Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка правакуе замежнапалітычны канфлікт на ўсіх кірунках


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “13 лістапада Лукашэнка падчас знаходжаньня ў Лунінцы выступіў з шэрагам замежнапалітычных заяваў. Галоўны іх змест — абвінавачаньні супраць іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. Пошук Лукашэнкам ворагаў у блізкім і далёкім замежжы даўно ўжо не зьяўляецца нейкай навіной. Гэта ўжо стала звыклай практыкай беларускай замежнай палітыкі.

Але асаблівасьцю апошніх выказваньняў Лукашэнкі зьяўляецца тое, што беларускі кіраўнік выступіў з абвінавачаньнямі, так бы мовіць, па ўсіх азымутах, па усіх кірунках. З заявы Лукашэнкі вынікае, што ворагі паўсюль: на Захадзе і на ўсходзе. Чэхія вінаватая тым, што зацягвае вырашэньне пытаньня з выдачай візы беларускаму кіраўніку. Польшча абвінавачаная ў тым, што не прапускае празь мяжу чэчэнцаў. Літва і Эўрапейскі зьвяз дрэнна сябе паводзяць, бо не дазваляюць бязьвізавых паездак расейцам і беларусам у Калінінградзкую вобласьць. Атрымалі сваё ЗША і NATO, якое пашыраецца на Ўсход.

Больш за ўсіх дасталося Расеі. І за саюз з NATO без кансультацыяў зь Беларусьсю, і за саступкі ЭЗ у калінінградзкім пытаньні, і за адмову абараняць Беларусь перад Чэхіяй і NATO, і за адмову сварыцца з Польшчай, якая не прапускае расейскіх грамадзянаў праз сваю мяжу.

Ці ёсьць нейкі сэнс у гэтай эскаляцыі канфлікту па ўсіх напрамках? Ці наогул бессэнсоўна шукаць нейкі здаровы грунт у беларускай зьнешняй палітыцы?”

(Аляксандар Ціхаміраў: ) “Я лічу, што гэтыя выказваньні дыктаваліся эмоцыямі і былі разьлічаныя больш на ўнутраную аудыторыю. Сапраўды, гэта ня першая заява такога кшталту. Абвінавачаньні і ў бок Захаду, і ў бок Усходу рабіліся і раней. Тут разьлік на ператварэньне Беларусі ў цьвярдыню ў аблозе і атрыманьне падтрымкі насельніцтва. Калі вакол ворагі, то лёгка растлумачыць народу, чаму жыць становіцца ўсё цяжэй”.

(Аляксандар Старыкевіч: ) “Я думаю, што ў паводзінах Лукашэнкі ўсё ж існуе лёгіка, хай сабе і своеасаблівая і вельмі спрэчная. Справа ў тым, што Лукашэнка доўгі час застаецца беспакараным. Усе ягоныя выхадкі не сустрэлі адпаведнага адпору. Напрыклад, згадаем гісторыю з Драздамі, калі фактычна была аплявуха заходнім краінам. Скончылася ўсё тым, што амбасадары, якія заяўлялі, што вернуцца толькі тады, калі ім дазволяць вярнуцца ў Дразды, пайшлі на саступкі.

Тое ж самае і ў адносінах з Расеяй. Гэта ня першая заява Лукашэнкі з абвінавачаньнямі на адрас расейскага кіраўніцтва, як папярэдняга, так і сёньняшняга. Але сур’ёзных адмоўных наступстваў для Лукашэнкі яны ня мелі.

Усё гэта правакуе Лукашэнку на досыць вольныя паводзіны. Да таго ж існуе такое нямецкае прыслоўе: “Злому сабаку заўсёды дадуць лішні кавалак мяса”. І кіраўнік Беларусі менавіта на гэта разьлічвае. Таму й паводзіць сябе падкрэсьлена агрэсіўна. Магчыма, ён разьлічвае на тое, што ў Маскве могуць палічыць, што яго лепей сьцішыць, прапанаваць яму пэўны кампраміс, чым змагацца зь ім па поўнай праграме”.

(Карбалевіч: ) “Афіцыйнае паведамленьне аб жаданьні Лукашэнкі ехаць на саміт NATO ў Прагу зьявілася адразу пасьля таго, як “Газпрам” скараціў пастаўкі газу ў Беларусь. Таму амаль усе экспэрты прыйшлі да высновы, што такі крок афіцыйнага Менску — гэта дэманстрацыя Маскве намеру наладзіць стасункі з Захадам у піку Расеі, гэта пэўны шантаж Крамля.

Але тое, што пачало адбывацца далей, разбурыла гэтую, здавалася б, лягічную схему. Калі стала вядома, што ёсьць цяжкасьці з атрыманьнем чэскай візы, рыторыка афіцыйных асобаў Беларусі зьмянілася. Тут высьветлілася, што Лукашэнка хоча паехаць у Прагу, каб там рашуча выступіць супраць пашырэньня NATO на Ўсход. Інакш кажучы, едзе сварыцца з Захадам. Тады ўзьнікае пытаньне: які сэнс кампаніі, зьвязанай з паездкай Лукашэнкі на саміт NATO у Прагу?”

(Ціхаміраў: ) “На мой погляд, спачатку была такая лёгіка: адказаць Расеі на яе дзеяньні, у сувязі з пастаўкамі газу. Потым, калі стала зразумела, што ў Празе яго ня вельмі жадаюць бачыць, рыторыка афіцыйнага Менску зьмянілася. Зьявілася неабходнасьць выйсьці з гэтай сытуацыі, захаваўшы твар. І кіраўніцтва Беларусі перайшло ў наступ. Пайшлі ў ход аргумэнты, што Лукашэнка хоча там “сказаць праўду”.

Хаця мы памятаем, што ў гэтым годзе падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Кучмам Лукашэнка сказаў, што Беларусі трэба будзе мяняць сваю палітыку ў адносінах да NATO. Таму ўся сёньняшняя кампанія кіраўніцтва і афіцыйных СМІ — гэта апраўданьне таго, чаму Лукашэнка можа ня трапіць у Прагу”.

(Старыкевіч: ) “Я згодны з маім суразмоўцам. Тут мы маем сытуацыйную рэакцыю. Спачатку гэты візыт быў разьлічаны як укол Крамлю. Потым стала вядома, што Лукашэнку могуць не пусьціць у Прагу. А калі пусьцяць, то досыць абразіўшы. Адначасова высьветлілася, што нават калі Лукашэнку пусьцяць у Прагу, то спроба напалохаць Маскву ня мае ніякіх шанцаў на посьпех.

І тады давялося мяняць напрамак прапагандысцкай кампаніі. Зьявіліся заявы, што Захад баіцца праўды, што безь Беларусі эўрапейская бясьпека немагчымая і г.д.”.

(Карбалевіч: ) “Назіральнікі зьвярнулі ўвагу, што галоўнае вастрыё заяваў Лукашэнкі ад 13 лістапада было накіраванае супраць кіраўніцтва Расеі. Здаецца, упершыню пасьля абраньня Пуціна прэзыдэнтам беларускі лідэр робіць такую атаку на Крэмль.

Падчас праўленьня Ельцына нападкі Лукашэнкі на Крэмль мелі нейкую лягічную падставу. У выпадку аб’яднаньня з Расеяй статус лідэра левай вялікадзяржаўнай антызаходняй апазыцыі хвораму Ельцыну давалі падставу беларускаму кіраўніку марыць аб крамлёўскім пасадзе. Зараз сытуацыя зьмянілася. Ніякіх шанцаў у Лукашэнкі на заваяваньне Крамля няма. Рэйтынг Пуціна зараз — каля 80%. Левая апазыцыя – слабая. Інтэграцыя перажывае самы вялікі крызыс. Тады які сэнс у гэтай атацы на Пуціна?

Лукашэнка заўсёды вызначаўся вострым палітычным адчуваньнем, палітычнай інтуіцыяй. Але зараз, магчыма, інтуіцыі яму бракуе? Ці ён адчувае нешта такое, чаго не адчуваем мы?”

(Ціхаміраў: ) “Я лічу, што гэта пасыл тым палітычным сілам у Расеі, якія сымпатызуюць Лукашэнку і ня згодныя з празаходняй палітыкай Пуціна. Гэта па-ранейшаму прэтэнзія на ролю лідэра апазыцыі Пуціну. Хоць шанцаў няма, але ніякага іншага ходу ў запасе няма.

