Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прыйдуць у беларускую эканоміку замежныя інвэстыцыі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік Радыё Свабода Міхаіл Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Другі дзень у Менску праходзіць “Беларускі інвэстыцыйны форум”, у якім удзельнічае каля 5 тысяч чалавек. Гэта кіраўнікі беларускіх міністэрстваў і ўстановаў на чале зь віцэ-прэм’ерам Кабяковым, кіраўнікі прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікі замежных фірмаў.

Вядома, што ў Беларусі існуе сур’ёзная праблема з прыцягненьнем замежных інвэстыцыяў. Па іх аб’ёме на душу насельніцтва Беларусь знаходзіцца на адным з апошніх месцаў сярод краін СНД і Цэнтральнай Эўропы.

Але здаецца, апошні час беларускае кіраўніцтва пачало надаваць увагу пытаньню замежных інвэстыцыяў. Распрацавалі нацыянальную праграму прыцягненьня замежных інвэстыцыяў на пэрыяд да 2010 году. Інвэстыцыйная дзейнасьць афіцыйна абвешчаная адным зь пяці дзяржаўных прыярытэтаў. У бюджэце наступнага году заплянавана, што траціна інвэстыцыяў у беларускую эканоміку павінна быць з-за мяжы. Урад рэгулярна выступае са справаздачай перед кіраўніком дзяржавы аб выкананьні заданьня прыцягнуць замежныя інвэстыцыі.

Але мы ведаем ранейшыя выказваньні Лукашэнкі, які вельмі скептычна ставіўся да замежных інвэстыцыяў, асабліва да заходніх. І яго стаўленьне да расейскіх алігархаў таксама вядомае. Выходзіць, што стаўленьне кіраўніцтва Беларусі да замежных інвэстыцыяў зьмянілася? Ці сапраўды яно разумее неабходнасьць у замежных інвэстыцыях дзеля разьвіцьця эканомікі?”

(Леанід Злотнікаў: ) “А куды ж падзецца беларускаму кіраўніцтву? Сваіх грошай няма, каб мадэрнізаваць эканоміку. Хочаш-ня хочаш, а прыходзіцца разумець відавочныя рэчы.

Але наш урад не зразумеў, што для прыцягненьня інвэстыцыяў патрэбныя пэўныя ўмовы. Толькі адзін прыклад. Згодна з дасьледаваньнямі Сусьветнага банку, калі малы бізнэс дае менш 40% сукупнага ўнутранага прадукту, то гэтай краіне ніякія інвэстыцыі не дапамогуць. Дзеля пацьверджаньня гэтай тэзы возьмем прыклад зь беларускай эканомікі.

Знайшлі 500 мільёнаў даляраў і правялі рэканструкцыю Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу “Нафтан”. Але што з таго, што завод выпускае якасны бэнзын, салярку — куды яны ідуць? У калгасы і саўгасы, у сельскую гаспадарку, якая не дае ніякай аддачы. Усё гіне як у чорнай дзірцы. Калі ж бэнзын і салярка будуць экспартаваныя, дзяржава атрымае валюту. Але што за гэтую валюту набываецца за мяжой? Сыравіна, камплектныя дэталі для сельскай гаспадаркі, таго ж нерэнтабэльнага “Гомсельмашу” і г.д. І ўсё зноў згіне.

Таму хацеў бы зрабіць важную выснову. Калі інвэстыцыі нават прыйдуць у краіну, дзеля таго, каб яны далі аддачу, патрэбныя перадумовы. Але ў краіне ня створаныя нават перадумовы для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў”.

(Міхаіл Залескі: ) “Яшчэ ў час Кебіча рабіліся разьлікі й прыйшлі да высновы, што каб беларуская эканоміка захавала тыя тэмпы, якімі яна развівалася ў 1970–80-я гады, яна мусіць атрымліваць каля 5 мільярдаў даляраў інвэстыцыяў штогоду. Але як той казаў, ён то зьесьць, але хто ж яму дасьць.

Інвэстыцыі ў Беларусь не ідуць таму, што няма тут умоваў, якія б задавальнялі тых людзей, якія маюць грошы. Тут паўстае праблема інвэстыцыйнага клімату і інвэстыцыйнай рызыкі. Калі, да прыкладу, я маю грошы, то павінен падумаць, куды іх аддаваць, на якіх умовах, на які час, і якіх зьменаў можна чакаць у гэтай краіне. Наша палітычная стабільнасьць падаецца ня надта ўстойлівай. І прамысловая палітыка наша не задавальняе інвэстараў. І таму грошы да нас не ідуць”.

(Карбалевіч: ) “Абодва мае суразмоўцы прыйшлі да высновы, што для прыцягненьня замежных інвэстыцыяў патрэбныя перадумовы, спрыяльны інвэстыцыйны клімат. Чаму ж беларускі інвэстыцыйны клімат лічыцца неспрыяльным? Якія перадумовы патрэбныя дзеля таго, каб у Беларусь прыйшоў замежны капітал?”

(Злотнікаў: ) “Першая праблема, якую адзначаюць замежныя інвэстары — гэта наша гаспадарчае заканадаўства. І самае дрэннае тут тое, што яно вельмі часта і хутка зьмяняецца. Толькі за апошнія два гады ў Беларусі прымаецца больш як дзьве тысячы заканадаўчых актаў у год. Правілы гульні мяняюцца падчас гульні. Нармальна працаваць у такіх абставінах немагчыма. Беларускія гаспадарнікіы, бізнэсоўцы мучацца, дык ім няма куды падзецца. А хто ж чужы сюды пойдзе?

Возьмем прыклад з законам аб банкруцтве. У Польшчы калі гаспадарчы суб’ект не вяртае пазыку за два тыдні, ён можа быць аб’яўлены банкрутам. У іншых краінах фірмам даецца месяц на вяртаньне пазыкі. Эканамічная сыстэма абразае банкрутаў, каб яны не цягнулі за сабой эфэктыўныя структуры.

У нас усё па-іншаму. Закон аб банкруцтве існуе ня дзеля таго, каб аздаравіць эканоміку, а дзеля таго, каб дапамагчы банкруту выжыць. У Беларусі прадпрыемства павінна быць неплатаздольным цэлы год, каб яго аб’явілі банкрутам. Потым каля двух гадоў можа працягвацца пэрыяд санацыі. І на працягу ўсяго гэтага часу прадпрыемства можа не плаціць свае даўгі. Дык за гэты час тыя эфэктыўныя прадпрыемствы, якія далі прадукцыю ў доўг, самі стануць банкрутамі. На справе так яно і адбываецца. І ў такіх эканамічных умовах нават моцны замежны інвэстар хутка зробіцца ў нас банкрутам.

І такіх прыкладаў з нашым эканамічным заканадаўствам я магу прывесьці дзясяткі. Можна сказаць, што ў нас дрэнны ня толькі інвэстыцыйны клімат, а ўвесь гаспадарчы клімат. Зразумела, што ў такіх умовах шмат інвэстыцыяў мы не атрымаем”.

(Залескі: ) “Замежныя інвэстыцыі не ідуць да нас зь дзьвюх прычынаў. Пра эканамічнае заканадаўства ўжо тут было сказана. Хачу закрануць трохі іншы аспэкт. Краіна, у якую варта ўкладаць грошы, мусіць выконваць дзьве фундамэнтальныя перадумовы. Па-першае, дзелавыя дамовы, дамовы ў сфэры эканамічных адносінаў мусяць выконвацца. Па-другое, уласнасьць мусіць быць недатыкальная.

А як вядома, у нас ёсьць гарант усёй уласнасьці, і ў гэтага гаранта ёсьць залатая акцыя, з дапамогай якой ён можа перакуліць любую ўласнасьць дагары нагамі ў любую хвіліну. Ці варта ўкладаць грошы ў краіну, дзе ў любы момант могуць адабраць уласнасьць? І сур’ёзныя людзі, паглядзеўшы на спробы “Форду”, “Макдональдзу”, іншых бізнэсоўцаў, пачакаюць інвэставаць у нашу эканоміку. Яны пойдуць у Фінляндыю, Нарвэгію, Данію і там атрымаюць аддачу”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае давалі дзіўная сытуацыя. Тыя праблемы з прыцягненьням замежных інвэстыцыяў, пра якія тут гаварылі, мабыць ня зьяўляюцца сакрэтам для нашых міністраў, таму што пра гэта многа распавядаюць і пішуць замежныя інвэстары, экспэрты. Але ж сытуацыя не мяняецца. Беларускае кіраўніцтва нічога ня робіць, каб стварыць той самы спрыяльны інвэстыцыйны клімат, пра які ўсе гавораць. У чым жа прычына такога парадоксу?”

