Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пасьля прамовы Лукашэнкі цэны на газ будуць падвышацца для нас яшчэ хутчэй”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Віталь Цыганкоў: ) “Выступаючы ў сераду, Аляксандар Лукашэнка назваў рашэньне “Газпраму” скараціць пастаўкі газу ў Беларусь на 50% “палітычным крокам Крамля”. Кіраўнік Беларусі запатрававаў ад ураду выставіць Расеі рахунак на 500 мільёнаў даляраў — паводле Лукашэнкі, гэта тыя страты, якія панесла Беларусь у выніку неспагнаньня ўскосных падаткаў.

Кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што трэба патрабаваць ад Расеі аплачваць транзыт па ўсясьветных цэнах і адзначыў, што пакуль Расея плаціць за транзыт у 4–5 разоў менш за Ўкраіну. Спадар Чыгір, якое ў вас уражаньне ад гэтых усіх выказваньняў і як яны паўплываюць на беларуска-расейскія дачыненьні?”

(Міхаіл Чыгір: ) “Гэта ня дасьць добрых вынікаў. Хтосьці павінен быў сказаць Лукашэнку, што патрэбныя перамовы, а не такія эмацыйныя выступы перад урадам. Вядома, што гэта дрэнна адаб’ецца на дачыненьнях паміж нашымі краінамі, паміж беларусамі і расейцамі. Усе пытаньні мусяць вырашацца за сталом перамоваў — ціха, спакойна.

Што да лічбаў, то мы ад зьніжэньня цаны на газ атрымалі датацыю — каля 500 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, мы ня мусім забывацца, што запазычанасьць на 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў была расейскім бокам сьпісаная наогул.

Тое, што сказана, нібы мы атрымаем з альтэрнатыўных крыніцаў газ — гэта пакуль немагчыма на сёньняшні дзень, як немагчыма атрымаць з альтэрнатыўных крыніцаў і нафту. Так што я лічу, што гэтая прамова — вельмі дрэнна як для Лукашэнкі, так і для Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “То, што казаў Лукашэнка, зьнешне магло падацца экспромтам. Але ў мяне было ўражаньне, што большасьць рэчаў, якія ён прамаўляў, былі прадуманыя і падрыхтаваныя...”

(Уладзімер Падгол: ) “Што ў сухім астатку пачуў выбарац? Па-першае, Лукашэнка паўстаў перад выбарцамі ў выглядзе закладніка, а кіраўніцтва “Газпраму” — гэта тэрарысты, якія яго захапілі. Глядзіце — “ціск на Беларусь з Масквы быў неверагодны... калі не аддасі “Белтрансгаз”, то размова бузе іншая...” і гэтак далей. Такім чынам ён выступае ахвярай, закладнікам, а кіраўніцтва “Газпраму” — тэрарыстамі.

Далей ён выступае ў абліччы дбайнага гаспадара, які абараняе не сваю ўласнасьць, а народную. Такім чынам, гэта і “абаронца”, і “гаспадар”. З гледзішча палітычнай псыхалёгіі масаў гэта звычайная абарончая рэакцыя — маўляў, калі газ перакрыюць, калі жыцьцё пагоршыцца, ён будзе ахвярай, і зь ім будзе ахвярай народ, а вінныя будуць “Газпрам” і Крэмль”.

(Цыганкоў: ) “Здаецца, самая паказальная цытата ў гэтым сэнсе наступная. Кажучы пра беларускую запазычанасьць “Газпраму”, Лукашэнка сказаў, што мы можам заплаціць гэтыя 200 даляраў. “Мы возьмем гэтыя грошы ў тых простых людзей, якія гнілі з расяянамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тых вайскоўцаў, якія засталіся ў Беларусі пасьля распаду СССР, у будаўніцтва чарнобыльскіх абектаў”. Ці ўдасца Лукашэнку зрабіць Расею вінаватай у тых патэнцыйных цяжкасьцях, якія беларусы могуць зьведаць у выніку энэргетычнага крызысу?”

(Чыгір: ) “На самой справе, Беларусь мае магчымасьць разьлічыцца за газ. Ёсьць невялічкія фінансавыя рэзэрвы (болей за 200 мільёнаў даляраў), якія можна выкарыстаць як аплату за газ. Ну а наконт “забярэм у тых, хто ў акопах гніў” — гэта тэатральны выступ, ня больш за тое. Урэшце акажацца, што ён праўду казаў — сапраўды, усё гэта адаб’ецца на ўзроўні жыцьця насельніцтва, бо краіна павінная будзе тужэй зацягнуць паясы.

Мы наогул павінныя рыхтавацца да ўсясьветных цэнаў на газ. Што тычыцца ставак транзыту, то трэба ўлічваць, што працягласьць газаправодаў праз Украіну ў тры разы большая. Так што калі і ёсьць нейкая розьніца ў беларусіх і ўкраінскіх стаўках, то яна не такая і значная”.

(Цыганкоў: ) “Пытаньне пра тое, што Беларусь мусіць браць з Расеі плату за транзыт газу, ставіў БНФ ад 1992 году. Спадар Чыгір, калі вы былі прэм’ер-міністрам, ці праводзіліся нейкія разьлікі аб выгаднасьці такога варыянту?”

(Чыгір: ) “Застаецца тое самае. Мы можам браць за транзыт, але тады плаціць усясьветныя цэны за газ. З Расеяй была дамоўленасьць, што мы за транзыт не бярэм грошай, а гэтыя выдаткі ўлічваем у цане за расейскі газ. Што да ставак за транзыт, то яны блізкія да тых, якія існуюць у сьвеце, ва ўсякім разе, яны блізкія да ўкраінскіх. Што тычыцца іншых краінаў, то дакладна канчаткова ніхто ня ведае гэтых тарыфаў, бо кожная краіна хавае іх за сямю пячаткамі. Заяўляць, што ў Аўстрыі тарыфы ў 4–5 разоў большыя за нашы, гэта няпраўда”.

(Цыганкоў: ) “Расейскае кіраўніцтва вымушанае будзе неяк рэагаваць на скандальныя заявы Аляксандра Лукашэнкі. Нават калі гэты канфлікт мае толькі эканамічныя падставы, то цяпер ён ужо стаў палітычным. Ці можа быць, што Масква паддасца на гэты шантаж, спалохаецца згубіць Беларусь, якая можа разьвярнуцца на Захад?”

(Падгол: ) “Давайце ўзгадаем, як некалькі месяцаў таму Лукашэнка правёў двубой з Пуціным. Пасьля гарачых абвінавачаньняў выйшаў у эфір расейскі віцэ-прэм’ер і пачаў доўга і нудна тлумачыць пра разьлікі, кошты. Праз тры хвіліны захацелася пераключыць тэлевізар на іншы канал. Думаю, адказ і цяпер будзе такі, і ён ужо бачны ў афіцыйцным адказе расейскага МЗС, які сказаў, што гэта справа эканамічная, і няма чаго прыцягваць тут палітыку.

Таму мой прагноз такі. Хутчэй за ўсё, у эфір выйдзе нейкі эканаміст ці чыноўнік і пачне сыпаць нейкія сухія лічбы. Таму я думаю, што гэты тур Лукашэнка чыста псыхалягічна выйграе. Аднак — Лукашэнка падставіўся, і якраз у тых словах, якія вы, Віталь, цытавалі. Што мы возьмем у вэтэранаў, чарнобыльцаў і гэтак далей. Калі б ён сказаў, што мы змушаныя будзем, як нам цяжка ні было б, узяць у тых і тых — гэта адна справа. А цяпер, калі гэта будзе вельмі цікавіць Расею, яны могуць за гэтае месца ўхапіцца”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, варта спытаць,чаму б не забраць у АМОНу, у хакейных палацаў, у чыноўнікаў? Навошта трэба забіраць гэтыя грошы ў чарнобыльцаў і пэнсіянэраў? Спадар Чыгір, вашая думка пра магчымую рэакцыю Расеі”.

(Чыгір: ) “Лічу, што на найвышэйшым узроўні рэакцыі ўвогуле ня будзе, але хутка падыходзіць час, калі трэба падпісваць новую дамову пра пастаўкі расейскага газу ў Беларусь на наступны год. Вось тут усё і будзе відаць. І тут яны скажуць — а чаму мы розныя краіны, а вы павінныя карыстацца ўнутраныя цэнамі на расейскі газ. І нават унутраныя цэны будуць значна вышэйшыя, чым былі сёлета. Таму ўсе стане хутка вядома. У любым выпадку, цэны будуць падвышацца, а пасьля такіх размоваў яны будуць падвышацца для нас значна хутчэй, чым на тэрыторыі Расеі”.
XS
SM
MD
LG