Падчас заявы ў Лунінцы Лукашэнка падкрэсьліваў, што ён зьяўляецца ня толькі прэзыдэнтам Беларусі, але і кіраўніком Вышэйшага дзяржаўнага савету Беларусі і Расеі, пагэтаму абараняе ня толькі беларусаў, але і расейцаў. Тых расейцаў, якіх хочуць не пусьціць у Калінінградзкую вобласьць бязь візы, расейцаў з Каўказу, якіх не прапускаюць у Польшчу.

Зь іншага боку, гэта жаданьне паказаць Расеі, што ён у Беларусі гаспадар, і Масква яму ня ўказ, ён не дазволіць умешвацца ў свае справы . І ён што захоча тут, тое і будзе рабіць. Адначасова гэта тлумачэньне беларускаму насельніцтву, чаму трэба зьмяніць палітыку Беларусі ў адносінах да Расеі. І заклік да свайго электарату ў Беларусі, што трэба рыхтавацца жыць самастойна, без расейскай падтрымкі”.

(Старыкевіч: ) “Перадусім ня варта перабольшваць ступень канфлікту паміж расейскім і беларускім кіраўніцтвам. Зьвярніце ўвагу на такую, нібыта, дробязь. Нягледзячы на крызыс інтэграцыі, Дзярждума праваліла пастанову з асуджэньнем дэпартацыі Нямцова зь Менску. А ўсім вядома, што Крэмль кантралюе Думу. І калі б была каманда Крамля, то цэнтрысцкія пракрамлёўскія фркацыі прагаласавалі бы ў падтрымку згаданай пастановы.

Таму нельга казаць, што зараз адбылося канчатковае разыходжаньне паміж Менскам і Масквой.

Зь іншага боку, Лукашэнку зараз выгадна цягнуць час. У дадзены момант ён ня хоча працягу інтэграцыі, бо цяпер гэта не ў яго інтарэсах. Цяпер становішча для яго досыць неспрыяльнае. Ён хоча на пэўны час павялічыць дыстанцыю ад Расеі і пачакаць іншых шанцаў, якія могуць зьявіцца.

Ён не адмаўляецца ад самой ідэі інтэграцыі. Лукашэнка двойчы падкрэсьліваў падчас завявы ў Лунінцы, што ён кіраўнік саюзу Беларусі й Расеі. Як не адмовіўся ён, на мой погляд, ад мэты завалодаць Крамлём. Хоць прэтэнзіі на Крэмль выглядаюць досыць сьмешна, з гэтай ідэяй ён наўрад ці калі разьвітаецца. Лукашэнка працягвае пазыцыянаваць сябе як апазыцыя Пуціну. Бо далёка ня ўся расейская эліта задаволеная кіраваньнем Пуціна. Гульня працягваецца”.

(Карбалевіч: ) “На мой погляд, апошнія замежнапалітычныя заявы Лукашэнкі можна патлумацычь як рацыянальнымі матывамі, так і ірацыянальнымі. Рацыянальная вэрсія заснаваная на тым, што напярэдадні магчымага рэфэрэндуму аб працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі, ён хоча пазбавіцца ўмяшаньня ва ўнутраныя справы Беларусі як з Захаду, так і з Усходу. Яму не патрэбныя замежныя назіральнікі. Ён хоча нэўтралізаваць усялякі ціск зь любога боку. А ўнутры краіны Лукашэнка поўнасьцю кантралюе сытуацыю і здольны, на яго думку, дасянуць усіх мэтаў, якія ставіць на рэфэрэндуме.

Калі ўзяць за аснову ірацыянальнае тлумачэньне, то хутчэй за ўсё мы назіраем спантанную рэакцыю чалавека, загнанага ў кут, які, адчуўшы небясьпеку, проста адбіваецца рукамі і нагамі, асабліва не разважаючы, па кім біць, як моцна, і якія гэта можа мець наступствы.

У гэтай сытуацыі найбольш шкада беларускіх дыпляматаў, якія вымушаныя рабіць тое, што супярэчыць самому зьместу і сэнсу іх прафэсіі. Замест таго, каб шукаць кампрамісы, пераадольваць супярэчнасьці, яны вымушаныя штучна ствараць праблемы, кафлікты для замежнай палітыкі Беларусі”.

XS
SM
MD
LG