(Злотнікаў: ) “Я б не пагадзіўся, што нашы ўрадоўцы, кіраўнікі ўсё разумеюць. Тыя, хто разумелі, даўно сышлі ў адстаўку. Нашы міністры не нагадваюць нават расейскіх міністраў, якія ў Давосе выступаюць на ангельскай мове. Але за два-тры гады на пасадзе міністра альбо старшыні Нацбанку яна трохі нечаму вучацца. Але праблема ў тым, што міністры ў нас нічога не вырашаюць. Уся палітыка ідзе з адміністрацыі прэзыдэнта”.

(Залескі: ) “Інвэстыцыйны клімат у краіне робіцца дзьвюма групамі ўплывовых людзей: з аднаго боку, адміністратарамі, кіраўнікамі, міністрамі, і з другога боку — палітыкамі. Што тычыцца адміністратараў, то ў нас нядрэнныя спэцыялісты. Але ўсё псуе дзейнасьць палітыкаў. То ў Драздах каналізацыю прарве, то адбудзецца сварка зь сябрам Пуціным. А палітычныя перадумовы — адны з важнейшых. Канкурэнтаздольнасьць краіны ў многім вызначаецца палітычным фактарам. А ў нас ён цягне краіну назад”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы зьвярнуць увагу на такую акалічнасьць. Па аб’ёме замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку першае месца займаюць ЗША (прыкладна 19% ад агульнага аб’ёму). Хоць мы ведаем, што дачыненьні паміж Беларусьсю і ЗША вельмі напружаныя.

Зь іншага боку, саюзьнік і, як аб’яўлена, найлепшы сябар Расея займае па аб’ёме замежных інвэстыцыяў па розных ацэнках 5–7-е месца (3,8% ад агульнага аб’ёму). Як вы растлумачыце такую сытуацыю?”

(Злотнікаў: ) “Па-першае, усе гэтыя інвэстыцыі мікраскапічныя, калі параўноўваць зь іншымі краінамі. На душу насельніцтва ў Беларусі прыходзіцца каля 40 даляраў замежных інвэстыцый, а ў Вугоршчыне, Польшчы гэты паказчык складае каля 2 тысяч. Таму невялікая колькасьць інвэстыцыя вядзе да таго, што павялічваецца чыньнік выпадковасьці. Тут магчымыя выпадковыя ваганьні. Другая прычына. У ЗША многа расейцаў, беларусаў, якія вывезьлі туды свой капітал. Таму ў нейкім сэнсе гэта вяртаньне інвэстыцыяў”.

(Залескі: ) “Багатыя амэрыканскія кампаніі, транснацыянальныя карпарацыі могуць дазволіць сабе рызыкаваць, укладаючы ў беларускую эканоміку. А больш бедныя краіны, у тым ліку і Расея, такого сабе дазволіць ня могуць. Таму, акрамя “Газпраму”, нафтавых кампаніяў, іншых буйных расейскіх інвэстараў у Беларусі няма. У іх такі падыход: не будаўніцтва новых прадпрыемстваў ці разьвіцьцё старых, а здыманьне вяршкоў, атрыманьне вялікага прыбытку за кароткі час.

У нас найбольш грунтоўна ўладкоўваюцца немцы і палякі. А амэрыканцы ўжо апякліся, ня выключана, што гэта зьменшыць іх актыўнасьць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мы можам адзначыць, што існуе вострая праблема прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку. І ўсе намаганьньні ураду, у тым ліку правядзеньне інвэстыцыйнага форуму, мала што мяняюць.

Галоўнай прычынай дрэннага інвэстыцыйнага клімату зьяўляецца адсутнасьць сыстэмных рынкавых рэформаў. І тут усё ўпіраецца ў палітычнае кіраўніцтва, у яго палітычныя ўстаноўкі, якія не даюць магчымасьць разьвіваць нармальную рынкавую эканоміку, ствараць спрыяльныя ўмовы дзеля прыцягненьня замежных інвэстыцыяў”.
XS
SM
MD
LG