Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аб продажы беларускай долі кампаніі “Слаўнафта”


Валер Карбалевіч, Менск

Прагучала ў эфіры 22 лістапада 2002 года.

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік газэты "Беларускі рынак" Тацяна Манёнак і эканаміст Валер Дашкевіч

(Карбалевіч: ) "На 22 лістапада прызначаны аукцыён для продажу беларускай долі сумеснай беларуска-расейскай нафтагазавай кампаніі “Слаўнафта”. Кампанія была створаная ў 1994 годзе паводле рашэньня беларускага і расейскага ўрадаў. Беларускай дзяржаве належыць 10,83% акцый “Слаўнафты”. Дзейнасьць кампаніі была сымбалем беларуска-расейскай інтэграцыі ў эканамічнай сфэры. Галоўным аб’ектам яе дзейнасьці ў Беларусі стаў Мозырскі нафтаперапрацоўчы завод, дзе зараз адбываецца працэс рэканструкцыі.

Фарсіраваны продаж беларускай долі быў выкліканы тым, што расейскі урад аб’явіў аб продажы ўсяго пакету акцый “Слаўнафты”, які належыць расейскай дзяржаве. Міністэрства эканомікі Беларусі зацьвердзіла пачатковую цану беларускай долі кампаніі, эквівалентную 200 мільёнам даляраў.

Але, здаецца, працэс продажу ідзе не паводле таго сцэнару, на які разьлічваў беларускі ўрад. Да прызначанага тэрміну зьявіўся толькі адзін пакупнік – “Слаўнафтабанк”. Хоць напярэдадні аукцыёну кіраўнік кампаніі “Сургутнафтагаз” Уладзімер Багданаў сустракаўся асабіста з Лукашэнкам, гэтая кампанія ня стала ўдзельнічаць у таргах. Відавочна, што пры адсутнасьці канкурэнцыі беларускі ўрад атрымае значна менш грошай, чым разьлічваў.

Наколькі рацыянальнымі былі дзеяньні беларускага ўраду пры стварэньні гэтай кампаніі і наколькі абгрунтаваныя яны зараз, пры продажы сваёй долі? Навошта было спачатку ствараць “Слаўнафту”, а потым прадаваць свой пакет акцый? Ці ў абодвух выпадках была свая лёгіка, якая дыктавалася канкрэтнымі эканамічымі абставінамі?"

(Манёнак: ) "На мой погляд, стварэньне сумеснай беларуска-расейскай кампаніі было аб'ектыўным. У 1994 годзе сытуацыя на нафтавым рынку Беларусі была вельмі складанай. У пачатку 1990-х гадоў перапрацоўка нафты зьнізілася амаль у тры разы. Кіраўніцтва Беларусі паўстала перад пагрозай закрыцьця аднаго з двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Таму ўрады Беларусі і Расеі дамовіліся аб стварэньні сумеснай кампаніі, назвалі яе "Слаўнафта". Беларускі бок у якасці ўкладу ў статусны фонд перадаў акцыі Мозырскага нафтаперапрацоўчага заводу і атрымаў сваю долю ў кампаніі “Слаўнафта” – крышку больш за 10%. Супрацоўніцтва было даволі плённым. Дзякуючы яму, Мозырскі МПЗ пачаў буйную рэканструкцыю.

Падчас стварэньня кампаніі “Слаўнафта” ішла гаворка аб тым, што беларускі бок атрымае права “вэта” на ўсе рашэньні, якія тычацца разьвіцьця кампаніі. Але на практыцы атрымалася інакш. За час існаваньня кампаніі расейскі бок чатыры разы зьмяняў кіраўніцтва “Слаўнафты”, не папярэдзіўшы аб гэтым беларускі ўрад.

Цяпер расейскі ўрад аб’явіў аб продажы свайго пакету акцый прыватным кампаніям. І ў гэтай сытуацыі адзіным выйсьцем для беларускага боку быў продаж свайго пакету раней, чым гэта зробіць урад Расеі. У такім выпадку можна прадаць акцыі па больш высокай цане. Адзін беларускі чыноўнік, які займае высокую пасаду, казаў: ”Навошта нам гэты пакет, калі мы ня можам ніяк уплываць на разьвіцьцё кампаніі”.

(Дашкевіч: ) “Я б хацеў адзначыць некаторыя моманты. Па-першае, рашэньне аб стварэньні гэтай кампаніі прымалася папярэднім кіраўніцтвам Беларусі, урадам Кебіча. Тады ў краіне, сярод эліты існавалі больш рынкавыя настроі. Той урад добра разумеў, што прыватызацыю давядзецца рабіць так ці інакш. І праблема пастаўкі нафты на нашы перапрацоўчыя заводы, і праблема рэканструкцыі Мозырскага НПЗ дыктавалі неабходнасьць стварэньня такой кампаніі. Гэта было адзінае правільнае рашэньне.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, прыходу да ўлады новага кіраўніцтва праблемы ў адносінах паміж беларускімі ўладамі і кампаніяй “Слаўнафта” ўзьнікалі з тае прычыны, што да яе пачалі выстаўляцца розныя незразумелыя патрабаваньні, накшталт таго, каб яна фінансавала пасяўную, уборачную кампаніі і г.д.

Расейскі ўрад прыняў рашэньне аб продажы сваёй долі “Слаўнафты” яшчэ ў мінулым годзе, але чакаў зручнага часу. Такі зручны час настаў зараз, калі даволі высокія цэны на нафту даюць магчымасьць атрымаць за пакет акцый добрыя грошы. Продаж адбудзецца 18 сьнежня 2002 году. І беларускаму боку ня заставалася нічога іншага, як прадаць сваю долю як мага хутчэй. Таму я лічу, што рашэньне аб продажы, якое прыняў беларускі ўрад, правільнае”.

(Карбалевіч: ) “Наколькі эфэктыўнымі і рацыянальнымі былі дзеяньні беларускіх уладаў у працэсе падрыхтоўкі і продажу акцый “Слаўнафты”? Ці слушная тая пасьпешнасьць, зь якой гэта робіцца? Наколькі абгрунтаваная цана акцый? Чаму такая закрытасьць у падрыхтоўцы і продажы? І наколькі рацыянальная, з пункту гледжаньня дзяржаўных інтарэсаў, форма продажу? Напрыклад, шэраг экспэртаў сьцьвярджаюць, што выгодней было б замест аукцыёну правесьці інвэстыцыйны конкурс”.

(Манёнак: ) “Прэм’ер Расеі Міхаіл Касьянаў аб’явіў аб продажы расейскай долі кампаніі 10 кастрычніка. І беларускі ўрад у сьціслыя тэрміны павінен быў прыняць рашэньне аб продажы сваёй долі раней, чым гэта зробіць Расея. Патрэбна было сьпяшацца. Дзеля правядзеньня інвэстыцыйнага конкурсу не заставалася часу. Таму што, згодна з нашым заканадаўствам, трэба было аб’явіць аб гэтым за месяц. А гэта ўжо было позна. Таму было прынятае рашэньне прадаваць акцыі на біржавым аўкцыёне, рэглямэнт якога не патрабаваў такой доўгай працэдуры.

Але такая пасьпешлівасьць не дазволіла прыняць удзел у аўкцыёне многім патэцыйным інвестарам. Я ведаю, што кампанія “British Petroleum” зьбіралася ўдзельнічаць у аўкцыёне. Аднак вось такая пасьпешлівасьць і невядомыя правілы не дазволілі ёй зрабіць заяўку.

Трэба яшчэ сказаць, што гэты аўкцыён – беспрэцэдэнтная падзея для Беларусі. Бо да гэтага часу ў нас на біржавых таргах яшчэ не прадаваліся пакеты такога кшталту. Наагул, рынак каштоўных папер у Беларусі вельмі не разьвіты.

Калі падагульняць, то можна сказаць, што другога варыянту дзеяньняў, апроч таго, які прыняў зараз беларускі ўрад, і не было. Хаця пасьпешлівасьць і не павысіла ліквіднасьць беларускага пакету”.

(Дашкевіч: ) “Я таксама лічу, што ў беларускіх уладаў наагул не было выбару. Праводзіць інвэстыцыйны конкурс наагул не было сэнсу. Тая доля акцый, якая належыць беларускаму боку, не дае права кантролю за гэтай кампаніяй. Расейскі ўрад сваю долю акцый у 75% будзе прадаваць адным пакетам, у адны рукі. І з пункту гледжаньня інвэстара беларускі пакет акцый ня вельмі цікавы. Таму ўраду Беларусі і лягчэй і зручней прадаваць свай пакет праз аўкцыён.

Што да цаны, то тут беларускі урад пайшоў самым простым шляхам. Вядома, што расейскі ўрад ацэньвае свай пакет прыблізна ў 1,7 мільярда даляраў. Сыходзячы з гэтай ацэнкі беларускі ўрад і вылічыў кошт сваёй долі – 200 мільёнаў даляраў. Але расейскі пакет дае магчымасьць поўнага кантролю над кампаніяй, і таму ў яго кошт уваходзіць так званая прэмія, што павялічвае кошт. Беларускі пакет такой перавагі пазбаўлены”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы для беларускай эканомікі можа мець продаж беларускай долі кампаніі “Слаўнафта”? Якія пэрспэктывы завяршэньня рэканструкцыі Мозырскага НПЗ? Наколькі значная будзе дапамога дзяржбюджэту ад атрыманых па выніках продажу грошай, ці дазволіць гэта ліквідаваць дэфіцыт дзяржбюджэту? Якія яшчэ наступствы можа мець гэты продаж?”

(Манёнак: ) “Патрэбна перш за ўсё паглядзець, хто сёньня зьбіраецца купляць расейскі пакет “Слаўнафты”. Больш рэальныя шансы – у “Сыбнафты”. А ў гэтай кампаніі не хапае нафтаперапрацоўчых магчымасьцяў. А Мозырскі НПЗ праз год заканчвае чацьвёрты этап рэканструкцыі. Гэта будзе даволі сучаснае прадпрыемства. І любая кампанія будзе зацікаўленая ў тым, каб закончыць яго рэканструкцыю.

Калі ўдасца атрымаць тыя 200 мільёнаў, якія замоўленыя за пакет акцый, то гэта будзе значная дапамогу бюджэту Беларусі. Таму што існуе дэфіцыт бюджэту. Да таго ж, трэба разьлічвацца зь “Газпрамам”.

(Дашкевіч: ) “Я лічу, што хутчэй за ўсё акцыі “Слаўнафты” купіць “Сыбнафта”. Мяркую, што асаблівых зьмен у адносінах да Беларусі ў новых гаспадароў кампаніі ня будзе. І да гэтага часу кіраўніцтва “Слаўнафты” ня вельмі лічылася з патрабаваньнямі беларускага боку. Магчыма зараз зь пераходам кампаніі ў прыватныя рукі адносіны стануць больш рынкавымі, у іх стане менш палітыкі.

Што тычыцца грошай, якія атрымае беларускі урад (хутчэй за ўсё гэта будзе менш, чым 200 мільёнаў даляраў), то яны вельмі неабходныя зараз для ўраду. Асабліва з улікам нашых запазыкаў за газ”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, продаж беларускай долі кампаніі “Слаўнафта” – гэта адно зь першых дзеяньняў беларускіх уладаў па продажы беларускай маёмасьці расейскаму капіталу. Ад таго, наколькі пасьпяхова ён пройдзе, які будзе эканамічны эфэкт, залежаць тэмпы, аб’ём і формы палітыкі прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці Беларусі ў далейшым”.
XS
SM
MD
LG