускім пытаньні знаходзіцца на стадыі выпрацоўкі. Там ідуць складаныя працэсы, існуе супрацьстаяньне паміж некаторымі дзяржавамі. Але нягледзячы на гэта, АБСЭ мае супольную пазыцыю ў адносінах да Беларусі ў прынцыповых пытаньнях. Яна зафіксаваная ў рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ад 10 ліпеня гэтага году. У ёй адзначаныя ўмовы і патрабаваньні да Менску. Яны захоўваюць сваю сілу”.

(Фёдараў: ) “Мне таксама падаецца, што Партугаля вядзе сябе не зусім адэкватна сваёй палітычнай вазе ў Эўропе, сваім магчымасьцям. Пры тых вялікіх разыходжаньнях, якія існуюць паміж эўрапейскімі краінамі, знайсьці кансэнсус па беларускім пытаньні будзе вельмі няпроста. А мы ведаем, што ў АБСЭ існуе прынцып прыняцьця рашэньня “кансэнсус мінус адзін”. Таму я ня ўпэўнены, што ўдасца знайсьці рашэньне за кароткі час, у прыватнасьці, да канца знаходжаньня Партугаліі ў ролі старшыні АБСЭ, то бок, да канца году. Абодва бакі цьвёрда трымаюцца сваіх пазыцыяў, а гэтыя пазыцыі дастаткова розныя. І ім будзе даволі цяжка пагадзіцца”.

(Карбалевіч: ) “Важнае значэньне ў вырашэньні гэтага крызысу будзе мець пазыцыя Расеі. Вядома, што амаль заўсёды Масква падтрымлівала Менск ва ўсіх міжнародных структурах. Учора на паседжаньні ў Партугаліі міністар замежных справаў Расеі Іваноў заявіў, што Масква выступае супраць палітыкі ізаляцыі некаторых краінаў Эўропы. Так якая можа быць роля, пазыцыя Расеі ў вырашэньні гэтага крызысу? Гэтая пазыцыя будзе бліжэй да пазыцыі Менску ці АБСЭ?”

(Пазьняк: ) “Я мяркую, што падтрымка Масквой беларускай пазыцыі ня будзе бязьмежнай. Расея цяпер значна палепшыла адносіны з Захадам. І малаверагодна, што яна стане падтрымліваць нейкія антызаходнія дзеяньні, якія могуць быць генэраваныя Менскам”.

(Фёдараў: ) “Масква апынулася ў двухсэнсоўнай сытуацыі. З аднаго боку, Расеі ня вельмі прыемна, што на міжнародных форумах яе абвінавачваюць у тым, што яе найбліжэйшы саюзьнік не зьяўляецца дэмакратычнай дзяржавай, вядзе сябе не зусім адэкватна ці зусім неадэкватна. Таму Расея зацікаўленая, каб імідж Беларусі быў палепшаны. І яна будзе спрабаваць нешта рабіць дзеля гэтага.

Зь іншага боку, калі Беларусь захоўвае статус ізгоя, то яна больш залежыць ад Расеі, і Маскве лягчэй уплываць на Менск у сваіх мэтах. Таму расейская дыпляматыя ў беларускім пытаньні знаходзіцца паміж дзьвюх капаў сена. І цяжка адказаць, якую яна выбярэ”.

(Карбалевіч: ) “Якія пэрспэктывы пераадоленьня крызысу вакол місіі АБСЭ ў Беларусі падчас плянаваных перамоваў 9 сьнежня ў Вене? На мой погляд, самы рэальны варыянт — гэта перадаць вырашэньне пытаньня партугальскай дыпляматыі. І калі будзе знойдзены нейкі кампраміс, то АБСЭ яго зацьвердзіць. А вы як мяркуеце?”

(Пазьняк: ) “Партугальскае МЗС плянуе вырашыць беларускае пытаньне за 10 дзён. Гэта спрынтэрская хуткасьць. Плянаваныя перамовы зьяўляюцца найперш выпрабаваньнем на шчырасьць беларускага кіраўніцтва ў выкананьні ўзятых на сябе абавязкаў, падпісаных дакумэнтаў.

Можна правесьці паралелі паміж цяперашнімі падзеямі й падзеямі сьнежня 1997 году, калі вырашалася пытаньне пра стварэньне КНГ АБСЭ ў Менску, яе мандат і ўмовы дзейнасьці. Тады афіцыйны Менск спрабаваў перайначыць сутнасьць дамоўленасьцяў, патрабаваў, каб мандат місіі быў абмежаваны па часе. Калі зараз Беларусь будзе прытрымлівацца той жа тактыкі, то яе чакае замежнапалітычная параза і далейшае абвастрэньне адносінаў з эўрапейскімі структурамі”.

(Фёдараў: ) “Магчыма, перамовы і дадуць нейкі плён. Ва ўсялякім разе, перамовы заўсёды лепш, чым канфрантацыя. Але ў мяне ёсьць вялікія сумненьні, што вынік можа быць атрыманы да канца тэміну старшынёўства Партугаліі ў АБСЭ. Калі сапраўды міністры замежных справаў шэрагу вядучых дзяржаў АБСЭ не прыехалі ў Порту на знак пратэсту супраць прысутнасьці там міністра замежных справаў Беларусі Хвастова, то гэта азначае, што іх пазыцыя ў адносінах да Менску даволі жорсткая.

Наколькі я разумею, канчатковае рашэньне наконт вяртаньня КНГ у Менск будзе прымаць не Партугалія, а альбо Сталая рада АБСЭ, альбо Рада міністраў замежных справаў АБСЭ. І калі Партугалія, якая ставіцца параўнальна ляяльна да Беларусі, пойдзе на значныя саступкі Менску, вядучыя дзяржавы могуць не пагадзіцца і не падтрымаць дамоўленасьці ў Вене.

Таму пэрспэктывы венскіх перамоваў даволі туманныя. Вельмі многа залежыць ад пазыцыі Беларусі, наколькі яна гатовая пайсьці насустрач АБСЭ”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, галоўнае пытаньне перамоваў, якія пачынаюцца ў Вене — гэта пытаньне парадку дня. Аб чым будуць перамовы? Калі аб вяртаньні місіі АБСЭ ў Менск — гэта адна сытуацыя. А калі на парадак дня будзе пастаўленае пытаньне аб зьмене мандату гэтай місіі — гэта прынцыпова іншая сытуацыя. Беларусь выступіла з ультыматумам на адрас АБСЭ: альбо зьмяняеце мандат місіі, альбо КНГ будзе выціснутая зь Менску. І ня важна, наколькі вялікія будуць зьмены ў гэтым мандаце. Нават калі будзе зьмененая адна коска, то гэта будзе азначаць, што ў гэтым дыпляматычным канфлікце перамог Менск”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG